Фінал прэміі Гедройця: вяртанне з занзібараў. Фотасправаздача з цырымоніі

Апошняе абнаўленне: 17 лістапада 2025
Фінал прэміі Гедройця: вяртанне з занзібараў. Фотасправаздача з цырымоніі

Галоўная беларуская літаратурная прэмія носіць імя Ежы Гедройця – інтэлектуала, чалавека свабоды, архітэктара новай Еўропы. З эміграцыі ён нёс ідэі дэмакратычнай Польшчы праз часопіс «Kultura» і кнігі выдавецтва «Instytut Literacki», фармаваў палітычную і літаратурную думку, веру ў сілу слова. Сёння гэткая самая місія ў беларускіх аўтараў за мяжой: пісаць тое, пра што небяспечна казаць у Мінску, Полацку, Гародні… 

Гданьск: салідарнасць, памяць і вольнае слова

Урачыстая цырымонія ўганаравання пераможцаў праходзіла ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці.

Вядоўца імпрэзы, акторка Крысціна Дробыш, нагадала гледачам, што першым лаўрэатам стаў пісьменнік Павел Касцюкевіч. А летась, таксама ў Гданьску, галоўную ўзнагароду атрымаў філосаф Валянцін Акудовіч за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым».

Сённяшні дзень мы праводзім пад назвай «Свята беларускай літаратуры». А яшчэ 15 лістапада ва ўсім свеце адзначаецца Дзень зняволенага пісьменніка. У Беларускага ПЭНа ёсць традыцыя «пустога крэсла». Яно сімвалізуе тых аўтараў і аўтарак, якія не могуць быць з намі, бо знаходзяцца ў зняволенні. Сёння гэтыя аўтары тут праз свае партрэты. Мы памятаем пра ўсіх, чые галасы заглушылі, але не здолелі прымусіць маўчаць.

Ежы Гедройць пісаў: «Ніводная Польшча не будзе вольнай без вольнай Беларусі». Чатырнаццаты фінал прэміі ягонага імя праходзіў у Гданьску – горадзе, дзе слова «салідарнасць» ператварылася ў легенду; у месцы, што з’яўляецца сведкай таго, як ідэя можа змяніць гісторыю. 

Пра повязь часоў, падзей і асоб прамаўлялі дырэктар ЕЦС, сябра праўлення Польскага ПЭН-клуба Базыль Керскі, старшыня Беларускага ПЭНа, паэтка і праваабаронца Таццяна Нядбай, прэс-сакратар Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўца, перакладчык і паэт Ціхан Чарнякевіч, намеснік прэзідэнта горада Гданьск Пётр Бараўскі.

Намінантак і намінантаў прэміі традыцыйна ацэньвае прафесійны склад журы. Сёлета яго публічнымі сябрамі былі ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдатка філалагічных навук Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца і драматург, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Буктрэйлеры творчай каманды «Numar8Production», агучаныя камандай прафесійных выканаўцаў выдавецтва «Audiobooks.by», пазнаёмілі прысутных на цырымоніі з фіналісткамі і фіналістамі. Шэсць кніг. Шэсць светаў. Шэсць спроб сказаць «Беларусь» па-свойму.

Галасы Гедройця: шэсць кніг, якія працягваюць яго дух

Патрон прэміі зрабіў з літаратуры ідэю, з публіцыстыкі – этыку, а з выгнання – форму духоўнага дому. Гедройць ведаў, што свабода гэта не проста права гаварыць, але і абавязак слухаць ды разумець. І сёння беларускія аўтары, якія пішуць у выгнанні, працягваюць гэтую традыцыю: яны ствараюць літаратуру адказнасці, рэфлексіі і чалавечага досведу.

Як тое выяўляецца ў кнігах і аўтарах – прэтэндэнтах на перамогу?

Зміцер Дзядзенка. Гульні Цырцэі (Беласток: Kamunikat.org, 2024).

Гэта не проста рэтра-дэтэктыў і гістарычны нуар, але і спроба паглядзець у мінулае як у лабараторыю чалавечай улады, спакусы і страху. Дзядзенка аднаўляе свет дзіцячай «імперыі» са сваёй валютай, войскам і поштай – мікракопію вялікай гісторыі, дзе гульня заўсёды блізкая да вайны.

«Гэта адзінае, што было абсалютна рэальнае… Усё астатняе – апісанне эпохі стогадовай даўніны», – расказваў аўтар.

А вось як згадваў свае менскія гады Ежы Гедройць:

«Адной з маіх дзіцячых забаў было легчы ўздоўж рэек, каб апынуцца пад цягніком… Але больш за ўсё мяне захоплівала войска».

І наш сучаснік, і яго папярэднік успамінаюць гульню, у якой праступае вайна, і дзяцінства, што рана вучыць страху. Дзядзенка, як і Гедройць, глядзіць на гісторыю праз прызму юнацкай цікаўнасці – спрабуючы зразумець, як з гульняў нараджаюцца імперыі і як з імі потым даводзіцца расставацца.

Сяргей Дубавец. Занзібар: сталеньне маладой душы (Прага: Вясна, 2024).

Адметнасць гэтай кнігі ў яе форме: мемуары пераплятаюцца з дарожнымі нататкамі, а ўспаміны пра савецкую Беларусь – з падзеямі 2020–2021 гадоў. У тэксце адчуваецца спроба пераадолець мінулае праз пражытую іронію, пазнаць сябе ў дарозе і ў памяці.

«Жыццёвыя гарызонты, – казаў Дубавец, хтосьці бачыў блізкімі, а хтосьці далёкімі… Варта паглядзець, хто сёння ў беларускай культуры найлепшыя творцы, і пераканацца, што паходжанне ніяк не паўплывала на іхны рост».

Гэтаксама патрон прэміі Ежы Гедройць прызнаваўся:

«Гісторыяй сям’і я амаль не цікавіўся… Усё загінула падчас Варшаўскага паўстання…»

Дубавец таксама вядзе размову з мінулым: не дзеля вяртання страчанага, а каб зразумець, як яно фармуе нас сёння. У гэтым пераемнасць духу: ад рэфлексіі над утратай да адвагі ствараць у нявызначанасці.

Югася Каляда. Перамена месцаў (Вільнюс: Пфляўмбаўм, 2024).

Гэта не гісторыя пра дзвюх жанчын, якія памяняліся целамі, а спроба нараджэння грамадства, што вучыцца быць роўным, адкрытым і жывым. Кніга Югасі Каляды – пра ўзаемнае пазнанне і разбурэнне іерархій, пра тое, як з руін імперскай свядомасці прарастае чалавечая салідарнасць.

«Імперыя працягвае распадацца, і мы на яе ўскрайку… Адно, што ты можаш – гэта быць чалавекам і рабіць выбар на карысць дабра», – лічыць Югася Каляда.

А Ежы Гедройць у сваіх успамінах прызнаваўся:

«Мая прыхільнасць да законнасці заўсёды існавала побач з рэвалюцыйнымі тэндэнцыямі… Я імкнуўся зрабіць дзяржаву больш справядлівай, больш лагічнай».

Іх словы сугучныя праз час: абое бачаць у рэвалюцыі не разбуральную сілу, а шанец на аднаўленне справядлівасці. Там, дзе распадаецца імперыя, пачынаецца магчымасць чалавечага нараджэння.

Аляксандр Лукашук. Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода (Прага: Вясна, 2024).

Гэта кніга пра тое святло, што не гасне нават у цемры. Аўтар і доўгатэрміновы кіраўнік беларускай службы «Радыё Свабода» паказвае: свабода – зусім не гучная дэкларацыя, а штодзённая праца слова. Гэта гісторыя не толькі медыя, але і адказнасці: як трымаць голас у свеце, дзе хочуць цішыні.

«Найлепшыя практыкі «Свабоды» даўно адаптаваныя незалежнымі СМІ… У журналістыцы гэта нармальна – браць, пазычаць, удасканальваць, канкураваць на адным полі», – канстатуе аўтар.

І як бы працягваючы гэтую думку Аляксандра Лукашука, згадаем цытату Ежы Гедройця:

«Немагчыма было пераканаць уладаў, што беларуская культура таксама павінна існаваць».

У абодвух выпадках мы адчуваем веру ў сілу незалежнага слова. Калі дзяржава спрабуе закрыць голас, літаратура і журналістыка становяцца яго працягам – там, дзе няма цемнаты.

Анка Упала. Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў (Вільнюс: Alena Kazlova, 2024).

Тонкая кніга аўтаркі з тонкай душэўнай арганізацыяй – інтравертная, самаіранічная, уважлівая да дэталяў. Яе проза разгортваецца ўнутры абмежаванай прасторы, дзе сцены не толькі ізалююць, але і адбіваюць рэха думак і паўсказаў. 

Сучасны свет – складаная сетка камунікацый. Людзі пераязджаюць у краіны з іншымі правіламі маўчання і адкрытасці, таму слова часта губляе сваю вагу. У гэтай прасторы Анка Упала стварае тэкст як спробу аднавіць сувязь: з сабой і з іншымі, праз мову, якая ўсё яшчэ шукае дом.

Ежы Гедройць, паляк у выгнанні ў Францыі, таксама жыў у свеце, дзе трэба было нанова вызначаць, што значыць гаварыць і што – маўчаць. Самотны інтэлектуал з драматычным лёсам, ён, як і Анка Упала, глядзеў на чалавечыя адносіны праз прызму ўнутранай самарэфлексіі і складанасці разумення.

І ў гэтым сугучча: захаваць чалавечае там, дзе мова ўжо не гарантуе паразумення.

Клёк Штучны. Забойства на вуліцы Макаёнка (Audiobooks.by, Янушкевіч, 2024).

Гэта кніга – пра краіну пасля паразы. Пошук забойцы мінскай артысткі, якая калісьці стаяла пад бел-чырвона-белым сцягам, ператвараецца ў спробу зразумець, што забівае нас. Страх, маўчанне ці стомленасць ад надзеі? Атмасфера прыглушанасці і пэўнай разгубленасці робіць гэты раман не проста дэтэктыўным, а філасофскім.

Ежы Гедройць пісаў:

«Дабрабыт наш скончыўся з самагубствам прадзеда Люцыяна… У атмасферы дому адчувалася беднасць».

Гэты ўспамін пра сямейную трагедыю сугучны з сённяшняй беларускай гісторыяй, калі грамадства нібы перажыло ўласнае самагубства і спрабуе адрадзіцца з цішыні, спаймаць новае дыханне жыцця, якое ўсё ж прабіваецца праз цемру страты.

Пазнаць адно ў адным блізкіх

Кожная літаратурная прэмія – не толькі спіс імёнаў, але і спроба зафіксаваць час. Размаўляем пра тое з фіналістамі. 

Звязваемся праз пасярэднікаў з Клёкам Штучным:

– Ваш твор – пра краіну пасля паразы, але ў ім няма лозунгаў і публіцыстыкі, толькі адчуванне няпэўнасці, трывожнага дыхання часу. Што было галоўным для аўтара: расследаванне забойства – ці спроба ўлавіць стан беларускай душы ў той момант?

– Раман задумваўся як літаратурнае адлюстраванне атмасферы, якая панавала ў Беларусі ў 2021–2023 гадах. Патрабавалася дэтальнае апісанне стану беларускай душы без ухілу ва ўсязнайскую публіцыстычнасць і сталкерскае блогерства. Дзённікавыя назіранні  патрабавалася ўвасобіць у мастацкі твор. І тут літаратуры дапамагло кінамастацтва. Дапамог актор Джэк Нікалсан, а дакладней, яго герой – прыватны дэтэктыў Джэйк Гітэс з неануаравага дэтэктыва «Кітайскі квартал». Герой, які падсвяціў сваю эпоху. Як і Якуб Пісьменны – гэта чалавек з паніжанай грамадскай адказнасцю, прыроджаны цынік, аматар дробнапобытавых камбінацый, які ўсенароднае ўзрушэнне проста праспаў. Але ёсць у Якубу Пісьменным, як і ў Джэйку Гітэсу, нейкі стрыжань, нейкі старамодны кодэкс гонару, які не дазваляе кінуць навязанае яму следства.

Усе астатнія атрыбуты неануару – дэпрэсіўныя закуткі мегаполіса, цынічныя стасункі паміж удзельнікамі беларускай драмы, дзівацкія апраткі і манеры гарадскіх вар’ятаў, а таксама ўсе атрыбуты навязанага следства па невытлумачальным злачынстве, здаецца, прыраслі да кнігі самі сабой.

…Якуб Пісьменны, зрэшты, разблытвае дэтэктыўную таямніцу, але разам з развязаннем да яго прыходзіць асэнсаванне горкай праўды.

Наш наступны суразмоўца – Аляксандр Лукашук.

– У кнізе вы паказваеце, што свабода не проста звыклы лозунг, а цяжкая штодзённая праца, якая патрабуе вытрымкі і сумлення. Як цяпер, у сітуацыі небяспекі і ціску, выглядае гэтая праца для журналістаў і літаратараў? Што значыць гаварыць праўду, калі нават голас можа стаць пагрозай для блізкіх?

– 1. Не нашкодзіць сабе. 2. Не нашкодзіць іншым. 3. Не хлусіць. 

Адказ кароткі, але кожнае яго палажэнне можа быць прадметам асобнага абмеркавання.

А зараз пытанне да Анкі Упалы:

– Сярод выпрабаванняў беларускай хвалі эміграцыі ці не сярод галоўных – самота і складанасць камунікацыі ў новым асяроддзі. Нават з уласнымі землякамі… Як, на ваш погляд, слова і літаратура могуць дапамагчы пераадолець гэты псіхалагічны разлом? Ці здольныя яны аднавіць сувязь чытачоў з сабой, з іншымі, з краінай, якая засталася ўнутры?

– Я думаю, што чытанне літаратуры, безумоўна, можа быць апірышчам у цяжкіх умовах. Гэта размова з самой сабой і з тымі, хто пішуць кнігі. Калі ёсць доступ да кнігі, такая гутарка магчымая нават, калі больш пагаварыць няма з кім. Галасы пісьменніц і пісьменнікаў, якія пісалі сто гадоў таму і раней, гучаць так, як быццам яны гавораць сёння. Раптам тэмы вайны, рэпрэсій, страты сувязі з блізкімі зрабіліся для нас не нейкімі адцягненымі, далёкімі ад нашага досведу, а надзённымі. Яны становяцца побач з намі – гераіні і героі кніг, аўтаркі і аўтары. Разам мы пражываем нашае адзінае прыватнае жыццё і разам з тым нашу агульную гісторыю. Мы бываем слабымі, бывае, памыляемся, бывае, не даём рады, бывае, пачуваемся празмерна адрознымі ці горшымі за іншых. Але праўда ў тым, што так бывае не толькі з намі. Я цябе чую, я цябе разумею, думаеш ты. Разам пражываць цяжкае заўжды лягчэй, нашмат лягчэй, чым на самоце. 

Літаратура гэта таксама спосаб гаварыць з людзьмі іншых культур і шукаць з імі агульную глебу. Чаму б, напрыклад, не прачытаць разам аповесць «Па што ідзеш, воўча?» сучаснай беларускай пісьменніцы Евы Вежнавец, якая ўжо дасяжная на многіх мовах, і не абмеркаваць яе з людзьмі ў Аўстрыі, Аргентыне, Даніі, Мексіцы, Экватарыяльнай Гвінеі?.. Ці мала куды цяпер заносіць людзей з Беларусі. І дома ў Беларусі чаму б яе не пачытаць ці не паслухаць аўдыяверсію? 

Чаму б не чытаць пераклады з іншых моў на беларускую і не гаварыць з людзьмі за мяжой і побач з намі пра іх літаратуру?

Чым больш мы дачыняемся, тым менш застаёмся чужымі. І аднойчы можам пазнаць адно ў адным блізкіх.

Тры пераможцы – адна прэмія

Паступова дзея падыходзіць да кульмінацыі – вызначэння пераможцаў. 

Прыз за трэцяе места – выданне наступнай кнігі. Рашэнне журы з гэтай нагоды агучыла яго сябра, даследчыца беларускай літаратуры Катажына Дрозд-Урбаньска. Пад апладысменты залы дыплом атрымаў Зміцер Дзядзенка.

Узнагарода за другое месца – творчая стыпендыя: магчымасць месяц працаваць у Швецыі, у Доме пісьменніка на востраве Готланд. Літаратуразнаўца, прафесар, драматург Сяргей Кавалёў уручыў дыплом Югасі Калядзе.

І вось – кульмінацыйны момант: паэт, перакладчык, ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа Андрэй Хадановіч называе чатырнаццатага пераможцу прэміі імя Ежы Гедройця. Гэта Сяргей Дубавец.

Завяршылася ўрачыстая цырымонія музычным выступам спецыяльнага госця, чыя творчасць ужо даўно стала часткай нашага літаратурнага і культурнага кантэксту, – лідара гурта «J:Морс» Уладзіміра Пугача. 

Музыка стала працягам слова. Ці, можа, яго паўзай. Бо прэмія Гедройця заўсёды была не толькі пра літаратуру, але і пра дыялог: складаны, часам востры, дыскусійны, але неабходны. Пра сутыкненне ідэй, поглядаў, светаў. Пра тое, што нас яднае і што раздзяляе. І пра тое, што ўсё яшчэ трымае разам.

Сёлета ў фінале былі тры вельмі розныя гісторыі, тры досведы, тры інтанацыі.

Сяргей Дубавец – адзін з тых, хто дапамагаў прэміі сталець, ведае яе як свой дом і як лабірынт: быў у журы, перамагаў, прайграваў, але заўсёды вяртаўся.

Югася Каляда – новая асоба ў гэтай размове, якая глядзіць на Гедройця з вонкавага, свежага ракурсу і адчувае яго ўплыў ужо як частка пакалення, што прыйшло пасля 2020 года.

Зміцер Дзядзенка – аўтар, які мае ўласную гісторыю спрэчак з прэміяй, але цяпер апынуўся блізка да яе вяршыні.

Яны – як тры люстэркі аднаго працэсу. Тры розныя позіркі. Тры спосабы зразумець, што сёння значыць Гедройць.

То – пытаем і слухаем.

– Вы, Зміцер, не раз крытычна ацэньвалі Гедройця і літаратурныя конкурсы ўвогуле. Цяпер, калі «Гульні Цырцэі» сярод фаварытаў, ці змянілася ўспрыняцце прэміі? Што яна адкрыла або паставіла пад сумнеў для вас асабіста?

Шчыра сказаўшы, для мяне мала што мяняецца. Я ўжо не першы раз удзельнічаю ў гэтай прэміяльнай гонцы. І для мяне хіба што ўдзел азначае, што я магу сабе дазволіць меншую долю крытыкі ў бок арганізатараў, бо не з’яўляюся назіральнікам збоку. 

Сёлетняя арганізацыя прыемна здзівіла ў параўнанні з мінулымі гадамі: шырокае асвятленне ў СМІ, інтэрв’ю, рэцэнзіі. Можна было б пашырыць дадаць, напрыклад, конкурс чытацкіх водгукаў на кнігі-намінанты, але я разумею, што тут ужо ўсё залежыць ад небясконцых магчымасцяў арганізатараў.

У ідэале, вядома, хацелася б, каб пра лаўрэатаў прэміі Гедройця не забываліся на наступны дзень пасля ўручэння прэміі. Бо падрыхтоўка да наступнага сезона мусіць пачынацца адразу пасля заканчэння гэтага, і лаўрэаты могуць быць такім «пераходным мосцікам» паміж сезонамі: выступаць, піярыць прэмію і гэтак далей. Але зноў жа разумею небязмежнасць магчымасцяў.

– Югася, вы ўпершыню трапілі ў кола прэміі, але, напэўна, назіралі за ёй збоку. Погляд з сённяшняй пазіцыі: што важнейшае ў літаратурнай прэміі: прызнанне, сімвалізм ці супольнасць, якую яна стварае?

– З прапанаваных адказаў я абрала б «прызнанне».

– Сяргей, прэмія Гедройця вам знаёма знутры і звонку: як аўтару, сябру журы і назіральніку. Ці змянілася для вас яе роля за гэтыя гады – паміж надзеяй і стомай, між пачаткам і тым, што сталася цяпер?

– Прэмія Гедройця, на мой погляд, пасталела, узмацнілася як стымул для аўтараў – пісаць, быць самымі цікавымі, бачыць сябе ў кантэксце іншых. Прэмія пазбаўляецца ад пэўнай «кланавасці», стараецца быць трамплінам для выхаду беларускай кнігі ў шырэйшы свет, пры тым яна застаецца амаль заўсёды непрадказальнай. Жадаю прэміі плёну на ўсіх гэтых кірунках!

Ежы Гедройць да скону жыў і працаваў пад Парыжам, набліжаючы дэмакратычныя перамены ў Польшчы. Сённяшнія фіналісты ягонай прэміі раскіданыя віхурай 2020 года: у Польшчу, Літву, Чэхію, Швецыю… Але, як і Гедройць, яны думкамі там, адкуль выйшлі. Трымаюць у сэрцы Беларусь, з якой пачаўся іх голас. Пішуць пра тое, што баліць і што дае сілу. Сваімі словамі спраўджваюць мару соцень тысяч пра вяртанне з уласных занзібараў дадому – у Мінск, Полацк, Гродна…

Дарэчы, Сяргей Дубавец у сваім заключным слове паабяцаў: працягу яго споведзі – быць. 

Фота: Аляксандр Драгавоз.


Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання | Беларускі ПЭН, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры цырымоніі ўзнагароджання | выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production
Суфінансаванне | праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна погляды аўтара і не можа атаясамлівацца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.