• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Пішам далей”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 22-28 лістапада 2021

“Пішам далей”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 22-28 лістапада 2021

Апошняе абнаўленне: 30 лістапада 2021
“Пішам далей”. Беларуская культура падчас грамадска-палітычнага крызісу: 22-28 лістапада 2021
Ева Вежнавец. Фота Ірыны Арахоўскай
“Я стаю тут з кветкамі ў цёплым месцы ў бяспецы, але нагадаю, што дзясяткі беларускіх літаратараў, журналістаў, пісьменнікаў, эсэістаў знаходзяцца цяпер у жахлівых умовах беларускіх турмаў і на іх мусіць быць скіраваная наша ўвага”. Ева Вежнавец

Спампаваць pdf-версію 60-га выпуску маніторынга культурнага супраціву


Пераслед, прысуды, культурная палітыка

Аляксей Мінаў, courtesy photo

26 лістапада ў Віцебску затрымалі Уладзімера Булаўскага, вядомага актывіста і арганізатара культурніцкіх імпрэзаў. Паведамляюць, што цяпер ён ў віцебскім СІЗА.

Аляксею Мінаву, палітзняволенаму літаратару, настаўніку беларускай мовы і літаратуры, прысудзілі 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хімія”) па абвінавачванні ўарганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”.

Івану Дабруку, Аляксандру Енджэеўскаму і Насці Суханосік, акторам Гродненскага абласнога тэатра лялек, прапанавалі напісаць заявы на звальненне. Гэта ўжо не першыя звальненні з тэатру, звязаныя з палітыкай.

Аляксандр Старых

У Віцебску адразу пасля прэм’еры 21 лістапада забаранілі спектакль “Ціль” Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа. П’еса драматурга Рыгора Горына па рамане Шарля Дэ Кастэра “Ціль Уленшпігель” расказвае аб адважным і знаходлівым правадыры гёзаў, якія змагаліся супраць тыраніі. Па інфармацыі з медыя, спектакль не спадабаўся чыноўнікам —  асаблівае раздражненне ў іх выклікалі выкарыстанне на сцэне чырвоных стужак і выкрыкі са сцэны “Жыве Фландрыя!” На паказе прысутнічала кіраўніцтва Віцебскай вобласці, а таксама прадстаўнікі міністэрства культуры: міністр Анатоль Маркевіч і Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва.
Таксама стала вядома пра звальненне Аляксандра Старых, дырэктара тэатра, і мінімум трох актораў — Анжэлы Баркоўскай, Юліі Крашэўскай і Арцёма Герляка.

Часпопіс “Верасень”, фота by_culture

Спыніўся выхад літаратурнага часопіса “Верасень” праз тое, што чыноўнікі скасавалі рэгістрацыю яго заснавальніка — Таварыства беларускай мовы. 

Вярхоўны суд не будзе апратэстоўваць прысуд Міколу Папеку, палітзняволенаму па “карагоднай справе” паэту. Пра гэта яму паведамілі пісьмова па месцы жыхарства: “падстаў для вынясення пратэсту не маецца”.

Наталлю Петухову, мінскую экскурсаводку, арыштавалі на 15 сутак за тое, што яна “адмовілася адчыняць дзверы супрацоўнікам КДБ” і “перашкаджала ім сваім целам праходу ў сваю кватэру”.

Шчорсы, фота Новы час

СК абвінавачвае Вячаслава Сікору, акцёра з Магілёва, у распальванні варожасці. Ён пакінуў Беларусь у мэтах бяспекі, быў абвешчаны ў міжнародны вышук.

Фонд “Шчорсы і Храптовічы”, які займаўся адраджэннем палацава-паркавага комплексу Храптовічаў у Шчорсах, ліквідавалі. 

Валерыя Мазынскага, вядомага тэатральнага рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, стваральніка тэатра “Вольная сцэна” і выкладчыка, пазбавілі пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Прычыны такога рашэння не паведамляюцца, аднак Мазынскі публічна крытыкаваў цяперашнія ўлады за палітыку ў галіне культуры.


Жыццё ў няволі

Ігар Банцэр, фота svoboda.org

Ігара Банцэра, музыку і палітзняволенага, выпусцілі са штрафнога ізалятару пасля 20 дзён пакарання. Пазней стала вядома, што суд адмовіў кіраўніцтву віцебскай “хіміі” перавесці Ігара ў калонію на больш жорсткі рэжым. 25 лістапада стала вядома, што Ігара зноў адправілі ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што ён запісаў відэа “Медыязоне” пра ўмовы ўтрымання на “хіміі”, дзе адбывае пакаранне.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заклікае дасылаць вершы ў лістах Уладзіміру Лабковічу, палітзняволенаму праваабаронцу.

Сям’я Аляксандра Васілевіча, палітзняволенага сузаснавальніка анлайн-медыя, уладальніка агенцтва Vondel / Hepta і прасторы Галерэя Ў, аўтара казак “Тата і пінгвін”, які нядаўна атрымаў прэмію Францішка Аляхновіча, страціла з ім сувязь — некалькі тыдняў ім не прыходзяць лісты.

Андрэй Аляксандраў, фота Новы час

Андрэй Аляксандраў, палітзняволены журналіст, паэт і медыяменеджар, які нядаўна атрымаў прэмію Францішка Аляхновіча, даслаў спіс сваіх улюбёных аўтараў і твораў. Сярод іх Святлана Алексіевіч, вядомая пісьменніца, і Уладзімір Мацкевіч, палітзняволены філосаф і літаратар.

Аляксандр Багданаў (Papa Bo), палітзняволены дзіджэй і арт-менеджар, які з верасня знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў “групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, даслаў з-за кратаў свой топ 10 беларускіх трэкаў. Сярод выканаўцаў — Shuma, Петля Пристрастия, Сяргей Пукст ды іншыя.


Творчы супраціў і культурны актывізм

У межах тыдня пагружэння ў беларускую культуру, праходзіць серыя майстар-класаў для падлеткаў з выбітнымі дзеячамі культуры: музыкамі Русяй і Лявонам Вольскім, акторам Дзмітрыем Тумасам, а таксама Мікалаем Халезіным, арт-дырэктарам Беларускага свабоднага тэатра, і Аннай Златкоўскай, пісьменніцай і журналісткай, Ганнай Комар — паэткай і сябрай ПЭНа.

Выйшаў буктрэйлер да кнігі Андрэя Федарэнкі “Жэтон на метро”, шорт-лістара прэміі Ежы Гедройця 2021

Прэмію Ежы Гедройця 2021 за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2020 годзе, уручылі 26 лістапада. 

  • І месца “за стварэнне арыгінальнага мастацкага хранатопу і перадачу аўры беларускасці на фоне глабальнага свету і ўніверсальных каштоўнасцяў” заняла кніга Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”
  • ІІ месца “за засваенне новага фармату айчыннага нон-фікшн, дзе стварэнне поліфанічнага свету беларускай правінцыі спалучаецца з непасрэднасцю аўтарскага выказвання” атрымала Таня Скарынкіна з кнігай “Райцэнтр”.
  • ІІІ месца – у кнігі “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” Сяргея Абламейкі “за натхнёны і пераканаўчы расповед пра палітычнае нараджэнне Беларусі і беларускай нацыі”.

Сяргей Ціханоўскі, палітычны зняволены, напісаў песню “Гэты шлях” за кратамі. На песню зрабілі кліп, выканаўцам стаў музыка Kosmas, у запісе прыняў удзел “Вольны хор”.

Фільм “Містэр Ландсбергіс” беларуса Сяргея Лазніцы атрымаў галоўную ўзнагароду Міжнародннага фестывалю дакументальнага кіно ў Амстэрдаме (IDFA). Стужка, складзеная з жывых інтэрв’ю і кадраў хронік, расправядае пра распад СССР і ролю Вітаўтаса Ландсбергіса, лідара руху за аднаўленне незалежнасці Літвы, у гэтым працэсе. 

Гурт БЯЗ НАЗВЫ (:B:N:) выдаў песню МАЯКІ.

У Палацы мастацтваў адкрылася І Трыенале «Канцэпт» канцэптуальнага мастацтва ад Беларускага саюза мастакоў. У экспазіцыі прымаюць удзел 200 аўтараў і каля 450 прац.


Галасы асобаў

Экскурсаводка Наста Манкевіч расказала пра сваё затрыманне і суткі:

“На сутках была і хлорка, і на вуліцу без верхняга адзення выводзілі, і ператрусы ўдзень і ўначы, і кармушку закрывалі на працяглы час. Але, дзякуй богу, хаця б не білі”.

Яўген Кучмейна, фота з artists.byculture.org

Яўген Кучмейна (“.К”), музыка з Гродна, расказаў пра свае ўражанні ад падзей двух апошніх гадоў: 

“Гэты год быў выключны. Спачатку здавалася, што вось зараз пачнуцца змены. Пасля здавалася, што не, нічога не будзе. Арэлі. 

Я працаваў з рознымі музыкамі, якія прыходзілі да мяне пісацца ў студыю, і сярод усіх панаваў страх і параноя. Але гэтая кепская сітуацыя – лепш, чым калі б наагул нічога не адбылося. Калі б нічога не адбылося і ўсё прайшло як заўсёды, гэтае жыццё было б больш падобнае да смерці. Тое, што людзі з’язджаюць, не варта ўспрымаць як паразу і канец усяму. У такі час з’яўляюцца новыя рэчы ў культуры”.

Галіна Казіміроўская, фота budzma.org

Галіна Казіміроўская, дырыжорка, якая вымушана была з’ехаць у Польшчу пасля пераследу, кажа ў інтэрв’ю: 

“Я разумею, што калі я перастану быць музыкам — яны перамаглі, яны мяне зламалі! Людзі культуры ў Беларусі звыкліся з тым, што не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы. Нам проста не перашкаджалі, і гэта ўжо было добра. Мы такая аўтаномная нацыя, якая навучылася знаходзіць выйсце, шукаць падтрымкі з іншых бакоў, каб ладзіць праекты і ствараць творчыя сувязі”.

Уладзімір Някляеў, фота Яраслава Іванюка

Уладзімір Някляеў, беларускі пісьменнік і паэт, сябра ПЭНа, распавёў пра свой новы раман “Гэй Бэн Гіном”: 

“Раман стаў актуальны, бо вярнулася тое, што, здавалася, назаўсёды засталося ў гісторыі. Сённяшняе пакаленне беларусаў паўтарае лёс пакалення сталінскіх часоў. Гадоў рэпрэсій, ахвярамі якіх сталі найлепшыя сыны і дочкі Беларусі. У тым ліку нацыянальны геній Янка Купала, пра жыццё і гібель якога раман. Шмат хто пытае пра назву кнігі: што яна азначае? У перакладзе гэта “Геена вогненная”. Ці папросту пекла, у якім (у вечным страху быць арыштаванымі, апынуцца ў турмах, у лагерах, у Курапатах) пражылі сваё жыццё персанажы рамана. І ў якім тысячы беларусаў неспадзявана апынуліся сёння…” 

Андрэй Аляксандраў, фота spring96.org

Андрэй Аляксандраў, палітзняволены, паэт, журналіст і медыямэнеджэр, адрэагаваў на навіну пра тое, што ён стаў лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча:

“Мы ж з нацыі паэтаў, і выдатных паэтаў у нас шмат, таму такое прызнанне — шчырая нечаканасць. Кажуць, што паэзія не патрабуе чытачоў, але я ўсцешаны, што мае думкі і словы апынуліся патрэбнымі і, спадзяюся, дапамаглі камусьці хаця б на каліва прайсці гэтую нашу восень. І я з вамі абсалютна згодны: усё будзе добра! Пішам далей”.


Міжнародная салідарнасць

Польскі рэсурс dwutygodnik.com апублікаваў лонгрыд пра беларускую музычую сцэну:

“Эмансіпацыя галасоў — знак часу. У беларускай і рускай мовах слова “галасаваць” (hołas, pigos) таксама азначае ўдзел у выбарах. Людзі літаральна здабывалі свае скрадзеныя галасы, вызваляліся ад паняволенага маўчання і патрабавалі праўды”.

Выстава ў Кіеве, фота svaboda.org

У Кіеве адкрылася выстава ўкраінскіх мастакоў “Беларускі майдан” пра падзеі ўкраінскага Майдану і пратэсты ў Беларусі.

У варшаўскім Цэнтры Беларускай салідарнасці адкрылася выстава “Карані” фотамастачкі Наталлі Дораш — для беларусаў Варшавы, якія сумуюць па доме. Здымкі былі зроблены цягам 2010–2020 гг. у ваколіцах Гродна.

Маргарыта Ляўчук, оперная спявачка, дала канцэрт салідарнасці з сем’ямі беларускіх палітвязняў ў Цэнтральнай мэрыі Парыжа. Таксама падчас імпрэзы дэманстраваўся фільм Андрэя Вайтовіча “Разам”.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Па стане на 28 лістапада ў Беларусі 887 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, іх колькасць па-ранейшаму працягвае павялічвацца. 

Беларускі ПЭН як аб’яднанне літаратараў асабліва заклапочаны лёсам дзеячаў культуры, якія несправядліва апынуліся за кратамі. У лістападзе 5 чалавек, якія так ці інакш уключаныя ў працэс культурнага развіцця нашай краіны, будуць спраўляць свой дзень народзінаў за кратамі. 

Гэта Антон Шніп, музыка (1 лістапада); Кацярына Андрэева, журналістка, пісьменніца (2 лістапада); Віктар Бабарыка, мецэнат (9 лістапада); Ігар Ярмолаў, танцор (15 лістапада) і Максім Крук, сцэнограф (16 лістапада). Павіншуйма разам!

Адрасы для лістоў:

Антону Шніпу і Максіму Круку – СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2;

Кацярыне Андрэевай – ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3;

Віктару Бабарыку – ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Технічная, 8;

Ігару Ярмолаву – ПК №17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8;