Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Наш пяшчотны і бязлітасны сюр
«Боў і мерць у Хротне» – Дзяніс Трусаў
(Kamunikat.org, 2025)
Зазірніце ў гэты сусвет, створаны з кавалкаў успамінаў, рэшткаў адчуванняў, абрыўкаў памяці і – сноў. Усё ў ім міражнае, зыбкае і нетрывалае, акрамя… Акрамя любові да роднага горада і кахання да жанчыны. Пабачце, што застаецца ад нас саміх, што збярэцца ў існае з тых нашых думак і эмоцый, якія злятаюць у сусвет штоімгненна і якімі, у сутнасці, ёсць мы самі, сапраўдныя, раствораныя ў сусвеце электрамагнітнымі хвалямі. Задумайцеся, хто мы і што мы.
Кніга Дзяніса Трусава – рэдкі на сёння ў беларускай літаратуры жанр, які спалучае ў сабе элементы фантастыкі, гарадскога фэнтэзі, магічнага рэалізму і сюррэалізму. Апошняга тут найбольш, палатно тэксту ткалася на нітках-сімвалах.
Мова аўтара – жывая і непасрэдная, багатая і разнастайная – прынясе асалоду аматарам чытання беларускай літаратуры.
Разам гэта цікавы і захапляльны твор, у шэрагу новых нашага белліту.
Кароткія «Міфы і паданні…» уразяць нават падрыхтаванага чытача сваёй неймавернасцю і арыгінальнасцю аўтарскай фантазіі.
***
Той самы выпадак, калі назва кнігі выклікае напачатку падсвядомы супраціў – маўляў, аўтар хоча быць арыгінальным. Але пасля прачытання разумееш: а іншай назвы і быць не магло. І менавіта боў і мерць – бо ў сусвеце, створаным аўтарам, дакладней, ягоным героем, такія словы і паняцці не могуць мець рацыянальнай завершанасці.
Першае выданне кніга мела пад жанрам «навуковая фантастыка». Для мяне гэта прынамсі перабольшванне. З фантастычнага тут хіба вось гэтае:
…З Хротнай здарылася горадакрушэнне, хтосьці так гэта назваў, напачатку, вось і павялося. Ніхто як след не разумее дакладна, што менавіта адбылося, але ўсё гэта адчуваюць і ведаюць. Стуль, як гэта здарылася – блякнуць дамы і людзі, блытаюцца думкі, нават час тут зламаны…
З навуковага – тая самая разгадка ўсяму, якая з’яўляецца прыканцы. Іншапланетны розум, іншае… Як па мне, дык менавіта гэтага можна было і пазбавіцца – вось гэтага фінальнага акорда, які гучыць трохі дысанансам, нейкім чынам нават разбурае тую магічнасць, створаную аўтарам.
Дарэчы, нехта назваў тэкст магічным рэалізмам…
Дый хіба гэта важна – пошукі патрэбнай палічкі з адпаведным жанрам, куды льга будзе паставіць кнігу? Дзяніс Трусаў стварыў тэкст – тэкст, у якім ажыў сусвет мрояў і пачуццяў. Складаны, няпросты, захапляльны – і поўны любові. Калі ўсё ж надта хочацца вызначыць тую палічку, то варта пашукаць месца там, дзе сюррэалізм. Мне так падаецца.
З сюррэалізмам я першы раз спаткаўся ў сваім юначым пубертатным узросце. Выява аголенай не пакідала сабе шанцаў быць не заўважанай. Мяне заварожвала разняволенае цела соннай жанчыны, а вось нейкія тыгры зверху, вінтоўкі, рыба і іншае – раздражнялі. Нахалеру яны? І так жа прыгожа… Гэтыя «лішнія элементы» толькі стваралі нейкую трывожнасць, ці што… Праз колькі гадоў мне патрапіцца артыкул пра карціну Далі «Сон, навеяны палётам пчалы» – і я праглыну яго, дыхаючы праз раз. І з таго часу пачну разумець: сюррэалізм – гэта асобны сусвет. Гэта думка, пачуццё, стан, выяўленыя праз сімвалы. Таму і адношу гэтую кнігу менавіта да сюррэалізму.
Бо сусвет, у якім існуе галоўны герой, ствараецца ім жа самім, а дакладней – ягонай падсвядомасцю. Пра гэта мы пачынаем здагадвацца з траціны тэксту, а фінальная частка якраз і раскрывае сутнасць. У аснову стварэння навакольнага асяроддзя кладуцца пачуцці і перажыванні, згадкі, успаміны больш ірацыянальныя, народжаныя падчас снення ці трансу.
Надта важна, што, як і на карціне Далі, у тэксце Трусава кожная дэталь – не выпадковая. Разуменне пэўнай логікі пабудовы прыходзіць спакваля. Чытач быццам блукае ў вялізным мурашніку, нешта бачыць, некага сустракае, з некім гаворыць – і пакрысе перад ім раскрываецца стройная сістэма ўнутранай архітэктуры. І гэты момант я б падкрэсліў асабліва: сюр Дзяніса Трусава – не дзеля сюру (а падобнае ў нашым белліце сустракаецца), аўтар старанна выбудоўвае цэласны і дасканалы сусвет, тайну якога – той самы выхад з мурашніка на паверхню – чытач знойдзе на апошніх старонках.
У сюррэалізме ўсяму ёсць месца, у тым ліку знешняму абсурду. Абсурд у кнізе не выклікае адпрэчвання ці неўразумення – ён, гэты абсурд, лёгкі, ён не грувасціцца, не раздражняе, часам выклікае светлую ўсмешку і згадку пра аўтара, які змог вось менавіта так: па-новаму, арыгінальна, з ненавязлівым гумарам:
…гатэль пад неонавай шыльдай «Неонавая шыльда»…
– Вы чыталі тутэйшыя свежыя газеты?
– Не, не давялося.
– Дык вось, яны нясвежыя.
У іх там унізе часам нешта крыва ўсё спрацоўвае і музей злучаецца з мужчынскай прыбіральняй, або туалет – з метро, або ўсё разам.
Варта асобна спыніцца на іншапланетнай істоце з дзвюма галовамі, адна з якіх падтрымлівае размову на ўзроўні чалавека ў свядомасці, а другая – бы дурнаваты бэйбус. Але ж кароткія рэплікі гэтай хворай на ўсю галаву галавы пасля кароткіх каментароў здаровай набываюць не толькі сэнс, а і трапную, бязлітасную ацэнку пэўнага моманту. Дзве скрайнасці – вытанчаная выхаванасць і пашлаватая простасць. Тут без намёкаў і высноў.
…Імкліва градус ірацыянальнага дасягае таго пункта, калі галоўнае пытанне ўжо не «Што адбываецца?» – але «Чаму адбываецца?» І за гэтай зменай фокуса раптам бачыцца адзіна сапраўдная магчымасць зразумець немагчымае.
Згадзіцеся, якім бы дасканала ні быў прадуманы абсурд, якой бы маляўнічай ні была фантасмагорыя, услед за арыгінальнай задумай з’яўляецца задача, так мовіць, чыста тэхнічная: перадаць гэта на паперы. І тут мова аўтара выяўляецца галоўным інструментам, а ягоная здольнасць карыстацца ім уражвае. Нязмушаная лёгкасць нават пры сказах у некалькі дзясяткаў слоў, недзе – флёр гумару, прыхаваная іронія, часам – сарказм, а разам (трэба прызнаць) – бязлітаснасць да героя, да аўтара, да нас, чытачоў.
І пры гэтым мова – багатая, смачна аздобленая дзе наватворамі, дзе неяк даўно зніклымі з карыстання, але такімі ёмкімі беларускімі словамі: сшэрхлі ў сонным пацалунку; лашчыць чужаснай квакушкай; жалюгодным натоўпам…
Асаблівы прыём аўтара: даваць як мага больш азначэнняў, апісанняў, тлумачэнняў нейкай з’яве, якая падаецца важнай для героя. Напачатку, чаго хаваць, гэта трошкі здзіўляе, пасля быццам і раздражняе, потым ты да яе прывыкаеш, а далей ужо і рады сустрэць, бо тут чакаеш напаткаць яшчэ адну асаблівасць у асаблівасці – парадаксальнасць:
Да нашых вуснаў дакрануліся яловыя галінкі, цынкавыя шпулькі, крапіўныя далонькі, жаданыя п’явачкі, валашковыя казытанні і рамонкавыя абдыманні, плакун-трава і сон-трава, незабудкі і альцгеймераўкі, трыпутнікі і скотамагільнікі, помнікі і мяты, бэзавыя вільготныя губкі і ядлаўцовыя суворыя вочкі.
Прабачце, зараз будзе яшчэ адна – вялікая – цытата, але мне вельмі хочацца, каб вы звярнулі на яе ўвагу (дый самому хочацца яшчэ раз ажывіць у памяці гэты гімн рацэ:
Я зрабіўся ракой, а не чалавекам, я стаў старажытным богам ракі і дзяўчаты ў белых ільняных сарафанах пускалі вянкі па маіх водах, ува мне хрысцілі дзяцей і тапілі кацянят. Па мастах цераз мяне перапраўляліся апаленыя змучаныя войскі і абарваным жалюгодным натоўпам шыбавалі ў нікуды ўцекачы. Я ліўся без імя і без спагады, плаўна пражываў мільёны рыбіных і рачыных жыццяў у сваім улонні, сцішыўся як мянтуз пад карчом і дурэў як апалонік, станавіўся непратачальнай чорнай нервовай цякучай жывёлай па начах і разамлелай прыспанай парнай амёбай у пару сонечных летніх поўдняў. Мяне скуў лёд, тонкі лёд, тоўсты лёд, розны лёд, падступны лёд, я ахутваў у халодныя коканы водарасцяў яшчэ разгарачоных канькабежцаў у вясёленькіх шапачках і праваленых на вадапоі ашалелых аленяў, я песціў на глыбіні косткі напалеонаўскіх валтыжораў і хаваў у глыбокай твані самаходныя гаўбіцы, «якаў», які штурмануліся з неба, і месершмітаў, і бандыцкіх, зрашэчаных аўтаматнымі чэргамі мэрсэдэсаў. Часам на плыткай вадзе я станавіўся задуменным марудам і ўва мне абмывалі ногі і мылі бялізну крыклівыя цыбатыя дзеўкі. На маіх берагах будавалі і спальвалі замкі і вёскі, а мне ўсё цяклося і былося – скрозь усё, скрозь усіх і хоць наперадзе заўсёды са мной здаралася шчасная салёная смерць – там, дзе я станавіўся морам, але адначасова з гэтай смерцю я вычыста пражываў і прэсную, плыткую, але велічную неўміручасць бога ракі.
І яшчэ караценькая:
…маёй вадой палівалі клумбы, гасілі пажары і змывалі кроў з плошчаў…
Вядома, то быў гімн Нёману. А разам кніга – прызнанне ў любові да роднага горада, які аўтар бачыць напоўненым чараўніцтвам, магіяй і містыкай, які стаўся пагранічным горадам не проста ў геаграфічным плане, але ў плане духоўнага жыцця. Горадакрушэнне магчымае толькі ў Хротне…
І яшчэ гэтая кніга – пра каханне. Не цалкам нам зразумелае, без пачатку, сярэдзіны і вытлумачальнага канца, але ад гэтага не меней шчымлівае і трапяткое. Сапраўднае. Менавіта абраны жанр дазваляе зірнуць на гэтае пачуццё як на нешта цалкам ірацыянальнае, непадуладнае чалавеку – і пры гэтым здольнае як ствараць, так і забіваць.
…На першы погляд, «Дадаткі. Паданні і міфы нябеснай Балгарыі» стаяць воддаль ад гісторыі камандзіровачнага. Але канцэнтрацыя магічнага і нечаканага ў іх нічым не саступае асноўнаму тэксту і яшчэ больш раскрывае здольнасць аўтара ў стварэнні фантасмагарычнага, фантастычнага і абсурднага. Міфы часам жорсткія (я ўжо згадваў бязлітаснасць аўтара), іх галоўная думка прыканцы гэтаксама мае элемент парадоксу:
А Яўдокія так у вяночку і засталася стаяць у полі – з разбітым сэрцам. А яно ў яе, між іншым было ўсяго адно.
Пастаяла так пасярод поля тыдзень, пасівела і звар’яцела і да канца жыцця толькі і ўмела што лыжку трымаць і ў люстэрку саму сябе перапісваць.
Нябесныя Балгары кажуць:
«Калі ў цябе два сэрцы – няхай адно будзе поўніцца нянавісцю, а другое – любоўю, таму што калі абодва сэрцы поўняцца нянавісцю, яны баляць, а калі абодва поўныя любоўю – чалавек гэтым сэрцам ужо не гаспадар».
Вы здагадаліся – тут усё пра Беларусь.
І зноў жа, сустрэтая і тут, у дадатках, парадаксальнасць у падзеях, сюжэтах, учынках цешыць чытацкае чаканне. Асаблівы погляд на жыццё, пераасэнсаванне рэчаіснасці ці яе часткі ў абсурдзе, які нейкім чынам адно і робіцца сапраўдным у гэтым зыбкім сусвеце.
Некаторыя фразы, думкі з дыялогаў гучаць, адзываюцца ў грудзях незразумелым адразу шкрабаннем, заціхаюць, а пасля вяртаюцца ўжо ўсвядомленым вусцішам: і з табой жа гэтак во тут і цяпер:
Самае дзіўнае, што мне зараз здаецца, быццам так было заўжды. Я перастаю памятаць, як яно было раней, ды і ці было наогул…
Ян Тарасенка
Сёлета прэмія Гедройця адзначае сваё 15-годдзе. Юбілейная цырымонія адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску. У Еўрапейскім цэнтры салідарнасці будуць абвешчаныя пераможцы прэміі, пройдуць аўтарскія сустрэчы, дыскусіі, выстава, кірмаш беларускай кнігі і іншыя падзеі. Далучайцеся да свята беларускай літаратуры, уваход вольны!
Калі: 7 лістапада 2026 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры прэміі | Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», «Будзьма беларусамі!», выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Belsat TV, Reform.news, Еўрарадыё, Польскі ПЭН-клуб, Асацыяцыя беларускіх выдаўцоў
Суфінансаванне | праект фінансаваны з дзяржаўнага бюджэту ў рамках польскага супрацоўніцтва ў мэтах развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.