8 верасня стала вядома пра ўзрушальны ўчынак Марыі Калеснікавай, адной з найярчэйшых стваральнікаў палітычнага лета-2020. Сілавікі вырашылі дэпартаваць Калеснікаву за мяжу, але яна, атрымаўшы свой пашпарт, парвала яго, засталася ў Беларусі і была зняволена. У гэты ж дзень у Мінску ў падтрымку Марыі Калеснікавай прайшла акцыя грамадзянскай салідарнасці. Пад час яе была затрыманая Ганна Комар, паэтка і перакладчыца, выпускніца Школы маладога літаратара W/Rights пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў і сакратарка Беларускага ПЭН-цэнтра. Ёй прысудзілі дзевяць сутак, якія Ганна адбывала ў ізалятарах Акрэсціна і Жодзіна.
Ганна чытае ўрывак з «Савецкай інквізіцыі» Францішка Аляхновіча «Пакой № 223».
Францішак Аляхновіч – бунтоўная творчая натура і, мабыць, самы знакаміты сярод палітычных зняволеных першай траціны ХХ стагоддзя. Перш за ўсё, вядомасць яму прынеслі нататкі “У капцюрох ГПУ”, апублікаваныя пасля таго, як драматурга Аляхновіча, вязня Салавецкага лагера асаблівага прызначэння, польскія ўлады вызвалілі ў абмен на палітыка Тарашкевіча. Фактычна ўпершыню пра сталінскія лагеры стала вядомая падрабязная інфармацыя. Нататкі Аляхновіча перакладалі на іншыя мовы, чыталі ў Еўропе, дзе інтэлектуалы левых поглядаў усё ніяк не маглі даць веры тым зверствам, якія чыніліся на ўсходзе іх нібыта калегамі, савецкімі камуністамі – будаўнікамі сацыялістычнай дзяржавы. Праўды пра сталінізм Францішку Аляхновічу не даравалі: падчас нямецкай акупацыі ён быў забіты ва ўласнай віленскай кватэры невядомым савецкім дыверсантам.
«Словы мацней»: Галіна Казіміроўская чытае твор Міхася Чарота
«Словы мацней»: Аляксандр Памідораў чытае твор Зямы Піваварава