Урачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў прайшла 15 лістапада ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску. Чытайце ў нашым вялікім фотарэпартажы, як прайшло сёлетняе свята беларускай літаратуры.
Спецыяльна да цырымоніі былі падрыхтаваныя буктрэйлеры, створаныя творчай камандай Numar8Production і агучаныя камандай прафесійных выканаўцаў выдавецтва «Audiobooks.by». Усе буктрэйлеры даступныя на нашым ютуб-канале.
- «Гульні Цырцэі. Раман» – Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);
Аўтар кажа пра кнігу наступнае: «Гульні Цырцэі – рэтра-крымінал, асноўныя падзеі якога адбываюцца, на аўтарскую думку, у Воршы ў 1920 годзе. Паралельна з дарослымі, у якіх ідуць свае войны і барацьба за ўладу, у горадзе існуе дзіцячае каралеўства, імперыя. Гэта гісторыя, у якой пераплятаецца пошук каштоўных камянёў, дамы цярпімасці, польскія шпіёны і сялянскія паўстанні. Вы любіце гістарычныя творы Уладзіміра Караткевіча? Я таксама люблю. І менавіта таму пішу іначай і зусім пра іншую гісторыю. Але таксама беларускую».
- «Занзібар. Сталенне маладой душы» – Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);
Сябра журы Сяргей Кавалёў у сваёй рэцэнзіі на кнігу піша так: «У кожнага чалавека ёсць жаданне распавесці іншым людзям пра сваё жыццё, асабліва пра дзяцінства і маладосць. Звычайна яно рэалізуецца ў сямейным коле: удзячнымі слухачамі такіх успамінаў – альбо няўдзячнымі, з прымусу – з’яўляюцца дзеці і ўнукі апавядальніка. Калі ж чалавек – важная ў грамадскім жыцці асоба ці ўвогуле пісьменнік, ён піша і выдае мемуары, альбо, як іх цяпер модна называць, аўтафікшн».
- «Перамена месцаў» – Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);
У аснове аповесці – папулярны ў маскульце матыў абмену целамі. Але замест чаканай камедыі чытач трапляе ў драматычны беларускі кантэкст, дзе гульня з ідэнтычнасцю падсвечвае новыя сэнсы. Героі адкрываюць для сябе несправядлівасць, якой не заўважалі раней. Аўтарка выкарыстоўвае жанр, каб паказаць драму сучаснай Беларусі, дзе любая камедыя ператвараецца ў трагедыю.
- «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» – Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);
Кніга расказвае пра тое, як рабілася Свабода – і што яна рабіла з аўдыторыяй і з аўтарам. Аўтар, аднак, не адказвае на пытанні, як ён стаў самым доўгатрывалым дырэктарам амерыканскага замежнага вяшчання, чаму яму належыць гістарычны рэкорд аўдыторыі, ці сапраўды кніга была напісаная за шэсць тыдняў. І ці праўда, што паміж цемнатой і свабодай – пяцьдзясят адценняў шэрага.
- «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»);
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – тонкая кніга аўтаркі з тонкай душэўнай арганізацыяй, інтравертная, з глыбокімі занырваннямі ўглыб сябе. Яна, гэтая проза, крыху герметычная. Не ў сэнсе штучная ці выгадаваная ў прабірцы, але ўсё ж – абмежаваная нейкімі сценамі, часам празрыстымі, як тая брамка, якую фарсіруюць гераіні, замкнёныя ўвечары на прычале. А можа, ілюзорнымі, нечым падобнымі да дэкарацый сусвету «Шоу Трумана».
- «Забойства на вуліцы Макаёнка» – Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks.by» і выдавецтва «Янушкевіч»).
Ад першых старонак (альбо хвілін) трымае чытача (альбо слухача) ў напружанні. У цэнтры Мінска забілі гарадскую артыстку Жанну Танцэн. Яна брала ўдзел у маршах, таму ўлады не стануць рупліва займацца забойствам. Якая сувязь паміж забойствам мінскай артысткі і з’яўленнем прывіду імпрэсарыа гарадскіх вар’ятаў ды містычнай адтуліны? Якія сямейныя таямніцы хавае здань бабы Хані?
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання | Беларускі ПЭН, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры цырымоніі ўзнагароджання | выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production
Суфінансаванне | праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна погляды аўтара і не можа атаясамлівацца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.