• Навiны
  • «Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку

«Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку

Апошняе абнаўленне: 15 лютага 2021
«Словы мацней»: Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку
Свежы ролік відэапраекта ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра «Словы мацней» у якім музыка Леанід Паўлёнак чытае Уладзіміра Жылку.

Гэты праект – рэакцыя на пераслед людзей, якія неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска сталі збірацца, каб разам спяваць беларускія песні. Найбольш актыўных з іх, і найперш, культурніцкіх дзеячаў, сталі цікаваць.

У кожным роліку праекта сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску пасля 9 жніўня 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы. Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.

Леанід Паўлёнак — нязменны лідар культавага гурта «НагУаль», які, зусім у адпаведнасці з кастанедаўскай назвай, грае «этнічны сюррэалізм на фанемнай мове». Гурт і творчасць Паўлёнка спарадзілі процьму калабарацыяй і выспелілі ці не тры дзясяткі файных андэрграўндных музыкаў, многія з якіх пайшлі дарогамі сваіх уласных імправізацыйных праектаў. Сам жа Леанід Паўлёнак занураўся то ў танцавальныя праекты, то ў анімацыю і кліпы, і яго рытмічны талент стаў вельмі шмат у чым сугучным першым масавым маніфестацыям 2020-га года, калі Мінск месцамі нагадваў вялізны арт-фестываль на адкрытым паветры, з мастацкімі працамі, перформансамі, хэпенінгамі і, вядома, музыкай. Разам з гуртом «РЭХА», у якім Паўлёнак — бубнач, ён быў затрыманы ў лістападзе, літаральна выцягнуты міліцыянтамі з таксі. Прысуд — 15 сутак. Частку з гэтага тэрміну Леанід Паўлёнак правёў у Магілёўскім ІЧУ.

Уладзімір Жылка (1900-1933) — адзіны, напэўна, сапраўдны неакласік у беларускай літаратуры. Узгадаваны ў часы рэвалюцыйных віхураў, сведка падзеяў партыйнай барацьбы і нацыянальна-вызваленчага руху, ён дэбютаваў вершам «Покліч» у 1920-м, у першым жа радку якога згадваецца бел-чырвона-белы сцяг. З пераездам у Вільню і потым у Прагу, на вучобу ў Карлаў універсітэт, Уладзімір Жылка ўбірае ў сябе ўсе традыцыі паэтычнага майстэрства Еўропы эпохі fin de siecle. Нездарма найбольшы сентымент ён мае да Максіма Багдановіча, і фактычна падзяляе ягоны лёс, вельмі рана захварэўшы на сухоты. Паверыўшы ў казку пра беларусацэнтрычную БССР, Жылка пераязджае ў Менск пасля Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года, становіцца сябрам «Узвышша» і друкуе свой зборнік вершаў «З палёў Заходняй Беларусі». У 1930-м яго, смяротна хворага, цягаюць на допыты па выдуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» і ўрэшце асуджаюць на 5 год высылкі. Ён памірае ў 1933-м, напісаўшы праніклівы «Тастамент», рукапіс якога зберажэ ў высылцы, акупацыі і эміграцыі сям’я Яўхіма Кіпеля.

«Словы мацней»: Андрусь Такінданг чытае верш Паўлюка Шукайлы

«Словы мацней»: Тарас Тарналіцкі чытае Станіслава Грынкевіча

«Словы мацней»: Ганна Комар чытае Францішка Аляхновіча

«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава