Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры. Інфармацыя адлюстроўвае сітуацыю, якая існуе на момант падрыхтоўкі матэрыялу, і можа ўдакладняцца пры атрыманні новых звестак.
Нягледзячы на прыманыя меры для забеспячэння дакладнасці і паўнаты звестак, з-за абмежаванасці публічнай інфармацыі могуць мець месца асобныя прабелы, у тым ліку ў частцы вызначэння або аднясення асоб да дзеячаў культуры. Беларускі ПЭН вітае ўдакладненні ці дадатковую інфармацыю, якой вы можаце падзяліцца. Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
Улічваючы сітуацыю ў культурнай сферы Беларусі, ролю дзеячаў культуры ў грамадскім жыцці, а таксама значэнне дзейнасці творцаў для захавання і развіцця культурных правоў, мы прызнаём беларускіх дзеячаў культуры абаронцамі культурных правоў у адпаведнасці з падыходам, сфармуляваным у дакладзе A/HRC/43/50 Спецыяльнай дакладчыцы ААН па культурных правах (2020). Больш пра маніторынг гл. тут.
Асноўныя вынікі маніторынгу
Адвольныя затрыманні дзеячаў культуры, прыцягненне да крымінальнай адказнасці
Умовы ўтрымання дзеячаў культуры ў месцах зняволення
Трансгранічны пераслед дзеячаў культуры
Крыміналізацыя культурнай дзейнасці: пашырэнне спіса «экстрэмісцкіх» арганізацый
Цэнзура, забарона кніг і матэрыялаў на тэму культуры, прызнаных «экстрэмісцкімі»
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры: месцы памяці і моўная рэпрэзентацыя, сілавыя праверкі і заканадаўчыя змены
Высновы
АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ
У першым паўгоддзі 2026 года адбыліся некалькі вызваленняў палітычных зняволеных, у тым ліку дзеячаў культуры. 19 сакавіка былі памілаваны 250 чалавек, сярод якіх – 22 прадстаўнікі сферы культуры (18 чалавек змаглі застацца ў Беларусі, чацвёра былі прымусова высланы). 28 красавіка на свабоду выйшаў Андрэй (Анджэй) Пачобут, журналіст, паэт і сябра Саюза палякаў на Беларусі, за вызваленне якога больш за пяць гадоў паслядоўна змагаўся польскі бок.
Аднак гэтыя падзеі не прывялі да змянення агульнай сітуацыі ў краіне і ў сферы культуры ў прыватнасці – працягваліся рэпрэсіі ў дачыненні да дзеячаў культуры, прадстаўнікоў культурных арганізацый і іншых удзельнікаў культурнага жыцця. Захоўваліся цэнзура, дзяржаўны кантроль над сферай культуры, практыка выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства і пераслед за рэалізацыю культурных правоў як унутры краіны, так і за яе межамі.
Сярод асноўных падзей другога квартала:
- працяг ціску на дзеячаў культуры ў месцах пазбаўлення волі: узмацненне рэжыму ўтрымання менеджара культуры Эдуарда Бабарыкі; новыя выпадкі ціску ў дачыненні да журналіста і літаратара Ігара Ільяша і аўтара турэмнай літаратуры Ігара Аліневіча; утрыманне мультыплікатара Івана Вярбіцкага ў рэжыме інкамунікада; крытычнае пагаршэнне здароўя культуролага Вацлава Арэшкі і музыкі Яўгена Бурло;
- новая хваля вобшукаў і затрыманняў людзей у розных гарадах Беларусі, звязаных з культурнымі і грамадскімі арганізацыямі;
- новыя крымінальныя прысуды ў дачыненні да прадстаўнікоў культурнай сферы, у тым ліку пазбаўленне волі ў папраўчай калоніі Віктара Яўмененкі, старшыні Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага, і барабаншчыка Цімафея Пугачова, а таксама новы суд над Ягорам Цюшкевічам, супрацоўнікам Брэсцкага тэатра лялек;
- адміністрацыйны пераслед музыкі Аляксея Хлястова і фатографа Андрэя Лянкевіча;
- адмена фестывалю традыцыйнай культуры «Свята сонца» і працяг адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў культурных і этнаграфічных мерапрыемстваў, у прыватнасці, Гукання вясны ў Гомелі;
- завядзенне ў Беларусі крымінальнай справы супраць удзельнікаў святкавання неафіцыйнага нацыянальнага свята беларусаў, Дня Волі, у Варшаве, Вільні і іншых гарадах: у межах справы было праведзена больш за 30 вобшукаў па месцах прапіскі ўдзельнікаў ў Беларусі;
- прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які дзейнічае ў Літве з 2004 года, «экстрэмісцкай арганізацыяй» і далейшы пераслед больш як 60 студэнтаў і выкладчыкаў;
- прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» Беларускай Рады культуры (паўторна), брэнда «Znivien», інтэрнэт-крамы «The Krama Store», анлайн-школы «LVS Language School» і сатырычнага праекта «ЧинЧинЧенэл»;
- пачатак працэдуры спецыяльнага вядзення ў дачыненні да музыкаў Сяргея Міхалка і Кацярыны Манкевіч;
- маштабная хакерская атака на беларускую анлайн-бібліятэку Kamunikat.org;
- далейшае пашырэнне «Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў», у які былі ўключаны старонкі памерлага ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна, брэсцкага тэатра «Крылы халопа», шэрагу беларускіх выдавецтваў, літаратурныя творы і нават старонка прадзяржаўнага на сёння Беларускага саюза дызайнераў.
У гэты перыяд адбыліся кадравыя змены ў дзяржаўным кіраўніцтве сферы культуры: новым міністрам прызначаны былы міністр інфармацыі Марат Маркаў, які змяніў на гэтай пасадзе Руслана Чарнецкага.
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры Беларусі па-ранейшаму характарызуецца непразрыстасцю і закрытасцю для незалежных культурных ініцыятыў, выцясненнем іншадумцаў, узмацненнем адміністрацыйнага кантролю і далейшым рэгуляваннем прафесійнай дзейнасці ў культурнай сферы: абмежаваннямі ў дачыненні да артыстаў, арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, дзейнасці караоке-клубаў, аграсядзібаў і іншых суб’ектаў, звязаных з культурнымі паслугамі.

29 чэрвеня 2026 года на 62-й сесіі Савета ААН па правах чалавека Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіў свой другі даклад. Значная яго частка прысвечана сітуацыі ў сферы культуры. У дакладзе адзначаецца, што рэпрэсіі ў Беларусі
«ўключаюць у сябе сістэматычную перабудову культурнай прасторы, сістэмы адукацыі, выкарыстання мовы і гістарычных наратываў. Беларуская культурная і нацыянальная ідэнтычнасць, а таксама моўная прыналежнасць усё часцей разглядаюцца як прыкметы палітычнай апазіцыі».
Пераслед са студзеня па чэрвень 2026 года ў лічбах:
- Зафіксавана 738 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры.
- Станам на 30.06.2026 у краіне налічваецца 859 палітычных зняволеных, сярод іх не менш [1] як 61 дзеяч культуры (каля 7 % ад агульнай колькасці палітзняволеных). За студзень – чэрвень 2026 года праваабаронцы прызналі палітзняволенымі не менш за 16 дзеячаў культуры.
- Агулам паводле палітычных матываў у зняволенні (калоніях, турмах, следчых ізалятарах), установах адкрытага тыпу (на «хіміі») або на пакаранні ва ўмовах «хатняй хіміі» [2] знаходзяцца не менш як 123 прадстаўнікі сферы культуры. Сярод іх – 44 жанчыны. За кратамі або з абмежаваннем волі застаюцца 25 літаратараў і іншых людзей слова.
- Самым частым відам рэпрэсій у гэты перыяд стала прызнанне матэрыялаў на культурную тэматыку і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (224 выпадкі). На другім месцы – цэнзура (102 выпадкі, з улікам спіса друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюду ў Беларусі, – 33). Трэцяе месца займае абвяшчэнне дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (59).
- Топ-10 парушаных правоў:

- Адвольнае затрыманне або арышт зазналі не менш за 36 дзеячаў культуры (адна мастачка – двойчы). Вядома пра адміністрацыйны пераслед у дачыненні да 14 чалавек (складзены 22 пратаколы). Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты не менш за 16 прадстаўнікоў сферы – у 11 з іх у абвінавачанні фігураваў арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (КК) за нібыта «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (часцей за ўсе – паводле справы «Гаюна»).
- Шэсць прадстаўнікоў сферы былі прымусова выправаджаны або дэпартаваны з краіны.
- У «Пералік грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» ўнесены 19 дзеячаў культуры. Не менш як 58 чалавек унесены ў спіс асоб, якія нібыта з’яўляюцца ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў» (выдавец Андрэй Янушкевіч – двойчы).
- У Мінску ліквідаваны тры культурна-асветніцкія ўстановы і грамадскае аб’яднанне «Этнагістарычны цэнтр “Явар”», якое дзейнічала з 1999 года. 15 арганізацый і ініцыятыў сферы культуры абвешчаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».
- Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» 12 кніг, у тым ліку дзіцячую. Спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх «здольны нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы», папоўнены 33 найменнямі. Агулам яшчэ 45 кніг беларускіх і замежных аўтараў зрабіліся забароненымі ў Беларусі.
- Зафіксаваны 54 факты неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычна-культурнай спадчыны і месцамі памяці.
АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЦЯГНЕННЕ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЦІ
На працягу першага паўгоддзя 2026 года не менш за 36 дзеячаў і работнікаў сферы культуры трапілі пад адвольныя затрыманні або арышты (адзін чалавек – двойчы).
Масавыя затрыманні выдаўцоў і літаратараў, якія адбыліся ў лютым – сакавіку 2026 года (хроніка пераследу прыведзена ў маніторынгу за першы квартал), а таксама ў мінскай творчай прасторы «Parason», маюць доўгатэрміновыя наступствы для культурнага сектара. У зняволенні застаецца 69-гадовы перакладчык і выдавец Зміцер Колас.
23 красавіка супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі правялі ў розных гарадах Беларусі вобшукі, допыты і затрыманні сярод асоб, звязаных з сацыяльна-культурнымі арганізацыямі і ініцыятывамі. Падчас следчых дзеянняў у людзей мэтанакіравана шукалі доказы «замежнага фінансавання». Некаторыя з затрыманых працягваюць заставацца ў зняволенні, падрабязнасці абвінавачанняў супраць іх праваабаронцам пакуль невядомыя.
Таксама ў маніторынгавы перыяд праз затрыманне прайшлі:
- Аляксандр Баранаў – мазырскі бізнесмен і старшыня прымусова ліквідаванага ўладамі ў красавіку 2023 года гістарычна-культурнага грамадскага аб’яднання «Спадчына Палесся». Быў затрыманы 5 студзеня, працягвае ўтрымлівацца пад вартай у чаканні суда ў межах крымінальнага пераследу паводле справы «Гаюна»;
- Анатоль Парахневіч – каталіцкі святар і краязнаўца з вёскі Альковічы Вілейскага раёна. Быў затрыманы 16 сакавіка, абставіны пераследу невядомыя; працягвае знаходзіцца ў зняволенні;
- Андрэй Лянкевіч – фатограф. Быў затрыманы пры праходжанні польска-беларускай мяжы за «экстрэмісцкую» падпіску, якую знайшлі ў яго тэлефоне; 3 красавіка адбыўся адміністрацыйны суд;
- Аляксей Хлястоў – музыка. Быў затрыманы 21 траўня і на наступны дзень асуджаны на 14 сутак за нібыта дробнае хуліганства паводле арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). У звязаным з сілавымі структурамі акаўнце сцвярджалася, што затрыманне Хлястова адбылося за ігнараванне выклікаў у ДАІ. На відэа, запісаным на выпадак затрымання, музыка распавёў, што апошнім часам яго тройчы выклікалі на рознага кшталту «прафілактычныя гутаркі»;
- а таксама іншыя дзеячы культуры.
Мінімум 16 дзеячаў культуры былі прыцягнуты ў першай палове 2026 года да крымінальнай адказнасці паводле палітычна матываваных спраў:
- журналістка і нон-фікшн аўтарка Ціна Палынская – за супрацу з Беларускай аналітычнай майстэрняй, якая знаходзіцца ў Польшчы і праводзіць сацыялагічныя даследаванні; асуджана на 2 гады калоніі і штраф паводле арт. 361-1 КК;
- музыка, даследчык, лідар фолк-мадэрн гурта «Палац» Алег Хаменка – за супрацу з беластоцкім «Беларускім Радыё Рацыя» і выпуск асветніцкіх праграм; асуджаны на 3 гады калоніі і штраф паводле арт. 361-4 КК;
- дырэктар вытворчасці ювелірнага брэнда «Bielaruskicry» Ягор Бужылаў – за працу з брэндам і перадачу аднаго з яго вырабаў Святлане Ціханоўскай; асуджаны на 4 гады «хіміі» паводле арт. 361-1 КК;
- царкоўная мастачка Ірына Якаўлева – у межах справы так званых дваровых чатаў; асуджана на 8,5 года калоніі і штраф паводле арт. 357 КК;
- старшыня Таварыства аматараў гісторыі імя Вацлава Ластоўскага Віктар Яўмененка – падставы для пераследу невядомыя; асуджаны на калонію паводле арт. 361 КК;
- музыка, супрацоўнік брэсцкага Тэатра лялек Ягор Цюшкевіч – тэрмін і артыкул невядомыя (другі суд на падставе крымінальнай справы, заведзенай падчас адбывання першага пакарання; 6 гадоў калоніі паводле арт. 341, 361-1 і 361-4 КК).
Пераважная большасць ніжэй пералічаных дзеячаў культуры зазнала крымінальны пераслед праз так званую справу «Гаюна» – за меркаваную перадачу грамадска значнай інфармацыі ў маніторынгавы OSINT-праект «Беларускі Гаюн», які быў створаны Антонам Матолькам напярэдадні поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны ў студзені 2022 года і адсочваў перамяшчэнне расійскай тэхнікі і войск па тэрыторыі Беларусі. Больш дакладнай і дэталёвай інфармацыі адносна гэтых пераследаў у праваабаронцаў на сёння няма:
- барабаншчык Цімафей Пугачоў – асуджаны на 3 гады калоніі паводле арт. 361-4 КК;
- заснавальнік школы музыкі Уладзімір Патапенка – на «хатнюю хімію» паводле арт. 361-4 і 328 КК (адзін з 235 памілаваных у сакавіку 2026 года, каму дазволілі застацца ў Беларусі);
- фатографка дзікай прыроды Наталля Бачурынская – на 3 гады «хатняй хіміі» і штраф паводле арт. 361-4 КК (прысуд пасля апеляцыі, першапачатковы быў 3 гады калоніі са штрафам);
- дызайнерка Яна Сырэвіч – на «хатнюю хімію» паводле арт. 361-4 КК;
- гісторык і экскурсавод Міхаіл Масалевіч – на 3 гады «хатняй хіміі» паводле арт. 361-4 КК;
- супрацоўніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Дзядуля – на «хатнюю хімію» паводле арт. 130 і 361-4 КК;
- дызайнерка-ілюстратарка Яна Маскалёва – на «хатнюю хімію» паводле арт. 361-4 КК;
- удзельнік духавога аркестра «ChurchBrass» Кірыл Лойка – на «хатнюю хімію» паводле арт. 361-4 КК;
- вакалістка і выкладчыца вакалу Святлана Каралёва – на «хатнюю хімію» паводле арт. 361-4 КК;
- журналіст і краязнаўца Аляксандр Любянчук – на год калоніі паводле арт. 361-4 і 130 КК (прысуд 4 гады калоніі, з іх 3 былі залічаны ў раней адбытае пакаранне паводле папярэдняга прысуду).

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ Ў МЕСЦАХ ЗНЯВОЛЕННЯ
Журналіст, паэт і актывіст Саюза палякаў на Беларусі Андрэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года. 8 лютага 2023 года яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле арт. 130 і 361 КК. Падставай для пераследу сталі, сярод іншага, абвінавачанні ў «гераізацыі Арміі Краёвай» і «спробе аддзяліць частку Беларусі на карысць Польшчы»; у якасці доказаў выкарыстоўваліся рассакрэчаныя пратаколы НКУС 1940-х гадоў. 28 красавіка 2026 года Андрэй Пачобут быў вызвалены ў межах абмену паміж Беларуссю і Польшчай. Да гэтага часу ён правёў у зняволенні пяць гадоў і адзін месяц, большую частку тэрміну – у наваполацкай калоніі № 1.
Увесь час утрыманне Пачобута ў калоніі суправаджалася татальным кантролем і мэтанакіраваным фізічным і псіхалагічным ціскам, скіраваным на яго поўнае знясільванне і ламанне. Рэпрэсіўны ўплыў ажыццяўляўся праз цэлы комплекс метадаў: нясцерпныя бытавыя ўмовы, такія як пастаянны голад, холад, пах хлёркі і нават настолькі зношанае турэмнае адзенне, што вязень баяўся занадта часта яго мыць, каб тканіна не парвалася. Дэманстратыўныя нагляды з вобшукамі двойчы на дзень, практыка фабрыкацыі і калекцыянавання дробных парушэнняў рэжыму – адміністрацыя чаплялася за любыя бытавыя дробязі або недакладнасці, каб мець афіцыйную падставу для пакаранняў.

Адным з асноўных інструментаў ціску на Пачобута было рэгулярнае змяшчэнне ў ШІЗА – халодную бетонную скрыню, у тым ліку на 30-дзённыя тэрміны. Ужываліся спробы маральнага ламання і сацыяльнай дыскрэдытацыі праз прымус да прац, якія, згодна з турэмнай іерархіяй, нішчаць годнасць і ператвараюць зняволенага ў парыю. За адмовы падпарадкоўвацца такім прыніжэнням ці рабіць цяжкую працу ў сувязі са станам здароўя выкарыстоўвалася шматмесячная ізаляцыя ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Толькі з першых 9 месяцаў у калоніі 6 палітзняволены правёў у ПКТ, а 3 – у ШІЗА.
У калоніі журналіста даводзілі да поўнага знясілення, ён пакутаваў ад арытміі і павышанага ціску, а таксама перанёс аперацыю. Акрамя таго, Пачобута пазбаўлялі перадач, магчымасці перапіскі з роднымі і спатканняў.
Апошнія больш чым паўгода зняволення прайшлі ў абсалютнай адзіноце: «Мне не было з кім перакінуцца нават словам, бо яны заўважылі, што адзіноту я пераношу цяжэй, чым прысутнасць мноства людзей побач або цяжкія ўмовы зняволення», – сказаў Андрэй Пачобут у інтэрв’ю LRT.lt. На свабоду ён выйшаў моцна схуднелым і фізічна знясіленым чалавекам.
Былы палітзняволены, блогер і журналіст Ігар Лосік у лютым 2026 года распавёў пра стан здароўя Яўгена Бурло, музыкі гурта «Tor Band», які за музычную творчасць знаходзіцца за кратамі ўжо 3,5 года і адбывае пакаранне ў калоніі № 3 г. Віцебска. У Яўгена астэапароз абедзвюх ног: на правай назе яму ўжо зрабілі аперацыю, але патрэбная тэрміновая аперацыя на другой назе. Ён прайшоў праз месяцы пакут і перасоўваецца толькі на мыліцах.
Вядома, што вялікія праблемы са здароўем мае журналіст і пісьменнік Сяргей Сацук, які за сваю журналісцкую працу знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за 4,5 года і адбывае пакаранне ў калоніі № 15 г. Магілёва. Яму трэба ставіць кардыястымулятар, без якога кожны дзень як латарэя.
Паведамлялася, што ў зняволенні амаль страціў зрок 71-гадовы культуролаг Вацлаў Арэшка, які пазбаўлены волі ўжо больш за 4 гады і адбывае 8-гадовае пакаранне ў калоніі № 22 у Івацэвічах.
У цяжкім стане пасля перанесенага ў няволі інфаркту знаходзіцца ксёндз Анатоль Парахневіч, затрыманы паводле незразумелых абвінавачанняў у сакавіку 2026 года. Шмат гадоў ён займаўся зборам і захаваннем прадметаў нацыянальнай культурнай спадчыны і стварыў пры касцёле ў вёсцы Альковічы Вілейскага раёна невялікі музей.
Ад былых палітзняволеных вядома, што з моманту затрымання – 21 кастрычніка 2020 года – мастак Іван Вярбіцкі знаходзіўся ў штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу больш за 1065 дзён (3 гады). У красавіку 2026 года яго этапавалі ў горкаўскую калонію № 9 і адразу ж змясцілі ў ШІЗА. Вярбіцкі ўжо тройчы зазнаў крымінальны пераслед паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы), які выкарыстоўваецца для штучнага падаўжэння тэрмінаў адбыцця пакарання. З-за знаходжання ў «спісе тэрарыстаў» ён не мае падтрымкі ў выглядзе грашовых пераводаў і перадач. Мастак фактычна знаходзіцца ў інкамунікада, бо ўжо другі год паміж ім і сваякамі няма ніякай сувязі.
Ужо шосты год знаходзіцца за кратамі без спатканняў, тэлефонных званкоў, грашовых пераводаў, медыкаментаў, а таксама прадуктовых і рэчавых перадач аўтар турэмнай літаратуры, першы лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча Ігар Аліневіч. Станам на лета 2026 года палітзняволены знаходзіцца ў ПКТ калоніі № 20.
У канцы траўня 2026 года стала вядома, што бізнесоўца і менеджара культуры Эдуарда Бабарыку таксама перавялі ў ПКТ. Раней, у снежні 2025 года, яго бацька – былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка – быў памілаваны і дэпартаваны з краіны. Самога ж Эдуарда працягваюць утрымліваць за кратамі фактычна як закладніка. Агулам палітзняволены пазбаўлены волі ўжо больш за 6 гадоў.
Утрымліваецца ў вельмі складаных умовах, праходзіць праз адмысловы ціск і мае праблемы са здароўем з-за працы ў калоніі на шкоднай вытворчасці журналіст і пісьменнік Ігар Ільяш. Наўпроставай сувязі паміж ім і яго жонкай, былой палітзняволенай Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай), якая выйшла на волю паводле памілавання 19 сакавіка гэтага года, няма ўжо некалькі гадоў. З моманту арышту Ігара ў кастрычніку 2024 года яны не могуць ні ліставацца, ні стэлефаноўвацца.
ТРАНСГРАНІЧНЫ ПЕРАСЛЕД ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ
З цягам часу рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да беларускіх дзеячаў культуры ў палітычнай эміграцыі не толькі не спыняюцца, але і нарастаюць, павялічваючы сваю долю ў агульным аб’ёме звестак маніторынгу (у тым ліку на фоне ўсё большай закрытасці інфармацыі пра пераслед унутры краіны).
КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД І ВОБШУКІ Ў СВАЯКОЎ
У канцы студзеня 2026 года Мікола Дзядок, блогер і аўтар турэмнай літаратуры, памілаваны ў верасні 2025 года і дэпартаваны ў Літву, даведаўся, што ў дачыненні да яго заведзена новая крымінальная справа – за нібыта экстрэмісцкія публікацыі або выказванні. Яго бацькоў выклікалі на допыты, а дзяржаўная прапаганда актывізавалася з абразамі і выпадамі на яго адрас.
У лютым чарговы вобшук адбыўся ў бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі, які жыве цяпер у Швейцарыі. Так ён даведаўся, што ў дачыненні да яго заведзена новая крымінальная справа – паводле ч. 2 арт. 361 КК: «Падазраваны Філіпенка Аляксандр Аляксандравіч, паўторна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрв’ю пад назвай “Забароненыя кнігі ў Беларусі: чаму нельга чытаць раманы Сашы Філіпенкі або як усё-такі прачытаць?” на канале “Обычное утро“».
У сакавіку Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу супраць вядоўцы Кацярыны Ваданосавай, якая жыве ў Польшчы, – за «аўтарскую інтэрпрэтацыю гістарычных падзей часоў Другой сусветнай вайны». Лекцыі Кацярыны на YouTube палічылі «рэабілітацыяй нацызму» (ч. 3 арт. 130-1 КК).
Новую крымінальную справу завялі на оперную спявачку Маргарыту Ляўчук, якая пражывае ва Украіне, – за знявагу Аляксандра Лукашэнкі. Ізноў прыходзілі з вобшукамі да яе пажылых бацькоў у Беларусі.
У другой палове траўня па ўсёй Беларусі прайшлі вобшукі па месцах прапіскі палітычных эмігрантаў. Падставай для іх стаў удзел у мерапрыемствах з нагоды Дня Волі, якія прайшлі ў Варшаве, Вільні, Беластоку і іншых гарадах, дзе пражываюць беларускія дыяспары. Станам на 25 траўня праваабаронцам было вядома пра больш як 30 вобшукаў. Пераслед адбываецца паводле крымінальных артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за «злачынства супраць дзяржавы і экстрэмісцкай накіраванасці». Сярод публічных выпадкаў – завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні да літаратара, палітычнага дзеяча і былога палітзняволенага Паўла Севярынца, які пасля вызвалення быў дэпартаваны ў Літву. Пры гэтым праваабаронцам вядомыя выпадкі крымінальнага пераследу асоб, якія фактычна не ўдзельнічалі ў святкаванні Дня Волі.
СПЕЦЫЯЛЬНАЕ І ЗАВОЧНАЕ ВЯДЗЕННЕ
18 траўня 2026 года ў дачыненні да музыкі Сяргея Міхалка, заснавальніка і лідара гуртоў «Ляпис Трубецкой» і «Brutto», які даўно жыве за межамі Беларусі, было пачата спецыяльнае вядзенне. Яму інкрымінавалі ч. 1 арт. 130 (распальванне варожасці або разладу) і ч. 1 арт. 368 (публічная знявага прэзідэнта) Крымінальнага кодэкса. Яшчэ ў студзені 2024 года відэакліп і тэкст песні «Не быць скотам» гурта «Ляпис Трубецкой», напісанай на вершы класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, былі ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ў студзені 2025 года на стэндзе з выявай асоб, якіх шукае міліцыя, была заўважана і фатаграфія Міхалка (тады ва абвінавачаннях фігураваў толькі арт. 368 КК).
8 чэрвеня спецыяльнае вядзенне было пачата ў дачыненні да Кацярыны Манкевіч, вакалісткі гурта «Dymna Lotva», які грае на стыку пост- і дум-металу. Ёй інкрымінавалі ажно пяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 289-1, ч. 1 арт. 290-1, ч. 1 і 2 арт. 361-4, арт. 366-1 і ч. 1 арт. 368. У лістападзе 2025 года сем музычных кампазіцый беларускага гурта, размешчаныя ў YouTube, былі абвешчаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Асноўная тэма тэкстаў, як указана ў апісанні гурта, – прырода, смерць і чалавечыя эмоцыі.
Абаім музыкам «неабходна з’явіцца» ў орган крымінальнага пераследу ў Мінску. У чэрвені стала вядома, што неўзабаве пачнецца завочны суд у дачыненні да культурнага менеджара, а таксама старшыні праўлення і кіраўніка праектаў у фондзе «Okno na Wschód» Паўла Міцкевіча, які ўжо больш за дваццаць гадоў жыве ў Польшчы. Яму інкрымінаваны ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
ВЫШУК
Імёны дзясяткаў дзеячаў культуры, якіх пераследуюць на радзіме, у выніку трапляюць у базы вышуку МУС – у гэтым выпадку не толькі Беларусі, але і, у сувязі з саюзнымі пагадненнямі, у базу Расійскай Федэрацыі. Туды людзей звычайна дадаюць пасля абвяшчэння ў вышук у Беларусі – гэта значыць, шукаць іх пачынаюць адразу дзве краіны.
Сярод тых, каго вышукваюць:
- літаратары і інтэлектуалы: Валерыя Кустава, Аляксей Дзікавіцкі, Пётр Рудкоўскі, Павел Баркоўскі;
- даследчыкі і гісторыкі: Валерыя Чарнаморцава, Віктар Якубаў;
- музыкі: Лявон Вольскі, Андрэй і Вера Мамойкі, Кацярына Манкевіч;
- рэжысёры: Андрэй Кашперскі, Андрэй Курэйчык;
- менеджары культуры: Юрый Меляшкевіч, Станіслава Цярэнцьева, Рэгіна Лавор, Сяргей Гунь, Павел Міцкевіч;
- уладальнікі крам тавараў з нацыянальнай сімволікай: Сяргей і Вольга Верамеенкі, Ігар Казмерчак;
- іншыя дзеячы культуры.
Для кожнага з іх знаходжанне ў базе вышуку азначае пагрозу затрымання і экстрадыцыі.
АБВЯШЧЭННЕ САЦСЕТАК «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ МАТЭРЫЯЛАМІ»
У першым квартале 2026 года ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі дзясяткі акаўнтаў у сацыяльных сетках дзеячаў культуры – палітычных эмігрантаў (у некаторых выпадках – грамадзян Польшчы).
- Facebook-старонкі мовазнаўцы і вядомага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча Вінцука Вячоркі, прадзюсаркі і кінарэжысёркі Вольгі Чайкоўскай, пісьменніцы Яўгеніі Парашчанкі (Югасі Каляды);
- Instagram фатографа Паўла Хадынскага, менеджара культуры Аляксандра Лапко, асветніцы і аўтаркі Марыны Ментусавай, пісьменніцы Ганны Златкоўскай, мастака і дызайнера Уладзіміра Маляўкі, дырэктара і кіраўніка фонду «TUTAKA» Паўла Станкевіча, музыкаў Кліма Малажавага і Кацярыны Ваданосавай, літаратара і журналіста Аляксея Дзікавіцкага, стваральніка кінафестывалю «Бульбамуві» Януша Гаўрылюка, акцёра Міхаіла Зуя;
- Threads журналіста і краязнаўцы Руслана Кулевіча, паэта і блогера Валерыя Руселіка, музыкі і журналісткі Кацярыны Пытлевай, рэжысёра Андрэя Курэйчыка.
У спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі і сацыяльныя сеткі былых палітзняволеных – дзеячаў культуры, якія пасля вызвалення з месцаў пазбаўлення волі жывуць у выгнанні: старонкі ў Threads мецэната, бізнесоўцы, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, а таксама музыкі і грамадскай дзяячкі Марыі Калеснікавай, аўтара турэмнай літаратуры Міколы Дзядка, музыкі Уладзіслава Наважылава. Instagram-акаўнт журналіста, краязнаўцы Яўгена Меркіса і актывіста, арганізатара канцэртаў Іллі Міронава, менеджара культуры Уладзіміра Булавінскага; Facebook-акаўнт літаратара і палітычнага дзеяча Паўла Севярынца; YouTube-канал і іншыя сеткі, а таксама два адрасы электроннай пошты блогера, аўтара дакументальных фільмаў Паўла Спірына.
ДЫФАМАЦЫЯ
Працягваецца публічная дыфамацыя і абраза гонару і годнасці дзеячаў культуры з боку праўладных прапагандыстаў і афіцыйных СМІ ў Беларусі.
Так, ужо колькі год беспакарана абражае вядомых людзей у сваіх артыкулах у анлайн-версіі аднаго з галоўных рэспубліканскіх СМІ краіны «СБ. Беларусь сегодня» журналіст Андрэй Мукавозчык. У прыватнасці, у артыкуле за 26 траўня 2026 года цкуецца культуролаг, пісьменніца Юлія Чарняўская. Прычынаю для зласлівых выпадаў паслужыў матэрыял, прымеркаваны да 115-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта Васіля Віткі, апублікаваны на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа. За радкі пра тое, што інтэлектуальная і духоўная спадчына паэта «працягвае жыць не толькі ў кнігах, але і ў сям’і пісьменніка – яго ўнучка, вядомая літаратуразнаўца і культуролаг Юлія Чарняўская, захоўвае і развівае традыцыі свайго дзеда, падкрэсліваючы непарыўную сувязь часоў у беларускай культуры», Мукавозчык называе супрацоўнікаў установы «бібліятэчнымі пацукамі». А саму Чарняўскую, кандыдатку навук, аўтарку больш за 200 навуковых артыкулаў і шэрагу навуковых кніг, якая правяла паўгода пад хатнім арыштам за справу супраць TUT.BY [3] і цяпер жыве ў эміграцыі ў Польшчы, пагардліва абражае словамі мама-жаба, наша блогерша, бандерша для простотуток і іншымі зняважлівымі выразамі. І гэта толькі адзін з прыкладаў артыкулаў Мукавозчыка, якія ён піша са сталай рэгулярнасцю ўжо шосты год.
КРЫМІНАЛІЗАЦЫЯ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ: ПАШЫРЭННЕ СПІСА «ЭКСТРЭМІСЦКІХ» АРГАНІЗАЦЫЙ
АБВЯШЧЭННЕ АРГАНІЗАЦЫЙ КУЛЬТУРЫ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»
У першым паўгоддзі 2026 года 15 беларускіх арганізацый сферы культуры (і адукацыі), якія легальна працуюць у замежжы, былі абвешчаны ўладамі Беларусі «экстрэмісцкімі». Сярод іх – выдавецтвы, культурна-адукацыйныя ініцыятывы, кінафестываль, брэнды адзення і ювелірных вырабаў, сатырычны праект ды іншыя нацыянальна арыентаваныя арганізацыі і ініцыятывы, місіяй якіх з’яўляецца падтрымка і развіццё беларускай культуры, мовы, гісторыі і ідэнтычнасці.
У першым квартале 2026 года ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» былі залічаны: культурна-асветніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», літаратурная і праваабарончая арганізацыя «Беларускі ПЭН», незалежныя беларускія выдавецтвы «Gutenberg Publisher», «Логвінаў» і «Янушкевіч», беларуская інтэрнэт-бібліятэка і выдавецтва фонду «Kamunikat», культурна-адукацыйная ініцыятыва ва Уроцлаве «Спадчына Беларусі», кінафестываль «Паўночнае ззянне» і арганізацыя «Брама спадчыны», дзейнасць якой накіравана на захаванне супольнай культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі і Польшчы. Больш падрабязна пра кожную з арганізацый сказана ў папярэднім маніторынгу.

У другім квартале 2026 года рашэннем КДБ або МУС «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» былі прызнаны:
× Беларуская Рада культуры – супольнасць экспертаў, менеджараў і творцаў, зарэгістраваная ў кастрычніку 2020 года ў Эстоніі [4], яе юрыдычная асоба ў Польшчы «Fundacja Białoruska Rada Kultury», а таксама праекты «Магістрат», «Васьміног» і «ArtPower Belarus» – рашэннем КДБ ад 9 красавіка. Гэта ўжо другое ўключэнне арганізацыі ў пералік: раней, рашэннем МУС ад 7 чэрвеня 2022 года, Беларуская Рада культуры ўжо прызнавалася «экстрэмісцкім фарміраваннем».
× «Znivien» – брэнд беларускага адзення і мерчу, заснаваны ў 2021 годзе ў Польшчы Уладзімірам Маляўкам і Паўлам Дзеркачом [5], – рашэннем КДБ ад 5 траўня.
× «The Krama Store» – заснаваны ў Польшчы беларускі шоурум і інтэрнэт-крама, спецыялізаваныя на продажы адзення, аксесуараў і сувеніраў з нацыянальнымі матывамі [6], – рашэннем КДБ ад 5 траўня.
× «LVS. Language School» – заснаваная ў Польшчы моўная анлайн-школа, якая, у прыватнасці, прапануе рэпетытарства для падрыхтоўкі да школьных экзаменаў [7], – рашэннем КДБ ад 5 траўня.
× «ЧинЧинЧенэл» – папулярны беларускі сатырычны праект, створаны Міхаілам Зуем і Дзмітрыем Есяневічам, былымі акцёрамі Купалаўскага тэатра, і рэжысёрам Андрэем Кашперскім, [8] – рашэннем МУС ад 16 чэрвеня.
Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка «экстрэмісцкай арганізацыяй» быў прызнаны Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) [9] – міжнародны ўніверсітэт у Вільні (Літва), які ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў у галіне мастацтваў, гуманітарных і сацыяльных навук.

Старонкі і суполкі ўсіх пералічаных арганізацый і ініцыятыў у сацыяльных сетках таксама ўнесены ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Для жыхароў Беларусі прызнанне арганізацый «экстрэмісцкімі» істотна павялічвае рызыкі, звязаныя з любым узаемадзеяннем як з самімі ініцыятывамі, так і з іх інфармацыйнымі і культурнымі прадуктамі: у залежнасці ад абставін такія дзеянні могуць стаць падставай не толькі для адміністрацыйнага, але і для крымінальнага пераследу.
Такі статус мае доўгатэрміновыя наступствы і для саміх культурных інстытуцый. Падводзячы вынікі 4 месяцаў працы пасля прызнання выдавецтва «Янушкевіч» «экстрэмісцкім фарміраваннем», яго дырэктар Андрэй Янушкевіч адзначыў істотнае скарачэнне чытацкай аўдыторыі з Беларусі: «Людзі баяцца, кнігаабарот падае. Сёння гэта вельмі заўважная тэндэнцыя». У выніку выдавецтва сутыкнулася з назапашваннем значных складскіх запасаў, што пагаршае яго фінансавае становішча. Паводле ацэнкі Янушкевіча, наданне выдавецтвам статусу «экстрэмісцкіх» з’яўляецца формай ціску на культурныя інстытуцыі, якія валодаюць значнымі матэрыяльнымі актывамі: толькі на складах выдавецтва «Янушкевіч» застаецца каля 30 тысяч асобнікаў кніг. Ва ўмовах, калі дзейнасць арганізацыі непасрэдна залежыць ад актыўнасці аўдыторыі, такія рашэнні ствараюць доўгатэрміновыя пагрозы іх устойлівасці.
ЦІСК НА ЕЎРАПЕЙСКІ ГУМАНІТАРНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ: ХРОНІКА ПЕРАСЛЕДУ

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – міжнародны прыватны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе ўлады пазбавілі ўніверсітэт ліцэнзіі, пасля чаго ён быў вымушаны спыніць працу ў Беларусі і працягнуў сваю дзейнасць у выгнанні – у Вільні (Літва). Станам на верасень 2025 года ў ЕГУ навучаліся каля 1500 чалавек; каля 74 % студэнтаў – грамадзяне Беларусі.
Эскалацыя ціску
Апошнімі гадамі ЕГУ зазнаваў сістэматычны ціск з боку ўладаў Беларусі.
- 2024 год. Пачатак актыўнай кампаніі. У студзені 2024 года прагучала першая сур’ёзная пагроза: у эфіры дзяржтэлебачання ЕГУ абвінавацілі ў «навучанні пратэстам» і «калабарацыі з Офісам Святланы Ціханоўскай».
- Жнівень 2024 – люты 2025 года. Універсітэт сутыкнуўся з серыяй правакацый і актаў вандалізму: на сценах будынка ў Вільні неаднаразова з’яўляліся нацыяналістычныя надпісы, накіраваныя супраць студэнтаў. Кіраўніцтва ЕГУ расцаніла гэта як частку арганізаваных палітычных атак.
- 20 жніўня 2025 года. Сацыяльныя сеткі і сайт ЕГУ былі абвешчаны ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
- 15 верасня 2025 года. Стала вядома, што паводле прапановы КДБ генеральны пракурор Андрэй Швед скіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй», забароне яе дзейнасці ў Беларусі, а таксама выкарыстання сімволікі і атрыбутыкі ўстановы.
- 14 красавіка 2026 года. Рашэннем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ЕГУ быў афіцыйна прызнаны «экстрэмісцкай арганізацыяй». Улады абвінавацілі ўніверсітэт у «дэстабілізацыі грамадска-палітычнай сітуацыі» і «прасоўванні альтэрнатыўных трактовак гістарычных падзей», заявіўшы, што ВНУ выкарыстоўваецца спецслужбамі суседніх дзяржаў для нанясення шкоды інтарэсам Беларусі.
Акрамя таго, адбываліся іншыя правакацыі: спробы асобных людзей трапіць ва ўніверсітэт пад выглядам здымак дакументальнага фільма, а таксама інтэнсіўныя атакі на студэнтаў у сацыяльных сетках.
Наступствы для супольнасці ЕГУ
Прызнанне ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй» стварыла крытычныя рызыкі для ўсіх, хто звязаны з ЕГУ: студэнтаў, выпускнікоў, супрацоўнікаў і партнёраў. Любы ўдзел у дзейнасці, супольныя праекты, рэпосты, захоўванне дыпломаў і нават згадка ВНУ ў рэзюмэ могуць трактавацца як спрыянне экстрэмізму. Любыя фінансавыя аперацыі, у тым ліку аплата навучання, могуць быць кваліфікаваныя як фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт адзначае: гэта першы выпадак, калі статус «экстрэмісцкай арганізацыі» выклікае наступствы такога маштабу для людзей, якія не маюць «палітычнага профілю».
- Масавыя вобшукі і допыты. З пачатку чэрвеня 2026 года па Беларусі прайшла хваля вобшукаў у людзей, датычных да ўніверсітэта. Станам на 15 чэрвеня вядома больш чым пра 60 вобшукаў па ўсёй краіне. Шукаюць дакументы, якія пацвярджаюць сувязь з ЕГУ, і квітанцыі аб аплаце навучання.
- Ціск на студэнтаў-завочнікаў. Зафіксаваны выпадкі прымусу да напісання заявы на адлічэнне і звальнення з працы.
- Крымінальны пераслед. Праваабаронцам вядома пра завядзенне крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» і «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (у прыватнасці, за аплату навучання, пачынаючы з 2016 года).
- Ціск на сем’і. Улады выкарыстоўваюць пагрозы крымінальным пераследам у дачыненні да бацькоў студэнтаў, каб вымусіць апошніх вярнуцца з Літвы ў Беларусь.
- Адток студэнтаў і выкладчыкаў. У першы месяц пасля прызнання ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй» каля сотні студэнтаў пакінулі ўніверсітэт, таксама супрацу спынілі два выкладчыкі. Яшчэ ў верасні 2025 года ВНУ вымушана пакінулі некалькі студэнтаў і два выкладчыкі.
- Дылема выбару. Перад тымі, хто не жыве ў эміграцыі, стаіць жорсткі выбар: вярнуцца ў Беларусь і жыць пад няспыннай рызыкай пераследу або вымушана эміграваць, што стварае праблемы з легалізацыяй, бо студэнты губляюць свае падставы для знаходжання за мяжой.
Міжнародная рэакцыя
Сітуацыя стала беспрэцэдэнтным выпадкам у міжнароднай практыцы. 15 красавіка Літоўская Рэспубліка выказала рашучы пратэст у сувязі з рашэннем беларускіх органаў аб’явіць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які законна дзейнічае ў Літве з 2004 года, «экстрэмісцкай арганізацыяй». МЗС Літвы лічыць, што гэтае рашэнне мае палітычна матываваны, неабгрунтаваны характар і парушае прынцыпы міжнароднага права і суверэнітэт Літвы. Афіцыйная Вільня не прызнае юрыдычнай сілы гэтага рашэння на сваёй тэрыторыі і патрабуе яго неадкладнага скасавання.
У падтрымку ЕГУ выказваліся МЗС Швецыі, Украіны, Латвіі, Эстоніі.
ЦЭНЗУРА, ЗАБАРОНА КНІГ І МАТЭРЫЯЛАЎ НА ТЭМУ КУЛЬТУРЫ, ПРЫЗНАНЫХ «ЭКСТРЭМІСЦКІМІ»
На працягу ўжо некалькіх гадоў цэнзура застаецца адным з асноўных і найбольш распаўсюджаным парушэннем культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. У маніторынгу за першы квартал больш падрабязна апісаны шэраг выпадкаў таго перыяду, а агулам за першыя паўгода зафіксаваны 102 выпадкі цэнзуры (улік фактаў прызнання матэрыялаў «экстрэмісцкімі» вядзецца асобна), сярод іх:
- адмена зацверджаных культурных і памятных мерапрыемстваў: святкаванне Дня закаханых у дзяржустанове Гомеля; жалобнай цырымоніі ў мінскім мемарыяльным комплексе «Яма»; традыцыйнага беларускага свята Гуканне вясны ў горадзе Ветка;
- пераслед за святкаванне традыцыйнага абраду: адміністрацыйныя пратаколы за святкаванне праводзін зімы на закрытай тэрыторыі гомельскага рэстарана «Спадчына»;
- адмена штогадовых фестывальных мерапрыемстваў: «Сонцастаянне», «Wostrau», «Festiwow», «Свята сонца»;
- новыя пункты ў «чорным спісе» (стоп-лісце) артыстаў, чые песні нельга выконваць на канцэртах і ў караоке-клубах: кавер-гурт «Discowox», «Maruv», Alyona Alyona, Андрэй Макарэвіч, Максім Пакроўскі і іншыя;
- нявыдача гастрольных пасведчанняў на канцэрты;
- цэнзура на экспанаванне работ мастакоў, у тым ліку зняцце з ужо адкрытай выставы карціны былога палітзняволенага Генадзя Драздова «Калыханка»;
- адмена пракату сусветных кінапрэм’ер у беларускіх кінатэатрах: «Нюрнберг», «Вельмі страшнае кіно 6»;
- выдаленне з інтэрнэт-прасторы матэрыялаў (навуковых артыкулаў, звестак, акаўнтаў) «нелаяльных» аўтараў ці матэрыялаў са згадваннем іх імёнаў;
- папаўненне спісу друкаваных выданняў, забароненых для распаўсюду з прычыны «пагрозы нацыянальнай бяспецы» краіны: 33 новыя кнігі;
- выманне з бібліятэк кніг, якіх няма ў спісах «экстрэмісцкіх» ці «шкодных» матэрыялаў;
- канфіскацыя рукапісаў у палітзняволеных: у Кацярыны Андрэевай перад вызваленнем, якое адбылося 19 сакавіка 2026 года, забралі ўвесь архіў: дзённікі, вершы, нататкі, лісты – усё, што яна збірала пяць гадоў;
- блакаванне сайтаў:by, LiveLib;
- пераслед за гістарычную асвету (супраць вядоўцы Кацярыны Ваданосавай за яе лекцыі на YouTube) і іншыя выпадкі адкрытай і ўскоснай цэнзуры і парушэнняў культурных правоў, у тым ліку непублічныя факты.
ГУКАННЕ ВЯСНЫ: СУДЫ ЗА НАРОДНЫ АБРАД
21 сакавіка некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку сем’і з дзецьмі, сабраліся ва ўнутраным дворыку гомельскага рэстарана «Спадчына», каб адзначыць традыцыйны беларускі абрад Гукання вясны: народнымі песнямі і карагодам праводзілі зіму.

Пасля мерапрыемства яго ўдзельнікі трапілі пад адміністрацыйны пераслед паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае масавае мерапрыемства). Паколькі тэрмін прыцягнення да адказнасці паводле гэтага артыкула складае 2 месяцы з дня меркаванага правапарушэння, паведамленні пра пераслед паступалі і ў траўні. У выніку за ўдзел у закрытым мерапрыемстве былі пакараны адміністрацыйнымі арыштамі або штрафамі не менш за 9 чалавек.
Як мінімум адзін удзельнік быў асуджаны на 15 сутак, яшчэ пяць атрымалі максімальныя штрафы – 4500 рублёў (~1,5 тыс. долараў). Чалавек, якога палічылі арганізатарам мерапрыемства, быў аштрафаваны на 6750 рублёў (~2,3 тыс. долараў). Вядома як мінімум пра адзін выпадак утрымання ўдзельніцы свята ў РАУС на працягу 8 гадзін для правядзення «прафілактычнай працы».
Сам рэстаран «Спадчына» пасля візіту сілавікоў пільна зачыняўся «з тэхнічных прычын». Праз пару тыдняў дзверы ўстановы адчыніліся зноў, аднак з яе афіш і сацыяльных сетак зніклі згадкі беларускай культуры і кухні.
ЗАБАРОНА І ПЕРАСЛЕД ЗА КНІГІ
Пераслед выдаўцоў
Першы квартал 2026 года азначыўся чарговай хваляй беспрэцэдэнтнага ціску на незалежных выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў: адбыліся затрыманні, допыты, адміністрацыйныя арышты і крымінальны пераслед; прыпынена дзейнасць мінскага выдавецтва «Тэхналогія»; спыніў працу сайт Knihi.by, «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» абвешчаны польскі фонд «Kamunikat», беларускія выдавецтвы ў выгнанні «Gutenberg Publisher», «Логвінаў» і «Янушкевіч». У другім квартале ціск працягнуўся.
Так, у ноч з 6 на 7 траўня адбылася хакерская атака на Kamunikat.org – анлайн-бібліятэку з кнігамі на беларускай мове, найбольш верагодна, каардынаваная ўладамі Беларусі. У выніку сайт не вытрымаў і перастаў працаваць. 7 траўня дырэктар фонду «Kamunikat» Яраслаў Іванюк распавёў у сацыяльных сетках, што «атака знішчыла больш чым 25-гадовую працу». 11 траўня ён паведаміў пра здарэнне ў беластоцкую ўправу Цэнтральнага бюро барацьбы з кіберзлачыннасцю.
Аднаўленне сайта пасля атакі трывала больш за месяц. 19 чэрвеня на творчай сустрэчы Яраслаў Іванюк распавёў, што сайт удалося аднавіць практычна да таго стану, у якім ён быў да атакі: назаўсёды страчаны адзінкавыя файлы, пераважна ілюстрацыі да архіўных навін. Пасля атакі, наколькі гэта магчыма, каманда ўзмацніла меры бяспекі.
Гэтая атака – ужо не першая супраць Kamunikat.org. Папярэдняя адбылася ў 2023 годзе, калі ў Беларусі быў заблакаваны асноўны дамен сайта. Пасля ціск на інтэрнэт-бібліятэку працягнуўся, і 26 верасня 2025 года сайт і шэраг сацсетак арганізацыі былі ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У снежні 2025 года адбылася папярэдняя спроба ўзлому. Потым 3 сакавіка 2026 года – разам з выдавецтвамі «Логвінаў» і «Янушкевіч» – КДБ уключыў фонд «Kamunikat» у няісную «кааліцыю друкаваных выдавецтваў» і абвясціў яе «экстрэмісцкім фарміраваннем». 7 траўня адбылася хакерская атака на сайт. 29 чэрвеня 2026 года яшчэ два акаўнты ў сацыяльных сетках апынуліся ў спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У першым паўгоддзі «экстрэмісцкімі» былі абвешчаны сацыяльныя сеткі наступных выдавецтваў:
- «Gutenberg Publisher» – Instagram-акаўнт (12 лютага);
- «RozUM Media» – акаўнт у Threads (19 траўня);
- «Vesna Books» / «Вясна» – старонка ў Facebook (21 траўня);
- «Полацкiя Лабiрынты» – у Instagram (19 чэрвеня);
- «Kamunikat» – акаўнты ў «Одноклассниках» і «ВКонтакте» (29 чэрвеня).
Забароненыя кнігі
У гэты перыяд агулам 45 кніг былі прызнаны «экстрэмісцкімі» або «небяспечнымі»:
- 12 кніг беларускіх аўтараў папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод іх – дэтэктыў «Наступны прыпынак – смерць» Камілы Цень; дэбютны раман Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне», прысвечаны жыццю мінскай моладзі пасля 2020 года; раман-антыўтопія Макса Шчура «Там, дзе нас няма»; зборнік твораў «Гістарычныя працы, том 1» беларускага нацыянальнага дзеяча Аляксандра Цвікевіча; а таксама шэраг аналітычных дакладаў на грамадска-палітычныя тэмы.
Што тычыцца забароны на кнігу Аляксандра Цвікевіча: падобны крок ужо рабілі савецкія ўлады ў чэрвені 1937 года. Тады выйшаў загад Галоўліта БССР спаліць усе кнігі Цвікевіча. У снежні таго ж года ў Менску расстралялі і самога Аляксандра Цвікевіча.
- 33 кнігі папоўнілі спіс выданняў, здольных «нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Сярод іх – «Дзікія хлопчыкі» (1971) Уільяма Бэраўза – яркі ўзор постмадэрнісцкай прозы і контркультурнай фантастыкі, які аказаў вялікі ўплыў на сучасную літаратуру, музыку (у тым ліку на аднайменны хіт гурта «Duran Duran») і поп-культуру; топ-бестселер у жанры скандынаўскага нуару, паспяхова экранізаваны «Netflix» «Каштанавы чалавечак» Сёрэн Свэйструп; папулярны цыкл раманаў (M/M) «Ён», «Мы» і «Эпічна» ад Сарыны Боўэн і Эл Кенэдзі – адзін з самых папулярных і камерцыйна паспяховых у свеце прыкладаў сучаснага спартовага рамантычнага фэндаму.
На сёння ў спісе кніг, распаўсюд якіх рэжым лічыць пагрозай нацыянальным інтарэсам, 257 найменняў (фармальна – 258, але адна з кніг дублюецца). Адказвае за спіс спецыяльная Рэспубліканская камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі ў кастрычніку 2021 года. У камісію ўваходзяць 22 чалавекі – чыноўнікі, прадстаўнікі сілавых структур і дзяржаўных навуковых устаноў. Больш падрабязна пра яе склад можна даведацца ў матэрыяле на сайце выдання «Наша Ніва».
Агулам пералік кніг з абодвух спісаў знаходзіцца на адмысловым сайце Беларускага ПЭНа (за выключэннем рэлігійных твораў са спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», як і некаторых іншых, калі ўспрыманне іх зместу можа выклікаць спрэчкі або розначытанні).
Канфіскацыі ў кнігарнях, бібліятэках і калоніях
У выніку лютаўскага рэйду на літаратараў і прызнання шэрагу выдавецтваў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» кнігарні ў Беларусі пачалі прыбіраць усе кнігі выдаўцоў і выдавецтваў, якіх закрануў пераслед.
З бібліятэк таксама вымаюцца ўсе кнігі, уключаныя ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», а ў самі ўстановы наведваюцца з праверкамі супрацоўнікі КДБ. Вядома пра рэгулярнасць такіх візітаў, а таксама пра неадзінкавыя патрабаванні прыбраць з абароту кнігі, якіх няма ў афіцыйных спісах «ненадзейных». Напрыклад, такім чынам канфіскоўваліся ўсе без выключэння кнігі Альгерда Бахарэвіча, «Радзіва “Прудок”» Андрэя Горвата, «Адкуль наш род» Уладзіміра Арлова і шэраг твораў іншых беларускіх аўтараў. Афіцыйна незабароненыя кнігі з ліку замежнай мастацкай ці навучальнай літаратуры і «непажаданых» аўтараў вымаюцца і з бібліятэк пенітэнцыярнай сістэмы, у прыватнасці, з калоній.
Акрамя таго, існуе непублічны спіс кніг, якія «не рэкамендуецца» прымаць у букіністычных крамах – напрыклад, творы расійскіх аўтараў Дзмітрыя Быкава і Міхаіла Велера.
Матэрыялы на тэму культуры, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Частка матэрыялаў, якія папоўнілі спіс «экстрэмісцкіх» у першым паўгоддзі, ужо згадана ў гэтым аглядзе – кнігі і сацыяльныя сеткі дзеячаў культуры ў эміграцыі, а таксама выдавецтваў.
Таксама адзначым тут траплянне ў яго наступных твораў і старонак праектаў у сацыяльных сетках:
- песня «Я страляў у міліцыянта» гурта «Крамбамбуля» і некалькіх твораў гуртоў «M8L8TH» і «Нежеголь»; акаўнты музычнага гурта «Naviband» і супольнасці «Вольны хор»;
- Facebook-старонкі «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» ў Лідзе, «Музей вольнай Беларусі» і «Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва – БІНіМ», Instagram-акаўнты «Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча» і «Вольны Беларускі Ўніверсітэт»;
- сайт, YouTube і сацсеткі брэсцкага тэатра «Крылы халопа», акаўнты і мабільная аплікацыя цыкла дакументальных аўдыяспектакляў «Brest Stories Guide»;
- размешчаныя на YouTube фільмы «Дарога на Курапаты» вытворчасці «Беларусьфільма», «Кроў і попел Дражна», «Амаль забыты лес», «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» і іншыя дакументальныя фільмы; старонкі пра дакументальнае кіно «Белсат doc» у Facebook; Instagram-акаўнт фестывалю незалежнага беларускага кіно «Bulvamovie»;
- серыя Telegram-стыкерпакаў, у тым ліку аўдыявыдавецтва «Кніжны Воз» і акцёра Аляксандра Ждановіча «Malawanycz»;
- Facebook-старонка мастака Алеся Пушкіна, які памёр у калоніі ў ліпені 2023 года;
- і нават Instagram-акаўнт Беларускага саюза дызайнераў – раней ужо «нармалізаванага» і фактычна ўбудаванага ў дзяржаўную сістэму творчага аб’яднання краіны.
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ: МЕСЦЫ ПАМЯЦІ І МОЎНАЯ РЭПРЭЗЕНТАЦЫЯ, СІЛАВЫЯ ПРАВЕРКІ І ЗАКАНАДАЎЧЫЯ ЗМЕНЫ
Адным з прыярытэтных кірункаў дзяржаўнай палітыкі застаецца супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй у сферы культуры ў межах так званай Саюзнай дзяржавы. Адначасова працягваецца развіццё дзяржаўнай палітыкі памяці, заснаванай на канцэпцыі «генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» – у яе межах адбываюцца перапахаванні ахвяр Халакосту, працягваюцца судовыя працэсы паводле адпаведных крымінальных спраў і пашыраецца дзяржаўны мемарыяльны каляндар. Упершыню ў 2026 годзе на дзяржаўным узроўні адзначалася не толькі 9 траўня, але і 22 чэрвеня – дзень пачатку нямецка-савецкай вайны.
Спынімся на некалькіх тэндэнцыях, якія, сярод іншага, характарызуюць сучасную дзяржаўную палітыку ў сферы культуры.
Заняпад памятных месцаў і моўная дыскрымінацыя беларускіх класікаў
У занядбаным стане застаецца «Памятнае месца – радзіма Змітрака Бядулі» – аб’ект са спіса гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, звязаны з жыццём беларускага пісьменніка. У 2026 годзе адзначаецца 140-годдзе з дня яго нараджэння. Пры гэтым, калі новы помнік на магіле аўтара быў урачыста адкрыты ў канцы 2025 года, дом, у якім нарадзіўся Змітрок Бядуля, застаецца ў заняпадзе.
Рагачоўскі дом сям’і іншага класіка беларускай літаратуры, Уладзіміра Караткевіча, не мае статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці і знаходзіцца ў прыватнай уласнасці. Мясцовыя ўлады ўжо шмат гадоў не могуць вырашыць пытанне яго выкупу або адчужэння ў спадчыннікаў, таму фармальна прад’яўляць патрабаванні да стану дома, дзе пісьменнік часта бываў і дзе былі створаны або задуманы яго ключавыя творы, складана. Тым не менш, захаванне гэтага будынка як важнага месца памяці мусіць заставацца адной з задач дзяржаўнай культурнай палітыкі.
З імем Уладзіміра Караткевіча звязана і іншая гісторыя – знікненне мурала, створанага ў 2020 годзе, да 90-годдзя пісьменніка, на сцяне дома ў Оршы, на вуліцы Марата, 2. Падчас капітальнага рамонту партрэт пісьменніка быў закрыты цеплаізаляцыяй. У выніку горад страціў адметны элемент гарадской прасторы і мемарыяльны аб’ект, прысвечаны знакамітаму ўраджэнцу.
Да 115-годдзя з дня нараджэння Васіля Віткі на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа быў апублікаваны матэрыял пра пісьменніка. Ён ужо згадваўся ў раздзеле пра дыфамацыю культуролага Юліі Чарняўскай, унучкі Васіля Віткі. Асобнай праблемай гэтага матэрыялу з’яўляецца невыкарыстанне мовы арыгінала: артыкул падрыхтаваны па-руску, а ілюстрацыі дэманструюць яго рускамоўныя выданні, нягледзячы на тое, што Васіль Вітка пісаў вершы і прозу па-беларуску. Акрамя таго, у матэрыяле выкарыстаны некарэктна перакладзены на рускую мову варыянт яго псеўданіма – Василий Витка.
Да 20-годдзя новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі была падрыхтавана спецыяльная калекцыя сувеніраў, у тым ліку шоперы з імёнамі беларускіх класікаў. Аднак імёны Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча і Якуба Коласа былі напісаны па-руску, хаця іх творчасць непасрэдна звязана з беларускай мовай і культурай. У выпадку Якуба Коласа быў таксама выкарыстаны перакладзены варыянт псеўданіма – Якуб Колос.
Гэтыя прыклады сведчаць пра адсутнасць паслядоўнай нацыянальна арыентаванай палітыкі ў сферы аховы культурнай спадчыны. Пры іншым падыходзе важныя гістарычныя аб’екты атрымлівалі б належны статус і абарону, а ў складаных выпадках, як з домам сям’і Караткевіча, дзяржава шукала б кампрамісныя рашэнні для іх захавання.
Праверкі і выкарыстанне сілы падчас культурных мерапрыемстваў
Сітуацыя, складзеная ў Беларусі за апошнія гады і фактычна нармалізаваная ўладамі, характарызуецца выкарыстаннем непрапарцыйных мер сілавога ўздзеяння падчас культурных мерапрыемстваў. Ваенізаваныя падыходы выкарыстоўваюцца нават у дачыненні да адносна невялікіх груп людзей, якія сабраліся дзеля культурнага адпачынку або агульных інтарэсаў.
Такія дзеянні не адпавядаюць прынцыпам неабходнасці і прапарцыйнасці, а замест камунікацыі з удзельнікамі прадугледжваюць выкарыстанне запалохвання, дэманстрацыі сілы і дзеянняў, што прыніжаюць чалавечую годнасць.
Да такіх практык адносяцца прымус людзей класціся тварам на зямлю або падлогу, жорсткія затрыманні, працяглае ўтрыманне без тлумачэння прычын, татальныя праверкі дакументаў, мабільных тэлефонаў і асабістых рэчаў, а таксама ўдзел узброеных супрацоўнікаў у поўнай экіпіроўцы пры адсутнасці відавочнай пагрозы грамадскай бяспецы.
Менавіта такім чынам развівалася сітуацыя з удзельнікамі закрытага музычнага рэйву, які праходзіў у ноч з 21 на 22 чэрвеня ў Налібоцкім заказніку на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна. Пасля затрыманняў з арганізатарамі мерапрыемства былі запісаны «пакаянныя» відэа – практыка публічнага прыніжэння, якая шырока выкарыстоўваецца сілавымі структурамі ў дачыненні да затрыманых і неаднаразова асуджалася праваабарончымі арганізацыямі як форма прымусу і псіхалагічнага ціску.
У сучаснай Беларусі такія сілавыя дзеянні суправаджаюць нават звычайныя праверкі культурных мерапрыемстваў. Адзін з дыджэяў, які прысутнічаў падчас такой праверкі, апісаў яе наступным чынам:
«За гадзіну да сэта мяне проста паклалі тварам у падлогу. Прыбеглі людзі з аўтаматамі… Нас трымалі на холадзе, нічога не тлумачачы, некалькі гадзін… Тыкалі дулам аўтамата проста ў твар… Даглядалі ўсё, асабліва цікавілі тэлефоны… Казалі, што глядзяць, чым мы тут займаемся».
Звяртае на сябе ўвагу і падыход да пільнавання бяспекі падчас дзяржаўных культурных мерапрыемстваў. Так, 23 і 24 чэрвеня ў Віцебску ў межах падрыхтоўкі да фестывалю «Славянскі базар» МУС правяло вучэнні па забеспячэнні грамадскага парадку. Яны ўключалі перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, выбухі і імітацыю стральбы. Сам факт правядзення вучэнняў такога маштабу ў сувязі з культурным фестывалем сведчыць пра перанос ваенізаваных падыходаў у сферу арганізацыі і аховы культурных мерапрыемстваў.
Заканадаўчыя змены
- З пачатку 2026 года артысты страцілі магчымасць выступаць і арганізоўваць канцэрты ў статусе індывідуальных прадпрымальнікаў. Музычная і канцэртная дзейнасць не ўваходзіць у пералік відаў дзейнасці, дазволеных для індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер такая дзейнасць магчымая толькі пры рэгістрацыі ў форме прыватнага ўнітарнага прадпрыемства або таварыства з абмежаванай адказнасцю.
- Закон Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2026 года № 138-З «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці» дапоўніў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях шэрагам нормаў. Яны набылі моц 19 чэрвеня.
- Арт. 19.16 КаАП прадугледжвае адказнасць за так званую прапаганду гомасексуальных адносін, змены полу і бяздзетнасці, а таксама за распаўсюд інфармацыі, у якой педафілія прызнаецца дапушчальнай. Аналагічная норма існуе ў заканадаўстве Расіі.
- Арт. 24.62 КаАП прызначае адказнасць за «незаконнае прадстаўленне Рэспублікі Беларусь на міжнародных мерапрыемствах», у тым ліку культурных, адукацыйных і спартовых. Гэтая норма сведчыць пра далейшае ўзмацненне дзяржаўнага кантролю над трансгранічнай актыўнасцю і міжнародным узаемадзеяннем арганізацый грамадзянскай супольнасці.
ВЫСНОВЫ
Адначасова з памілаваннем больш як двух дзясяткаў дзеячаў культуры ў гэты перыяд амаль столькі ж прадстаўнікоў культурнай сферы былі прызнаны палітычнымі зняволенымі. Гэта сведчыць пра тое, што агульны характар дзяржаўнай палітыкі не змяніўся, а рэпрэсіі супраць дзеячаў культуры працягваюцца.
За перыяд са студзеня па чэрвень 2026 года ў Беларусі зафіксавана 738 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, у тым ліку арышты, вобшукі, крымінальны пераслед, катаванні ў месцах зняволення, дыфамацыя, высылка з краіны, трансгранічны ціск, абвяшчэнне арганізацый культуры «экстрэмісцкімі», пераслед за ўдзел у культурных мерапрыемствах, шматлікія праявы цэнзуры і іншыя парушэнні.
Станам на 30 чэрвеня 2026 года ў Беларусі не менш як 61 палітзняволены дзеяч культуры. Агулам паводле палітычных матываў у месцах пазбаўлення волі, установах адкрытага тыпу («хімія») або ва ўмовах «хатняй хіміі» знаходзяцца не менш як 123 прадстаўнікі сферы культуры, у тым ліку 25 літаратараў і іншых людзей слова.
З 2020 года зафіксаваны пераслед больш як 2300 дзеячаў культуры, і гэты лік працягвае расці. Пераслед закранае як канкрэтных людзей, так і магчымасці захавання, развіцця і перадачы беларускай культуры наступным пакаленням. Як адзначыў Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс, культурныя правы – вельмі важнае пытанне, бо менавіта яны робяць Беларусь беларускай і ўнікальнай. «Задушэнне культурных правоў мае доўгатэрміновы ўплыў, паколькі мова, памяць і культурная вытворчасць, якая сёння душыцца, не можа быць лёгка перададзена будучым пакаленням».
Уладам Рэспублікі Беларусь варта неадкладна і безумоўна вызваліць усіх дзеячаў культуры, літаратараў і іншых асоб, пазбаўленых волі выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў, спыніць іх крымінальны пераслед, катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання, у тым ліку ўтрыманне ў рэжыме інкамунікада, забяспечыць эфектыўнае расследаванне ўсіх паведамленняў пра парушэнні правоў чалавека, а таксама спыніць пераслед за рэалізацыю права на свабоду выказвання і творчую свабоду, ліквідаваць заканадаўчыя абмежаванні, якія перашкаджаюць культурнай дзейнасці, і спыніць трансгранічны пераслед беларускіх дзеячаў культуры [10]. Міжнародную супольнасць заклікаем да працяглай падтрымкі беларускай культуры, беларускай мовы і дзеячаў культуры як унутры краіны, так і за яе межамі.
[1] Інфармацыя пра колькасць дзеячаў культуры не з’яўляецца канчатковай, бо не пра ўсіх іх адразу робіцца вядома.
[2] Абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
[3] Справа TUT.BY: найбуйнейшая палітычна матываваная крымінальная справа супраць незалежнага медыярэсурсу ў гісторыі Беларусі, распачатая ў траўні 2021 года.
[4] https://byculture.org/pra-nas/.
[5] https://znivien.pl/.
[6] https://www.instagram.com/thekrama.store/.
[7] https://lvs-info.com/.
[8] https://www.youtube.com/channel/UCgymY5xQUPeY48OPWyq8DOA.
[9] https://ru.ehuniversity.lt/.
[10] /en/2025/08/06/upr-2025-joint-pen.html.