24 кастрычніка 2026 года
16:00–19:30
REDAKCJA BAR
ul. Marszałkowska 21/25, Варшава
Уваход вольны
Далучайцеся да вечара, прысвечанага беларускай кнізе, яе аўтарам і тым, хто стварае візуальны вобраз нашага кнігадруку!
Пазнаёмцеся з сёлетнім кароткім спісам прэміі на выставе «Восем вокладак як восем гісторый» і даведайцеся ад дызайнераў, як нараджаліся гэтыя працы.
Пагартайце выданне «Форма прысутнасці» і далучыцеся да размовы пра беларускую кніжную вокладку як культурную з’яву. Разам з мадэратаркай Вольгай Мжэльскай і лаўрэатамі мінулых гадоў, дызайнерамі Святланай Дземідовіч, Анатолем Лазарам і Ігарам Юхневічам паспрабуйце адказаць на пытанне: што адрознівае добрую вокладку ад выдатнай?
А напрыканцы даведайцеся, хто атрымае прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку 2026 года.
Пасля цырымоніі – віно, музыка і размовы. Вечар працягне музычны сэт Papa Bo Selektah, створаны адмыслова для прэміі Анемпадыстава.
Прыходзьце сустрэцца з беларускай кніжнай супольнасцю, пазнаёміцца з новымі людзьмі, пагаварыць пра кнігі і, магчыма, прыдумаць нешта разам.
Будзем вельмі рады бачыць Вас!
Праграма
Восем вокладак як восем гісторый | выстава прац з кароткага спіса прэміі
На працягу ўсяго вечара ў галерэі можна будзе пабачыць працы, што ўвайшлі ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Госці падзеі змогуць пазнаёміцца з кнігамі, прачытаць расповеды творцаў пра тое, як нарадзіўся візуальны вобраз кнігі. Дзве працы зашыфраваныя дзеля бяспекі іх аўтараў – напамін пра рэчаіснасць, у якой існуюць і працуюць беларускія творцы.
16:00–17:00
Вокладка як візуальны вобраз кнігі і форма культурнай прысутнасці | прэзентацыя выдання «Форма прысутнасці», дыскусія
Пачнём вечар з прэзентацыі выдання «Форма прысутнасці», прысвечанага беларускай кніжнай вокладцы як асобнай культурнай з’яве, і працягнем размовай пра тое, як ствараецца і чытаецца візуальны вобраз кнігі. Што адрознівае добрую вокладку ад выдатнай? Яна мусіць прыцягваць увагу – ці інтэрпрэтаваць кнігу? Чаму погляды чытача і дызайнера на адну і тую ж вокладку могуць не супадаць?
Мадэратарка: беларуская культурніцкая менеджарка, арт-аніматарка, куратарка Вольга Мжэльская
Удзельнікі размовы: дызайнеры, лаўрэаты прэміі Анемпадыстава Анатоль Лазар, Святлана Дземідовіч, Ігар Юхневіч
17:00–17:30
Цырымонія ўзнагароджання
Узгадаем Міхала Анемпадыстава, мастака, дызайнера, паэта і культуролага, які істотна паўплываў на фармаванне сучаснай беларускай візуальнай культуры. Будуць прадстаўленыя вокладкі, што ўвайшлі ў сёлетні кароткі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава. Журы абвесціць свой выбар, а аўтар, аўтарка або аўтары найлепшай кніжнай вокладкі атрымаюць «Анёла» – галоўную ўзнагароду прэміі.
17:30–18:30
Час на келіх віна і прыемныя размовы пад музыку ад Papa Bo Selektah
Госці імпрэзы змогуць правесці час у прыемнай атмасферы бара Redakcja – сустрэцца з дызайнерамі, ілюстратарамі, мастакамі, аўтарамі і выдаўцамі, наладзіць новыя творчыя кантакты і паглядзець выставу. Асабліва запрашаем далучацца творцаў, выдаўцоў і ўсіх, хто працуе з кнігай і візуальнай культурай. Гэта добрая нагода пазнаёміцца, абмяняцца ідэямі і завесці новыя прафесійныя знаёмствы. Атмасферу вечара дапоўніць музычны сэт ад Papa Bo Selektah, створаны адмыслова для прэміі Анемпадыстава.
Пра прэмію
Прэмія імя Міхала Анемпадыстава ўшаноўвае спадчыну выбітнага беларускага мастака, дызайнера і культуролага, які значна паўплываў на развіццё візуальнай культуры Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя дызайнерскія рашэнні ў афармленні кніжных вокладак.
У розныя гады ў прэміі перамагалі: Грыгорый Кацнэльсон («Віленскі покер»), Алена Дашкевіч («Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»), Анатоль Лазар («(Не)расстраляныя»), Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA («Людзі Лесу / Ludzi Lesu»), Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі («Побач»), Маша Мароз і Ігар Юхневіч («Мое баба – діректор морга»).
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і фонд Open Culture
Партнёры прэміі | Redakcja Bar, Reform.news, Fundacja Trzy Trąby, Belsat TV
Кантакты
З пытаннямі, датычнымі прэміі, звяртайцеся, калі ласка, на [email protected]
Карысныя спасылкі