verse X change: «Партыя канчаецца нічыёй». Транстромер (ды іншыя вершы) па-беларуску

Апошняе абнаўленне: 24 сакавіка 2026
verse X change: «Партыя канчаецца нічыёй». Транстромер (ды іншыя вершы) па-беларуску
Фота: Беларускі ПЭН

Дзвюма творчымі анлайн-сустрэчамі распачаўся супольны беларуска-дацка-шведскі літаратурны праект verse X change. Дзесяць нашых аўтарак і аўтараў паедуць у Данію і Швецыю, дзе сустрэнуцца з калегамі з гэтых краін і будуць працаваць з імі ў парах, робячы ўзаемныя пераклады. У выніку сучасная беларуская паэзія з’явіцца па-дацку і па-шведску, а дацкія і шведскія аўтары будуць апублікаваныя па-беларуску.

Першае спатканне адбывалася ў фармаце лекцыі, прысвечанай агульным выклікам, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі паэзіі. Канспект лекцыі можна пачытаць тут.

Другая анлайн-сустрэча была прысвечана разбору перакладаў, якія зрабілі беларускія паэткі і паэты. Згодна з умовамі ўдзелу ў праекце, яны падалі на конкурс свае паэтычныя пераклады – і годна перамаглі з імі.

У ходзе дыскусіі некаторыя з перакладаў цытаваў і каментаваў мадэратар, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, часам ілюструючы тымі ці іншымі фрагментамі пэўныя заканамернасці перакладчыцкай працы. Апроч гэтага, паэты і паэткі атрымалі на папярэдняй сустрэчы творчае заданне, вынікі якога таксама былі прэзентаваныя і разабраныя.


Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, бард. Выкладае ў Школе маладога пісьменніка і вядзе Перакладчыцкую майстэрню.

Аўтар амаль двух дзясяткаў паэтычных кніг. Ягоныя вершы і эсэ перакладзеныя на розныя мовы. Сам перакладае з ангельскай, французскай, польскай, расійскай ды ўкраінскай моваў. Лаўрэат шматлікіх прэмій, у тым ліку прэміі Арсенневай, прэміі Шэрмана і Кнігі году.


***

Мадэратар звярнуў увагу сваіх калег на эквірытмічнасць перакладу: трэба імкнуцца захаваць рытм арыгінала або наблізіцца да яго, калі поўнае захаванне немагчымае. Часам, раіў ён, дастаткова проста голасна прачытаць пераклад (а калі ёсць магчымасць, то і паслухаць арыгінал), каб адчуць хібу і паправіць рытм. І праілюстраваў гэта спробай перакладу на беларускую класіка ўкраінскага «Расстралянага адраджэння» Геа Шкурупія. Арыгінал:

Тихше, тихше, місто!
Зупинись, анархії хода!
Довіку здивована свистом
на розі стоїть свята…

Пераклад удзельніцы:

Горадзе, стой, спыніся!
Сціхні, анархіі гул!
Давеку здзіўлёная свістам,
стаіць святая на рагу…

Чытач відавочна спатыкаецца на чацвёртым радку. Прапанова інверсіі:

Горадзе, стой, спыніся!
Сціхні, анархіі гул!
Давеку здзіўлёная свістам,
святая стаіць на рагу…

***

Некаторыя ўдзельнікі і ўдзельніцы прапанавалі на конкурс свае пераклады рыфмаванай паэзіі, таму падчас дыскусіі, вядома ж, абмяркоўвалася і праблема захавання рыфмы. У вершы ўкраінскай паэткі Ірыны Навіцкай у арыгінале чытаем:

Зорі уперті, 
Зорі знають своє
Їм лиш би ввечері вийти – а там як піде!.. 
Нам співчуває всесвіт, в якому є
є
є!!! – 
наша прекрасна республіка – північ і південь

Арыгінал, як бачым, рэгулярна рыфмаваны. Больш за тое, адна з рыфмаў патройна паўтараецца, што ёсць вельмі важным у тэксце момантам. У беларускім перакладзе ўдзельніцы рыфма дае збой, і менавіта на гэтым паўторы:

Зоры ўпёртыя,
Зоры сваё ведаюць:
Ім бы толькі ўвечар выйсці – а там як пойдзе!..
Нам спачувае сусвет, у якім ёсць,
Ёсць,
Ёсць!!! –
Наша цудоўная рэспубліка – поўнач і поўдзень…

Апроч гэтага, рытм сям-там спатыкаецца за кошт несупадзення ў канчатках займенніка, а таксама кароткай формы прыметніка (гэтыя праблемы рэгулярна сустракаюцца ў перакладах украінскай паэзіі на беларускую мову). Апошняе цалкам вырашальнае – напрыклад, можна памяняць канструкцыю, каб прыметнік апынуўся ў іншым склоне. Прапанавана:

Зоры ўпартыя,
Зоры ведаюць досць:
Ім бы толькі ўвечары выйсці – а там як пойдзе!..
Нам спачувае сусвет, бо ў сусвеце ёсць,
Ёсць,
Ёсць!!! –
Нашай цудоўнай рэспублікі поўнач і поўдзень…

***

Наступная парада вельмі часта агучвалася на занятках Перакладчыцкай майстэрні. Яна вынікае з таго, што мастацкі пераклад – гэта найперш пісанне, тварэнне тэксту на тваёй мове (хай сабе і пад жорсткім кантролем арыгінала). Таму, зрабіўшы чарнавік перакладу, паспрабуйце як бы на хвіліну забыць пра арыгінал і ацаніць, ці выглядае добра пераклад як мастацкі тэкст на вашай мове. Як беларускія словы счапляюцца між сабой і стылістычна працуюць. Паспрабуйце знайсці ды паправіць хібы – і толькі ўжо на трэцім, наступным этапе працы зноў суаднесці тэкст з арыгіналам. 

У вершы Міны Лой у паэтычным перакладзе Сені Стасюкевіч чытаем такое:

Аднойчы ў мезаніне
Зорнае скляпенне
Атуліла няўяўную сям’ю
Птушкападобных спаронаў
З чалавечымі глоткамі
І вачыма Мудрасці
Якія насілі чырвоныя сукенкі-абажуры
І ваўняныя валасы

Адна насіла дзіця
Ў слінгу з подбіўкай…

Арыгінал:

Once in a mezzanino
The starry ceiling
Vaulted an unimaginable family
Bird-like abortions
With human throats
A n d Wisdom’s eyes
Who wore lamp-shade red dresses
And woolen hair

One bore a baby
In a padded porte-enfant…

У перакладзе паўтараецца (на досыць блізкай адлегласці) дзеяслоў, які ў арыгінале выражаны рознымі словамі. Варта дабіцца гэтага ж эфекту і ў перакладзе.

***

Адваротная праблема сустракаецца, калі перакладчык пачынае рэдагаваць арыгінал, калі яму здаецца, што ён больш за аўтара ведае, як лепей. Такі сабе «грэх перфекцыянізму», які змушае перапісваць твайго аўтара. У таго ж Геа Шкурупія чытаем:

Підсліпуватим ліхтарем
під
вчилась танцювати вальса,
вустами вогкими бушмена
ніч
цілувала знесилені пальці.
Брудний вечір приймав молитви
зі стомлених вуст
про недосяжні країни в повітрі
і про капелюха замість хустки.

Аўтар паўтарае слова двойчы, а ў беларускім перакладзе на месцы паўтору з’яўляюцца два словы-дублеты. Навошта?

Падслепаватым ліхтаром
пад
вучылася танчыць вальс,
губамі волкімі бушмена
ноч
цалавала знясіленыя пальцы.
Брудны вечар прымаў малітвы
са стомленых вуснаў
пра недасяжныя краіны ў паветры
і пра капялюш замест хусткі.

Далей – болей. Арыгінал:

І, як привид
минулої невинности,
з’являється щовечора панна в чорному
під сліпим ліхтарем…
Зламано невинности шкиви,
вогнем не спалахує горн.

Пераклад:

І, як прывід
мінулай цноты,
з’яўляецца штовечар панна ў чорным
пад сляпым ліхтаром…
Зламаныя нявіннасці шківы,
агнём не шугае горн.

«Мінулая цнота» – такая сабе стылістычная знаходка. Можа, і не варта было мяняць арыгінальную «нявіннасць»?

***

Спыніліся ўдзельнікі дыскусіі і на праблемах транслітарацыі замежных імёнаў і назваў, якія не заўсёды відавочныя і лёгка вырашальныя. Напрыклад, толькі імя культавага сучаснага літаратара Жадана (па-ўкраінску Сергій) транслітаравалася на беларускую прынамсі чатырма спосабамі: Сяргей-Сэргій-Сяргій-Саргій. 

Усё яшчэ складаней, калі традыцыі і асаблівасці тваёй мовы і культуры прапануюць адно рашэнне, а эмпатыя і салідарнасць – іншае. Так, украінская паэтка Катэрына (Кацярына? Катарына?) Міхаліцына піша:

ти занадто розслаблена – в Києві бачили тебе
між квітучих каштанів,
а у Львові – на Ринку із кавою.
і жодного разу в сльозах.

У беларускім перакладзе:

занадта разняволеная – у Кіеве бачылі цябе
між каштанавай квецені,
а ў Львіве – на Рынку з каваю.
і ні разу не плакала.

Парадокс: тое, што па-ўкраінску пішацца як «Львові», у беларускай версіі ператвараецца ў «Львіве». Прагучалі розныя аргументы, але адназначнага рашэння не было. Мадэратар прыгадаў, што лідар Народнага Руху Украіны В’ячеслав Чорновіл для беларусаў (у тым ліку й найбліжэйшых паплечнікаў) заўжды быў Вячаслаў Чарнавол. Але ці вырашае гэта пытання Львіў/Львоў? А вы як думаеце?

***

Тумас Транстромер. Фота: Frankie Fouganthin

Другую палову сустрэчы заняў разбор хатняга творчага задання. Паэткі і паэты атрымалі васьмірадковы верш шведскага набеліста Тумаса Транстромера разам з яго беларускім падрадкоўнікам. Верш «Сярэднявечныя матывы» можа перагукацца з культавым фільмам Інгмара Бергмана «Сёмая пячатка» (1957) і відавочна натхнёны знакамітай фрэскай Альбертуса Піктара «Смерць гуляе ў шахматы» з храма ў Тэбю (каля 1480 г.), дзе выяўлены мужчына, які гуляе ў шахматы са Смерцю (беларусам тут грэх не згадаць Уладзіміра Караткевіча і яго «Ладдзю Роспачы», таксама натхнёную згаданымі шэдэўрамі).

А яшчэ гэты верш, як і некаторыя іншыя творы Транстромера, напісаны сапфічнай страфой, што стала дадатковым сур’ёзным выклікам для нашых паэтак і паэтаў. Геніяльная аўтарка з вострава Лесбас Сапфо жыла ў VII–VI стагоддзях да новай эры і не толькі атрымала ад Платона імя «дзясятай музы», але і стварыла сваю ўласную цвёрдую паэтычную страфу, якой і напісаная большасць яе вершаў, што дайшлі да нас. Вось фрагмент аднаго з самых славутых яе твораў у перакладзе Лявона Баршчэўскага:

Сапфо. Фота: Wikimedia Commons.

Роўным богу мне падаецца ў шчасці
Чалавек, які, гэтак блізка-блізка
Седзячы з табой, твой пяшчотны голас
Слухае ўважна.

І цудоўны смех. У мяне пры гэтым
Перастала сэрца б адразу біцца.
Як цябе я ўбачу – больш не магу ўжо
Вымавіць слова…

А вось фрагмент з верша рымскага лірыка Гая Валерыя Катула, які спачатку блізка да тэксту наследуе Сапфо, а потым перайначвае тэму ў духу самаіроніі, – таксама класічны ўзор сапфічнай страфы:

…Слухацца не хоча язык, пад скурай
Полымя ліецца, ды гуд нямоўчны
Вушы напаўняе, ды засціць вочы
Цемра начная.

Праз гультайства ты, мой Катуле, чэзнеш,
У гультайстве прага твая й суцеха,
Праз гультайства многа змарнела царстваў
Разам з царамі.

Пераклаў з лаціны Антон Францішак Брыль.

***

Педантычна кажучы, малая сапфічная страфа складаецца з трох адзінаццаціскладовікаў і аднаго пяціскладовіка. Калі дапасоўваць антычную метрыку да нашай сілаба-тонікі, то націскі ў трох першых радках падаюць на 1-ы, 3-і, 5-ы, 8-ы, 10-ы склады, і ў апошнім радку – на 1-ы і 4-ы.

—U ¦ —X | —UU— | U— ¦ X
—U ¦ —X | —UU— | U— ¦ X
—U ¦ —X | —UU— | U— ¦ X
—UU | —X

Фрэска Альбертуса Піктара «Смерць гуляе ў шахматы»

Вось шведскі арыгінал:

Medeltida motiv

Under vårt förtrollande minspel väntar
alltid kraniet, pokeransiktet. Medan
solen sakta rullar förbi på himlen.
      Schackspelet pågår.

Ett frisörsaxklippande ljud från snåren.
Solen rullar sakta förbi på himlen.
Schackpartiet avstannar i remi. I
      regnbågens tystnad.

А вось падрадкоўнік – такі, якім ён быў зроблены падчас падрыхтоўкі беларускага зборніка Транстромера «Пад вольным небам» у 2017 годзе:

Сярэднявечныя матывы

Пад нашай чароўнай мімікай чакае
заўсёды чэрап, каменны твар. Пакуль
сонца павольна коціцца міма па небе.
                  Ідзе гульня ў шахматы.

Гук цырульніцкіх нажніцаў
          [«цырульніцканажніцаварэжучы гук»] з зарасцяў.
Сонца павольна коціцца міма па небе.
Шахматная партыя спыняецца нічыёй. У
                 цішыні вясёлкі.

Тоўстым курсівам вылучаныя хібы і недапрацоўкі гэтага даслоўніка, здольныя негатыўна паўплываць на паэта-перакладчыка, калі ён (ці яна) возьме за крыніцу інфармацыі толькі гэты даслоўнік. На папярэдняй сустрэчы ўжо вялася размова пра небяспеку нятворчага і дагматычнага карыстання падрадкоўнікам, які, з аднаго боку, не заўжды дае ўяўленне пра форму арыгінала, а з другога – можа мець у сабе памылкі, якія – пры некрытычным падыходзе – могуць перайсці ў паэтычны пераклад. 

Афіша да фільма Інгмара Бергмана «Сёмая пячатка»

Што і здарылася з некаторымі нашымі перакладамі. «Шахматная партыя спыняецца нічыёй», – чытаем у Стэфы Лісоўскай, якая даслоўна паўтарае стылістычную хібу падрадкоўніка. «Партыя шахмат спыніцца нічыёй», – перакладае Ганна Шакель.

Іншы недахоп падрадкоўніка – шосты радок у ім даслоўна паўтарае трэці, тады як у арыгінале два словы ў адпаведных радках мяняюцца месцамі. Гэтага ў выніку не заўважылі і не адлюстравалі ў перакладзе некалькі паэтаў – і першым з іх Андрэй Хадановіч, які перакладаў верш у 2017 годзе. Да іх гонару, уважліва паглядзелі ў шведскі тэкст і адлюстравалі ў перакладзе гэту яго асаблівасць Стэфа Лісоўская, Хрозя Віцíк, Юля Цімафеева, Яна Санько і Сеня Стасюкевіч.

Па-трэцяе, у даслоўніку ніяк не пазначана, што ў шведскім тэксце ўжываецца слова, аналагічнае англіцызму «покерфэйс» (ёсць толькі словазлучэнне «каменны твар», што, пагадзіцеся, не зусім тое самае). У выніку толькі ў двух перакладах, Яны Санько і Стэфы Лісоўскай, гэты падступны «покерфэйс» з’яўляецца. Дзеля справядлівасці, адсутнасць у астатніх перакладах гэтага слова зусім не абавязкова вынікла з няўважлівасці паэтак і паэтаў. Сёй-той з іх не ўжыў яго цалкам свядома, палічыўшы, што яно не зусім пасавала б тут стылістычна.

***

Калі аналізаваць канкрэтныя пераклады, то яны відочна падзяляюцца на тры групы. Першая засяроджаная на сэнсе ды вобразах арыгінала – і нават не прэтэндуе на эквірытмічнасць. Сапфічная страфа першай прыносіцца ў ахвяру, затое ў астатнім пераклады імкнуцца следаваць аўтарскай задуме. Калі можна ўявіць гэтую задуму, – заўважыў бы скептык, – у адрыве ад арыгінальнай метрыкі. Параўнайма, вось пераклад Хрозі Віцíк:

За прывабнай гульнёй абліччаў нас чакае
ўсечасна чэрап, гранітны твар. Пакуль
сонца павольна коціцца міма па небе.
Цягнецца партыя ў шахматы.

Гук нажніцаў цырульніцы ў гушчары.
Скончана ўнічыю партыя ў шахматы.
Сонца коціцца міма па небе павольна. У
цішыні вясёлкі.                                           

Уладзімір Караткевіч. Фота: газета «Звязда»

А вось таксама не-эквірытмічны пераклад Іллі Сініцы. Звярніце ўвагу на рэверанс у бок Караткевіча ды іншых папярэднікаў – цікавую паэтычную вольнасць «ладдзя сонца»:

Спадыспаду нашых чароўных цягліц заўсёды
Хаваецца чэрап, твар з мармуру. Тым часам
Ладдзя сонца спакваля плыве па небе.
Партыя ў шахматы.

Цвырканне цырульніцкіх нажніц даносіцца з кустоў.
Ладдзя сонца ўсё плыве па небе і плыве.
Шахматы спыняе нічыя. Увышыні
Вясёлкавая ціша. 

А вось трэці пераклад з гэтай групы – версія Яны Санько, таксама, як і ў Іллі, з алюзіяй на Караткевіча:

Покерфэйс чэрапа заўсёды змяняе гульні
нашай захапляльнай мімікі. Тымчасам
сонца паволі плыве небам, над
                 шахматнай партыяй.

Бы цырульны пстрык у зарасцях глогу,
сонца плыве небам паволі, над
Нічыёй перамогай у шахматнай партыі. У
                 паўзе вясёлкі.    

Другая група перакладаў канцэнтруецца найперш і перадусім на адтварэнні па-беларуску сапфічнай страфы, заўважна ахвяруючы дзеля гэтага іншымі элементамі арыгінала. У выніку паўстаюць вольныя пераспевы, у якіх больш ці менш пазнаецца Транстромер. У прынцыпе, такія тэксты паэткі могуць друкаваць у сваіх публікацыях, пазначаючы: «паводле Транстромера». Напрыклад, пераклад Сені Стасюкевіч:

На Сярэднявечны лад

Ёсць сакрэт падыспадам нашых твараў –
моцны чэрап, пункт нулявых пачуццяў.
Па нябёсах сонца паўзе паціху.
Бойка ферзямі. 

Чутна гук нажніцаў, нібы з цырульні.
Толькі сонца зноў прамінае ўсіх нас.
Гэта бойка скончыцца патам. Цішай
Па-над вясёлкай.                                    

Гэты «пункт нулявых пачуццяў» па-добраму ўражвае, хоць далёка адыходзіць ад арыгінала. (Заўважым, што ў Сені была і іншая версія перакладу, не-эквірытмічная, бліжэйшая да сэнсу шведскага верша, але менш цікавая па-беларуску.) Або таксама вольны пераспеў Дар’і Бялькевіч:

Што хавае твар акрамя каменнай
Скрынкі? Чэрап там – і нічога болей.
Сонца коціць дзень, і пакуль трывае
Бой шахматыстаў.

Гук нажніц, бы ў садзе стрыжэ цырульнік,
Сонца коціць дзень. Нічыя спыняе
Чорна-белы рух касцяных фігур у
Цішы вясёлкі.

Трэцяя група імкнецца спалучаць гэтыя падыходы. У выніку паўстаюць вершы, найбліжэйшыя да задумы аўтара. Што праўда, раз-пораз здараюцца або рытмічныя збоі, або семантычныя вольнасці.

За чароўнай гульнёй нашых абліччаў
век чакае чэрап, чэрствы. Покуль
сонца ціха коціць па небе міма.
                       Шахматы ходзяць.

Ляск цырульніцкіх нажніцаў з кустоўя.
Сонца коціць ціха па небе міма.
Шахмат матч канчаюць нічыёй. У
                       моўчы вясёлкі.    

(Пераклад Юлі Цімафеевай)

Пад чароўнай мімікай усцяж чакае
голы чэрап, твар скамянелы. Покуль
сонца ў небе коціцца сабе міма.
                      Ў шахматы граюць.

Ножнаў гук цырульніцкіх у кустоўі.
Сонца ў небе коціцца сабе міма.
Партыя шахмат спыніцца нічыёй. У
                       цішы вясёлкі.                               

(Пераклад Ганны Шакель)

Натхнёны працай паэтак і паэтаў мадэратар, які некалі перакладаў гэты верш для беларускага выдання 2017 года, паспрабаваў трохі перапрацаваць свой стары пераклад. (У папярэдняй версіі на было «покерфэйса», які перакладчык не разгледзеў праз падрадкоўнік.) Прынагодна і два рытмічныя збоі паправіў, згодна з сапфічнай метрыкай.

Версія-2017:

Пад чароўнай мімікай нас чакае
чэрапа ашчэраная ўсмешка. Покуль
сонца праплывае па небе міма
           шахматнай бітвы.

Шчоўкаюць нажніцы ў цырульні-садзе.
Сонца праплывае па небе міма.
Шахматы заканчваюцца нічыёй. У
          ціхай вясёлцы.

Версія-2026:

Пад чароўнай мімікай нас вітае
чэрап векавым покерфэйсам. Покуль
праплывае сонца па небе міма
          шахматнай бітвы.

Шчоўкаюць нажніцы ў цырульні-садзе.
Сонца праплывае па небе міма.
Партыя канчаецца нічыёй. У
          ціхай вясёлцы.

***

Другой часткай хатняга задання ўдзельнікам было прапанавана з дапамогай даслоўнікаў перакласці чатыры шведскія хайку. Хайку паходзяць са зборніка Транстромера «Вязніца» («Fängelse»). «У 1959 годзе, – чытаем у прадмове да кнігі, – Тумас Транстромер наведаў свайго сябра псіхолага і паэта Оке Нордына (Åke Nordin), калі той быў начальнікам турмы для непаўнагадовых у Хелбю (Hällby) каля Эскільстуны. У якасці навагодняга віншавання ў тым самым годзе Транстромер даслаў Оке Нордыну і яго жонцы Уле восем вершаў-хайку. Пасля з’явілася і дзявятае хайку, якога з нейкай прычыны ў лісце не было». Кніга з назвай «Вязніца» выйшла ў 2001 годзе, у ёй змешчаны ўсе 9 хайку. Прывядзём чатыры прапанаваныя паэткам і паэтам хайку ў арыгінале і ў падрадкоўным перакладзе, разам з некаторымі паэтычнымі перакладамі і сякімі-такімі заўвагамі.

De sparkar fotboll
plötsligt förvirring – bollen
flög över muren.

Яны штурхаюць футбольны мяч
раптам сумятня – мяч
пераляцеў праз мур.

Удзельнікі прапанавалі шмат розных, але ў нечым падобных, стэрэатыпных рашэнняў. (Хіба што «ножны шпурляк», ужыты Сяргеем Календам, трохі выбіўся з шэрагу і падняў настрой.) Першы радок у большасці круціцца вакол «гуляюць у футбол». Хто лічыў склады, дапасоўваючы пераклад да кананічнай схемы 5-7-5, спрабавалі або насуперак правілам скараціць «у» пасля зычнага, каб выйшла 5 сілабаў, або пісалі штось не зусім натуральнае «ганяюць у мяч» (па-беларуску «ганяюць мяч», без «у», але так 4 склады) або «ганяюць футбол» (па-беларуску «ганяюць у футбол», але так 6 складоў), некаторыя даўмеліся сфармуляваць у мінулым часе – «гулялі ў футбол», гэта пяць!

Значна больш праблем узнікла з наступнымі радкамі, бо сам вобраз не клеіўся: «мітусня», «сумятня», «гул», «гармідар» як рэакцыя хлопчыкаў на пералёт мяча праз мур турмы не да канца пераконвалі. Вось чаму не варта абсалютызаваць падрадоўнік, які часам падае толькі прыблізны сэнс, а табе патрэбнае нешта блізкае, але не тое. Важна ўявіць саму сітуацыю, пабачыць вобраз, які паказвае арыгінал, – тады і трапнае слова знойдзецца. Як у перакладзе Юлі Цімафеевай: «раптам сумеліся – мяч // мур пераскочыў». Або ў перакладзе Артура Камароўскага, які вучыць шведскую мову і менш ад калег залежны ад даслоўнікаў:

Ганяюць мячык
раптам разгубленасць – ён
пераскочыў мур.

***

När rymmaren greps
bar han fickorna fulla
med kantareller.

Калі ўцекача схапілі,
ён нёс поўныя кішэні
лісічак.

Ізноў адны перакладчыкі кіраваліся схемай 5-7-5, а іншыя вызвалілі сябе ад гэтага самаабмежавання. Апошнім было лягчэй дасягнуць стылістычнай зграбнасці:

Уцекача злавілі
кішэні былі поўныя
лісічак –

як пераклаў Сяргей Календа. Або ў перакладзе Іллі Сініцы:

Спаймалі беглага.
Кішэні бітма набітыя
Лісічкамі.

Што праўда, дзіўныя асацыяцыі выклікае сёння гэты «беглы».

Больш адэкватным арыгіналу – бо так жа ў Транстромера! – выглядае рашэнне 5-7-5. Але тым, хто лічыў склады, найцяжэй давалася заканчэнне, з прычыны «лісічак», якія ў шведскага паэта займаюць увесь апошні радок, а па-беларуску трэба дадаць яшчэ нейкае слова. Як, напрыклад, у Дар’і Бялькевіч:

калі папаўся
ўцякач – у кішэнях меў
толькі лісічкі                      

Або ў экспрэсіўным перакладзе Яны Санько:

Уцёк – спайманы,
З кішэнямі поўнымі
грыбоў лісічак            

Як вам такое? Тое ж рашэнне выбрала і Юля Цімафеева:

Бегляка ўзялі
нёс поўныя кішэні
грыбоў-лісічак.

Трохі здзіўляе дзеяслоў «нёс». Чыста граматычна выходзіць, што герой нясе кішэні, а не лісічкі. І ў некаторых іншых перакладах нешта падобнае: 

«кішэні ён поўныя // лісічак нёс» (Артур Камароўскі). Ці не таму, што так у стылістычна «крываватым» падрадкоўніку («ён нёс поўныя кішэні // лісічак»)? Думаецца, каб не даслоўнік, то герой хайку гэтыя поўныя кішэні нармальна б «меў».

Некаторыя перакладчыкі яўна хацелі скончыць хайку радком «поўныя лісічак», але ж зашмат складоў, таму яны замянілі «лісічкі» – «грыбамі». Што, здаецца, не пайшло на карысць твору, трохі яго баналізавала: «У схопленага // уцекача кішэні // поўныя грыбоў». Або: «Калі схапілі // ўцекача, поўна было // ў кішэнях грыбоў».

Інакш – і даволі вынаходліва – паспрабавала запоўніць лакуну ў апошнім радку Стэфа Лісоўская:

Збягаў – схапілі,
А ён нёс у кішэнях
Жмені лісічак.

Але ўсё адно застаецца ўражанне: каб перакладчыцу не звязвала па руках і нагах строгая форма, яна выбрала б іншае слова.

У 2017 годзе для зборніка «Пад вольным небам» пераклаў гэтае хайку і Андрэй Хадановіч. Выйшла так:

Схоплены ўцякач,
а ў ягоных кішэнях
поўна лісічак.             

***

Porten glider upp
vi står på anstaltsgården
i en ny årstid.

Брама едзе ўверх/падымаецца
мы стаім на двары ўстановы
ў новай пары году.

Абсалютная большасць паэтак і паэтаў, якія трымаліся формы, адмовіліся ад доўгага слова «ўстанова», мабыць, палічыўшы яго загрувасткім для хайку. А вось Юля Цімафеева зрабіла ажно тры спробы перакладу – і ва ўсіх была «ўстанова» з яе бюракратычна-рэпрэсіўнай сэнсавай афарбоўкай. Паэтка прызналася: «каб змясцілася спецустанова, я б уключыла яе». 

Браму паднялі
мы на пляцы ўстановы
змена пор года.

Шмат хто вырашыў таксама скараціць «пару/паравіну года». У выніку атрымлівалася: «новая пара», «новы сезон», «наступны сезон», «новы час». Напрыклад, у Яны Санько:

Бразгае брама
Мы ў турэмным двары стаім
наступны сезон

Або ў Артура Камароўскага

Брама едзе ўверх
стаім у двары турмы
іншага часу            

Сумная іронія аўтара. Ён ужывае такі архітрадыцыйны для хайку элемент, як «сезоннае слова», але прынцыпова напаўняе яго іншым зместам. Замест прылёту птушак ды квецені вішні ці сакуры – спынены ў турме час, які зноў пачынае нармальна ісці толькі за яе брамай. Так што слова «сезон» выглядала б тут па-турыстычнаму лагодна, а час – пры ўсёй паэтычнай шматзначнасці слова – усё-ткі занадта абстрактна. 

Дарэчы, у зборніку «Пад вольным небам» 2017 г. было:

Бразнула брама.
Крочу ў падворак з іншай
парою года.            

***

Pojken dricker mjölk
och somnar trygg i sin cell,
en moder av sten.

Хлопчык п’е малако
і спакойна/надзейна засынае ў сваёй клетцы,
маці з каменю.

Апошняе хайку выклікала дзве сур’ёзныя праблемы. Першая чыста фармальная – «каменная маці» была б найлепшым рашэннем, але не змяшчаецца ў пяць складоў, адсюль адчайныя спробы яе замяніць: «маці з камення», «маці з каменю» і г. д. Другая – шматзначнасць самога фінальнага вобраза. Каменная турма робіцца для хлопчыка другой маці? Або першая маці мае каменнае сэрца, а таму хлопчык – тут? Зрэшты, ці мусіць перакладчык выбіраць тую ці іншую інтэрпрэтацыю? Можа, варта паспрабаваць захаваць шматзначнасць і ў перакладзе?

Ілля Сініца так і робіць, але адмаўляючыся ад фармальных абмежаванняў хайку:

Хлапчаня п’е малако
І ціха засынае ў сваёй цэлі.
Каменная маці.

Здаецца, шматслоўнасць знішчыла патрэбны эфект аскетызму. Лаканічней выйшла ў Сяргея Календы, ды зноў яшчэ не 5-7-5:

Хлопчык п’е малако
засынае ў клетцы
каменная маці

А вось кананічна-хайкавыя пераклады. Юля Цімафеева:

Сын п’е малако
і мірна ў камеры спіць,
маці з каменю.

Або ў Сені Стасюкевіч:

Паўсонны, ён п’е
малако ў сваёй клетцы
маці з камення.                    

Бліскучы пачатак, які выключае ўсякую шматзначнасць напрыканцы, у Яны Санько. Тут маці-турма і малаком поіць, і спаць укладвае:

малако і спаць,
хлопчыку камера як
каменная маці                 

Гэткім жа чынам здымае шматзначнасць Стэфа Лісоўская (маці-турма). І, дарэчы, знаходзіць спосаб захаваць «каменную маці», не парушаючы формы хайку, – ставіць словы ва ўскосны склон:

Ён п’е малако
І засынае ў клетцы
Маці каменнай.    

У беларускай кнізе Транстромера «Пад вольным небам» было так:

П’еш малако і –
спіш у камеры, сынку
каменнай маці.


verse X change – ініцыятыва Беларускага, Шведскага і Дацкага ПЭНаў, якая спалучае літаратуру, пераклад і свабоду выказвання нават у несвабодным свеце. verse X change – магчымасць выбудаваць міжкультурныя сувязі і аб’яднаць творчыя супольнасці.