Статут літаратурнай прэміі імя Карласа Шэрмана

(далей па тэксце – Статут Прэміі)

І. ЛІТАРАТУРНАЯ ПРЭМІЯ ІМЯ КАРЛАСА ШЭРМАНА: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.1. Арганізатарамі прэміі імя Карласа Шэрмана (далей па тэксце – “Прэмія”) з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва Viartańnie”, Асацыяцыя Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў” і Беларускі ПЭН (усе разам далей у тэксце – Аргкамітэт). Аргкамітэт у сваёй дзейнасці кіруецца Статутам Прэміі (далей у тэксце – Статут) і Рэгламентам на бягучы год.

1.2. Мэты Прэміі:

1.2.1. вызначэнне найлепшых перакладаў кніг на беларускую мову;

1.2.2. падтрымка школы мастацкага перакладу ў Беларусі;

1.2.3. ушанаванне памяці выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана.

1.3. Прэмія прысуджаецца за мастацкую кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ўпершыню ў папяровым, электронным ці аўдыяфармаце ў годзе, што папярэднічае году намінацыі на гэтую прэмію.

1.4. Выдадзенай упершыню лічыцца кніга, больш за 50% зместу якой апублікавана ўпершыню.

1.5. Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, павінна быць выдадзеная ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не была пададзеная на Прэмію, то яна можа падавацца ў наступным каляндарным годзе.

1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для перакладчыкаў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў.

1.7. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак вызначаюцца Рэгламентам Прэміі, які зацвярджаецца Аргкамітэтам Прэміі, з’яўляецца Дадаткам №1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.

ІІ. ЭТАПЫ ПРЭМІІ

2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:

Першы этап: прыём заявак і кніг Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;

Другі этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спісу кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе Прэміі;

Трэці этап: публічнае абвяшчэнне Доўгага і Кароткага спісу кніг-фіналістаў конкурсу Прэміі;

Чацвёрты этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаннялаўрэата/лаўрэатаў Прэміі.

2.2. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Аргкамітэту, Журы Прэміі альбо каардынатар Прэміі.

2.3. Лаўрэаты Прэміі могуць удзельнічаць у якасці намінантаў у наступных сезонах Прэміі.

2.4. Заяўляць кнігі на конкурс Прэміі ўпаўнаважаныя:

а) выдавецтвы;

б) сябры Журы Прэміі;

в) чальцы Аргкамітэта Прэміі;

г) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.

Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў Рэгламенце.

2.5. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць падаваць прапановы для падачы заявак у Аргкамітэт Прэміі. Аргкамітэт Прэміі можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі.

2.6. Кнігу, якая заяўленая да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, можна выключыць з удзелу паводле жадання самога перакладчыка кнігі (усяго перакладчыцкага калектыву ці ягоных асобных чальцоў) на этапе Поўнага спісу. Для гэтага перакладчыку неабходна накіраваць пісьмовую просьбу на адрас Аргкамітэта прэміі. Калі кніга мае некалькі перакладчыкаў і іх жаданні адносна ўдзелу/няўдзелу ў конкурсе Прэміі разыходзяцца, то рашэнне адносна ўдзелу/няўдзелу кнігі ў конкурсе Прэміі прымае Аргкамітэт.

2.7. У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць кніг аднаго перакладчыка.

2.8. Рашэннем Аргкамітэта дзеля бяспекі назва кнігі і імя аўтара, імя сябры Журы могуць быць зашыфраваны.

III. АРГКАМІТЭТ ПРЭМІІ

3.1. Аргкамітэт складаецца з прадстаўнікоў арганізацый-заснавальнікаў прэміі, дэлегаваных у Аргкамітэт.

3.2. Аргкамітэт Прэміі прызначае Каардынатара Прэміі – асобу, якая каардынуе працу Аргкамітэта Прэміі, Журы Прэміі і ўсяго прэміяльнага працэсу. У некаторых выпадках пасада і абавязкі Каардынатара могуць быць падзеленыя паміж некалькімі асобамі.

3.3. Каардынатар не мае права голасу пры выбары лаўрэатаў Прэміі. Абавязкі каардынатара Прэміі вызначаюцца Дадаткам №2.

3.4. Перад абвяшчэннем прыёму кніг на конкурс Аргкамітэт Прэміі зацвярджае Рэгламент Прэміі на бягучы год.

3.5. Аргкамітэт Прэміі прымае рашэнні на падставе Статута Прэміі і Рэгламенту Прэміі на бягучы год. Па пытаннях, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Аргкамітэт Прэміі прымае рашэнні, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставаў.

3.6. Склад Аргкамітэта можа пашырацца. Новых кандыдатаў у чальцы Аргкамітэта могуць прапаноўваць дзейныя сябры Аркамітэта. Новыя сябры прымаюцца толькі кансэнсусам.

3.7. Сяброўства арганізацыі ў Аргкамітэце можа быць прыпыненае па ўласным жаданні або ў выпадку абгрунтаванага рашэння Аргкамітэта (рашэнне аб гэтым прымаецца не менш чым ⅔ галасоў ад агульнага колькаснага складу Аргкамітэта).

3.8. Сябры Аргкамітэта абавязаныя захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў і галасавання Журы.

IV. ЖУРЫ ПРЭМІІ

4.1. Колькасць сябраў Журы Прэміі кожны год вызначаецца Аргкамітэтам Прэміі.

4.2. Сябры Журы Прэміі прызначаюцца Аргкамітэтам Прэміі.

4.3. Чальцы Аргкамітэта Прэміі не маюць права абірацца ў Журы Прэміі.

4.4. Працу Журы Прэміі курыруе Каардынатар Прэміі ў шчыльнай супрацы з Аргкамітэтам Прэміі.

4.5. Сяброўства ў Журы Прэміі заканчваецца а) з уручэннем узнагароды, б) калі сябра Журы Прэміі не мае магчымасці выконваць свае абавязкі далей, в) у выніку парушэння Статута або Рэгламенту Прэміі, г) калі падае афіцыйную пісьмовую адмову на адрас Аргкамітэта Прэміі. У гэтым выпадку Аргкамітэт Прэміі можа прызначыць новага сябра Журы Прэміі.

V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ ПРЭМІІ

5.1. Сябры Журы Прэміі абавязаныя прачытаць усе кнігі, прынятыя да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, і прысутнічаць на пасяджэннях Журы.

5.2. Кожны з сябраў Журы Прэміі абавязаны зацвердзіць Поўны, Доўгі і Кароткі спіс кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію, лаўрэатаў Прэміі ў адпаведнасці з працэдурамі, прынятымі Статутам і Рэгламентам.

5.3. Сябры Журы абавязаныя захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаныя захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння.

5.4. Сябры Журы абавязаныя не перадаваць нікому перасланыя ім электронныя версіі кніг, пададзеных на Конкурс.

5.5. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута Прэміі і Рэгламентy Прэміі на бягучы год.

5.6. Па пытаннях, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпамі слушнасці, характарам прэміі і яе падставаў. У выпадку, калі рашэнне Журы пярэчыць Статуту або Рэгламенту, Аргкамітэт можа скасаваць рашэнне Журы.

5.7. Абмеркаванні Журы Прэміі падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў.

5.8. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы Прэміі могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння Журы Прэміі і прадстаўнікоў Аргкамітэта Прэміі. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне павінна прагаласаваць мінімум 2 (два) сябры Журы Прэміі.

5.9. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. У выключных выпадках сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам пасяджэння. У выпадку адсутнасці сябры Журы на двух пасяджэннях Аргкамітэт можа прыняць рашэнне пра выключэнне са складу Журы.

VI. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТАЎ

6.1. Журы прымае рашэнні на пасяджэннях таемным галасаваннем простай большасцю галасоў.

6.2. Таямніца галасавання захоўваецца Каардынатарам Прэміі — адзіным, хто ведае пра выбар кожнага з сябраў Журы.

6.3. Механізм фармавання Доўгага спіса:

6.3.1. Кожны сябра Журы абірае ад шасці да дзесяці кніг з Поўнага спіса намінаваных кніг. Калі колькасць намінаваных кніг у пэўнай намінацыі з’яўляецца недастатковай для складання доўгага спіса з шасці-дзевяці кніг, сябры Журы маюць права не вызначаць Доўгі спіс альбо вызначыць яго з той колькасцю пазіцый, на якую дамовяццца калегіяльна.

6.3.2. Кожная з кніг, абраных сябрам Журы, атрымлівае адзін бал.

6.3.3. Кнігі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Доўгі спіс. Канчатковая колькасць кніг у Доўгім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы.

6.3.4. Калі за месца ў Доўгім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Доўгім спісе.

6.3.5. Сябрам Журы не даецца інфармацыя, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, што прайшла ў Доўгі спіс.

6.4. Механізм фармавання Кароткага спіса:

6.4.1. Кожны сябра Журы абірае 3 (тры) кнігі ў кожнай намінацыі з Доўгага спіса намінаваных кніг.

6.4.2. Кожная з кніг, абраных сябрам Журы, атрымлівае 1 (адзін) бал.

6.4.3. 3 (тры) кнігі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Кароткі спіс па кожнай з намінацыяў.

6.4.4. Калі за месца ў Кароткім спісе спаборнічае некалькі кніг, па іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае 1 голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Кароткім спісе.

6.4.5. Сябрам Журы не прадастаўляецца інфармацыя, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, якая прайшла ў Кароткі спіс.

6.5. Механізм галасавання за пераможцу:

6.5.1. Кожны сябра Журы абірае найлепшую кнігу ў кожнай намінацыі.

6.5.2. Кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў, становіцца пераможцай у сваёй намінацыі.

6.5.3. У выпадку, калі за перамогу спаборнічае дзве або больш кніг, па іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы абірае найлепшую кнігу з тых, якія спаборнічаюць за перамогу, абраная кніга атрымлівае 1 (адзін) бал. Перамагае кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў.

6.6. Таямніца галасавання Журы раскрываецца каардынатарам Прэміі толькі Аргкамітэту Прэміі.

6.7. Прэмія ўручаецца ў намінацыях “Пераклад прозы”, “Пераклад паэзіі”, “Пераклад дзіцячай кнігі”. У кожнай намінацыі пераможцам Прэміі можа быць толькі адзін перакладчык (перакладчыцкі калектыў) адной найлепшай кнігі. Паводле рашэння Журы ў адной альбо некалькіх намінацыях Прэмія можа не ўручацца (пераможца не вызначаецца).

VІI. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

7.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Аргкамітэтам Прэміі. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Аргкамітэтам Прэміі.

Рэгламент правядзення літаратурнай прэміі імя Карласа Шэрмана ў 2025 годзе