Пераслед, прысуды, забароны, палітыка ў сферы культуры
Аляксандр Фядута, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра, літаратар, рэдактар, журналіст, літаратуразнаўца, быў затрыманы 12 красавіка ў Маскве беларускім КДБ. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што спадар Фядута разам з шасцю іншымі асобамі нібыта планавалі ажыццявіць ваенны пераварот і фізічную ліквідацыю Лукашэнкі і яго сыноў. Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў турмы.
Спектакль “Чарнобыльская малітва” па творы Святланы Алексеівіч, прымеркаваны да 35-й гадавіны на Чарнобыльскай АЭС, у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі быў заменены на іншы.
Працягваецца ціск на асобаў па справе Саюза палякаў. Пракуратура Гродна абвясціла афіцыйнае папярэджанне актывісту Саюза палякаў, журналісту Анджэю Пісальніку, які ў пачатку красавіка ў эфіры польскіх радыёстанцый «Radio 24» і «Radio 4» выказаў шэраг меркаванняў датычна “распачатай беларускімі СМІ маштабнай прапаганды супраць Польшчы”.
Артыстку аркестра Опернага тэатра Настассю Пятрову звольнілі з працы, бо 27 сакавіка яе затрымалі і пакаралі 15-суткавым арыштам.
Таццяну Гацуру-Яворскую 15 красавіка адпусцілі з мінскага СІЗА №1, пракаментаваўшы, што адпала неабходнасць трымаць яе за кратамі. Уладзімір Яворскі, муж Таццяны, быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай дэпартацыі на 10 гадоў. Цяпер ён у Кіеве.
Ціск на сям’ю грамадскай дзяячкі Таццяны Малашчанкі, актывісткі Таварыства Беларускай Мовы з Баранавічаў, працягваецца. Дэпартаваны на тры гады яе муж, чыніцца шкода яе маёмасці.
20% работнікаў сферы культуры ўлады плануюць скараціць да канца 2021 года. На сёння ў гэтай сферы занята 65,5 тысяч чалавек, а заробкі – адны з самых нізкіх: 55,3% ад сярэдняга заробку па краіне.
У СІЗА Брэста і Магілёва не дазваляюць перадаваць зняволеным кнігі, часопісы і сканворды.
Сімволіка
У Брэсце на гербе Магілёва, зацверджаным у 2005 годзе (у такім выглядзе ён быў падораны гораду ў 1661 годзе каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам Казімірам) “Пагоню” зафарбавалі белым. Праз некалькі дзён герб увогуле знялі.
Уезд у горад Бяроза пафарбавалі ў чырвона-зялёны.
Бела-чырвоны надпіс на мяжы Берасцейскай вобласці перафарбавалі ў бела-блакітны.
За гірлянду на акне – 15 сутак атрымаў Дзмітры Ганчароў, суд пастанавіў таксама знішчыць гірлянду.
Працягваюць прысуджаць штрафы і адміністратыўныя арышты за сцягі, “Пагоню” і палоскі на адзенні.
Нягледзячы на небяспеку, жанчыны пад бел-чырвона-белымі парасонамі смела і годна выходзяць на шпацыр па сваім горадзе.
Творчы супраціў
14 красавіка адбылася першая анлайн-сустрэча Інтэлектуальнага клубу Святланы Алексіевіч. Тэма сустрэчы «Чаму „чырвоны чалавек“ баіцца гісторыі?»
Мастак Аляксей Хацкевіч у сваім Facebook абвясціў аўкцыён у падтрымку звольненай Настассі Пятровай, прапанаваўшы набыць сваю карціну пад назвай “Прабуджэнне”.
Яўген Лукашэвіч, малюнкі з 15 сутак, праведзеных у Лідскім ЦІП:
Лісты з-за кратаў: творчасць зняволенных.
Мастацтва супраць абсурду:
Уладзімір Цэслер “Магутны Божа. Вольны хор”;
allkimiya “Самыя смелыя, самыя моцныя, самыя…”;
Вольга Якубоўская “‘Пагоня’ – наш герб і наш гімн!”;
Ліля Квацабая “Заткни_сь”
Песня “Братка” – музычны адказ і рэфлексія гурта ZVONKU “на тыя падзеі і крызіс, у якім апынулася грамадства“.
Артысты Перамогі: Алег Хаменка з праграмай “Актуальны сонцаварот” выступіў анлайн 17 красавіка.
Нягледзячы на небяспеку, жанчыны пад бел-чырвона-белымі парасонамі смела і годна выходзяць на шпацыр па сваім горадзе.
Галасы асобаў
Віталь Гуркоў, вакаліст панк-гурта BRUTTO, беларускі кікбаксёр, шматразовы чэмпіён свету:
“Трэба пратрымацца да 12-га чэмпіёнскага раўнду. Дакладна, палову раўндаў мы ўжо прайшлі. Якімі будуць наступныя раўнды, яшчэ ніхто не ведае. Трэба быць мацнейшымі, больш асцярожнымі і ўважлівымі, не губляць канцэнтрацыі. І ўсё будзе добра”.
Таццяна Гацура-Яворская правяла 10 сутак у СІЗА, яе выпусцілі без выстаўлення абвінавачвання. Яна распавяла, як трымаюцца жанчыны-палітвязні:
“Адзінае глабальнае пытанне, якое хвалюе людзей, што знаходзяцца зараз за кратамі: ці не дарма я тут знаходжуся?”
Міжнародная салідарнасць
Ірландскія кінематаграфісты-дакументалісты выказалі салідарнасць з Таццянай Гацурай-Яворскай, патрабуючы яе вызвалення і заклікаючы калег зрабіць тое самае.
Еўрапейская кінаакадэмія і больш як 50 кінаарганізацый заклікалі вызваліць Таццяну Гацуру-Яворскую.
ПЭН-Масква і асацыяцыя “Вольнае слова” выступілі з заявай у падтрымку Аляксандра Фядуты, пад ёй падпісаліся 80 вядомых літаратараў, журналістаў і перакладчыкаў.
Больш за 60 польскіх літаратуразнаўцаў падпісалі ліст з патрабаваннем вызвалення Аляксандра Фядуты.
Польскі ПЭН-клуб патрабуе неадкладнага вызвалення Аляксандра Фядуты.
Павіншуйце палітвязняў з днём нараджэння
Чатыры чалавекі, якія дбаюць пра культурнае развіццё Беларусі – Марыя Калеснікава, Андрэй Пачобут, Дзмітрый Казлоў і Іван Канявега, – у красавіку адзначаюць дзень нараджэння за кратамі. Вы можаце павіншаваць іх, падрабязнасці па спасылцы.
Спампаваць pdf-версію 28-га выпуску маніторынга культурнага супраціву