• Навiны
  • «Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота

Апошняе абнаўленне: 18 студзеня 2021
«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
«Словы мацней» — новы відэапраект ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.

Неўзабаве пасля згаданых выбараў у розных людных мясцінах Мінска пачалі збірацца людзі, каб разам спяваць беларускія песні. Улады палічылі нават спевы небяспечнымі для сябе і сталі цікаваць за найбольш актыўнымі ўдзельнікамі.

Як гэта ні жахліва, але паміж лёсамі творцаў у 1930-я гады і ў 2020-м ёсць пэўная аналогія.

Так, 29 кастрычніка, у гадавіну крывавай ночы беларускай літаратуры, проста каля дома ў Астрашыцкім гарадку пад Мінскам была затрыманая Галіна Казіміроўская, жонка вядомага спевака Змітра Вайцюшкевіча, якая шмат гадоў кіруе аматарскім хорам «Concordia». 4 допыты. 4 гадзіны ў клетцы Савецкага РАУС Мінска. Чацвёра сутак у ізалятары на Акрэсціна. 2 суды, 2 вялізныя штрафы, і нарэшце выхад на свабоду. Увесь гэты час Галіну дома чакалі непаўнагадовыя дзеці — дзевяці і адзінаццаці гадоў.

Галіна прачытала твор Міхася Чарота (сапр. Міхась Кудзелька), аднаго з самых славутых і папулярных паэтаў 1920-х гадоў, які таксама не быў чужы беларускай песні. Дастаткова сказаць, што менавіта ён — аўтар знакамітай «Купалінкі», а яшчэ малады Міхась Чарот сам спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Ул. Тэраўскага, пісаў п’есы для тэатра, хоць найбольшую вядомасць прынесла яму паэзія. На самым пачатку 1920-х Чарот апублікаваў паэму «Босыя на вогнішчы», якая, фактычна, стала першым значным творам беларускай літаратуры, дзе прыхільна гаварылася пра бальшавікоў. Гэтак жа прыхільна паставіліся да Чарота і ўлады: прызначылі галоўным рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», кіраўніком аб’яднання «Маладняк», увялі ў склад ЦВК БССР. Ні блізкасць да кіраўніцтва ў 1920-я, ні свядомы адыход у цень у 1930-я не дапамаглі Чароту ў часы крывавага тэрору. Разам з многімі беларускімі паэтамі ён быў схоплены і неўзабаве расстраляны ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Апошнія яго радкі былі знойдзеныя на сценах камеры НКУС: «Я прысягаю вам, сябры, // Мае палі,// Мае бары, — //Кажу вам — я не вінаваты!»

«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава