• Навiны
  • Распачаўся прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай

Распачаўся прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай

Апошняе абнаўленне: 15 красавіка 2024
Распачаўся прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай

Пачынаецца прыём заявак на паэтычную прэмію імя Наталлі Арсенневай за найлепшую кнігу паэзіі на беларускай мове. У гэтым годзе будуць уручаны ажно дзве ўзнагароды – за кнігі, выдадзеныя ў 2022 і 2023 гадах. Сёлетні запуск прыёму заявак адчыняе дзверы для аўтараў паэтычных кніг, якія маюць шанец паказаць сваю творчасць на шырокую публіку і атрымаць прызнанне ў літаратурных колах.

Заяўкі для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца з улікам наступных крытэрыяў:

  • жанр – паэзія;
  • кніга выдадзена ў 2022 ці 2023 годзе (калі кніга выдадзена ў 2021 годзе, але з нейкіх прычын не ўдзельнічала ў леташнім конкурсе, яна можа быць заяўлена на ўдзел сёлета);
  • мова кнігі – беларуская;
  • кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш зместу якой публікуецца ўпершыню).

Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца са Статуту і рэгламенту.

Для ўдзелу ў конкурсе аўтарам трэба запоўніць спецыяльную форму па спасылцы і даслаць электронную версію кнігі разам з вокладкай у фармаце jpeg, jpg, або png на адрас электроннай пошты арганізатараў ([email protected] – у тэме ліста трэба пазначыць назву кнігі і аўтара). Канчатковы тэрмін падачы заявак – 5 траўня 2024 года ўключна. 

Пераможцы будуць абраныя выдатнымі беларускімі паэтамі і літаратуразнаўцамі, склад журы будзе абвешчаны найбліжэйшым часам. 

Паэтычная прэмія была заснавана ў гонар Наталлі Арсенневай, выдатнай паэткі  і зоркі літаратуры Заходняе Беларусі, аўтаркі знакавага верша «Малітва» («Магутны Божа»), якая працягвала сваю дзейнасць на эміграцыі, уносячы неацэнны ўклад у захаванне і развіццё беларускай культуры і літаратуры. Арганізацыяй прэміі займаюцца Беларускі ПЭН і  Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, якія выступаюць за падтрымку і развіццё беларускай літаратурнай традыцыі.

Надоечы Беларускі ПЭН выпусціў артыкул, прысвечаны выбітнай паэтцы. Сваімі ўспамінамі і навуковамі знаходкамі ў ім дзеляцца пісьменнік Уладзімір Арлоў і гісторык Наталля Гардзіенка.