На 15 лістапада 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 33, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 157.
Затрымалі заснавальніка школы музыкі Уладзіміра Патапенку.
Фатограф Вадзім Здаравеннаў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі.
У Мінску на 2 гады пазбаўлення волі і штраф 300 базавых велічынь (12,6 тысячы рублёў = 3695 долараў) асудзілі рэдактара «Вікіпедыі».
Судовая калегія Вярхоўнага суда адхіліла скаргу асуджанага журналіста і літаратара Ігара Ільяша і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі – 4 гады калоніі.
Журналіста, перакладчыка, аўтара апавяданняў Руслана Равяку асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).
Настаўніцу нямецкай мовы з Мазыра Яраславу Храмчанкову асудзілі на 3 гады пазбаўлення волі.
У палітзняволенага краязнаўцы Уладзіміра Гундра за кратамі пагоршыўся зрок.
Аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча ў папраўчай калоніі № 20 у Мазыры змясцілі ў памяшканне камернага тыпу.
Старонкі ў сацыяльных сетках рэканструктара Паўла Станкевіча абвясцілі «экстрэмісцкімі».
«Экстрэмісцкім» абвешчаны TikTok-акаўнт паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі, тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай.
«Экстрэмісцкім» абвешчана друкаванае выданне «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасці».
У «Каляднай краме» ў Мінску ў выніку даносу знялі з продажу навагоднія шары з партрэтам беларускай паэткі Ларысы Геніюш.
У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна дэмантавалі помнік паўстанцам 1863 года.
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 7 лістапада стала вядома пра затрыманне заснавальніка школы музыкі Уладзіміра Патапенкі праз некалькі дзён пасля яго вяртання з Варшавы. Пераслед, меркавана, звязаны са справай «Беларускага Гаюна» – незалежнага маніторынгавага праекта, які займаўся адсочваннем руху расійскіх войск і тэхнікі па тэрыторыі Беларусі.
2. 10 лістапада ў Мінску на 2 гады пазбаўлення волі за адзін негатыўны каментар у інтэрнэце на падставе арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) быў асуджаны фатограф Вадзім Здаравеннаў. Ён быў затрыманы ў красавіку 2025 года.
3. 13 лістапада ў Мінску вынеслі прысуд выкладчыку адной з ВНУ, рэдактару «Вікіпедыі». Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Генпракуратуры, але імя і прозвішча асуджанага не назвалі. Паводле версіі пракуратуры, з 2020 па 2025 год ён «размясціў у свабодным доступе на інтэрнэт-рэсурсе “Вікіпедыя” 25 тэкставых паведамленняў, якія змяшчаюць загадзя ілжывыя звесткі, у тым ліку пра гістарычныя факты і дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, выбары прэзідэнта і праведзеныя рэспубліканскія рэферэндумы, дзейнасць дзяржаўных органаў улады і ваенізаваных арганізацый, прававое становішча грамадзян». Суд прызнаў вікіпедыста вінаватым паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) і прызначыў 2 гады пазбаўлення волі і штраф 300 базавых велічынь (12,6 тысячы рублёў = 3695 долараў).
4. 14 лістапада Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу на прысуд літаратару і журналісту Ігару Ільяшу. Судовая калегія Вярхоўнага суда адхіліла скаргу асуджанага і пакінула ў сіле рашэнне першай судовай інстанцыі. 16 верасня 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе Ігару Ільяшу быў вынесены прысуд: за каментары незалежным СМІ на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі) – 4 гады калоніі і 100 базавых велічынь штрафу на карысць дзяржавы (4200 рублёў, або каля 1382 долараў). Ігар Ільяш – журналіст, філосаф паводле адукацыі, суаўтар дакументальнай кнігі «Беларускі Данбас» (К. Андреева, И. Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1), напісанай разам з жонкай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якая з 2020 года знаходзіцца ў зняволенні паводле палітычна матываванай справы. У кнізе «Беларускі Данбас» сабраны гісторыі грамадзян Беларусі, якія ваявалі як на баку Украіны, так і на баку расійскіх акупацыйных войск. У 2021 годзе кнігу прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкай».
5. 14 лістапада з’явілася інфармацыя, што журналіста, перакладчыка, аўтара апавяданняў Руслана Равяку асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». Суд адбыўся 19 жніўня 2025 года ў Баранавіцкім абласным судзе. Руслан Равяка быў затрыманы ў Баранавічах 5 снежня 2024 года, да суда ўтрымліваўся ў СІЗА, адначасова з ім затрымалі 7 супрацоўнікаў ліквідаванай незалежнай баранавіцкай газеты «Intex-press», якая выходзіла з 1994 па 2022 год.
6. 15 лістапада стала вядома, што настаўніцу нямецкай мовы з Мазыра Яраславу Храмчанкову асудзілі 9 верасня 2025 года на падставе ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), а таксама арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Беларусі). Прысуд – 3 гады калоніі. Яраславу Храмчанкову затрымалі 23 красавіка 2024 года. Пераслед настаўніцы, меркавана, звязаны са «справай Беларускага Гаюна».
ІІ. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. У палітзняволенага краязнаўцы Уладзіміра Гундара, асуджанага на 20 гадоў, за кратамі пагоршыўся зрок – ён не ў стане нармальна чытаць і пісаць лісты. У яго ампутавана нага вышэй за калена, у турме ён мусіць перасоўвацца на мыліцах.
2. Аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў у папраўчай калоніі № 20 у Мазыры, перавялі ў памяшканне камернага тыпу.
III. Пераслед за беларускую мову ў месцах пазбаўлення волі
Журналіст, папулярызатар гісторыі і беларускай мовы Яўген Меркіс у калоніі дзеля бяспекі быў вымушаны перайсці на рускую мову: «У гомельскім СІЗА я без праблемаў размаўляў па-беларуску. Першы тыдзень у калоніі ў карантыне і затым у асноўным атрадзе я яшчэ працягваў так рабіць. Але вельмі хутка зразумеў, дый мне і іншыя сказалі, што лепей так не рабіць. Былі нават гісторыі “белых”, якія пад уздзеяннем патрыятычных пачуццяў размаўлялі з супрацоўнікамі па-беларуску – і ім за гэта далі “наш”, прафілактычны ўлік № 10 як “схільным да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці”».
IV. Знішчэнне мясцін памяці
У вёсцы Слабодка Астравецкага раёна дэмантавалі помнік паўстанцам 1863 года. Помнік з шэрага каменю ў выглядзе гіганцкага мяча, загнанага вастрыём у зямлю, у гонар 150-годдзя паўстання Каліноўскага ўсталявалі ў 2013 годзе. На крыжы выгравіраваны паўстанцкі пароль «Каго любіш?» на лацініцы і кірыліцы. Наверсе крыжа, на дзяржальне мяча, – выява «Пагоні». Супраць помніка выступалі прарасійскія актывісты. Цяпер на месцы манумента засталася толькі пляцоўка з каменных пліт.
V. Прызнанне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак дзеячаў культуры
1. 3 лістапада «экстрэмісцкімі» абвясцілі старонкі ў сацыяльных сетках рэканструктара Паўла Станкевіча: старонкі «УКантакце» «Рыцарский клуб “Барысфен”», «Средневековый шоу-театр “Барысфен”», «Путешествие в средневековье – Тур выходного дня», «Павел Станкевіч» і старонку ў Facebook «Павел Станкевич (Pavel Stankevich)».
2. 11 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў «экстрэмісцкім» TikTok-акаўнт паэткі, выканаўцы, рэканструктаркі, тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай. Забаронены таксама нік «kasiavadanosava» – «з надпісамі або без выкарыстання надпісаў, незалежна ад носьбіта інфармацыі (сцягі, транспаранты, эмблемы, шаўроны, нашыўкі, стыкеры, налепкі, значкі, элементы адзення, прадметы ўжытку і да т. п.), а таксама размешчаныя на лічбавых фота і відэамалюнках (у любых падзеях, сцэнах, эпізодах і кадрах электронных і друкаваных сродкаў інфармацыі)».
VI. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
3 лістапада «экстрэмісцкімі» прызналі друкаванае выданне «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасці». 4 жніўня 2025 года Міністэрства інфармацыі дадало гэтую кнігу ў спіс «друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольнае нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь».
VII. Забарона культурніцкіх ініцыятыў
У Гродне перастаў праходзіць квіз «Vsпомніць VSе». Паводле слоў арганізатараў, квіз часова прыпынілі праз данос. «На нас напісалі данос пра тое, што мы на квіз не прапусцілі чалавека з дзяржаўным сцягам і што на нашых гульнях вядучы ў мікрафон дрэнна выказваецца пра краіну, улады і гэтак далей, і да таго падобнае. Вядома, усе вы ведаеце, ніколі такіх выпадкаў не было. І пайшло-паехала. Вельмі непрыстойны прыём… Але мы вернемся. Абавязкова», – напісалі арганізатары ў Instagram.
VIII. Ідэалагічная цэнзура
14 лістапада стала вядома, што ў «Каляднай краме» ў Мінску ў выніку даносу прарасійскай прапагандысткі знялі з продажу навагоднія шары з партрэтам Ларысы Геніюш. Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтка і палітычная дзяячка. Арыштавана ў Празе ў 1948 годзе, экстрадавана ў БССР, у лютым 1949 года Вярхоўны суд БССР асудзіў яе на 25 гадоў зняволення ў лагерах за «дапамогу міжнароднай буржуазіі». У зняволенні пісала вершы, якія ў рукапісным выглядзе распаўсюджваліся сярод вязняў. Вершы вязні называлі «глюкоза», бо яны давалі сілы, каб жыць. Вызвалена ў 1956 годзе, жыла ў Зэльве, да канца жыцця адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства.