 
      
      Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.
Купанне як творчы метад
Анка Упала, Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў.
Вільнюс: Alena Kazlova, 2024
Калісьці, у даўнюю даінстаграмную эпоху, існавала такое слова: «лытдыбр». Для тых, хто не заспеў таго часу, гэтак будзе гучаць слова «дзённік», калі напісаць яго па-руску, забыўшыся пераключыць раскладку з лацінкі на кірыліцу. Яшчэ даўней, калі пісьменніцкае рамяство прыносіла дывідэнды ў выглядзе добрых ганарараў, аўто, а часам і кватэр, пісьменнікі – паэты ці празаікі – амаль што пагалоўна пісалі дзённікі. Ну і праз аднаго тыя дзённікі потым шчэ й выдавалі-друкавалі (што праўда, пераважна не пры жыцці, хаця здараліся і выняткі, якія паступова ператварыліся ледзьве не ў правіла). Некаторыя знаходзілі ў гэтых рэпартажах уласнага жыцця аддуху і рабілі іх творчым метадам. Што праўда, перад тым пісьменнік усё ж меўся напісаць хоць бы некалькі аповесцяў, раманаў ці ліра-эпічных паэмаў – каб літаратарам звацца.
Панятку «аўтафікшн», прынамсі ў беларускім літаратурным узусе, тады яшчэ не існавала.
Памятаецца, калісьці, калі расійскі драматург і празаік Яўген Грышкавец пачаў кнігамі выдаваць свае інтэрнэт-запісы за адзін год (а потым за другі), усчаўся галас: а што, так можна было? Ладная частка яго жж-аўдыторыі абурылася. Мажліва, абурылася, бо то быў час, калі вялікай колькасці людзей раптам стала цікавым пісаць лытдыбр свайго жжыцця. Маўляў, лайвджорнал асобна, а катлеты, то-бок літаратура – асобна. Кшталту, калі б умоўны Грышкавец выдаў свой дзённік без папярэдняга змяшчэння ў ЖЖ, дык і нарм. Сярод паспяховых прадуктаў неабвешчанага аўтафікшну на беларускай глебе – кніга Андруся Горвата, касманаўта, які прызямліўся ў Прудку (дарэчы, тамака таксама ўсё пачыналася з жж-допісаў). Здаецца, да Горвата такіх прэтэнзіяў, як да Грышкаўца, ужо не было.
Перапрашаю за гэтую, можа, крыху расцягнутую прэамбулу, але яна патрэбная. І перш як перайсці да гаворкі пра аповесць Анкі Упалы «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», яшчэ крыху, так бы мовіць, тэорыі.
У чым спецыфіка аўтафікшну – запытаем мы ў штучнага інтэлекту, і атрымаем адказ: гэта гібрыдны жанр на сутыку літаратуры і аўтабіяграфіі, дзе аўтар карыстаецца матэрыялам з уласнага жыцця, але наўмысна падвяргае яго мастацкаму вымыслу, трансфармацыі ды эстэтызацыі. Аўтафікшн гэта не аўтабіяграфія (бо не імкнецца да максімальнай дакладнасці й дакументальнасці), гэта не мемуары (факусуецца не на знешніх падзеях і гістарычным кантэксце, а на ўнутраным свеце) і не раман з элементамі біяграфіі аўтара (у аўтафікшне асоба аўтара і героя наўмысна сумешчаныя). Словам, аўтафікшн – стратэгія пісьма, пры якой аўтар выкарыстоўвае сябе як персанажа і свой жыццёвы досвед як сыравіну, каб стварыць мастацкі твор, што пастаянна балансуе на мяжы паміж праўдай і мастацтвам. Перафразуючы Партоса з вядомай пераддуэльнай сцэны: я пішу, бо… я пішу.
Першы беларускі аўтафікшн – гэтак быццам бы ахрысцілі папярэднюю кнігу Анкі Упалы, аўтабіяграфічны раман «На заснежаны востраў» (як пазначана ў анатацыі да кнігі, пра якую гаворым, яе «можна чытаць як працяг папярэдняга рамана»). Ці, дакладней, «гэтае найменне [аўтафікшн] упершыню было ўжыта ў дачыненні да твора беларускага аўтара» (цытата з рэцэнзіі Марыі Лапо для bellit.info).
Заўважым, што сама Анка Упала не ўжывае гэтага слова для характарыстыкі сваіх твораў, хаця і карыстаецца такімі жанравымі катэгорыямі, як «аўтабіяграфічны раман» і «аповесць». Натуральна, у задачы нашай рэцэнзіі не ўваходзіць вызначэнне ступені гэтай самай аўтабіяграфічнасці аповесці Анкі Упалы. Гэтак жа праўдзівасць «аўтабіяграфічных запісаў» любога аўтара застаецца выключна на яго/яе сумленні.
Вось жа, я-гераіня аповесці «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў», працягваючы касмалагічныя аналогіі з «Радзівам “Прудок”», прызямлілася ў Стакгольме. А можа, прываднілася, бо на пытанне сябровак, што яна будзе рабіць у Стакгольме (можа, пісаць працяг кнігі?), тая, плаваючы ў Цнянскім вадасховішчы на шостай старонцы, адказвае: «Пісаць працяг сваёй кнігі? Такая думка была для мяне зусім нечаканая, я не збіралася пісаць ніякага працягу. Што я дакладна збіралася рабіць – дык гэта хадзіць купацца. Так я і адказала, перабіраючы рукамі і нагамі ў вадзе». Купацца гераіня (спойлер) будзе яшчэ шмат на якіх старонках твора.
Мусіць, купанне – адзін са скразных матываў аповесці Анкі Упалы. Пэўна ж, не галоўны. І ці ёсць там нейкі галоўны-магістральны матыў, складана так вось наўскід адказаць. Матыў пошуку сябе і сваёй самасці-ідэнтычнасці, матыў адзіноты?.. Купанне, зрэшты, можа, і не матыў ніякі, а – фішачка. Здаецца, аўтарцы, як і рыбаку, важны не вынік, сфармуляваны-ўзважаны, але сам працэс лову-пісання. (Ці плавання – плыўцу.) Наогул працэсуальнасць, дзе апавядальніца адначасова знаходзіцца і ўнутры, «у моманце», і па-над аповедам, як бы закладзеная ў саму сістэму пісьма. Вось адпаведныя словы з назваў раздзелаў аповесці: хаджэнне і сядзенне, чаканне, вяртанне ну і, ясна ж, купанне. (Адрозна ад апошняга, слова «каханне» сустракаецца ў тэксце два разы).
Самому ж Стакгольму, гораду-як-такому, у кнізе адводзіцца не так і шмат месца. Падобна да картасараўскага Арасіа Алівейры, аргенцінца ў Парыжы, гераіня блукае (бадзяецца?) па яго вулках. У пэўным сэнсе (цяжка сказаць, ці свядомы то прыём), стан горада падсвечвае ўнутраны стан гераіні («У горадзе зноў было душна, а на душы гадка»). Горад існуе як фон да падзеяў таго самага ўнутранага свету я-гераіні. Мабыць, можна сказаць, што горад тут пазбаўлены асабовасці – і дзею можна было б лёгка перанесці ў любую іншую еўрапейскую сталіцу без асаблівых стратаў (за выняткам хіба эпізоду з прайд-парадам, куды гераіня трапляе ў складзе пісьменніцкай дэлегацыі). Мажліва, сам горад, асвоены і засвоены я-гераіняй у папярэдняй кнізе, цікавіць яе ўжо менш, яго даследаванне, апісанне ці ўпісванне ў яго сябе як бы не самамэта; і ён, напрыклад, не кантраст Мінску, дзе таксама адбываецца частка дзеі, а проста адна з лакацыяў. Калі гераіня кажа, што любіць горад, гэта любоў не да канкрэтнага месца, але да горада як такога, дзе ёсць гарачая вада, а таксама «душ, пранне-пранне-пранне, чыстае адзенне, шорты чыстыя, вылучаюць водар чысціні, чыстая бялізна, чыстая я, чыстыя пазногці на руках і нагах» (тут апісаная радасць ад вяртання з лецішча, «кляшчынага царства» без выгодаў, дзе гераіня прабыла каля тыдня). Ды і наогул змена гэтых самых гарадоў у кнізе – з тлумных вулак «напечанага» Стакгольма ў бальнічную палату мінскай лякарні – адбываецца нейк зусім лёгка, без асаблівых папярэджанняў, як пераключэнне тумблера, як замена іголкі ад кропельніцы…
Вось некалькі фрагментаў – дзеля разумення стылю ці, як цяпер кажуць, вайбу твора. Нярэдка чарговы раздзел пачынаецца з аднаго-двух абзацаў такіх апісанняў.
«Павольна аддаліўся зашпілены на ўсе гузікі Стакгольм, міма паплылі выспы, камяністыя берагі, домікі, фарбаваныя барвовай фалунскай фарбай. Сярод зяленіва часта мільгалі дрэвы з цалкам рудымі, спаленымі сонцам вершалінамі: бярозы і іншыя лісцевыя пароды».
«Шэрая заслона на небе разарвалася, і паказаўся блакіт. Над горадам сабраліся кучавыя хмары, на ярка асветленыя сцены дамоў знізу да сярэдзіны леглі цёмныя цені з контурам, акрэсленым дахамі будынкаў насупраць, а на дарогу – сілуэты вершалін дрэў. Мінакі па Фрэясгатан ідуць у вятроўках, а веласіпедысты едуць у майках».
А вось маленькая цытата пра купанне: «Аднойчы я засталася з возерам сам-насам і плавала ў ім зусім адна».
Наогул аўтарка не злоўжывае апісаннямі, яны даволі лаканічныя, як лаканічным ёсць і ўсё яе пісьмо. Вуснамі адной з галоўных гераінь аўтарка як бы троліць саму сябе: «Калі ты пісьменніца, то табе належыць выяўляць больш цікавасці да наваколля!»
Падаецца, пераказ фабулы кнігі – марны занятак, хоць яна, фабула, безумоўна, ёсць. Але сюжэт – зусім не галоўнае ў кнізе. І так, гэта ніякі не лытдыбр. «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – тонкая кніга аўтаркі з тонкай душэўнай арганізацыяй (перапрашаю за штампаватасць выразу), інтравертная, з глыбокімі занырваннямі ўглыб сябе, шмат у чым самаіранічная ды ўважлівая да дэталяў. Яна, гэтая проза, крыху герметычная. Не ў сэнсе штучная ці выгадаваная ў прабірцы, але ўсё ж – абмежаваная нейкімі сценамі, часам празрыстымі, як тая брамка, якую фарсіруюць гераіні, замкнёныя ўвечары на прычале, а можа, ілюзорнымі, нечым падобнымі да дэкарацыяў сусвету «Шоу Трумана». І героі праз тое часам выглядаюць крыху манекенавымі…
Пры канцы – яшчэ адзін «тэарэтычны» абзац пра нелінейнасць жаночага пісьма (як адбітак нелінейнасці жаночага мыслення?). Даруйце, калі ласка, гэты прыметнік, «жаночага». Тое ні ў якім разе не пра падзел літаратуры на гендары, і тое тэма для асобнай гаворкі. Але ж, калі зусім сцісла. У Людмілы Уліцкай ёсць раман «Даніэль Штайн, перакладчык», дзе аўтарка перыядычна пазначае, што сама не ведае, куды прывядзе яе тканіна апавядання. Тады як вядома, што, да прыкладу, Караткевіч ці Быкаў не сядалі за твор, не ведаючы, чым ён скончыцца (іншая рэч, што часам самі героі дыктавалі іншую логіку развіцця падзей). Анка Упала, падаецца, ведае, і куды, і навошта.
«Начаваць зіму, карміць сініц, пісаць кнігу. Хто ведае, можа быць, нічога не было дарэмна».
Калі табе не хочацца, каб кніга заканчвалася, гэта добрая кніга.
Аўтафікшн Анкі Упалы сугучны з аўтатрэнінгам. Зрэшты, як любая вартая проза.
А. Сыч
