Абвешчаны лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця – 2025

Апошняе абнаўленне: 15 лістапада 2025
Абвешчаны лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройця – 2025

15 лістапада 2025 года ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску абвешчаны лаўрэаты чатырнаццатага сезона літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця – галоўнай незалежнай узнагароды ў галіне беларускай прозы.

I месца – Сяргей Дубавец, аўтар кнігі «Занзібар: сталеньне маладой душы».
Рашэннем журы аўтар узнагароджаны за філасофскую рэфлексію над пошукамі нацыянальнай ідэнтычнасці свайго пакалення. Пераможца атрымаў галоўную ўзнагароду пры падтрымцы Фонду міжнароднай салідарнасці.

II месца – Югася Каляда, аўтарка кнігі «Перамена месцаў».
Аўтарка ўзнагароджана за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве творчай стыпендыяй і месяцам працы на шведскім востраве Готланд. Прыз забяспечыў суарганізатар прэміі – Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

III месцаЗміцер Дзядзенка, аўтар кнігі «Гульні Цырцэі».
Журы адзначыла кнігу за асэнсаванне гістарычнай повязі часоў у вострасюжэтнай форме. Прыз – выданне наступнай кнігі пры падтрымцы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.

Рашэнні агучылі публічныя сябры журы прэміі: ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, кандыдатка філалагічных навук Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца і драматург, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; паэт, перакладчык, літаратуразнаўца Андрэй Хадановіч.

Спецыяльным прызам партнёра прэміі, Audiobooks.by, была ўзнагароджана кніга Югасі Каляды «Перамена месцаў». Чытачы і слухачы абралі з кароткага спісу твор, што будзе агучаны прафесійнай камандай аўдыявыдавецтва.

Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца штогод з 2012 года і адзначае тры найлепшыя кнігі, напісаныя па-беларуску ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы.

Цырымонія праходзіць у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці ў Гданьску – горадзе, дзе слова «салідарнасць» стала сімвалам свабоды. Вечар адкрыў дудар Дзяніс Шматко (гурт Lity Taler), а пасля ўручэння галоўнай узнагароды гасцей чакаў спецыяльны канцэрт лідара гурта J:Морс – Уладзіміра Пугача.

Арганізатары прэміі: Беларускі ПЭН, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб і Беларускае культурнае таварыства «Хатка».
Партнёры падзеі: Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production.
Праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.