• Заявы
  • Заява Беларускага ПЭНа з нагоды вызвалення палітвязняў

Заява Беларускага ПЭНа з нагоды вызвалення палітвязняў

Апошняе абнаўленне: 14 снежня 2025
Заява Беларускага ПЭНа з нагоды вызвалення палітвязняў

14 снежня 2025 года: Беларускі ПЭН вітае навіну пра вызваленне з турмаў Беларусі 123 палітвязняў, аднак выказвае глыбокую заклапочанасць фактам іх прымусовага выгнання і лёсам тых, хто застаецца за кратамі.

Мы настойліва патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку пісьменнікаў, дзеячаў культуры і праваабаронцаў, журналістаў;
  • спыніць практыку прымусовага выгнання як формы ціску і пакарання;
  • забяспечыць выкананне правоў чалавека для ўсіх, хто быў і застаецца пазбаўлены волі паводле палітычных матываў.

13 снежня 123 палітвязні, у тым ліку 13 грамадзян іншых дзяржаў, былі вызвалены ў Беларусі з месцаў зняволення. Гэты крок адбыўся пасля перамоў Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй ЗША ў Мінску і, відавочна, з’яўляецца часткай стратэгіі рэжыму дзеля змякчэння міжнародных санкцый.

Аднак свабода гэтых людзей стала ўмоўнай: яны былі прымусова вывезены ва Украіну і Літву, фактычна апынуўшыся ў выгнанні, нягледзячы на жаданне многіх застацца на Радзіме. Прымусовае перамяшчэнне не можа разглядацца як сапраўднае аднаўленне справядлівасці: гэта працяг, іншымі сродкамі, парушэння правоў чалавека.

У сувязі з гэтым Беларускі ПЭН звяртаецца да ўрадаў еўрапейскіх краін з заклікам даць прававую ахову, бяспеку і комплексную падтрымку ўсім вызваленым, у тым ліку доступ да дакументаў, медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, а таксама забяспечыць механізмы абароны ад далейшых пераследаў.

Сярод вызваленых – пісьменнік, праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і сябра Беларускага ПЭНа Алесь Бяляцкі; адвакат, літаратар, сябра Беларускага ПЭНа Максім Знак; перакладчык Сяргей Паўлавіцкі; літаратар, публіцыст, грамадскі дзеяч Павел Севярынец; літаратар, публіцыст, перакладчык, літаратуразнаўца (доктар габілітаваны гуманітарных навук у спецыяльнасці «Літаратуразнаўства»), выдавец, палітычны аналітык, сябра Беларускага ПЭНа Аляксандр Фядута.

Мы нагадваем, што ў турмах Беларусі на падставе сфабрыкаваных абвінавачанняў працягваюць утрымлівацца іншыя пісьменнікі і дзеячы культуры, у тым ліку журналістка, пісьменніца, ганаровая сябра Каталонскага ПЭНа Кацярына Андрэева; эсэіст, журналіст і публіцыст Андрэй Пачобут (Andrzej Poczobut), музыка Дзмітрый Галавач; культуролаг і рэдактар Вацлаў Арэшка; журналіст, блогер і паэт Дзяніс Івашын. Іх жыццё і здароўе знаходзяцца пад пагрозай з-за ўмоў утрымання, якія праваабаронцы прыраўноўваюць да катаванняў.

Умовы ў турмах Беларусі з’яўляюцца сістэмнай праблемай: нядаўна Група незалежных экспертаў па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі абвінаваціла ўлады Беларусі ў здзяйсненні «злачынстваў супраць чалавечнасці – пераследу паводле палітычных матываў і незаконнага пазбаўлення волі». Гэта патрабуе прынцыповай і паслядоўнай міжнароднай рэакцыі.

Дадатковая інфармацыя

Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі пра сітуацыю са свабодай выказвання ў Беларусі гл. супольную заяву Беларускага ПЭНа, Міжнароднага ПЭНа і Амерыканскага ПЭНа ў Раду ААН па правах чалавека, дзе дакументуецца татальны наступ уладаў Беларусі на свабоду слова, культурныя і моўныя правы.

Каб даведацца больш пра дзейнасць Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, калі ласка, націсніце тут.