Эрытрэя: адкрыты ліст прэзідэнту Ісаясу Афеворкі

Апошняе абнаўленне: 18 верасня 2026
Эрытрэя: адкрыты ліст прэзідэнту Ісаясу Афеворкі

18 верасня 2026 года: Вядомыя пісьменнікі і пісьменніцы з усяго свету падпісалі адкрыты ліст прэзідэнту Ісаіясу Афеворкі ў падтрымку глабальнай кампаніі PEN Proof of Life («Пацвярджэнне жыцця»). Сярод падпісантаў — лаўрэаты Нобелеўскай прэміі Вольга Такарчук і Дж. М. Кутзэе; прэзідэнт PEN International Бурхан Сёнмез; лаўрэат Нойштацкай міжнароднай літаратурнай прэміі Рохінтан Містры; лаўрэаты Букераўскай прэміі Бэн Окры і Ян Мартэл; лаўрэатка Прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў Ціці Дангарэмбга; лаўрэатка медаля Нацыянальнага кніжнага фонду ЗША за выбітны ўнёсак у амерыканскую літаратуру Ісабэль Альендэ; лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі Энтані Дор; лаўрэат Дублінскай літаратурнай прэміі IMPAC Колм Тойбін ды іншыя.

У лісце гучыць заклік даць праверанае пацвярджэнне таго, што 12 эрытрэйскіх пісьменнікаў і журналістаў, якіх з 2001 года ўтрымліваюць без сувязі са знешнім светам, жывыя, а таксама пакласці канец 25 гадам маўчання і гвалтоўных знікненняў.

Спадар Прэзідэнт!

18 верасня 2026 года спаўняецца роўна 25 гадоў з таго дня, як Ваш урад распачаў жорсткія рэпрэсіі супраць крытыкаў Вашай адміністрацыі. За лічаныя дні свабодная прэса Эрытрэі і незалежныя галасы краіны былі сістэматычна задушаныя.

Падчас гэтых рэпрэсій сілавыя структуры адвольна арыштоўвалі і затрымлівалі журналістаў, пісьменнікаў і паэтаў, якія спадзяваліся пабудаваць справядлівую, мірную і дэмакратычную Эрытрэю. Сёння мы ўзгадваем іх імёны: Амануэль Асрат; Давіт Хабтэміхаэль; Давіт Ісаак; Фесехаі «Джошуа» Ёханэс; Матэас Хабтэаб; Медхані Хайле; Сахле «Ведзі-Ітай» Цегазеаб; Саід Абдэлькадыр; Саід Ідрыс «Абу Арэ»; Сеюм Цэхае; Тэмэсген Гебрэесус; Юсіф Махамед Алі.

На працягу чвэрці стагоддзя гэтых людзей утрымліваюць без сувязі са знешнім светам, пазбавіўшы доступу да юрыдычнай дапамогі, медыцынскай дапамогі і кантактаў з блізкімі. Яны ўваходзяць у лік пісьменнікаў, якія найдаўжэй у свеце знаходзяцца ў зняволенні. Іх адзіная відавочная «віна» палягала ў тым, што яны былі незалежнымі галасамі і гаварылі пра Эрытрэю, якую марылі бачыць у будучыні. Яны ўвогуле не павінны былі апынуцца пад вартай.

Сем’і гэтых пісьменнікаў, народ Эрытрэі і сусветная літаратурная супольнасць ужо 25 гадоў сутыкаюцца з пакутлівым і незаконным маўчаннем. Утойванне любой інфармацыі пра стан іх здароўя, месцазнаходжанне і пра тое, ці жывыя яны, з’яўляецца парушэннем міжнароднага права і праявай жорсткасці.

Мы, ніжэйпадпісаныя пісьменнікі, журналісты, паэты, выдаўцы і праваабаронцы з розных куткоў свету, звяртаемся сёння да Вас з адным неадкладным патрабаваннем: неадкладна падайце праверанае пацвярджэнне таго, што ўсе адвольна затрыманыя эрытрэйскія пісьменнікі і крытыкі жывыя.

Спадар Прэзідэнт, будучыня Эрытрэі павінна будавацца з удзелам яе найлепшых розумаў, а не на іх падаўленні. Ніводзін пісьменнік ці журналіст не павінен стаць ахвярай гвалтоўнага знікнення за мірнае выказванне сваіх поглядаў.

Мы застаёмся салідарнымі з нашымі зніклымі калегамі і не спынім сваіх намаганняў, пакуль яны не будуць на волі.

Прачытаць па-англійску ліст і яго падпісантаў, а таксама падпісаць можна тут.