Максім Знак

Апошняе абнаўленне: 12 сакавіка 2024
Максім Знак
Штаб Віктара Бабарыкі
Адвакат, паэт, бард, аўтар кнігі "Зэкамерон"

Палітычны пераслед:

У 2006 годзе, пасля пратэстаў па выніках выбараў прэзідэнта Беларусі, Максім Знак адбыў пакаранне — 14 сутак у турме ў Жодзіне.

У 2020 годзе Максім Знак — адвакат Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, сябра Каардынацыйнай Рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

9 верасня 2020 года быў затрыманы. У той жа дзень Следчы камітэт афіцыйна паведаміў, што Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта працягваецца расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У адносінах да падазраваных Марыі Калеснікавай і Максіма Знака з санкцыі пракурора была абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

4 жніўня 2021 года ў Мінскім абласным судзе пачаўся закрыты судовы працэс над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Максім Знак і Марыя Калеснікава асуджаны па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам), арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання).

Максім Знак асуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

10 верасня 2020 года прызнаны палітвязнем.

У зняволенні піша вершы і прозу.

6 верасня 2021 года суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў прызнаў Максіма Знака вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім) і асудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі. Знаку прызначылі ўзмоцнены рэжым калоніі.

23 сакавіка 2022 г. палітвязня дадалі ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

24 траўня 2022 г. КДБ унёс Максіма ў спіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

У 2022 годзе Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях прыйшла да высновы, што заключэнне Максіма Знака пад варту было парушэннем артыкулаў 7, 9, 10, 11, 19, 20 і 21 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулаў 9, 14, 19, 22, 25 і 26. Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і з’яўляецца адвольным.

З лютага 2023 года Максім Знак цалкам пазбаўлены сувязі са знешнім светам (статус інкамудікада): улады не дапускаюць да яго адвакатаў, пазбавілі яго тэлефонных званкоў, спатканняў і ліставання нават з членамі сям’і. Усе аргументы аб неабходнасці забяспечваць правы Максіма Знака ўладамі праігнараваныя, а скаргі – адхіленыя. Усе адвакаты, якія баранілі Максіма, былі пазбаўленыя права практыкаваць.

Творчая дзейнасць:

Песні і вершы Максім пісаў яшчэ з юнацтва, тады ж захапіўся ігрой на гітары. За гады творчасці назапасіліся сотні цудоўных песень, з якіх пасля 2017 года запісаў 4 уласныя альбомы: «Казкі», «Гарады», «Ветразь», «Мора».

У 2010 годзе на фестывалі бардаўскай песні «Купалаўскія вакацыі» Максім Знак перамог у намінацыі «Найлепшае спалучэнне тэксту і музыкі».

У 2018 годзе — лаўрэат фестывалю «Бардаўская восень», які адбываецца на Беласточчыне.

Летам 2020 года Максім Знак напісаў песню «Годнасць ды воля» і ўпершыню публічна выканаў яе на вялікім мітынгу ў Мінску 30 ліпеня. Песню шмат разоў перапелі розныя выканаўцы.

У зняволенні Максім Знак напісаў і перадаў на волю песню «Бульба»: «Яны думалі, нас пахавалі… А мы — бульба! Як нас пахаваць? Мы зялёным зямлю прабівалі, спрабавалі да неба дастаць». Песню выканаў гурт, які складаецца з адвакатаў, — «Прававы дэфолт». Верш таксама быў перакладзены на нямецкую мову Aksana Kust.

У 2020 годзе Лявон Вольскі выканаў песню на словы Максіма Знака «Лятучы галандзец».

У 2023 годзе да верша, дасланага з турмы Максімам, мелодыю надала Ганна Шаркунова, і так нарадзілася песня “Знакі“.

У зняволенні Максім напісаў кнігу «Зэкамерон», якая выдадзена на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, шведскай, дацкай мовах.
Максім быў прызнаны ганаровым сябрам Шведскага ПЭН, Нарвежскага ПЭН, Дацкага ПЭН.

Англійскі пераклад «Зэкамерона», зроблены Элай і Джымам Дынглі, атрымаў прэмію Англійскага ПЭНа (English PEN, 2023) і ўвайшоў у кароткі спіс прэміі «Рэспубліка Свядомасці» (The Republic of Consciousness Prize, 2024).
Тэксты Максіма Знака таксама былі ўганараваныя прэміяй імя Францішка Аляхновіча – за творы, напісаныя ў зняволенні.
Кніга ўвайшла ў кароткі спіс штогадовай Прэміі «Парушэнне спакою» адважнаму пісьменніку ў небяспецы, якую арганізуе Цэнтр Вацлава Гавэла.
Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча 2022 года – “За чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах”.

Адрас для ліставання: Знаку Максіму Аляксандравічу, ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба.

М. Знак. Зэкамерон. Беласток, 2022. ISBN 978-836-74-7101-5

М. Знак. Зекамерон. Издательство «Время». ISBN 978-5-9691-2362-5