• Навiны
  • Культурныя правы
  • “Гэтыя навіны калі-небудзь скончацца”… А пакуль – выпуск 28 дайджэста пра культуру Беларусі падчас грамадска-палітычнага крызісу

“Гэтыя навіны калі-небудзь скончацца”… А пакуль – выпуск 28 дайджэста пра культуру Беларусі падчас грамадска-палітычнага крызісу

Апошняе абнаўленне: 20 красавіка 2021
“Гэтыя навіны калі-небудзь скончацца”… А пакуль – выпуск 28 дайджэста пра культуру Беларусі падчас грамадска-палітычнага крызісу
Шквалам дажджу і ветру прыносіць дрэнныя навіны, але раптам з’яўляюцца жанчыны пад бел-чырвона-белымі парасонамі, і хлопчык у пераходзе спявае “Грай”, і мастакі ды мастачкі ствараюць карціны – іранічныя, кранальныя, і музыкі ладзяць канцэрты ды пішуць песні, ставяцца спектаклі пра надзённае, прылятаюць малюнкі з-за кратаў, мудрыя людзі падымаюць дух важнымі словамі… І мы жывем, і Беларусь жыве. 

Пераслед, прысуды, забароны, палітыка ў сферы культуры

Аляксандр Фядута, фота svaboda.org

Аляксандр Фядута, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, літаратар, рэдактар, журналіст, літаратуразнаўца, быў затрыманы 12 красавіка ў Маскве беларускім КДБ. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спадар Фядута разам з шасцю іншымі асобамі нібыта планавалі ажыццявіць ваенны пераварот і фізічную ліквідацыю Лукашэнкі і яго сыноў. Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў турмы.

Спектакль “Чарнобыльская малітва” па творы Святланы Алексеівіч, прымеркаваны да 35-й гадавіны на Чарнобыльскай АЭС, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі быў заменены на іншы. 

Анджэй Пісальнік, фота baj.by

Працягваецца ціск на асобаў па справе Саюза палякаўПракуратура Гродна абвясціла афіцыйнае папярэджанне актывісту Саюза палякаў, журналісту Анджэю Пісальніку, які ў пачатку красавіка ў эфіры польскіх радыёстанцый «Radio 24» і «Radio 4» выказаў шэраг меркаванняў датычна “распачатай беларускімі СМІ маштабнай прапаганды супраць Польшчы”. 

Артыстку аркестра Опернага тэатра Настассю Пятрову звольнілі з працы, бо 27 сакавіка яе затрымалі і пакаралі 15-суткавым арыштам.

Таццяну Гацуру-Яворскую 15 красавіка адпусцілі з мінскага СІЗА №1, пракаментаваўшы, што адпала неабходнасць трымаць яе за кратамі. Уладзімір Яворскі, муж Таццяны, быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай дэпартацыі на 10 гадоў. Цяпер ён у Кіеве.

Таццяна Малашчанка

Ціск на сям’ю грамадскай дзяячкі Таццяны Малашчанкі, актывісткі Таварыства Беларускай Мовы з Баранавічаў, працягваецца. Дэпартаваны на тры гады яе муж, чыніцца шкода яе маёмасці. 

20% работнікаў сферы культуры ўлады плануюць скараціць да канца 2021 года. На сёння ў гэтай сферы занята 65,5 тысяч чалавек, а заробкі – адны з самых нізкіх: 55,3% ад сярэдняга заробку па краіне. 

У СІЗА Брэста і Магілёва не дазваляюць перадаваць зняволеным кнігі, часопісы і сканворды.


Сімволіка

У Брэсце на гербе Магілёва, зацверджаным у 2005 годзе (у такім выглядзе ён быў падораны гораду ў 1661 годзе каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам Казімірам) “Пагоню” зафарбавалі белым. Праз некалькі дзён герб увогуле знялі. 

Уезд у горад Бяроза пафарбавалі ў чырвона-зялёны.

Бела-чырвоны надпіс на мяжы Берасцейскай вобласці перафарбавалі ў бела-блакітны. 

За гірлянду на акне – 15 сутак атрымаў Дзмітры Ганчароў, суд пастанавіў таксама знішчыць гірлянду. 

Працягваюць прысуджаць штрафы і адміністратыўныя арышты за сцягі, “Пагоню” і палоскі на адзенні.

Нягледзячы на небяспеку, жанчыны пад бел-чырвона-белымі парасонамі смела і годна выходзяць на шпацыр па сваім горадзе.


Творчы супраціў 

14 красавіка адбылася першая анлайн-сустрэча Інтэлектуальнага клубу Святланы Алексіевіч. Тэма сустрэчы «Чаму „чырвоны чалавек“ баіцца гісторыі?»

Мастак Аляксей Хацкевіч у сваім Facebook абвясціў аўкцыён у падтрымку звольненай Настассі Пятровай, прапанаваўшы набыць сваю карціну пад назвай “Прабуджэнне”.

Яўген Лукашэвіч, малюнкі з 15 сутак, праведзеных у Лідскім ЦІП:

Лісты з-за кратаў: творчасць зняволенных.

Мастацтва супраць абсурду:

Уладзімір ЦэслерМагутны Божа. Вольны хор”;

allkimiyaСамыя смелыя, самыя моцныя, самыя…”;

Вольга Якубоўская “‘Пагоня’ – наш герб і наш гімн!”;

Ліля КвацабаяЗаткни_сь” 

Песня “Братка–  музычны адказ і рэфлексія гурта ZVONKUна тыя падзеі і крызіс, у якім апынулася грамадства“.

Артысты Перамогі: Алег Хаменка з праграмай “Актуальны сонцаварот” выступіў анлайн 17 красавіка.  

Нягледзячы на небяспеку, жанчыны пад бел-чырвона-белымі парасонамі смела і годна выходзяць на шпацыр па сваім горадзе.


Галасы асобаў

Віталь Гуркоў

Віталь Гуркоў, вакаліст панк-гурта BRUTTO, беларускі кікбаксёр, шматразовы чэмпіён свету:

“Трэба пратрымацца да 12-га чэмпіёнскага раўнду. Дакладна, палову раўндаў мы ўжо прайшлі. Якімі будуць наступныя раўнды, яшчэ ніхто не ведае. Трэба быць мацнейшымі, больш асцярожнымі і ўважлівымі, не губляць канцэнтрацыі. І ўсё будзе добра”.

Таццяна Гацура-Яворская

Таццяна Гацура-Яворская правяла 10 сутак у СІЗА, яе выпусцілі без выстаўлення абвінавачвання. Яна распавяла, як трымаюцца жанчыны-палітвязні:

“Адзінае глабальнае пытанне, якое хвалюе людзей, што знаходзяцца зараз за кратамі: ці не дарма я тут знаходжуся?”


Міжнародная салідарнасць

Ірландскія кінематаграфісты-дакументалісты выказалі салідарнасць з Таццянай Гацурай-Яворскай, патрабуючы яе вызвалення і заклікаючы калег зрабіць тое самае.

Еўрапейская кінаакадэмія і больш як 50 кінаарганізацый заклікалі вызваліць Таццяну Гацуру-Яворскую. 

ПЭН-Масква і асацыяцыя “Вольнае слова” выступілі з заявай у падтрымку Аляксандра Фядуты, пад ёй падпісаліся 80 вядомых літаратараў, журналістаў і перакладчыкаў.

Больш за 60 польскіх літаратуразнаўцаў падпісалі ліст з патрабаваннем вызвалення Аляксандра Фядуты. 

Польскі ПЭН-клуб патрабуе неадкладнага вызвалення Аляксандра Фядуты.


Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння

Чатыры чалавекі, якія дбаюць пра культурнае развіццё Беларусі – Марыя Калеснікава, Андрэй Пачобут, Дзмітрый Казлоў і Іван Канявега, – у красавіку адзначаюць дзень нараджэння за кратамі. Вы можаце павіншаваць іх, падрабязнасці па спасылцы.


 Спампаваць pdf-версію 28-га выпуску маніторынга культурнага супраціву