Прадставіўшы пісьменнікаў-фіналістаў прэміі Гедройца, якія прыехалі на сустрэчу, вядоўца адразу ж запрасіў прысутных далучацца да дыскусіі і задаваць пытанні, аднак віцебчукам спатрэбілася трошкі часу, каб разварушыцца, і таму распытваць гасцей пачаў сам мадэратар вечарыны. Першае пытанне было адрасавана Паўлу Касцюкевічу: “Ці ведалі бацькі, што ў сям’і падрастае будучы лаўрэат Літаратурнай прэміі Гедройца? Як яны ставіліся да першых пісьменніцкіх спробаў? Ці змірыліся яны з тваім выбарам і ці прыходзяць на прэзентацыі?”
Павал Касцюкевіч: “Хутчэй не, чым так. Але ў мяне дзядзька — рускамоўны габрэйскі паэт Гершон (Грыгорый) Трэстман, і калісьці ён падпісаў мне першую кнігу: “Спадзяюся, ад цябе я таксама атрымаю кнігу”, хаця тады мне было гадоў васямнаццаць, і я нават не думаў, што яго словы спраўдзяцца. У літаратуры мне, відаць, падабалася гэтая багемшчына, гультаяванне, нічоганерабленне, калі ты прыходзіш на працу, але ты трошкі не на працы. І хоць цяпер я разумею, што літаратура, асабліва пераклад — сур’ёзная праца, адчуванне, што можна падурэць, прыносіць мне радасць. І дзякуючы гэтаму я цяпер у Віцебску”.
Андрэй Хадановіч: “А быў такі момант, калі ты зразумеў, што гэта не толькі весела, але і падабаецца іншым людзям? Памятаеш, калі ты напісаў нешта такое, што захапіла іншых?”
Павал Касцюкевіч: “Натуральна, гэты момант звязаны з перакладам. Калі ты яшчэ неакрэплы і не да канца ў сябе верыш, лепш за ўсё пачаць з перакладу. Мне здавалася, што гэта не так сур’ёзна, што ўвагу звернуць не на мяне, а на аўтара. Пасля выхаду маіх перакладаў я атрымаў шмат добрых водгукаў і зразумеў, што гэта патрэбна”.
Андрэй Хадановіч: “Так нараджаюцца пісьменнікі: зразумеўшы, што пераклад усім патрэбны, Павал Касцюкевіч пачаў пісаць прозу”.
З падобным пытаннем — як бацькі паставіліся да ідэі сына зрабіцца пісьменнікам — вядоўца звярнуўся да Адама Глобуса, нагадаўшы прысутным, што ў гэтага творцы ёсць не толькі ўласныя, але і “сямейныя” заслугі — ён нарадзіўся ў сям’і пісьменніка і кінасцэнарыста Вячаслава Адамчыка.
Адам Глобус: “Мае бацькі не хацелі, каб я зрабіўся пісьменнікам, тут мы з Паўлам нароўні. Ды і калі ты жывеш у адным пад’ездзе з Караткевічам, Стральцовым, Язэпам Пушчам і іншымі, калі на кожным паверсе ў доме жыве па некалькі творцаў, пачынаеш думаць, што вось зробішся ты яшчэ адным пісьменнікам, прычым, магчыма, не найлепшым — дык ці варта пачынаць? Таму я паслухаўся бацькоў і іншых сваякоў і пайшоў вучыцца на мастака. Пісаць пачаў позна, на апошніх курсах, а вось маляваць — у трэцім класе.
Усе пісьменнікі, якія жылі вакол мяне, пасмейваліся з іншых суседзяў-пісьменнікаў. Стральцову, напрыклад, здавалася смешным, што людзі лічаць Быкава сур’ёзным пісьменнікам. Таму я з дзяцінства прывык, што калі ўсе вакол кажуць, што лічаць цябе геніяльным, верыць нельга, бо людзі маняць, і што да калегаў трэба ставіцца крытычна. Я запісваю, што пісьменнікі кажуць адзін пра аднаго, збіраю гэты фальклор. У маёй кнізе “Сучаснікі” сабраныя розныя гісторыі, і калі мне кажуць — маўляў, пра ўсіх напісаў, — я адказваю, што толькі занатаваў пачутае. У творчым асяродку жыць цяжка”.
Андрэй Хадановіч: “Адам Глобус вядомы тым, што знішчыў мяжу паміж тымі аўтарамі, якія пішуць выкшталцоныя творы ў стол, і так званымі фантомнымі аўтарамі. Ён быў стваральнікам падпольнай індустрыі, дзе кнігі пісаліся зусім не дзеля музы Беатрычэ. Раскажыце, як такая ідэя прыйшла вам у галаву?”
Адам Глобус: “Неяк мы сядзелі за сталом і абмяркоўвалі папулярнасць тых ці іншых кніг і фільмаў. Тады самым папулярным быў Фрэдзі Кругер і “Кашмар на вуліцы Вязаў”: усе куплялі відэамагнітафоны і глядзелі гэты фільм. І вось адзін эстонскі выдавец пашкадаваў, што па матывах гэтага фільма няма кнігі. Тут я зразумеў, што можна ўключыць касету і напісаць паводле яе раман! Стварыць новы твор — не плагіят, а імправізацыю. Таксама я зразумеў, што рабіць гэта трэба чужымі рукамі, то бок сабраць калектыў, які ўласнымі рукамі перапіша ўсе самыя папулярныя фільмы Галівуда.
У нейкі момант навіна пра нашае пачынанне дайшла да Тэда Цёрнера, які калісьці расфарбаваў фільм “Знесеныя ветрам”, зарабіўшы такім чынам столькі грошай, што іх хапіла на стварэнне канала CNN. Пасля ён напісаў працяг гэтай гісторыі — “Скарлет”, мы ж на той момант напісалі “Рэта Батлера” і яшчэ восем працягаў. Тэд Цёрнер прымяніў супраць нас жорсткія меры — амерыканскі амбасадар прыходзіў да Шушкевіча з просьбай закрыць наша выдавецтва, на кніжным кірмашы ў Франкфурце вісела вялікая расцяжка з заклікам не купляць кнігі братоў Адамчыкаў, карыкатура на нас была змешчаная ў “Нью-Ёрк Таймс”. Так я зрабіўся вядомым на ўвесь свет”.
У гэты момант слухачы пачалі далучацца да гаворкі, і Адаму Глобусу задалі пытанне, ці праўда, што Успенскі лічыць яго сваім ворагам.
Адам Глобус: “Праўда ў тым, што Успенскі нас абрабаваў. Некалі я працаваў намеснікам рэдактара часопіса для школьнікаў “Бярозка” і разам са сваімі таварышамі прыдумаў пісаць казачкі пра Чорную Руку, Белую Прасціну, Гроб на Калёсіках і іншае — усё як мы любім. У нейкі момант да нас прыехалі з Масквы хлопцы з часопіса “Трамвай” і папрасілі дазволу перакласці гэтыя казачкі. Мы, канечне ж, дазволілі. І цішыня. Я званю ім, пытаю, ці перакладаецца ў іх нешта, а яны ў адказ: можа, вы лепш аповесць напішаце? А ў нас 1991-ы, якая аповесць — вызваляцца трэба. Тады яны ўсе нашы матэрыялы аддалі Успенскаму, які аповесць напісаў і пачаў на гэтым паразітаваць. Калі я неўзабаве стаў працаваць з вялікімі выдавецтвамі, мы адсунулі Успенскага на другі план. І тады ён у выступе па тэлебачанні сказаў, што нашы “Чарапашкі-ніндзя” зрабілі рускай літаратуры непапраўную шкоду”.
Пасля такой гісторыі перад вядоўцам паўстала нялёгкая задача — зноў вярнуцца да абмеркавання беларускай літаратуры, аднак ён справіўся з ёй, спытаўшы ў Паўла Касцюкевіча, чаму пасля перакладу “Бойні №5” Курта Вонегута — кнігі, якая ў свой час пісалася найперш для інтэлектуалаў, — ён звярнуўся да такога папулярнага твора канца 80-х — 90-х, як “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса.
Павал Касцюкевіч: “Каб літаратура дайшла да масаў. Я шукаў кнігу, якая была б і добрым мастацкім творам, і адначасова мела натоўп фанатаў”.
Андрэй Хадановіч: “А ты выпадкова не сам напісаў яе паводле фільма? А то я ўжо чуў, што нехта, убачыўшы ў кнігарні незнаёмае імя, звоніць Глобусу і пытае, ці не яго рук гэта справа”.
Павал Касцюкевіч: “Фільм я, безумоўна, паглядзеў раней, чым прачытаў кнігу. Мушу прызнацца, што выданне гэтай кнігі — гэта наш маленькі беларускі поспех”.
Пасля першай часткі гутаркі вядоўца запрасіў гасцей пачытаць нешта са сваіх твораў, прычым абодва прызёры прэміі Гедройца за найлепшую прозу года вырашылі гэтай прозе здрадзіць. Адам Глобус прачытаў некалькі сваіх вершаў, а Павал Касцюкевіч — урывак з перакладу кнігі Адамса, адпомсціўшы такім чынам паэзіі і паставіўшы вядоўцу ў складанае становішча: урывак быў прысвечаны найагіднейшай лірыцы ў свеце. Пасля чытання перакладчык расказаў, чаму ён замяніў імя аднаго з герояў твора — Форда Прэфекта. Паводле сюжэту гэты персанаж бярэ сабе імя паводле назвы папулярнага аўтамабіля. Параіўшыся са знаёмымі перагоншчыкамі, Павал Касцюкевіч спыніўся на марцы іншага, нашмат больш распаўсюджанага ў Беларусі аўтамабіля — у беларускім перакладзе героя завуць Фальксваген Гольф. Яшчэ два цікавыя перакладчыцкія рашэнні ў кнізе, пра якія Павал Касцюкевіч расказаў на сустрэчы, — гэта імя філосафа, які шмат пісаў пра Бога (у беларускім варыянце яго клічуць Валенштайн Акудовіц), і беларускі варыянт знакамітай фразы “Don’t panic!” — “Спакуха!”
Асаблівую цікавасць ў віцебчукоў выклікала гісторыя Адама Глобуса пра яго першае наведванне Віцебска ў 1978 годзе. Трапіў ён у гэты горад на запрашэнне дзяўчат-вагонаважатых з трамвайнага дэпо: “Прыехаўшы ў Віцебск, засяліўшыся і выпіўшы першую пляшку гарэлкі за ваш цудоўны горад, мы зразумелі, што апынуліся ў падпольным бардэлі. Дзяўчаты-вагонаважатыя самі яго ўтрымлівалі і самі запрашалі туды начальнікаў. Тры дні мы жылі ў гэтым бардэлі, хадзілі на экскурсіі і ў музей Шагала. Аднак смешная гісторыя скончылася вельмі драматычна. У адной з дзяўчат, якой і належала гэтая чатырохпакаёвая кватэра, у каморцы жыў бацька. Ён кожны раз сварыўся і на іх, і на нас, а потым сказаў, што мы самыя прыстойныя з гасцей гэтай установы. Такі вось камплімент. А праз некаторы час пасля ад’езду з горада мы дазналіся, што ён павесіўся”.
Паколькі Павал Касцюкевіч быў у Віцебску зусім нядаўна, а Адам Глобус пасля 1978 года тут не з’яўляўся, прысутныя пацікавіліся, якое ўражанне склалася ў аўтара “Сказаў” і “Казак для дарослых” пра горад пасля такога доўгага перапынку. Адам Глобус адказаў, што ўражанне гэтае нашмат лепшае, чым у першы раз, што Віцебск моцна змяніўся, і гэтыя перамены яго парадавалі. Аднак спаслаўшыся на сваё эсэ “Супраць правінцыі”, пісьменнік заахвоціў усіх, у тым ліку віцебчукоў, адмовіцца ад правінцыйнасці і аддаць частку сіл на стварэнне “сталічнасці” — культываванне Мінска як галоўнага горада Беларусі.
Адказаўшы на ўсе пытанні прысутных і задаволіўшы іх просьбы пачытаць яшчэ (прычым просьба тычылася не толькі галоўных герояў вечарыны, празаікаў, але і самога вядоўцы), пісьменнікі падпісалі ахвочым кнігі і, сфатаграфаваўшыся на фоне дома-музея Марка Шагала, выправіліся ў Мінск.
Павал Касцюкевіч — празаік, перакладчык ізраільскай і амерыканскай літаратуры, першы лаўрэат прэміі Ежы Гедройца (кніга “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”). Кніга Адама Глобуса “Сказы” ў 2013-м была адзначаная ІІІ прэміяй.
Фота Аляксандра Кладава