Фота: Ukrinform / Alamy Stock Photo
Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International адносна катаванняў і смерці ў зняволенні ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай.
«PEN International рашуча асуджае жудасныя катаванні ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая загінула ў зняволенні. Пакуль расійскія ўлады спрабуюць схаваць свае злачынствы і працягваюць дзейнічаць з абсалютнай беспакаранасцю, мы зноў патрабуем справядлівасці і прыцягнення да адказнасці за смерць Вікторыі і ўсіх украінцаў, што знаходзяцца ў расійскім палоне. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці», — заявіў Херман Рохас, старшыня Камітэта пісьменнікаў за мір PEN International.
2 мая 2025 года: Расійскія ўлады павінны неадкладна распачаць расследаванне катаванняў і смерцяў у палоне ўсіх украінцаў, у тым ліку журналісткі Вікторыі Рошчынай, — заявіў сёння PEN International. Тысячы ўкраінцаў, што цяпер знаходзяцца ў палоне расійскіх войскаў, перажываюць цяжкія формы гвалту ў поўнай беспакаранасці.
Лаўрэатка журналісцкіх прэмій, незалежная журналістка з Украіны Вікторыя Рошчына знікла 3 жніўня 2023 года падчас працы ў акупаванай Расіяй усходняй частцы Украіны. Яна шукала месцы неафіцыйнага ўтрымання, дзе расійскія сілы сістэматычна выкарыстоўваюць катаванні для допытаў украінцаў або прымушэння да ілжывых прызнанняў. У красавіку 2024 года расійскія ўлады пацвердзілі, што Рошчына знаходзіцца ў зняволенні на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Паводле расійскага Міністэрства абароны, яна нібыта памерла 19 верасня 2024 года падчас этапавання з Таганрога ў Маскву для абмену палоннымі. На момант смерці ёй было 27 гадоў. Рошчына пісала выключна пра вайну Расіі супраць Украіны для шэрагу ўкраінскіх выданняў і асабліва вядомая сваім рэпартажам з аблогі Марыупаля. Раней, у сакавіку 2022 года, яна ўжо трапляла ў палон да расійскіх войскаў і правяла 10 дзён у зняволенні ў Бярдзянску.
Расійскія ўлады неаднаразова адмаўляліся даваць інфармацыю пра абставіны смерці Рошчынай. Яе цела было ўрэшце вернута ва Украіну ў лютым 2025 года. Праект «Viktoriia» — супольнае журналісцкае расследаванне, апублікаванае 29 красавіка 2025 года, паказаў, што Рошчына падвяргалася шматразовым катаванням падчас утрымання: «у яе былі выяўленыя знешния раны і ўнутраныя крывацёкі ў розных частках цела, зламанае рэбра, траўмы шыі і магчымыя сляды ад электрашоку на ступнях». Паводле інфармацыі Офіса Генеральнага пракурора Украіны, цела Рошчынай вярнулі з прыкметамі праведзенай аўтапсіі яшчэ да прыбыцця ва Украіну, і з адсутнасцю асобных органаў — магчыма, з мэтай схаваць прычыну смерці. Па гэтым факце распачата расследаванне ваенных злачынстваў, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
PEN International яшчэ раз падкрэслівае свой заклік да міжнароднай супольнасці падтрымаць усе намаганні, скіраваныя на забеспячэнне справядлівасці для народа Украіны і прыцягненне да адказнасці ўсіх, хто здзейсніў парушэнні правоў чалавека, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці.