
Беларуская паэзія ды музыка на свежым паветры — што можа быць лепшым? Запрашаем вас 24 траўня на цёплую, шчырую і натхняльную падзею — цырымонію ўзнагароджання паэтычнай прэміяй імя Наталлі Арсенневай.
Калі?
24 траўня (субота).
Пачатак а 16:00 — з напоямі, кружэлкамі ды гутаркамі.
А 16:30 — урачыстая цырымонія з вершамі ды музыкай.
Дзе?
Беларускі Моладзевы Хаб у Варшаве, ul. Dożynkowa 6a.
Што чакае:
- Чытанне вершаў фіналістак і фіналістаў
- Жывое музычнае суправаджэнне
- Лёгкія закускі, вініл і шчырая кампанія
- Атмасфера павагі да слова і любові да мовы
Прэмія традыцыйна пройдзе ў белым ды блакітным колерах. Запрашаем далучацца да гэтай гамы ў сваім строі. Будзе прыгожа і святочна!
На цырымоніі ўручэння прэміі Наталлі Арсенневай вершам фіналістаў будзе спадарожнічаць жывая музыка. І не проста музыка – а кампазіцыі Вольгі Падгайскай. Вольга – кампазітарка, арганістка, сябра Беларускага ПЭНа. Таксама – аўтарка твораў у розных жанрах: сімфанічных, камерных, харавых, музыкі да больш чым 20 нямых фільмаў, да спектакляў. Кампазітарка оперы «Дзікае паляванне караля Стаха». Яе музыка гучала ў Беларусі, Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі, Канадзе.
Таксама нас чакае жывы выступ Анастасіі Рыдлеўскай – музыкі і мастачкі, міждысцыплінарнай артысткі, якая стварае свет, поўны пачуццяў, сэнсаў і аўтэнтычных гукаў. Яе музычнае і візуальнае мастацтва – глыбокае філасофскае даследаванне, якое моцна рэзаніруе са слухачамі і крытыкамі. Музыка Анастасіі спалучае беларускія паганскія матывы, свежыя элементы электронікі і нетыповыя мелодыі.
Прэмія імя Наталлі Арсенневай штогод адзначае найлепшыя кнігі паэзіі на беларускай мове. Сёлета ў журы – пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначылі галоўную інтрыгу прэміі. Сярод публічных сябраў журы – асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:
Ульяна Верына – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец – пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель – паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.
Арганізатары:
Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
Партнёр цырымоніі: Беларускі Моладзевы Хаб.
Пры падтрымцы фондаў «Estate of Vitaut Kipel» ды «Belarusian Charitable Trust».
Прыходзьце — будзем разам святкаваць беларускую паэзію!