• Навiны
  • Галасы
  • Алесь Бяляцкі: Турэмная машына карае чалавека і сцірае праўдзівы след сведкі

Алесь Бяляцкі: Турэмная машына карае чалавека і сцірае праўдзівы след сведкі

Апошняе абнаўленне: 23 красавіка 2026
Алесь Бяляцкі: Турэмная машына карае чалавека і сцірае праўдзівы след сведкі

20 красавіка 2026 года ў Варшаве прайшла сустрэча з нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, якая сабрала поўную залю сяброў і прыхільнікаў знанага праваабаронцы і літаратара. Гледачы сустрэлі Бяляцкага стоячы доўгімі воплескамі, а большая частка адведзенага часу пайшла на пытанні з залі і размову спадара Алеся з аўдыторыяй.

Напярэдадні вялікай сустрэчы ў Варшаўскім універсітэце з беларускай дыяспарай і польскай грамадскасцю Антон Рокша пагутарыў з Алесем Бяляцкім пра тое, чаму пасля Плошчы-2010 яму ўдалося перадаць на волю рукапісы і тэксты, якія сталі асновай некалькіх важных кніг, а другі тэрмін практычна не пакінуў такой магчымасці.

Пятнаццаць гадоў таму заставалася хоць і мінімальная, але ўсё ж прастора для творчасці. У выніку з’яўляліся кнігі, успаміны, турэмныя дзённікі палітычных вязняў. Складалася нават асяроддзе памяці: нашыя творы чыталі, абмяркоўвалі, падтрымлівалі іх выданне. Турэмны досвед, як бы жахліва гэта ні гучала, яшчэ можна было ператвараць у сведчанне і літаратуру. Рэзанансна!

Пасля 2020-га сістэма зрабіла высновы: пачала мэтанакіравана перакрываць не толькі фізічныя, але і камунікацыйныя каналы. 

Тэкст стаў успрымацца працягам супраціву. Чалавек, які запісвае, запамінае, асэнсоўвае, ужо не проста вязень. Ён цяпер сведка. Патэнцыйны аўтар, які нясе пагрозу будучыні сваіх катаў. Таму ў нейкі момант пачалі душыць не толькі саміх людзей, але і магчымасці ператварыць досвед у памяць.

Для людзей слова, творцаў гэта, бадай, фактычна асобная форма катавання?

У цябе забіраюць не проста ліст паперы. Знішчаецца твой спосаб утрымаць сябе, не распасціся. Робіцца так, каб твой голас праваліўся ў немату. Бо пісаць у зняволенні – гэта і літаратура, і самазахаванне. Магчымасць вызначаць сябе не толькі як аб’ект гвалту, але і як суб’ект памяці. Таму мемуары, лісты, дзённікі, вершы, нават дробныя нататкі – увесь «пабочны прадукт зняволення» пазначылі цэллю, па якой варта біць і біць. 

Тое, можа, і ёсць адна з самых істотных прыкмет новай рэпрэсіўнай машыны: яна хоча не толькі пакараць чалавека, але і пазбавіць яго права пакінуць пра сябе праўдзівы след.

Кіраўніцтва калоніі ўспрымала вас праваабаронцам – ці літаратарам?

Хутчэй менавіта пісьменнікам. Адкуль у іх гэта – не ведаю, але праходзіў па такой лініі.

Часам кідалі нават паўжартоўныя рэплікі: «Цярпі, бо як выйдзеш – напішаш кніжку пра калонію». І хіхікаюць паміж сабой. Хоць насамрэч яны і сапраўды разумелі значна больш, чым хацелі паказаць.

Разумелі і таму выпраўлялі недагляды сваіх папярэднікаў?

Так, ім удалося арганізаваць ці не татальную ідэалагічную блакаду. Не сказаць, што раней панавала нейкая свабода, але маштаб і форма кантролю адрозніваліся. Напрыклад, калі я пятнаццаць гадоў таму сядзеў у бабруйскай калоніі, цяперашні яе начальнік, які тады кіраваў аператыўным аддзелам, выклікаў і кажа, што Гары Паганяйла даслаў мне сваю кнігу з аўтографам: «Слухай, на рукі не перадам, бо шмат непатрэбнага. Масціся тут і гартай».

І я сядзеў у яго паўдня… Чытаў кнігу легендарнага праваабаронцы пра зніклых, палітычныя справы, пра тое, што адбывалася ў краіне. Урэшце аператыўнік кажа: «Ну што, прагледзеў? Добра. Цяпер падпісвай канверт, адашлём кнігу тваёй жонцы». 

Сёння ўсё змянілася. Перакрылі не толькі каналы перадаць накіды нейкіх артыкулаў або кніг – заглухла нават звычайнае бытавое ліставанне паміж роднымі, проста жыццёвае. Я, напрыклад, у 2025 годзе напісаў жонцы дванаццаць лістоў – па адным на месяц. Яна не атрымала ніводнага. А з адзінаццаці ейных да мяне дайшоў адзін. Вось і ўвесь вынік. 

З чым звязваеце гэткія рэзкія перамены?

Па-першае, з самімі рэпрэсіямі, якія выразна набылі сістэмны, маштабны характар. А па-другое – безумоўна, з вайной. Грымела ў Украіне і Расіі, але пад гэты шум у Беларусі наглуха перакрылі амаль усе інфармацыйныя патокі, што яшчэ заставаліся. Фактычна гэта было нешта вельмі блізкае да ваеннага становішча, толькі не абвешчанага афіцыйна. І найбольш выразна «навацыя» ўдарыла па зняволеных. Моцны ўдар найперш па палітычных.  

Тады канчаткова зразумеў, што ўсё, старыя магчымасці скончыліся.

Дарэчы, адразу пасля арышту ў СІЗА я ўжо пачаў пісаць калі не кнігу, то тэксты: пра 1990-я, пра музей Багдановіча, як мы яго стваралі, што там адбывалася, пра грамадскія і культурныя акцыі, пра маё дэпутацтва ў гарсавеце. Фактычна ладны кавалак жыцця, у які ўмясцілася вельмі важная частка працы і станаўлення. Паспеў адаслаць Наталлі недзе дзесяць ці дванаццаць частак. А потым усё разам абарвалася.

Паўстала вельмі простае, але страшна важнае пытанне: як захаваць астатняе? Вырашыў, што прывязуць у калонію, дык пакіну рукапісы на складзе, разам з асабістымі цывільнымі рэчамі. Меў надзею, што, можа, калісьці ўдасца іх выцягнуць. Бо паводле правілаў тыя лісты ўжо ўключаныя ва ўнутраны ўлік. Але ў дзень дэпартацыі выцягнулі мой мех са шмоткамі і рукапісы адабралі, не дапамаглі ніякія просьбы-патрабаванні.

Выходзіць, знікла практычна напісаная кніга.

Яшчэ і прысуд у нашай справе – больш як трыста старонак, цэлы том. І ўся перапіска, і ўсе мае скаргі з копіямі, і дзённік. Вёў яго амаль увесь час, пакуль сядзеў: за два гады там таксама набралася багата. І яшчэ я пачаў пісаць успаміны пра дзяцінства…

Калі перакласці на кніжны фармат, колькі гэта старонак?

Як усё разам – семсот мінімум.

Драма.

Вельмі балючая асабістая страта. 

Падобная гісторыя закранула іншых вядомых людзей. Гэта значыць, перад намі не выпадковасць і не асобны эксцэс, а цалкам асэнсаваная практыка. Блакуецца найважнейшая крыніца дакументавання падзей у беларускай пенітэнцыярнай сістэме пасля 2020 года.

Адбіраюць не бытавую драбязу ці нейкія інтымныя прызнанні – анулююць важныя сведчанні, жывыя дакументы эпохі. Як ніхто іншы, я разумею: гэта не проста бяда, а катастрофа. Бо ў праваабарончым асяроддзі, у той жа «Вясне», мы даўно паставілі дакументаванне падзей на вельмі сур’ёзны прафесійны ўзровень. Бо гэтым трымаюцца і памяць, і будучы аналіз, і маральны суд над сістэмай.

Слаба цешыць хіба тое, што на самым пачатку, пакуль рэпрэсіўны махавік яшчэ не набраў абароты, нешта ўсё ж паспела праскочыць. 

Жаданне зрабіць так, каб як мага менш інфармацыі выходзіла з турмы і заходзіла ў яе, – гэта спроба замесці сляды. Але зачысціць усё да канца не ўдасца. 

Я дакладна напішу кнігу пра тое, што перажыў. Спадзяюся, зраблю гэта за год…

Фота: Беларускі ПЭН.