
Затрыманні, прысуды, пераслед

Віктара Таўгеня, жыхара Маладзечна, які на мясцовай акцыі 9 жніўня трымаў у руках музычную калонку, 22 лютага асудзілі на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
Зарына Шаўко, удзельніца гурта “Літы талер”, затрыманая 22 лютага, асуджаная на 15 сутак адміністратыўнага арышту.
Аляксандру Васілевічу, сузаснавальніку мінскай Галерэі Ў і медыйных платформаў The Village Беларусь і KYKY, працягнулі тэрмін пад вартай яшчэ на 2 месяцы.
25 лютага ў Брэсце абвясцілі прысуд першым дзесяці абвінавачаным за карагодны пратэст. Марына Глазава і Яраслаў Ярашук атрымалі па паўтара года, Марына Сірэцан – год хатняй хіміі. Мікалай Федарэнка, Яўген Каўпачык, Аляксей Якубук, Віктар Дзенісенка, Віталь Літвін павінныя адбыць на “хіміі” па паўтара года, Максім Жараў і Вадзім Варановіч – па два гады. Фігурантамі “карагоднай справы” з’яўляюцца каля 50 чалавек, іх судзяць групамі па 10 удзельнікаў.
Дзяніса Заянчэўскага і Максіма Тацьянка асудзілі на тры гады “хіміі” за інсталяцыю з фотаздымкамі Наталлі Качанавай і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова.
14 пенсіянерак затрымалі 26 лютага на некалькіх чыгуначных станцыях Мінска. Пенсіянеркі ў электрычцы чыталі беларускія кнігі – гэта была акцыя ў падтрымку беларускай мовы. У дзень затрымання 75-гадовую Наталлю Іванісаву аштрафавалі на 725 рублёў і адпусцілі. 1 сакавіка атрымалі штрафы: Засценчык Алена – 1740 рублёў, Каратова Аксана, Кучынская Любоў, Лазебнікава Святлана, Несцяровіч Ніна, Новік Ірына, Шыманская Таццяна – 870 рублёў. 66-гадовай Галіне Гулянковай прысудзілі 20 сутак адміністратыўнага арышту.
Ціск, звальненні, забароны
З выставы «Асабістая справа» Надзі Букі ў Гродна знялі шэсць карцін з пяцідзесяці шасці, бо на іх было спалучэнне белага і чырвонага колераў.
Анатоля Каханчыка, які пафарбаваў фасад сваёй хаты ў бел-чырвона-белыя колеры і адсядзеў за гэта 7 сутак, звольнілі з працы на чыгунцы, дзе ён адпрацаваў 38 гадоў.
Сімволіка

Колькасць пакаранняў за бел-чырвона-белую сімволіку павялічваецца штотыдзень. Адны з самых трывожных выпадкаў – калі сістэма цісне на дзяцей. Так шматдзетнай сям’і Мельянцоў пагражаюць статусам сацыяльна небяспечнай за бела-чырвона-белыя жалюзі на вокнах.
Ігар Краўчэня, жыхар Гомеля, які адбыў 28 сутак у Буда-Кашалёўскім ІЧУ за фота з бел-чырвона-белым сцягам пад навагодняй ялінкай, трымаў галадоўку ўсе 28 дзён.
23 сутак на дваіх, штрафы і канфіскаваныя на 28 тысяч рублёў тавары атрымалі ўладальнікі крамы “Мой модны кут”, якая гандлюе таварамі з нацыянальнай сімволікай.
887 беларускіх гісторыкаў даслалі ліст у абарону бел-чырвона-белага сцяга генпракурору, старшыні Палаты прадстаўнікоў і дырэктару Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Творчы супраціў
Павел Аракелян прэзентаваў кліп: «Заўтра я пайду паміраць». Анімацыя ад Маргарыты Ціхановіч.
Праект «Словы мацней»: беларускі паэт Дзмітрый Строцаў чытае верш Майсея Кульбака.

Праект Freedom Belarus хоча стварыць віртуальны музей – бяспечную пляцоўку для творчых людзей Беларусі. Дзеля гэтага яны сабралі каманду і распачалі краўдфандынгавую кампанію.
Праект «Revision 30» паказвае жыццё краіны ў 90-х і ў 2020 годзе. У яго два аўтары-фатографы: Сяргей і Зміцер Брушко, бацька і сын, а таксама каманда аднадумцаў. Яны заспелі розныя гістарычныя часы і адлюстравалі іх кожны па-свойму.
Новыя творы мастацтва: Вольга Якубоўская “Вясна блізка!”; Марта Шматава “Нядзеля. 2020. Беларусь”; Vi Valiukevich “З нагоды салідарнасці і падтрымкі галоўных спеваў Беларусі – галасоў журналіст_ак – у дачыненні да якіх працягваюць выносіць прысуды на гады зняволення ў калоніях“.



Дабрачынны канцэрт у падтрымку пацярпелых незалежных аўтараў, распаўсюднікаў ды выдаўцоў правялі Максім Жбанкоў, які прачытаў урыўкі са сваёй новай кнігі “SloMo. Хатняя крытыка культурнага дызайну”, і Арцём Залескі, які расстаўляў музычныя акцэнты.
Трансляцыя канцэрта гурта “РСП” (“Разбітае сэрца пацана”) для фэсту “Артысты перамогі” прайшла 27 лютага. Канцэрт быў запісаны арганізатарамі загадзя, і літаральна праз дзень пасля запісу музыкаў затрымалі і пакаралі адміністратыўным арыштам.
Галасы асобаў

Святлана Алексіевіч, якая цяпер знаходзіцца на лячэнні ў Германіі:
“Нам цяпер вельмі важна захаваць сябе маральна. Я мяркую, гэта адзінае выйсце са становішча: трэба захаваць самапавагу. Наперадзе вясна, і яна мусіць стаць сур’ёзным выпрабаваннем”.

Ганна Хітрык, былая актрыса Купалаўскага тэатра, музыка, якая разам з мужам і сынам тры гады таму з’ехала ў Ізраіль дзеля лепшых умоваў для сына, у якога дыягнаставалі аўтызм:
“Мы не можам зараз усе ўзяць і патануць: папросту не маем права, бо ўжо памерлі людзі. Мы не можам здацца, бо, маўляў, усё неяк вяленька. Я веру, што ўсё будзе добра”.
Зміцер Брушко, фатограф:
“Мы глядзім не на пратэст, а на фармаваньне нацыі”.
Вольга Семчанка, звольненая з Магілёўскага драматычнага тэатра загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі:
“Шляху назад ужо няма. З нашым існаваннем улада не змірыцца. Нас усіх пералічылі па галовах, і далей з намі будуць „працаваць“. Калі б пратэст для яе не быў настолькі важны, то нас бы не саджалі”.

Алег Гарбуз, былы акцёр Купалаўскага тэатра:
“Не Павел Латушка разваліў тэатр і не Гарбачоў разбурыў краіну. Гэта – гістарычна наспелыя перамены”.

Святлана Купрэева, былая сяброўка ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, дачка паэта Міколы Купрэева, 9 месяцаў знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы, там яна пачала пісаць вершы:
“Добра было б жыць, каб заўсёды атачалі людзі такія, як цяпер: добрыя, не эгаісты, цярплівыя, якія пастаянна ўсміхаюцца. Гэта шчасце — сустрэць такіх людзей, як у мяне цяпер. Цяпер у турмах сядзяць найлепшыя”.
Марыя Калеснікава дала інтэрв’ю з-за кратаў:
“Моцна нестае музыкі, якую я дужа люблю. Свет музыкі, у якім я жыву апошнія 30 гадоў, моцна адрозніваецца ад таго, што я чую тут. Адсутнасць музыкі і ёсць катаванне. Ратуе памяць, калі я заплюшчваю вочы і слухаю ўнутры сябе Баха, Моцарта і тое, што я грала сама”.
Міжнародная салідарнасць
Французскі ПЭН-клуб выказвае салідарнасць з Беларуссю.
Міжнародная федэрацыя перакладчыкаў (FIT) патрабуе вызвалення Вольгі Калацкай, а таксама спынення гвалту і рэпрэсій у дачыненні да пісьменнікаў, перакладчыкаў і незалежных культурных дзеячаў у Беларусі.
Украінская асацыяцыя перакладчыкаў далучаецца да заявы Міжнароднай федэрацыі перакладчыкаў і патрабуе неадкладнага вызвалення Вольгі Калацкай.
Расійская оперная спявачка Святлана Касьян запісала гімн-малітву “Salve, Regina” у знак салідарнасці з беларускамі і беларусамі, якія нягледзячы на пераслед працягваюць мірную барацьбу за свабоду і справядлівасць.
Брытанская зорка тэатра Крысцін Мілвард у падтрымку беларусаў запісала ўрывак з «Час сэканд хэнд» Святланы Алексіевіч.
Акторы Фінскага нацыянальнага тэатру зладзілі чытку п’есы Андрэя Курэйчыка “Пакрыўджаныя. Беларусь(сія)” ў перакладзе на ангельскую мову і зрабілі ахвяраванне ў падтрымку тэатральнай супольнасці Беларусі праз Беларускі фонд культурнай салідарнасці.
У цэнтры Беластоку запрацавала выстава “Беларусь абуджаная”.

Спампаваць pdf-версію 21-га выпуску маніторынга культурнага супраціву