Літаратурныя прэміі Цёткі і Карласа Шэрмана вяртаюцца!

Апошняе абнаўленне: 12 жніўня 2025
Літаратурныя прэміі Цёткі і Карласа Шэрмана вяртаюцца!

Пачынаецца прыём заявак на прэміі за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову і за найлепшую дзіцячую кнігу. Абедзве прэміі сёлета будуць уручацца за два сезоны: 2023 і 2024. Перамога прадугледжвае грашовы прыз у якасці ўзнагароды.  

Прэмія імя Карласа Шэрмана ўручаецца ў трох намінацыях: «Пераклад прозы», «Пераклад паэзіі», «Пераклад дзіцячай кнігі»

Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: «Найлепшая кніга для дзяцей і падлеткаў» (арыгінальныя аўтарскія творы, напісаныя на беларускай мове) і «Найлепшае мастацкае афармленне» (арыгінальныя і перакладныя кнігі на беларускай мове). 

У конкурсах могуць удзельнічаць кнігі, выдадзеныя ўпершыню ў 2023 і 2024 гадах ў папяровым і электронным варыянце, а таксама аўдыякнігі. 

Пераможцаў вызначаць прафесійныя перакладчыкі, літаратуразнаўцы і мастакі. Склады журы будуць абвешчаны неўзабаве. 

Каб прыняць удзел, неабходна запоўніць форму для заявак:

Таксама неабходна даслаць электронную версію і вокладку выдання (jpeg) на [email protected] (у загалоўку ліста пазначыць назву прэміі, назву твора, імя аўтара (перакладчыка, мастака). 

Падрабязней з умовамі прэмій можна пазнаёміцца, прачытаўшы іх статуты і рэгламенты (статут прэміі Цёткі, статут прэміі Шэрмана).

Заяўкі прымаюцца да 21 жніўня 2025 года (уключна).

Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва «Viartańnie», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН

Прэмія за найлепшую перакладную кнігу заснаваная ў 2016 годзе ў гонар выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі імя Карласа Шэрмана сталі Сяргей Шупа за пераклад са старажытнагабрэйскай мовы кнігі «Песьня песьняў» і Мікола Раманоўскі за пераклад з польскай кнігі «Кароль» Шчэпана Твардаха. Андрэй Строцаў атрымаў спецпрыз за пераклад з англійскай кнігі «Хронікі Нарніі: Прынц Каспіян» Клайва Стэйплза Льюіса. 

Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі «Першай чытанкі  для дзетак-беларусаў». Прэмія ўручаецца з 2016 года. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай «Мышыныя Каляды» у літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай «Мой рыжы Бім» Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі. 

А што з прэміяй «Дэбют»?

Прэмія «Дэбют», якую многія чакалі, не знікла – яна трансфармуецца ў стыпендыю для пісьменнікаў-пачаткоўцаў і выдавецтваў, якія маюць на мэце выдаць кнігі аўтараў-дэбютантаў. Падрабязнасці пра перазапуск праекта з’явяцца неўзабаве.

Кантактная асоба па пытаннях прэмій – Ціхан Чарнякевіч: [email protected]

Сачыць за навінамі прэмій можна на сайтах арганізатараў і ў сацыяльных сетках прэмій:
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Беларускі ПЭН
Інстаграм і фэйсбук прэміі Шэрмана
Інстаграм і фэйсбук прэміі Цёткі