І месца “за стварэнне арыгінальнага мастацкага хранатопу і перадачу аўры беларускасці на фоне глабальнага свету і ўніверсальных каштоўнасцяў” заняла кніга Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча? (“Пфляўмбаўм”/ Выдавец Раман Цымбераў, 2020). Пераможца атрымае грашовы прыз.
ІІ месца “за засваенне новага фармату айчыннага нон-фікшн, дзе стварэнне поліфанічнага свету беларускай правінцыі спалучаецца з непасрэднасцю аўтарскага выказвання” атрымала Таня Скарынкіна з кнігай “Райцэнтр” (“Пфляўмбаўм”/ Выдавец Раман Цымбераў, 2020). Узнагародай – паводле добрай шматгадовай традыцыі – будзе творчая стыпендыя ў Швецыі, на востраве Готланд, з магчымасцю працаваць над наступнай кнігай у мясцовым Доме творчасці. Узнагарода ўручаецца дзякуючы дапамозе Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
ІІІ месца – у кнігі “Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі” Сяргея Абламейкі (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020) “за натхнёны і пераканаўчы расповед пра палітычнае нараджэнне Беларусі і беларускай нацыі”. Прыз за трэцяе месца – магчымасць выдаць новую папяровую кнігу, чый выхад падтрымае Саюз беларускіх пісьменнікаў.
У кароткі спіс дзесятага сезону Прэміі ўвайшлі 6 кніг:
1) Сяргей Абламейка. Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі. Мінск, Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020
2) Ева Вежнавец. Па што ідзеш, воўча? Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
3) Сяргей Календа. Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва. Мінск, Логвінаў, 2020
4) Артур Клінаў. Локісаў. Вільня, Логвінаў, 2020
5) Таня Скарынкіна. Райцэнтр. Мінск, Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020
6) Андрэй Федарэнка. Жэтон на метро. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020
У складзе журы прэміі Гедройця сёлета працавалі: Наста Грышчук, літаратурны крытык; Сяргей Дубавец, журналіст, літаратар, крытык; Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар; Алесь Пашкевіч, літаратар, літаратуразнаўца.
Арганізатары Прэміі Гедройця 2021: ліквідаваныя беларускімі ўладамі Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёры прэміі: Амбасада Рэспублікі Польшча ў Мінску, Польскі Інстытут у Мінску, Еўрарадыё і Радыё Свабода.
Партнёр цырымоніі: Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэта.
Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы і мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай узнагароды Беларусі. Папярэднія пераможцы прэміі: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018), Ілля Сін “Libido” (2019), Сяргей Дубавец “Тантамарэскі” (2020).