• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • З вялікай павагай і радасцю прадстаўляем вам лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды» 2026 года!

З вялікай павагай і радасцю прадстаўляем вам лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды» 2026 года!

Апошняе абнаўленне: 24 жніўня 2026
З вялікай павагай і радасцю прадстаўляем вам лаўрэатак і лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды» 2026 года!

Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны ў Польшчы, Чэхіі або Літве. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў і лаўрэатак у зборніку, які будзе прэзентаваны ў лістападзе 2026 года. Асобаў для намінацыі можна было прапаноўваць праз анкету, якую распаўсюджвалі сузаснавальнікі, якія і намінавалі кандыдатаў і кандыдатак. 

Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.

Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі. 

Публічныя лаўрэаты і лаўрэаткі прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
  • Наталля Бордак (Наталка Хвоя)
  • Алесь Лозка
  • Аляксандр Манцэвіч
  • Соф’я Савелава
  • Аляксандр Смалянчук
  • Тамара Шчапёткіна
Каментары журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026» 

Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага): «Рады за нашых суайчыннікаў, якія так шмат зрабілі для Беларусі, каб голас беларусаў быў чутны ў свеце. Рады, што іхняя няўтомная, ахвярная праца на карысць Бацькаўшчыны працягваецца. Удзячны, што ёсць магчымасць ушанаваць іх. Рады пажадаць здароўя і творчых поспехаў! Усе мы разам ідзём да Беларусі!»

Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў): «Выказваю глыбокую павагу да лаўрэатаў і намінантаў прэміі за тое, што яны рабілі і робяць, як і наогул да ўсіх, чые галасы працягваюць гучаць у гэтыя несвабодныя часы».

Марыя Садоўская-Комлач (Фонд «Свабода прэсы для Усходняй Еўропы»): «Узнагароды ў 2026 годзе – гэта найменшае, што мы можам зрабіць для нагадвання пра адданую працу лаўрэатаў на карысць свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека. Нам асабліва прыемна бачыць, што сярод тых, хто атрымае прэмію, прадстаўленыя журналісты. Беларуская незалежная журналістыка ператрывала дзесяцігоддзі ліхалецця і не здалася, нягледзячы на цэнзуру, арышты і рэпрэсіі».

Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь): «Голас кожнага лаўрэата нашай прэміі ўнікальны. За кожным – гады, аддадзеныя Бацькаўшчыне. І ўсё гэта ва ўмовах, калі амаль кожны твой крок, тваё слова, твая ідэя можа выклікаць пераслед, рэпрэсіі,  знішчэнне ўсяго, што будавалася ўсё жыццё. Таму для мяне гэтыя людзі – прадстаўнікі Пакалення барацьбы за свабоду. Яны – нашыя маральныя арыенціры. 

Я шчаслівая, што ўжо другі год мы можам падтрымаць тых, хто не скарыўся, не апусціў рук, а апынуўшыся ў вельмі няпростых жыццёвых умовах, працягвае справу – у журналістыцы, праваабароне, літаратуры – з верай у тое, што Беларусь і беларусы павінны быць СВАБОДНЫМІ».

Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН): «У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь – а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому».

Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна»): «Для мяне асабісты гонар вызначаць з такіх паважных асобаў лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі. Кожны жыццёвы шлях лаўрэата і лаўрэаткі сведчыць пра годнасць і адданасць грамадству, творчасці, агулам чалавечнасці. Прыклад кожнага і кожнай вельмі важныя для ўсіх пакаленняў. Гэтай прэміяй мы ўзнагароджваем вельмі гучныя галасы свабоды!»

Анонс: прэм’ера зборніка і публічная дыскусія

Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» – жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.

7 лістапада 2026 года (субота) у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».

У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:

  • Урачыстая цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2026
  • Сустрэчы з аўтарамі, абмеркаванні, чытанні і іншыя падзеі, прысвечаныя сучаснай беларускай літаратуры і культурнай спадчыне 

Уваход на ўсе імпрэзы вольны. Запрашаем усіх ахвочых далучыцца!  

Занатуйце дату ў календары і сачыце за нашымі навінамі, неўзабаве будзе апублікаваная поўная праграма мерапрыемстваў.

Даведка пра прэмію

Прэмія «Голас пакалення свабоды» заснаваная  ў 2025 годзе Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы».

Яна прызначаная для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаны з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу ў Польшчы, Чэхіі ці Літве. Прэмія прадугледжвае фінансавую ўзнагароду (некалькі тысяч еўра) і публікацыю матэрыялаў пра лаўрэатаў у зборніку.

Журы прэміі «Голас пакалення свабоды 2026»
  • Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН)
  • Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў)
  • Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь)
  • Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага)
  • Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна»)
  • Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»)

Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.