

Неўзабаве – трынаццаты фінал літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.
Кім быў і ёсць для нас Ежы Гедройць? Што, апроч далёкіх нітачак асабістага лёсу, звязвае прапаведніка духу свабоды, выбітнага мысляра, аднаго з архітэктараў новай Еўропы з Беларуссю? Чалавека, які называў сябе апошнім грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага…
Ён пакінуў мемуары – «Аўтабіяграфія ў чатыры рукі», якая пакуль не перакладзеная ні на беларускую, ні на рускую мовы. Таму скарыстаемся яе фрагментамі, паслядоўнасцю логікі аўтара – ды дапоўнім гісторыю ад першай асобы згадкамі сучаснікаў, урыўкамі ягоных інтэрв’ю.
«У атмасферы нашага дома адчувалася беднасць»
«Гісторыяй сям’і я амаль не цікавіўся. Пераважна гэтым займаўся бацька, у якога былі розныя дакументы, альбом з фатаграфіямі і дагератыпы XIX стагоддзя. На жаль, усё загінула падчас Варшаўскага паўстання, паколькі мой брат Зыгмунт пакінуў наш архіў на захоўванне ў нейкім манастыры, а шаноўныя сёстры са страху ўсё спалілі. Бацька размаўляў са мной пра мінулае сям’і зрэдку, мусіць, таму, што ведаў, наколькі мала гэта мяне цікавіць…»
Як знаёмае многім з нас вось гэта горкае прызнанне пра моладзевую нецікаўнасць да свайго радаводу… Але заўважце: тут не проста горыч, а яшчэ і смеласць паказаць сябе – фігуру еўрапейскага маштабу – далёка ў не парадным выглядзе. Як было – так і канстатуе, бо заўсёды лічыў для сябе самым галоўным пільнаваць вернасць праўдзе.
Таму многія драбніцы менскага жыцця Гедройця даводзілася шукаць энтузіястам. Напрыклад, доўгі час лічылася, што маленькага Ежы хрысцілі ў касцёле Святога Роха на Залатой Горцы: у найноўшы кароткі момант беларускага Адраджэння там хацелі нават прыладзіць адпаведную таблічку. Але ўрэшце знайшліся дакументы: насамрэч тое адбылося ў Кафедральным саборы. А каб назваць вуліцу, дзе ён нарадзіўся, імем выбітнага земляка, энтузіязму не хапіла нават у самых гарачых галоў… Бо няісны цяпер дом Гедройцяў стаяў на перакрыжаванні галоўнага нашага праспекта і цяперашняй вуліцы Энгельса. Нібыта персанаж з Нямеччыны пабачыў тут свет Божы… Але хто ведае – можа, праз колькі год даўмеемся да таго, што мусіць быць насамрэч? Ну а пакуль (дзякуй і на гэтым!) маем маленькую вуліцу Ежы Гедройця ў аддаленым сталічным мікрараёне Брылевічы.
З гордасцю і не аднойчы Гедройць засведчваў сваю прыналежнасць і прыязнасць да Вялікага Княства. Для таго ёсць і наўпроставыя падставы: род Ежы мае ў ім глыбокія карані.
«Калі б мяне хто спытаў пра маю сям’ю, я б адказаў, што гэта Усходняя Еўропа». А вось яшчэ адна фармулёўка Ежы Гедройця: «Я – усходні чалавек».

Бацька мысляра, Ігнацій Гедройць паходзіў з княскага літоўскага роду, збяднелага і спаланізаванага, а ўрэшце і часткова русіфікаванага. Дарэчы, з літоўскай giedras азначае «ясны, светлы». Арыстакрат паводле натуры і дэмакрат паводле перакананняў, Гедройць-старэйшы адмовіўся ад княскага тытула. Ці не з гэтай прычыны ягоны сын назваўся проста грамадзянінам ВКЛ. Апошнім…
Маці – Францішка Стажыцкая – была дачкой аднаго з найлепшых у Менску шаўцоў.

На ацалелай сямейнай рэліквіі-пярсцёнку выгравіраваны надпіс: 22 кастрычніка 1905 года. Якраз праз дзевяць месяцаў у маладой сям’і з’явіўся першынец з двайным імем – Ежы Уладзіслаў. Дадамо без сямейных падрабязнасцяў, што ў ім цякла таксама руская ды грузінская кроў – доўгая і складаная гісторыя пакаленняў…
«Дабрабыт наш скончыўся з самагубствам прадзеда Люцыяна, гвардзейскага афіцэра ў рускай арміі. Пасля яго смерці, у адпаведнасці з тагачаснымі звычаямі, кіраванне маёмасцю перайшло ў сямейную раду, якая ўсё растраціла, таму дзядуля застаўся ўлегцы, з нейкім малюсенькім фальваркам каля Смілавіч, у вельмі цяжкім становішчы. А мой бацька атрымаў фармацэўтычную адукацыю і працаваў аптэкарам. У атмасферы дому адчувалася беднасць».

«Мяне туманіў пах пораху»
Ежы, як і большасць дзяцей з шляхецкіх сем’яў таго часу, атрымаў хатнюю адукацыю, што прадугледжвала і ўрокі ігры на фартэпіяна. Тое яму заходзіла без ахвоты, затое чытаў хлопчык шмат і з цікавасцю. Тым больш што бясконца хварэў. Пазней так згадваў сям’ю:
«Каб я хацеў коратка ахарактарызаваць атмасферу дому маіх бацькоў, то назваў бы яе высокаталерантнай. У нас было шмат кніг – дзве вялікія шафы, найперш польскіх, але таксама французскіх і рускіх».
Адукацыя не абмяжоўвалася аднымі толькі кнігамі: яна была напоўненая жывымі сустрэчамі, дыскусіямі, у якіх нацыянальныя і культурныя межы змываліся, ствараючы адзіную атмасферу разумення і ўзаемапавагі.
Гэткае сталенне ў кантэксце змешаных ідэнтычнасцяў неўпрыкмет фармавала ў Ежы і пачуццё адказнасці за ўласную культурную спадчыну, і адкрытасць да іншых традыцый.
«У Менску я жыў да 1916 года. Адной з маіх тагачасных забаў з аднагодкамі было легчы на чыгунку, вядома, уздоўж рэек, каб апынуцца пад цягніком, што едзе над табой, і такім чынам паказаць сваю адвагу. Але паколькі гэта былі гады вайны, больш за ўсё мяне захоплівала войска. Праз горад праходзілі і спыняліся там розныя часткі і злучэнні, часам неймаверна экзатычныя, як, напрыклад, чаркесы. Неяк прыязныя салдаты дазволілі мне сесці на воз і ўзялі з сабой; ужо за некалькі кіламетраў за Менскам мяне знайшлі і адправілі дадому, нягледзячы на пратэсты. Каля Менска размясціўся і лагер польскага войска, гэта значыць, корпус Доўбара; там служыла нямала знаёмых і сваякоў, якія часта бывалі дома і з якімі я нярэдка сустракаўся. Дзякуючы ім даведаўся пра легендарнага Пілсудскага, захапіўся ім».

З духоўнай разнастайнасцю, якая пазней стане адной з цэнтральных тэм яго мыслення, 11-гадовы Ежы сутыкнецца і ў Маскве, куды паедзе вучыцца ў гімназію Польскага камітэта. Там – чарговы культурны ландшафт, новыя знаёмствы з невядомымі дагэтуль этнічнымі і рэлігійнымі групамі. Моцныя ўражанні пакінула лютаўская рэвалюцыя 1917 года.
«Мяне ўразілі праявы сімпатыі да Польшчы. Калі доўбараўцы прыйшлі забіраць з Крамля польскія сцягі, я ўбачыў, як натоўп літаральна нёс гэтых уланаў з коньмі на руках. Антыпольскія настроі праявіліся пазней, калі корпус Доўбара быў трактаваны як рэакцыйнае войска».
Ежы закончыў навучанне і самастойна выправіўся ў расійскую сталіцу, дзе жыў стрыечны бацькаў брат. На дарогу па неспакойнай Расіі і няўдалыя пошукі сваяка пайшло некалькі тыдняў.
«З Масквы да Пецярбурга тады можна было даехаць на перакладных: на цягніку зайцам, нейкім транспартным сродкам, грузавіком. Гэта было вельмі забаўна. Усюды ляжала закінутая зброя, таму я збіраў штыкі і яшчэ нейкія часткі ўзбраення. Мяне туманіў пах пораху: калі раскруціць ружэйную гільзу, ён пах карамелькамі, і я яго нюхаў. Тады і пачаў курыць…»
Паколькі дзядзька Віктар згубіўся ў рэвалюцыйным віры, хлапчук выправіўся дадому, у Менск. Там пабачыў змену некалькіх уладаў, і ўрэшце сям’я прымае рашэнне пераехаць у Польшчу. Яна сталася апошнім прытулкам для родных Ежы Гедройця.
«Ужо пасля вайны я даведаўся, што мае бацькі загінулі падчас Варшаўскага паўстання. Расстралялі маці і цётку Элю, бацьку расстралялі на вуліцы, абставіны смерці невядомыя».


«Ідэя монанацыянальнай і монаканфесійнай Польшчы непрымальная»
«Варшава 1919 года зрабіла на мяне ўражанне сумнага і беднага горада: на вуліцах можна было ўбачыць людзей у чаравіках з драўлянай падэшвай і ўсё здавалася непрывабным. Не толькі на фоне Масквы. Нават на фоне Менска».
Узрушэнні расійскай рэвалюцыяй, нямецкай акупацыяй, небяспечнымі вандроўкамі абярнуліся раннім, не па гадах, сталеннем Ежы. Яму было нецікава з аднагодкамі, вучоба не захапляла: катастрофа з матэматыкай і заалогіяй магла абярнуцца калі не выключэннем з гімназіі, дык у найлепшым выпадку непераводам у наступны клас. Не заладзілася і з актывізмам: запісаўся да так званых уланцаў, але адтуль выключылі за курэнне.
Невядома, чым бы скончылася гэтае юнацкае раздарожжа, каб не польска-расійская вайна.

Нягледзячы на ўзрост, Гедройцю ўдаецца стаць добраахвотнікам у арміі. Хлопца назначылі тэлефаністам у штаб Варшаўскай генеральнай акругі – тая пасада патрабавала самадысцыпліны і высокага пачуцця адказнасці. Пасля разгрому Тухачэўскага ён вярнуўся ў гімназію героем, якому імгненна спісалі ўсе грахі невуцтва – пераэкзаменоўка была сімвалічнай. З вучобай пасля ваеннага выпрабавання ўсё неяк хутка наладзілася, апроч матэматыкі. Пра што пазней, заднім днём, ён шкадаваў.
Ну а пакуль Ежы паспяхова вучыцца ў Варшаўскім універсітэце: адразу вывучае права, а затым гісторыю. На яго моцна паўплывалі строгія акадэмічныя стандарты і ліберальныя ідэі, якімі быў прасякнуты студэнцкі асяродак. Яны прышчэпліваліся вельмі хутка, бо ўжо быў грунт.
«Для нашай сям’і, характэрнай для ўсходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай, эндэцкая мадэль паляка-каталіка была непрымальная, як і ідэя монанацыянальнай і монаканфесійнай Польшчы».
Мечыслаў Прушыньскі, з якім Ежы пры канцы 1920-х быў у завадатарах арганізацыі «Думка вялікадзяржаўная» пісаў, што яны «ў традыцыях Польшчы Ягелонаў абаранялі ідэю многіх нацый і рэлігій. Нас натхняў нерэалізаваны ў 1920 годзе праект Пілсудскага, які меў на ўвазе стварэнне дружалюбных Польшчы незалежных рэспублік Украіны, Літвы, Беларусі, Грузіі, Каўказа».
Гедройць-студэнт не толькі набрыняў ведамі – ён адчуў цягу да самастойнага стварэння новых сэнсаў, іх папулярызацыі. Начытанасць накладалася на ўжо выразна сфармаваны характар асобы-байца. Індывідуальнасці. Таму маладзён не баіцца дыскутаваць на літаратурныя і палітычныя тэмы, адстойваць сваё. І ўрэшце не проста ўліваецца ў апазіцыйны актывізм, у варшаўскі інтэлектуальны асяродак, але і хутка робіцца лідарам груповак і думак.
Найперш гэта тычылася прэсы. Гедройць супрацоўнічаў з многімі рэдакцыямі, але самым адметным выданнем той пары стаў для яго «Моладзевы бунт». Пагадзіцеся – назву прыдумалі красамоўную. Яна цалкам адпавядала настрою Ежы і ягоных калег той пары. Часопіс займаўся пытаннямі самавызначэння моладзі, яе ролі ў палітыцы і культуры. Гедройць падтрымліваў ідэі лібералізму, дэмакратызацыі грамадства і культурнай свабоды.

У 1930-ыя Варшава мела вельмі сур’ёзныя тэрытарыяльныя спрэчкі з суседнімі краінамі. У такіх варунках выказвацца супраць існай нацыянальнай палітыкі было рызыкоўнай грамадзянскай смеласцю, аднак Ежы і яго выданне не баяліся адстойваць інтарэсы меншасцяў.
«Я не бачыў у міжваеннай Польшчы прадуманай дзяржаўнай палітыкі. Возьмем, напрыклад, беларускую праблему, якой былі заклапочаны многія людзі ў Вільні. Бо загуляліся з адміністрацыяй, якая ліквідавала адзіную беларускую гімназію. Быў літаратурны часопіс, яго закрылі; каб ён існаваў, за яго змагаліся ў Варшаве, бо немагчыма было пераканаць у гэтым ваяводскія ўлады».
Рэдактар выцягваў з бяды іншых і цвёрда абараняў сваё. Падымаўся. Пры гэтым нейкія ранейшыя ідэі перарастаў, новыя асэнсоўваў – рухаўся наперад. Напрыклад, расчараваўся ў складзенай у Польшчы форме парламентарызму. Асобнай кропкай стала гісторыя з мяцяжом Пілсудскага, калі ў 1926-м частка арміі выступіла супраць урада.
Ежы здаўна сімпатызаваў маршалу, аднак яму былі блізкія погляды нацыянал-дэмакратаў, таму без асаблівых разваг ён кінуўся абараняць канстытуцыйны парадак. Але што пабачыў гарачы малады чалавек? Хаос, паніку кіраўнічай эліты з аднаго боку – і арганізаванасць, наўпроставую падтрымку значных слаёў грамадства з іншага.
«Майскі замах стаў для мяне трагічным канфліктам. Хаця я быў грамадзянскім суддзём, у той жа час меў вельмі моцнае пачуццё законнасці. Легалізм перамог. У першы дзень мерапрыемства я з некалькімі сябрамі пайшоў у Бельведэр. Уваход у яго быў падобны на плыню. Мне далі пісталет і загадалі несці варту з боку парку Лазенкі. А Станіслаў Грабскі хадзіў ад аднаго да другога і паўтараў: “Што толку, тут не стрымаць…” Гаварыць такое зялёным студэнтам! На мяне гэта так паўплывала, што на другі дзень я вярнуўся дадому. Гэта цалкам вылечыла мяне ад парламентарызму».
«Мы змянілі назву “Бунт маладых” на “Палітыку”»
На базе рэдакцыі Ежы з сябрамі пачалі яшчэ актыўней фармаваць сваю палітычную і культурную праграму, заснаваную на ідэях шматнацыянальнасці і адкрытасці. Менавіта тады Гедройць канчаткова ўсвядоміў для сябе, што нацыянальная стратэгія мусіць арыентавацца не на ізаляцыю, а на збліжэнне народаў.
Такі тэарэтычны грунт мацавала і практыка: паралельна з кіраваннем рэдакцыяй Ежы дзесяць гадоў працаваў у міністэрствах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і гандлю. Ён набыў неацэнны гаспадарчы, арганізацыйны досвед, здабыў новыя сувязі і знаёмствы не толькі з польскай эканамічнай элітай, але і ўплывовымі асобамі з Украіны, Літвы, Беларусі, яшчэ больш заглыбіўся ў гісторыю колішняй уніі дзвюх дзяржаў. Паступова групоўка Гедройця выходзіла на новую грамадскую прыступку.
«Мая прыхільнасць да законнасці заўсёды існавала побач з рэвалюцыйнымі тэндэнцыямі; я мірыў адно з другім па-рознаму, у залежнасці ад таго, што патрабаваў момант. Але нават калі я апраўдваў антыканстытуцыйныя дзеянні ці спрабаваў іх рабіць сам, я меў на ўвазе перш за ўсё паляпшэнне дзяржавы, імкнуўся яе выправіць, зрабіць больш справядлівай, больш лагічнай».
Хоць з маленства і цягам усяго жыцця Гедройць дэклараваў прыхільнасць да Пілсудскага, праз «Бунт маладых» ён з цягам часу ўсё больш крытыкаваў палітыку «санацыі». «Наверсе» ў адказ паспрабавалі арганізаваць байкот выдання, аднак гэта толькі дадало яму папулярнасці. (Як нагадвае гісторыю з пераследам беларускага незалежнага друку другой паловы 1990-х!). А на піку сваёй папулярнасці рэдактар, які дэклараваў сябе «ўнутранай апазіцыяй кіраўнічага лагера», зрабіў чарговы нечаканы ход…

«Мы змянілі назву “Бунт маладых” на “Палітыку”, бо лічылі, што ўсе ўжо не маладыя. Бо тады ў мяне былі праекты больш шырокай палітычнай дзейнасці: спадзяваўся арганізаваць дэпутацкі клуб. Мы не хацелі ствараць партыю, але збіраліся вылучаць кандыдатаў у дэпутаты».
Ідэя выкарыстаць папулярнасць «Палітыкі» ў барацьбе за месца ва ўладзе і далей праз сваё палітычнае лобі рэалізаваць напрацаваны тэарэтычны багаж у практычны капітал перапынілася новай, сусветнай вайной.
У пэўным сэнсе яна абараніла рэдактара ад цалкам магчымага крымінальнага пераследу за сваё іншадумства: па Варшаве пайшла пагалоска, што за публікацыю антыўрадавага артыкула «Кіраў і Перацкі» Гедройця мусілі адправіць у Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер для пазасудова інтэрнаваных непрыяцеляў рэжыму.
Заканчэнне артыкула чытайце тут.
Праект фінансаваны Fundacja Solidarności Międzynarodowej у рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.