Алесь Смалянчук: Скончыў наш гістфак, а беларускім гісторыкам стаў насуперак яму

Апошняе абнаўленне: 2 лістапада 2026
Алесь Смалянчук: Скончыў наш гістфак, а беларускім гісторыкам стаў насуперак яму

 Гэтае інтэрв’ю – частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае пра лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага.

Зборнік будзе прэзентаваны 7 лістапада 2025 года а 18:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1) у межах мерапрыемстваў вакол 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Алесь Смалянчук. Нарадзіўся ў 1959 годзе. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт. Доктар гістарычных навук, аўтар 7 манаграфій і больш як 200 навуковых публікацый. 20 гадоў у працоўнай эміграцыі. Выкладаў у ЕГУ, Варшаўскім універсітэце, Інстытуце славістыкі Польскай акадэміі навук.

Коратка пра важнае

– Што ў маладосці для вас азначала «мы»?

– Гэта сланімчане і гарадзенцы, мясцовая супольнасць і беларускае кола сяброў.

– Што ў савецкім ладзе вы лічылі натуральным?

– Тады не было з чым параўноўваць. Напрыклад, школьная адукацыя і бясплатная медыцына ўспрымаліся як нешта належнае.

– Прынцыповы эпізод вашай нязгоды з меркаваннем большасці?

– Класная кіраўнічка шостага «Б» пасля ўрокаў прымушала маршыраваць у піянерскай форме з савецкімі песнямі. Рыхтавала нас да нейкай імпрэзы. Я запратэставаў – і мяне выгналі. Ішоў дадому, глядзеў на сваіх сяброў у піянерскай калоне і не шкадаваў.

– Калі Беларусь стала для вас чымсьці асабістым?

– Спачатку ў вайсковай частцы, дзе беларусы, украінцы і казахі ўтваралі свае зямляцтвы, якія канкуравалі паміж сабой. Потым напрыканцы 1980-х і пачатку 1990-х, калі з’явілася магчымасць дакрануцца да раней забароненай гісторыі. Якраз яна і зрабіла Беларусь маёй краінай.

– Што цяжэй: перастаць верыць дзяржаве, баяцца яе ці навучыцца браць адказнасць на сябе?

– Перастаць баяцца дзяржавы і браць адказнасць за тое, што робіш як навуковец – гэта файна, бо дае адчуванне ўнутранай свабоды. Тады часам вырастаюць крылы…

– 2020 год – гэта вынік паступовых змен у грамадстве ці раптоўны выбух?

– Для мяне – вынік пераменаў у грамадстве, якія, між іншым, вырасталі з таго, што рабіла маё і маладзейшыя пакаленні на ніве беларушчыны. З’явіліся людзі, для якіх Гарадзенскі замак і Камянецкая вежа з іх гісторыяй больш важныя і блізкія, чым маскоўскі Крэмль або Зімовы палац.

– Ці існуе сёння беларускае «мы»?

– Думаю, так. Хай і падзеленае на «мы» ў эміграцыі і «мы» ўнутры краіны. У выгнанні часам яно гучыць больш адкрыта, але і там, дома, застаецца жывым і няскораным беларускім «мы».

Гуманітарную адукацыю ў савецкіх універсітэтах Алесь Смалянчук лічыць парушэннем права чалавека на веды. Менавіта там ён навучыўся задаваць пытанні, на якія выкладчыкі часта не мелі адказаў. Беларускім гісторыкам стаў насуперак атрыманай адукацыі, калі ў другой палове 1980-х адкрыў для сябе іншую, раней забароненую мінуўшчыну сваёй краіны. Потым былі архіўныя пошукі, даследаванні ў галіне вуснай гісторыі, што дазволіла дакрануцца да памяці беларусаў пра ХХ стагоддзе, і шматгадовая праца над кнігай пра Рамана Скірмунта. Апошняя дапамагла зразумець: беларушчына вельмі розная, але заўсёды застаецца свядомым выбарам асобы.

Гаворым з Алесем Смаленчуком пра савецкія часы, пра гістарычную памяць, якой баіцца дыктатура, пра савецкага «чырвонага чалавека» ў кожным з нас і пра 2020 год як беларускую Рэвалюцыю годнасці… А таксама пра горкую праўду ягонага пакалення, якое на пачатку 1990-х атрымала шанец на свабодную і дэмакратычную Беларусь, але не здолела ім скарыстацца напоўніцу.

Большасць жыла звычайным жыццём, у якім заўсёды была добра прыхаваная беларушчына

– Якую Беларусь вы ведалі ў дзяцінстве? Ці існавала яна наогул у вашай карціне свету?

– Я нарадзіўся ў маі 1959 года. Бацькі жылі на Гарадзеншчыне, у Казлоўшчыне – колішнім райцэнтры. У тыя часы маладыя маці не маглі доўга займацца выхаваннем малых, і мяне адвезлі ў Слонім. Першы родны горад, а потым ужо будзе Гародня. Мая тагачасная Беларусь – гэта беларускамоўныя бабуля і дзядуля, а таксама слонімская вуліца Касманаўтаў, дзе гучалі тры мовы… Там жыло шмат сем’яў, якія не выехалі ў Польшчу.

– Лёс вашых старэйшых сваякоў складаны?

– Складаны і трагічны… Мала чым адрозніваўся ад жыцця мільёнаў іншых беларусаў. Бабуля Марыя ў дзяцінстве зведала бежанства часоў Першай сусветнай вайны, якую сям’я перажыла недзе на ўсходзе Украіны. Выратавалі сталярскія навыкі майго прадзеда. Падчас нямецкай акупацыі мясцовыя «партызаны» забілі бабулінага брата, бо адмовіўся ісці ў лес… Дзеда Аляксандра забралі ў савецкае войска летам 1944-га. Ён цудам перажыў вайну: амаль усе аднавяскоўцы загінулі пры штурме Кёнігсберга. Яны нават не паспелі навучыцца ваяваць… Дзяды па бацькоўскай лініі загінулі ў маі сорак трэцяга, калі ўся вёска стала ахвярай карнікаў батальёна «Дырлевангер». Дзеці і мой тата паспелі схавацца ў лесе.

– Вашыя бацькі выраслі ў беларускамоўных сем’ях, а першымі ў гісторыі сям’і перайшлі на рускую…

– Галоўным інструментам русіфікацыі стала вышэйшая адукацыя. Мама, Лідзія, закончыла Гарадзенскі педінстытут, працавала настаўніцай гісторыі і рускай мовы. Тата, Фёдар, завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Політэхнічным інстытуце ў Менску. Менавіта вучоба – пераломны момант у іх культурніцкай біяграфіі.

У сем’ях маіх бацькоў датуль усе працавалі на зямлі. Бацька паходзіў з Гомельшчыны, дзе калектывізацыя загнала ўсіх у калгас і прымацавала да зямлі якраз у год яго нараджэння. Жыццёвы поспех атаясамліваўся з рускай, бо на роднай мове не было вышэйшай адукацыі.

Сам я вучыўся на гістарычным факультэце Гарадзенскага педагагічнага інстытута, які на маім трэцім курсе, у 1978-м, пераўтварыўся ва ўніверсітэт. Гародня, як і ўся Заходняя Беларусь, знаходзілася пад выключна жорсткім кантролем камуністычнай партыі і савецкай улады, якая баялася ўсяго нацыянальнага. Беларушчыны трымаліся літаральна некалькі выкладчыкаў. Сярод іх вылучаўся Міхась Ткачоў – вядомы археолаг і ў будучым палітычны дзеяч. Нават выкладанне роднай гісторыі вялося па-руску.

– А што менавіта вам выкладалі ў школе – і ці ва ўсё сапраўды верылі?

– Калі вяртацца да школы, то там быў звычайны курс «Истории СССР», у якім асобныя тэмы прысвячаліся Беларусі. Ніякай альтэрнатывы нават у мастацкай літаратуры, якую я любіў чытаць. Вось падручнік і вось настаўнік, які паўтараў напісанае. Яно і ўяўлялася абсалютнай ісцінай. Школьная гісторыя не выклікала радасці пазнання. З цікавасцю слухаў хіба толькі пра старажытныя Рым і Грэцыю ды сярэднявечную Еўропу… Усё астатняе – занудны і мутны аповед.

Гісторыкам я стаў насуперак школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі. І гэта заслуга асобных выкладчыкаў: Васіля Бандарэнкі, Фелікса Налівайкі, Ігара Разенфельда, Барыса Клейна, Міхася Ткачова. Кантакты з імі навучылі крытычна асэнсоўваць лекцыі і прымушалі чытаць. Адпаведна пачаў задаваць пытанні, на якія выкладчыкі часцяком не ведалі, што адказаць, бо інтэлектуальны ўзровень большасці з іх адпавядаў узроўню ідэалагізаваных кніжак.

Сёння я ацэньваю савецкую вышэйшую школу як парушэнне права чалавека, дарэчы, у СССР – канстытуцыйнага права: на атрыманне гуманітарнай адукацыі.

– Як можна было атрымаць іншыя веды пра мінуўшчыну, апрача рэкамендаваных кніг?

– Я вучыўся з 1976-га па 1981 год, калі мала хто дабіраўся да альтэрнатыўнай ці проста дадатковай інфармацыі з-за складанасці доступу да яе. «Іншадумства» пераследавалася. Зрэдку слухалі «Радыё Свабоду», але нейкіх адмысловых гістарычных праграм нават на яе хвалях цяпер не згадаю.

Пры гэтым наспяваў унутраны пратэст супраць таго, што адбывалася ва ўніверсітэце, які мае сябры называлі «ўніверстытутам». Аднойчы на семінары, прысвечаным пачатку Другой сусветнай вайны, адзін з нашых хлопцаў заявіў: у той час, як польскае войска гераічна абараняла сваю зямлю ад нямецкіх захопнікаў, Чырвоная армія нанесла здрадніцкі ўдар у спіну. Ён меў на ўвазе падзеі 17 верасня 1939 года. Выбухнуў страшэнны скандал, урэшце замяты самімі выкладчыкамі з-за боязі розгаласу.

– Калі б вы як гісторык узялі інтэрв’ю ў самога сябе 18-гадовага, што б знайшлі ў таго савецкага хлопца?

– Савецкае вітала ў паветры, але ў часы позняга Брэжнева яно ўжо страціла ранейшую агрэсіўнасць. Апрача таго, у маім жыцці існавала іншая рэчаіснасць. Напрыклад, бабуля і дзядуля ў Слоніме з вясковым ладам жыцця на «вул. Касманаўтаў»… Нават у тыя савецкія часы чалавек не жыў выключна ў ідэалагічнай парадыгме школы і тэлевізара. Было сяброўскае жыццё вуліцы, былі бацькі і суседзі, якія часам прыгадвалі мінулае і казалі тое, што супярэчыла падручнікам. Праўда, зрэдку: беларусы навучыліся кантраляваць уласную памяць.

Савецкасць дамінавала, але ўжо падчас школы меў моцнае ўнутранае адчуванне фальшывасці і несправядлівасці, непрыняцце многіх жыццёвых нормаў. У камсамол уступаў за месяц да заканчэння школы пад пагрозай, што ў ВНУ не прымуць. І пры гэтым без нейкіх настаўнікаў-дысідэнтаў, якія б укладалі ў галаву іншае. Тое пачуццё не-свайго нараджалася само па сабе. Паступова.

Гісторыя сталінскіх рэпрэсій не вывучалася. А калі і заходзіла размова, выкладчык заяўляў: вінаватых пакаралі, а невінаватых рэабілітавалі – няма пра што гаварыць!

Студэнты, якія «разумнічалі», ва ўсіх ВНУ – і на нашым гістфаку ў Гародні таксама – былі на асаблівым рахунку. Такіх не любілі, хоць ў кожным нармальным універсітэце менавіта яны будуць гонарам вучэльні. Адукацыя павінна вучыць думаць і развіваць крытычнае, самастойнае мысленне, а не проста патрабаваць: слухай і паўтарай. Неяк мне нават сказалі: студэнт ты разумны, але з душком.

– А што было ў галовах тагачаснага студэнцкага «мы»? Як вы самі тлумачылі сабе, чаму вакол нешта не так?

– Шмат хто думаў у межах «ленінскай парадыгмы». Маўляў, Уладзімір Ільіч быў добры, але пераемнікі кепскія, сапсавалі «справядлівы ленінізм». У гэтым выяўлялася наша тагачасная савецкасць. Хацелі зменаў, але бачылі іх як вяртанне да нейкіх «правільных нормаў», хоць менавіта правадыр быў галоўным аўтарам дыктатуры пралетарыяту і ідэйным натхняльнікам масавых рэпрэсій, што пачаліся яшчэ да Сталіна.

У нас чытаўся спецкурс «Крытыка буржуазных фальсіфікацый гісторыі», адкуль маглі нешта даведацца пра альтэрнатыўныя погляды на гісторыю Беларусі і СССР, але гэта была вельмі спецыфічная інфармацыя. Доступу да першакрыніц мы не мелі. Калі аднойчы я пайшоў у Гарадзенскі абласны архіў, каб даведацца пра дзейнасць партызанаў Слонімскага раёна, то не пусцілі. Патрабаваўся спецыяльны допуск, які выдавала КДБ. Я моцна ўразіўся гэтай сакрэтнасцю ў дачыненні да «народных мсціўцаў».

Баюся, сёння тое самае можна казаць пра сучасныя гуманітарныя факультэты. Калі ацэньваць паводле еўрапейскіх крытэрыяў, то ў краіне няма ніводнага сапраўднага ўніверсітэта. Ёсць вышэйшая школа як сістэма, але няма ўніверсітэтаў… Для савецкай ці постсавецкай сістэмы яны небяспечныя.

– У звычайным жыцці людзі адчувалі розніцу паміж Беларуссю і Савецкім Саюзам? Ці гэта было адно і тое ж?

– Мы ўсе з СССР… Сярод студэнтаў, апрача тыповых гома саветыкус, былі тыя, хто арыентаваўся на Расію і яе герояў. Нам бракавала сваіх гістарычных герояў. Хіба што адзін Каліноўскі фігураваў у памяці – і тое дзякуючы не столькі працы навукоўцаў, колькі вядомаму раману Уладзіміра Караткевіча.

Пры ўсім гэтым большасць жыла звычайным савецкім, але і беларускім жыццём – не публічным і не афішаваным. Размова пра добра прыхаваную беларушчыну. Калі студэнтамі ездзілі на экскурсіі ў Ленінград ці ў Прыбалтыку, то вельмі выразна адчувалі сваю адметнасць, і прыходзіла разуменне прыналежнасці да ўласнай культуры і традыцыі.

Пытаюся: «Калі вам лепш жылося: цяпер ці раней, пры саветах?» А кабета не разумее: «Цяпер – гэта як?» Хоць ужо дзесяць гадоў без БССР

– А калі пачала разбурацца вера ў савецкую версію жыцця? Што прымусіла яе перагледзець?

– Па-першае, велізарную ролю адыграла гарбачоўская перабудова. Пачала з’яўляцца інфармацыя пра трагічныя старонкі, адказнасць за якія нёс не Сталін або Хрушчоў, а ўся камуністычная сістэма ўлады. Публікацыі ў газетах і часопісах змушалі да пераасэнсавання не толькі сваёй мінуўшчыны, але і сучаснага жыцця.

Па-другое – чарнобыльская катастрофа. Яна нанесла моцны ўдар па веры ў савецкую сістэму. Нават не сама аварыя, а тое, як улады хавалі праўду і падманвалі людзей.

Па-трэцяе – вайна ў Афганістане. Шмат хто тады, у тым ліку і я з сябрамі-студэнтамі, задаваўся пытаннямі: навошта гэтая вайна? За што гінуць хлопцы?

На жыхароў Гарадзеншчыны таксама моцна паўплывалі падзеі ў Польшчы. Маю на ўвазе выбух польскай «Салідарнасці» як рабочага антыкамуністычнага руху. Гарадзенская тэлевежа прымала дзве польскія праграмы. Мы на свае вочы бачылі, што адбываецца ў суседзяў па «сацыялістычным лагеры». Памятаю рэпартаж пра падпісанне дамовы паміж апазіцыяй і ўладай. Лех Валенса выводзіў сваё прозвішча вялікай асадкай з выявай папы Яна Паўла ІІ.

– Памятаеце уласны рух да беларушчыны?

– Ён пачаўся ўжо ў Слоніме: з бабулі і дзядулі, з берагоў канала Агінскага, дзе я жыў, з касцёла Святога Андрэя XVI стагоддзя, побач з маёй школай. Потым асаблівую ролю адыгралі такія кнігі, як «Памяць пра легенды» Кастуся Тарасава, працы Міколы Ермаловіча і Міколы Улашчыка.

Я пачаў працаваць у школе, калі адбывалася дэвальвацыя савецкіх падручнікаў і з’явілася рэдкая магчымасць для настаўнікаў выкладаць паводле ўласнага разумення і натхнення. Гісторыя Беларусі ўпершыню стала асобным прадметам, і я мог планаваць заняткі, распавядаць дзецям пра мінулае краіны так, як сам яго бачыў і разумеў.

Вялікую ролю адыгралі і змены ў асяроддзі гарадзенскай інтэлігенцыі. З’явіўся гістарычна-культурны клуб «Паходня», да нас прыязджаў з лекцыямі Мікола Ермаловіч… Сталі даступнымі творы, якія раней былі ў спецсховішчах, напрыклад, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

Калі летам 1990-га рыхтаваўся да экзаменаў у аспірантуру Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, шмат чытаў і неяк па-новаму асэнсоўваў працы Міколы Улашчыка. Я даволі позна, у трыццаць гадоў, пайшоў у навуку. Каб не грамадскія і палітычныя перамены, то ніколі б на гэта не адважыўся. Не меў жадання быць савецкім гісторыкам… Змены давалі шанец для іншага разумення даўніны. Гэта быў час пошуку і адкрыцця Беларусі, вяртання гістарычнай памяці.

– Памятаеце ўласныя адчуванні, звязаныя з абвяшчэннем незалежнасці?

– Перамены ўражвалі… Згадваецца радасць, калі Беларусь наведаў прэзідэнт Фінляндыі. Здаецца, гэта быў адзін з першых візітаў на такім высокім палітычным узроўні. Радаваўся: нас прызнаюць! А вось пачуцця, што сталі сапраўды незалежнымі, не было. У жыцці Гародні змены не заўважаліся. Кіравалі тыя самыя начальнікі…

Напрыканцы 1990-х у адной з экспедыцый па вуснай гісторыі запытаў у вясковай кабеты:

– Калі вам лепш жылося? Пры саветах ці цяпер?

Жанчына напалохалася:

– А цяпер – гэта як?!

У сваім адчуванні яна як жыла «пры саветах», так працягвала жыць.

Сапраўды незалежную Беларусь апісаў у сваім славутым эсэ Уладзімір Арлоў. Але такой ні я, ні іншыя яе жыхары не ведалі. Тагачасная незалежнасць для мяне найбольш адчувалася ў тым, што пачалі вывучаць і пісаць гісторыю свайго народа і краіны…

– Калі ўжо вы не бачылі, то вуліца – тым больш?

– Яна засяродзілася адразу на «зайчыках», потым на новых рублях. Дамінавалі матэрыяльныя ўмовы і побытавыя абставіны. Нават у тым беларускім інтэлектуальным асяроддзі, у якім я круціўся пасля паступлення ў завочную аспірантуру, не адчувалася эйфарыі накшталт: «Можам цяпер будаваць новую вольную Беларусь!» Заставалася моцная прывязка да Масквы і Расіі. І нават пасля падпісання Белавежскага пагаднення ў Віскулях тагачасная палітыка не пераконвала, што мы сапраўды свабодныя і незалежныя. Прынамсі я меў пэўныя сумненні.

– Гродна мяжуе з Літвой. Калі параўноўвалі жыццё па два бакі мяжы, што бачылі?

– На пачатку дзевяностых я пісаў кандыдацкую дысертацыю пра беларускіх палякаў у рэвалюцыі 1905–1907 гадоў і даволі часта надоўга прыязджаў у архівы і бібліятэкі Вільні. Жыў на здымных кватэрах і непасрэдна бачыў, адчуваў эканамічныя праблемы Літвы. Жыццё рэзка падаражала, не працавала ацяпленне… Дзякуй Богу, зімы былі цяплейшымі, чым у маім дзяцінстве. Літоўцам даводзілася цяжка, але большасць разумела каштоўнасць свабоды і жыла з перакананнем, што «мы, літоўцы, маем уласную гісторыю і мусім мець уласную незалежную дзяржаву».

Там літаральна забурліла культурнае жыццё. Дзяржава актыўна падтрымала развіццё мовы, літаратуры, мастацтва, гістарычнай навукі. Мае калегі пачалі жыць і працаваць зусім па-іншаму. Яны адчувалі падтрымку ўрада і шырокую грамадскую зацікаўленасць іх даследаваннямі. А ў Беларусі нічога падобнага: пасля абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі гісторыкі апынуліся перад выбарам: альбо абслугоўваць новую ўладу, якая дэманстратыўна спрабавала вярнуць у Беларусь нормы савецкай рэчаіснасці, альбо паступова губляць месцы працы і ператварацца ў незалежных даследчыкаў.

– Мы сталі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь паводле новых пашпартоў, але насамрэч самастойнай дзяржавы так і не атрымалі?

– Цалкам згодны. Невялікая група дэпутатаў-апазіцыянераў Вярхоўнага Савета 12-га склікання фактычна прымусіла беларуска-савецкі парламент прыняць адпаведныя законы і зацвердзіць гістарычную дзяржаўную сімволіку. Гэты поспех даўся вялікімі намаганнямі.

А калі казаць пра змены ва ўладзе на месцах, то, напрыклад, гарадзенская наменклатура практычна не змянілася. З’явіўся хіба толькі Аляксандр Мілінкевіч як намеснік старшыні гарвыканкама, дзейнасць якога паспрыяла адраджэнню гісторыі і культуры Гародні і рэгіёна. Яго зычлівасць, інтэлігентнасць магла стаць візітоўкай пераменаў у Гародні, але не…

– Сёння можна пачуць, што формула «дэпутаты незалежнасці» – перабольшанне. Маўляў, Савецкі Саюз усё роўна развальваўся, і раней ці пазней мы атрымалі б незалежнасць. Не згодныя?

– Лічу той тэрмін цалкам справядлівым. Каля трыццаці дэпутатаў прыкладалі каласальныя высілкі ў змаганні з партнаменклатурай за «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг.

Канечне, Савецкі Саюз спарахнеў, незалежнасць, напэўна, абвясцілі нават камуністы. Але пытанне – у якой форме? Усё магло пайсці паводле зусім іншага сцэнара. Вельмі верагодна, сёння замест Рэспублікі Беларусь мы б мелі нейкі Паўночна-Заходні край Расійскай Федэрацыі. Дзякуючы апазіцыі, на пачатку 1990-х адбыўся моцны штуршок у бок нацыянальнага самавызначэння і нацыянальнай дзяржавы, які не здолелі перакрэсліць пазнейшыя палітычныя перамены. Гэты імпульс адчувальны нават сёння. Для мяне тая каманда абсалютна заслужана з’яўляецца «дэпутатамі незалежнасці».

 

Гісторык нагадвае казачнага людаеда – дзе пахне чалавечынай, там яго і чакае здабыча

– Калі чалавек у гісторыі стаў для вас важнейшы за «вялікія» сацыяльныя і палітычныя працэсы?

– Вельмі моцны ўплыў аказала кніга французскага гісторыка Марка Блока «Апалогія гісторыі, або Рамяство гісторыка». Гэта класічная праца прадстаўніка гістарычнай школы «Аналаў». Французскі даследчык параўнаў гісторыка з казачным людаедам, які шукае здабычу там, дзе «пахне чалавечынай».

Мінуўшчына, якую я вывучаў раней, скрозь безаблічная. Асобы там калі і з’яўляліся, то звычайна ў якасці ілюстрацый да характарыстыкі пэўнага сацыяльнага кола або нейкіх сацыяльна-эканамічных працэсаў. Для чалавека з яго адметнасцю як асобы, з яго светаўспрыманнем у тагачаснай гістарыяграфіі месца не знаходзілася. Якраз таму і было нецікава.

У даследаваннях я ўсё больш пераконваўся: гісторыя можа прамаўляць праз жыццё і дзейнасць пэўнай асобы – і такое вымярэнне мінулага робіць навуку бліжэйшай і цікавейшай. Праз лёс чалавека лепш разумееш і самі працэсы, і выбар людзей у пэўных абставінах. Гэта дае надзею, што хоць некаторыя ўрокі мінулага будуць засвоеныя і грамадства перастане паўтараць тыя самыя памылкі.

Для мяне пераломным момантам стала праца над біяграфіяй беларускага палітыка Рамана Скірмунта (1868–1939) і даследаванні феномена краёўцаў. Апошнія пераважна належалі да супольнасці палякаў Беларуска-Літоўскага краю, прамаўлялі ў інтарэсах усіх яго народаў у той момант, калі эпоха нацыяналізмаў пагражала вельмі сур’ёзнымі канфліктамі.

– Правільна разумею, што другім важным фактарам вашага прафесійнага перафарматавання стала вусная гісторыя?

– Яе асноўны метад быў распрацаваны сацыёлагамі, я маю на ўвазе інтэрв’ю. Вусная гісторыя – размовы са сведкамі мінулага, фіксацыя індывідуальнай і даследаванне калектыўнай памяці. Мае першыя тэмы звязаныя з Другой сусветнай вайной, жыццём на гэтак званай Рыжскай мяжы, якая ў 1921-м годзе перарэзала беларускія землі, з пасляваеннай калектывізацыяй у Заходняй Беларусі, а таксама – з Раманам Скірмунтам. Успаміны пра апошняга запісваліся ў яго родным Парэччы Пінскага раёна і ў навакольных вёсках.

Вусная гісторыя каштоўная не столькі дакладнымі фактамі, бо чалавечая памяць часта памыляецца, колькі тым, што перадае асабістае стаўленне людзей да падзеяў. У шматлікіх аўтабіяграфічных аповедах – гэта асноўны метад маіх даследаванняў – тая ж Другая сусветная вайна загучала зусім па-іншаму. Без аніякага пафасу: проста чалавечы боль і трагедыя. Народная трагедыя не мела характару «Вялікай Айчыннай вайны савецкага народа»…

Гэтыя рэчы сталі маім арыенцірам і паспрыялі напісанню прац, дзе асоба чалавека займае належнае месца.

– Калі Пятрок ці Яніна згадваюць, што было паўстагоддзя таму, яны расказваюць пра мінулае – ці пра сябе сучасных у тым пазаўчорашнім?

– Залішне казаць пра складанасць феномена памяці, дзе заўсёды былое пераплятаецца з сучаснасцю. Успаміны сведкі гісторыі праходзяць праз фільтр яго ўласнага жыццёвага вопыту. Таксама на размову ўплывае, хто бярэ інтэрв’ю, як фармулюе пытанні… Але калі ты маеш сотні размоваў, то пачынае вымалёўвацца супольны вобраз пакалення, якое перажыло трагічнае беларускае ХХ стагоддзе.

У аўтабіяграфічных аповедах няма вялікіх ідэалагічных ці палітычных катэгорый. У цэнтры размовы – чалавек, яго поспехі і няўдачы, асабістыя перажыванні.

Вядома, такі погляд суб’ектыўны. Але ад гісторыі наогул не варта чакаць нейкай аб’ектыўнасці. Яе ствараюць і апісваюць людзі. Тыя ж афіцыйныя дакументы, што часам лічацца асноўнай крыніцазнаўчай базай даследавання, ствараюцца людзьмі, якія звычайна не ведаць усёй праўды. А часам яе свядома хаваюць, бо кожны такі дакумент мае канкрэтнага адрасата, і ад гэтага можа залежаць жыццё аўтара сведчання.

У вывучэнні гісторыі постаць чалавека – і як суб’екта, і як аб’екта даследавання – мусіць быць цэнтральнай.

Дарэчы, пераважнай тэмай аўтабіяграфіі пакалення нашых дзядоў і бабуль заставалася мінулая вайна. З усіх пазнейшых падзей хіба толькі распад Савецкага Саюза займаў падобнае месца паводле значнасці.

– Народная памяць супадала з афіцыйнай ідэалагічнай рамкай?

– Вусныя ўспаміны маюць мала агульнага з савецкімі і сучаснымі падручнікамі. Паводле сведак, у трагедыі Беларусі хапала элементаў грамадзянскай вайны. Вельмі ўражвала і тое, што не гучала тэма перамогі. Прыход саветаў закончыў вайну з гітлераўскай Германіяй, але не прынёс тутэйшым сапраўднага міру. Улада пачала ўсталёўваць уласныя парадкі і вышукваць чарговых «ворагаў народа».

Сярод сотняў суразмоўцаў я не памятаю нікога, чыя памяць неяк асабліва адзначыла б дзень 9 мая 1945 года.

Паводле іх, вайна – суцэльная трагедыя, у якой нават нямецкія жаўнеры часам выглядалі ахвярамі і закладнікамі абставін. Людзі не мелі нянавісці да іх. Гэта цалкам супярэчыць прапагандзе, перапоўненай суцэльным гераізмам і лозунгамі «Паўторым!» ці «Дойдзем да Берліна!» Тыя, хто перажыў ліхалецце, жывуць з цвёрдым перакананнем: узброены гвалт – гэта зло, якое ніколі і нідзе не можа быць сродкам вырашэння праблем. Ва ўсіх размовах прысутнічаў моцны антываенны настрой.

На Гарадзеншчыне таксама прысутнічаў крытычны погляд на партызанаў, якіх вяскоўцы часам баяліся не менш, чым гітлераўцаў. Хапала цяжкіх і трагічных згадак. За такія ўспаміны сёння ў Беларусі, напэўна, можна атрымаць крымінальны артыкул.

Менавіта падчас тых размоваў зразумеў іранічны сэнс выразу «партызанская рэспубліка». Калі запытаў пра гэты тэрмін, то аказалася, што ён нарадзіўся пасля вайны, калі былыя камандзіры-камісары занялі кіраўнічыя пасады ў краіне, сталі начальнікамі. Вось таму…

– А распад СССР як запомнілі?

– Гэтая падзея супала з рэзкім пагаршэннем матэрыяльнага становішча, абясцэньваннем ашчаджэнняў у банках і пустымі паліцамі ў крамах. Таму для старэйшага пакалення скон звыклай дзяржавы бачыўся хутчэй як чарговае няшчасце. Савецкая настальгія паспяхова падагравалася прапагандай каманды «ранняга Лукашэнкі», які абяцаў адрадзіць «саюз непарушны». Гэта знаходзіла паразуменне ў многіх маіх рэспандэнтаў старэйшага веку.

 

Шлях сутыкненняў і ўзаемнага астракізму паводле прынцыпу «я добры беларус, а ты дрэнны» – гэта падарожжа ў нікуды

– У вашай навуковай біяграфіі асаблівае месца займае Раман Скірмунт. Чаму менавіта ён?

– Пачалося ўсё з кандыдацкай дысертацыі, калі ўпершыню сустрэўся з яго асобай. Уражвала палітычная біяграфія. Скірмунт на пачатку ХХ стагоддзя быў дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы, потым стаў адным з кіраўнікоў і прэм’ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў міжваенны час ужо ў Польшчы абраны сенатарам. У нашай гісторыі няма іншай асобы з такой разнастайнай і багатай палітычнай біяграфіяй. Захацелася зразумець, на чым трымаўся яго выбар. Ці суправаджаўся ён кардынальнымі пераменамі ў самасвядомасці?

Адказы спачатку традыцыйна шукаў у архівах Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Але аднойчы раптам усвядоміў: магу паехаць у вёску Парэчча, дзе ён жыў, быў забіты, і паразмаўляць з людзьмі, якія маглі нешта памятаць.

Як звычайна, карыстаўся метадам аўтабіяграфічнай нарацыі. Я не задаваў пытанняў пра Скірмунта, а прасіў парачан і жыхароў навакольных вёсак распавесці пра ўласнае жыццё. Хутка высветліў – Раман Скірмунт з’яўляецца неад’емным элементам усіх аўтабіяграфічных успамінаў у гэтым кутку Палесся. Пра яго распавядалі нават тыя, хто асабіста не ведаў і нарадзіўся нашмат пазней. Яго дух літаральна вітаў у наваколлі. Для маіх суразмоўцаў успаміны пра «добрага пана» і яго трагічную смерць сталі часткай уласнага жыцця. Пры гэтым савецкая літаратура малявала вобраз жорсткага эксплуататара.

Мне як гісторыку вельмі карцела вярнуць годнага чалавека ў беларускую гістарычную памяць. Дакументы давялося шукаць у архівах васьмі краін. Архіўная праца суправаджалася экспедыцыямі па вуснай гісторыі, якія датычылі ўжо не толькі асноўнага героя, але і іншых Скірмунтаў беларускага Палесся. Кніга «Раман Скірмунт (1868–1939): жыццярыс грамадзяніна Краю» выйшла ў выдавецтве Змітра Коласа ў 2018 годзе. Гэта вынік амаль 20-гадовых даследаванняў. Асэнсоўваючы тую працу, магу прызнацца, што пакуль я ствараў кнігу пра Рамана Скірмунта, яго вобраз ствараў з мяне гісторыка…

– Як вы разумееце самавызначэнне «беларус польскай культуры»?

– Нацыянальная прыналежнасць – перадусім асабісты выбар. Сям’я Скірмунтаў – польскамоўная, а наваколле размаўляла на палескай гаворцы. Раману, калі пачынаў публічна выступаць па-беларуску, было няпроста, часта «палешукаваў». У 1917–1918 гадах беларушчына стала яго свядомым выбарам. І не толькі яго! Тады сфармавалася даволі ўплывовая група прадстаўнікоў арыстакратыі і заможнай шляхты, якія выбіралі Беларусь.

– Назавём некалькі прозвішчаў?

– Антоні Радзівіл і Геранім Друцкі-Любецкі, княгіня Марыя Магдалена Радзівіл, Эдвард Вайніловіч… Сацыялісты крытыкавалі Скірмунта, заяўляючы, што ён хоча стварыць партыю буйных «абшарнікаў». Аднак для згаданых людзей Беларусь стала свядомым палітычным выбарам. Іх магло быць болей, але ў руху дамінавалі сацыялісты, а рэвалюцыя ў Расійскай імперыі ішла шляхам хуткай радыкалізацыі настрояў сацыяльных нізоў, якія ўпершыню адчулі сябе палітычным суб’ектам. Часам думаю: каб у 1917–1918 гадах склаўся палітычны саюз заможнай і ўплывовай эліты з сацыялістамі, каб Луцкевічы і Ластоўскі, Варонка і Жылуновіч пагадзіліся на гэта, то Беларуская Народная Рэспубліка мела б значна больш шанцаў на незалежнасць.

– Што гісторыя таго навуковага пошуку змяніла ў вашым уласным разуменні беларускага «мы»?

– Для мяне гэта прыклад вельмі шырокай, інклюзіўнай беларускасці, якая не абмяжоўваецца толькі моўным прынцыпам: гаворыш па-беларуску – значыць беларус; не – не беларус. Сам Скірмунт у паўсядзённым жыцці карыстаўся польскай мовай і мясцовай палескай гаворкай, але ў вызначальныя моманты адчуваў сябе беларусам і працаваў для Беларусі. Тут таксама разуменне нацыі як палітычнай ці грамадзянскай катэгорыі, якая можа яднаць жыхароў шматканфесійнай і шматкультурнай краіны.

Мой герой крытычна ставіўся да сацыялістычнай праграмы, але заўсёды шукаў кампрамісу і быў гатовы на саюз з усімі палітычнымі сіламі. Ён разумеў, што шлях сутыкненняў і ўзаемнага астракізму паводле прынцыпу «я добры беларус, а ты дрэнны» – падарожжа ў нікуды. Усе людзі розныя, і трэба прымаць розную беларушчыну. Не думаю, што ў моўным плане калісьці станем падобнымі да літоўцаў ці палякаў. Мы маем больш шанцаў на самастойнасць і незалежнасць як культурна і канфесійна разнастайны край.

– На чым можа трымацца беларуская еднасць, апроч мовы і паходжання?

– На супольнай адказнасці за ўсю краіну, на агульнакраёвым патрыятызме. Беларускую нацыю немагчыма будаваць выключна на моўным прынцыпе. Занадта шмат мы страцілі. Гэтыя страты відавочныя і сёння, калі многія ў эміграцыі нават пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны працягваюць карыстацца «великим и могучим». Я не прыхільнік моўных войнаў у грамадстве, астракізму беларусаў, што гавораць «на языке». Але трэба ўрэшце ўсвядоміць вялікае значэнне нашай мовы, якая мусіць быць важным элементам агульнакраёвага патрыятызму.

– Краёвасць – толькі гістарычная экзотыка ці ўсё яшчэ жывая ідэя?

– У сваім першапачатковым выглядзе яна не мае будучыні. Сёння цяжка ўявіць аб’яднанне зямель і народаў у межах колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Аднак гэтая ідэя можа выяўляцца ў добрасуседскіх адносінах з Літвой, таксама з Польшчай, бо нарадзілася менавіта сярод літоўскіх і беларускіх палякаў, якія лічылі такое партнёрства гарантам незалежнасці ад Расіі.

Сёння краёвасць – перш за ўсё ідэя талерантнасці і прыняцця іншага. Для яе прыхільнікаў было не так важна, на якой мове ты размаўляеш ці да якога сацыяльнага класа належыш. Краёўца адрознівала тое, што ён патрыёт свайго Беларуска-Літоўскага краю. Патрыятызм трактаваўся як палітычны падмурак нацыі.

– Вы даследавалі забойства Скірмунта. Што прымушае звычайнага чалавека раптам стаць удзельнікам злачынства?

– Калі 17 верасня 1939 года прыйшла Чырвоная армія, пачалася ліквідацыя «сацыяльна чужых». У пэўны момант савецкія структуры і НКВД вырашылі не брудзіць сябе, а знішчаць «ворагаў народа» рукамі саміх беларусаў. Маўляў, няхай мясцовыя страляюць, а мы потым назавём гэта «рэвалюцыяй».

Памагатыя знайшліся. Аказалася, каб стаць забойцамі і злачынцамі, многім дастаткова атрымаць ад улады дазвол… Восенню трыццаць дзявятага гэта абярнулася страшнай трагедыяй для жыхароў Заходняй Беларусі. Менавіта ў гэты час яны ўступілі ў Другую сусветную вайну. Апісваючы забойства Рамана Скірмунта, іншых Скірмунтаў у Парэччы і Моладаве, я меў адчуванне, што забойцы насамрэч цэлілі ў будучыню свайго народа.

Звычайны чалавек, які ніколі не выяўляў агрэсіі, атрымліваў стрэльбу, дазвол на гвалт – і раптам лічыў, што мае права вырашаць лёс іншага. Пачуццё беспакаранасці можа зрабіць забойцаў і з беларусаў, і з немцаў, і з каго заўгодна. Пра гэта вельмі трапна напісаў Алесь Адамовіч у сваёй кнізе пра карнікаў. Той тонкі культурны пласт, які чалавецтва стварала стагоддзямі, знікае ў адзін момант, і замест Чалавека з’яўляецца пачвара са зброяй у руках. Сёння мы назіраем тое самае ў дзеяннях расійскіх жаўнераў ва Украіне…

– А час такое лечыць? Ці ёсць рэчы, якіх супольнасць не даруе нават праз дзесяцігоддзі?

– У інтэрв’ю падчас маіх экспедыцый я часта сустракаўся з тым, што людзі маглі апраўдаць ці дараваць злачынствы, напрыклад, немцам або нейкім іншым чужынцам, што прыйшлі разам з акупантамі. Але цяжка даецца выбачэнне сваяку або суседу, які ў нейкім сорак трэцім годзе забіў брата ці бацьку, бо той не хацеў ісці ў партызаны… Размова не пра фізічную расправу. Вінаваты проста пераставаў існаваць для супольнасці, рабіўся жывым мерцвяком. Дарэчы, тое ж здарылася, напрыклад, з Сільвестрам Лукашыкам, які расправіўся з Раманам Скірмунтам. Вёска не даравала…

Або гісторыі раскулачаных і вывезеных у Сібір, якія вярталіся з высылкі і не вытрымлівалі атмасферы вёскі – з’язджалі назад. Яны ж ехалі ў роднае Панямонне ці Палессе з надзеяй атрымаць сваю зямлю і дом, сустрэць спачуванне з боку былых суседзяў і сваякоў, але ім нічога не аддавалі. Мясцовыя выказвалі варожасць: бачылі ў іх пагрозу ўласнаму спакою.

Для мяне вобраз беларуса вельмі неадназначны, амбівалентны. З аднаго боку, прыклады талерантнасці і ўзаемадапамогі. А з іншага – нянавісць да самай смерці, без магчымасці даравання…

Лакейская пазіцыя, калі маладыя стаяць перад камерамі і паўтараюць прапагандысцкія савецкія наратывы

– А каму апрача саміх даследчыкаў патрэбная праца з мінулым? Моладзь цікавіцца гісторыяй сваіх сем’яў, свайго роду?

– Калі выкладаў курс вуснай гісторыі ў магістратуры Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, мае студэнты часта рабіліся апантанымі даследчыкамі мінулага сваіх сем’яў. Яны пачыналі размаўляць з бацькамі, бабулямі і дзядулямі, збіралі дакументы і фотаздымкі – усё тое, што раней здавалася нечым абсалютна няважным. Пісалі надзвычай цікавыя эсэ пра ўласную гісторыю. Дастаткова было паказаць, наколькі гэта цікава, а таксама навучыць асновам вуснай гісторыі.

У Беларусі, на жаль, разарвана сувязь паміж пакаленнямі. Маю на ўвазе памяць. Шмат разоў я назіраў, як падчас інтэрв’ю прыходзілі бабуліны дзеці і ўнукі, якія ўпершыню чулі гісторыю яе жыцця, а потым выказвалі прэтэнзіі: «Чаму нам гэтага не казала?»

А яна проста не хацела дзяліцца перажытым болем. Памылковая думка. Нельга берагчы маладыя пакаленні ад жорсткай праўды, якую ведаюць старэйшыя. Гэта патрэбна для разумення жыцця ва ўсёй яго складанасці. Такія згадкі маюць шанец стаць засвоеным урокам, які, магчыма, дазволіць пазбегнуць памылак, што здаюцца непазбежнымі.

Каб моладзь Беларусі не губляла сувязь з мінулым, мусяць працаваць школа, дзяржава, музеі. Менавіта так вырастае разуменне ўласнай адметнасці – моўнай, ментальнай, цывілізацыйнай. Тут вытокі адчування ўласнай нацыянальнай і культурнай прыналежнасці.

– Ці многія хочуць ведаць праўду?

– Большасць студэнтаў проста залічвае курс па гісторыі ды ідзе далей. Але ў Варшаўскім універсітэце ў мяне былі групы, з якімі размаўлялі пра краёвасць – і я бачыў, наколькі тэма важная нават для студэнтаў з Заходняй Польшчы. Яна стварала магчымасць іншага разумення сутнасці нацыянальнага, спрыяла ўсведамленню, што нацыя можа быць аркестрам розных культур і канфесій.

– Як вы адчулі 2020 год?

– У нейкі момант мяне захапіла пэўнае адраджэнне Беларусі. Перажытае пачуццё адзінства сталася неймаверна прыемным. Калі цяпер пытаюцца, што такое беларуская ідэя, адказваю – салідарнасць і ўзаемападтрымка. Незнаёмыя людзі дапамагалі адно аднаму ў цяжкіх сітуацыях. Такога яднання, імкнення да свабоды я раней не назіраў.

Аднак праўда і ў тым, што большасць грамадства не далучылася да Рэвалюцыі годнасці – і гэта стала адной з прычын паразы.

– Чаму нам часта здаецца, што ўсё вялікае адбываецца ўпершыню? З нашым удзелам. На нашых вачах. Цяпер, напрыклад, аўтарытэтныя людзі, нават з гістарычнай адукацыяй, кажуць: такога ўздыму, як у 2020-м, у Беларусі ніхто ніколі не бачыў!

– Кожная гістарычная падзея ўнікальная сама па сабе. І таго, што адбылося ў 2020-м, менавіта ў такім фармаце і маштабе, сапраўды яшчэ не было. Але, калі казаць пра масавыя парывы беларусаў да вызвалення ад чужой улады і пабудовы ўласнай дзяржавы, то ў мінулым мы знойдзем падобныя падзеі.

Першае, што прыходзіць у галаву, гэта гісторыя Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У канцы 1926 года невялікі парламенцкі беларускі клуб літаральна за лічаныя месяцы ператварыўся ў гіганцкую масавую арганізацыю, якая налічвала больш за сто тысяч чалавек. Польскія ўлады страчвалі кантроль над сітуацыяй у Заходняй Беларусі, настолькі магутным аказаўся народны рух.

Таксама варта прыгадаць пачаткі гісторыі незалежнай Рэспублікі Беларусь. Пасля няўдалага жнівеньскага путчу ГКЧП у Маскве ў 1991-м і яго падтрымкі кіраўніцтвам КПБ у Менску хутка шырылася разуменне неабходнасці развітання з Савецкім Саюзам. Людзі з велізарнай зацікаўленасцю сачылі за трансляцыямі сесій Вярхоўнага Савета 12-га склікання, збіраліся на плошчах, слухалі выступленні, вялі палітычныя дыскусіі…

– Аднак дагэтуль многія ўспамінаюць савецкае мінулае з душэўным уздымам і мілатой у сэрцы. Што імі рухае?

– З кожным годам у жывых застаецца ўсё менш людзей, якія жылі ў Савецкім Саюзе, а колькасць яго фанатаў, здаецца, не змяншаецца. У вялікай ступені – вынік дзейнасці дзяржаўнай прапаганды. Атака супраць незалежнасці пачалася з прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Адной з галоўных мэтаў кандыдата Лукашэнкі было аднаўленне нейкага новага Савецкага Саюза. Пазней прапагандысцкі шал трохі аслабеў, але агульны вектар застаўся. Уся сучасная афіцыйная ідэалогія пабудаваная на міфе, што СССР – ідэальная дзяржава, а савецкая Беларусь – радзіма беларускай нацыі. Гэта няпраўда.

Старэйшае пакаленне сапраўды можа мець настальгію – па маладосці, па ранейшай адноснай сацыяльнай стабільнасці і бяспецы часоў Леаніда Брэжнева. Але, калі пачынаеш разам з імі ўспамінаць асаблівасці таго жыцця, то прыгадваецца і колішняе расчараванне. У той краіне правы чалавека былі падпарадкаваныя праграме КПСС, людзі не мелі свабоды, а без яе няма ўмоваў для развіцця чалавека і грамадства. Уся гісторыя Савецкага Саюза – пераважна гвалт і страх, ідэалагічная хлусня. Праўда ў той краіне лічылася «экстрэмісцкім фармаваннем».

Сёння часам назіраю, як маладыя людзі перад тэлекамерамі паўтараюць прапагандысцкія савецкія наратывы… Проста лакейская пазіцыя, якая камусьці ўяўляецца добрым стартам кар’еры. Мне раней здавалася, што само жыццё і час выкінуць на сметнік гэты рэжым і яго прыхільнікаў, а моладзь зразумее неабходнасць свабоды і будзе яе адстойваць. Такіх юнакоў і дзяўчат сапраўды шмат, але значная частка выхаванцаў сучаснай беларускай школы і ўніверсітэтаў спрабуе ўпісацца ў таталітарную мадэль. Сумна.

– Але ж савецкае жыве не толькі ў тых, хто сёння абслугоўвае сістэму. Колькі яго засталося ў вашым пакаленні?

– У пэўным сэнсе Савецкі Саюз, яго «чырвоны чалавек» як нейкі жудасны атавізм укараніўся ў свядомасці шмат каго, і не толькі людзей старэйшага веку. Ён праяўляецца ў абыякавасці да лёсу краіны, у нежаданні рызыкаваць уласным спакоем і дабрабытам дзеля важных грамадскіх і палітычных справаў, у рэштках таго страху, з якім жыў амаль кожны грамадзянін «Краіны Саветаў»…

Памяць – вельмі небяспечная рэч для любога таталітарнага рэжыму, бо якраз на ёй будуецца падмурак будучыні

– У 2023 годзе ваша кніга «“Вызваленыя” і заняволеныя…» стала прадметам судовага пераследу, а пазней была абвешчана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Што адчувае гісторык, калі судзяць яго працу?

– Сумнае і недарэчнае відовішча. Судзіла жанчына, якая звычайна разбірала справы, звязаныя з маёмасцю. Падобна, амаль нічога не разумела ў тэме.

Мая кніга – зборнік гістарычных дакументаў, якія распавядалі пра дзейнасць савецкай улады і жыццё беларусаў пад «першымі саветамі» ад верасня 1939-га па чэрвень 1941-га. Кніга пацярпела не за прадубляваныя дакументы з беларускіх архіваў, а за прадмову з гістарычным кантэкстам.

Гаворка пра маё сцвярджэнне: пакт Молатава – Рыбентропа (які больш правільна называць пактам Сталіна – Гітлера) прыспешыў пачатак Другой сусветнай вайны. З пункту погляду сучаснай сусветнай гістарыяграфіі – бясспрэчны факт.

У матэрыялах справы апынулася экспертыза Інстытута памежных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. У маёй ацэнцы згаданага пакта ўбачылі прыкметы «экстрэмізму». Прозвішчы «экспертаў» я чуў упершыню і прапанаваў суддзі накіраваць кнігу на водгук у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук альбо на гістфак БДУ, дзе сапраўдныя прафесіяналы. Суддзя пакінула залу, пайшла ў свой пакой «на нараду», пасля якой адхіліла прапанову і прызнала кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Краіну вяртаюць да найгоршых савецкіх стандартаў, і вынік суда быў прадказальным.

– У чорным спісе кніг сёння шмат гістарычнай літаратуры, асабліва пра Другую сусветную. Ці можна такім чынам перамагчы памяць?

– На пэўны час магчыма, але праўда ўрэшце заўсёды перамагае. Барацьба за яе пачалася яшчэ на пачатку 1990-х гадоў і абвастрылася пасля першых прэзідэнцкіх выбараў. Практычна ўсе мае калегі-гісторыкі, якія спрабавалі сумленна выконваць свае прафесійныя абавязкі і даследаваць мінулае на падставе фактаў, а не жадання прыўладных палітыкаў, у пэўны момант страцілі працу ва ўніверсітэтах і акадэмічных інстытутах Беларусі.

Памяць – важная і небяспечная рэч для любога таталітарнага рэжыму. Той падмурак, на якім будуецца заўтрашні дзень грамадства. Цяперашняя ўлада спрабуе гвалтам вярнуць нас да савецкіх ідэалагем і практык, фактычна – спыніць сучаснае развіццё краіны. У апошнія гады назіраем моцны наступ дзяржавы на беларускую мову і культуру, насаджэнне постсавецкай псеўдагістарычнай прапаганды з дамешкамі ідэалогіі «русского мира».

Барацьба за інтэрпрэтацыю мінулага ідзе пастаянна. Але наша сітуацыя ўнікальная і трагічная тым, што ўлады краіны змагаюцца за канцэпцыю дзяржавы, якой ужо амаль трыццаць пяць гадоў няма на карце. Яны накідваюць ідэалагічныя цуглі на чалавечую памяць і свабоду мыслення.

– Пасля 2020 года рэжым запалохаў грамадства, прымусіў маўчаць?

– Я думаю, свабодная Беларусь апынулася ў глыбокім падполлі. Цяпер немагчымыя адкрытыя вулічныя выступы, бо розніца ў сілах паміж грамадствам і дзяржаўнымі карнікамі велізарная. Але Беларусь жыве, змаганне працягваецца. Людзі не скарыліся. Значная частка разумее, што адбываецца. Цяперашні палітычны рэжым для яе непрымальны. Якраз таму ў краіне працягваюцца палітычныя рэпрэсіі.

– Вы запісалі сотні жыццёвых гісторый беларусаў. Якія з іх яшчэ чакаюць свайго часу і публікацыі?

– Планую ў найбліжэйшай перспектыве апублікаваць матэрыялы навуковых экспедыцый па слядах пасляваеннай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі. Яна не была такой крывавай і катастрафічнай, як у БССР напрыканцы 1920-х гадоў, з масавымі сталінскімі рэпрэсіямі. У Заходняй Беларусі, абяскроўленай падзеямі нядаўняй вайны і наступным голадам, прымяняліся больш мяккія метады, але і гэта былі рэпрэсіі. Калектывізацыя азначала ломку традыцыйнага ўкладу жыцця, а разам з ім знішчалася свядомасць селяніна – гаспадара сваёй зямлі і свайго жыцця. Вяскоўцы, хутаране ператвараліся ў цалкам залежных ад дзяржавы калгаснікаў. Гэткае адраджэнне прыгонніцкай сістэмы.

Але нават у той жахлівай сітуацыі са зруйнаванымі гарадамі і вёскамі, недахопам мужчын, вяртаннем бязлітаснай савецкай улады людзі пратэставалі і змагаліся. Мы зафіксавалі розныя формы супраціву.

Гаворка не пра ўзброенае паўстанне, хоць антысавецкая партызанка ў лясах тады яшчэ працягвала змаганне. Часцей выкарыстоўвалі мірныя, аднак эфектыўныя формы пратэсту. Найчасцей – жаночыя забастоўкі і лакальныя бунты. Мужчыны баяліся выступаць адкрыта, бо для іх гэта азначала арышт і сталінскі лагер. А жанчыны збіраліся разам, ішлі да калгасных кантор ці мясцовых саветаў, патрабавалі вярнуць зямлю, адмаўляліся выходзіць на працу.

– А ў вашай сям’і ёсць такі прыклад?

– Калі ў 1949-м у вёсцы Нагуевічы пачалі ствараць калгас, дзед супраціўляўся да апошняга. Яго трымалі ў халоднай, трэслі рэвальверам перад носам, пагражаючы застрэліць як кулака. Але ён нічога не падпісаў, а пры першай магчымасці збег з сям’ёй у горад і ўладкаваўся на мэблевую фабрыку. Быў добрым сталяром. Уцёкі з калгаснага прыгону аказаліся паспяховымі, бо мэблевыя фабрыкі ў той час кіраваліся Міністэрствам абароны.

Гісторыя беларускага ХХ стагоддзя прывучала выкарыстоўваць прыхаваныя формы пратэсту, каб захаваць сябе, сваіх блізкіх і ўнутраную свабоду.

– Вы працяглы час распытвалі іншых пра іх мінулае. А якую нязручную, балючую праўду пра сваё пакаленне вам сёння цяжка прызнаць?

– Найбольш баліць, што не здолелі адстаяць і захаваць дасягненні пачатку 1990-х гадоў. Мы дапусцілі рэванш антыбеларускіх і антыдэмакратычных сіл, якія пацягнулі Беларусь назад, у цемру. Былі наіўнымі і не ацанілі сілу савецкай інерцыі, глыбіню супраціву пераменам. У выніку не проста страцілі трыццаць гадоў гісторыі дэмакратычнай Беларусі, а страцілі і працягваем страчваць Чалавека. Рэвалюцыя годнасці паказала вялікія магчымасці разняволенай свабоднай асобы. Колькі ж тады пабачылі разумных, прыгожых і ініцыятыўных людзей!

У сучаснай Беларусі лепш не дэманстраваць публічна свае найлепшыя якасці. Многім даводзіцца дыхаць адным лёгкім і больш глядзець пад ногі, чым у неба.

Працуючы ў Варшаўскім універсітэце, убачыў адрозненне беларускага студэнта ад польскага і ўкраінскага. Апошнія могуць адкрыта выказваць сваю думку, спрачацца з прафесарам, задаваць самыя нязручныя і вострыя пытанні. Наша моладзь разумная, часта больш адукаваная за палякаў і ўкраінцаў, уважлівая на лекцыях і… маўклівая. У польскім універсітэце! А што ў самой Беларусі? Баюся, губляем пакаленне, якое мусіць вызначаць будучыню вольнай Беларусі.