• Навiны
  • Творчая дзейнасць
  • «Нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму»: фотарэпартаж з сустрэчы са Святланай Алексіевіч

«Нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму»: фотарэпартаж з сустрэчы са Святланай Алексіевіч

Апошняе абнаўленне: 20 чэрвеня 2025
«Нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму»: фотарэпартаж з сустрэчы са Святланай Алексіевіч
Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз

Сустрэча са Святланай Алексіевіч у Варшаве сабрала каля 500 чалавек – людзей, якіх натхняе слова, і якія шукаюць сэнсы ў неспакойны час.

16 чэрвеня лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч сустрэлася са сваімі чытачкамі і чытачамі ў Варшаве. Размова прайшла ў гасціннай тэатральнай прасторы, што стала магчымым дзякуючы суарганізатару падзеі Новаму Тэатру ў партнёрстве з горадам Варшавай і дзякуючы падтрымцы Шведскага Інстытута, які дапамог арганізаваць візіт Святланы ў Варшаву.

Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз
Гледачы запыталіся ў набеліяткі пра дзве абяцаныя кнігі – пра каханне і старасць. Святлана прызналася, што пакуль яны адкладзеныя:
«Што да кніг пра любоў і старасьць – яны адкладаюцца, бо ніяк не магу разабрацца з „чырвоным чалавекам“ – я павінна яго дапісаць і паглядзець, што з ім. Працоўная назва новай кнігі – “У чаканні новых варвараў”. Цалкам відавочна, што нас чакаюць цяжкія часы… Нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму. Вучыцца ў моцных кніг, вучыцца ў моцных людзей».

Мадэравалі сустрэчу Таццяна Нядбай, беларуская літаратарка, перакладчыца, праваабаронца, старшыня Рады Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава і старшыня Беларускага ПЭНа, і Юстына Чэхоўска, польская перакладчыца шведскай і нарвежскай літаратуры, культурная дзяячка. Лаўрэатка ўзнагароды імя Віславы Шымборскай (2018), узнагароды Шведскай акадэміі для перакладчыкаў (2023).

Святлана Алексіевіч з мадэратаркамі сустрэчы Таццянай Нядбай і Юстынай Чэхоўскай, а таксама перакладчыцай Марыяй Луцэвіч-Напалкавай. Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз

На сустрэчы былі сімвалічныя для ПЭНаў «Empty Chairs» («пустыя крэслы») для тых, чый голас не можа, але павінен гучаць. Разам з намі ў залі сімвалічна былі Мікола Дзядок, пісьменнік і актывіст анархічнага руху, асуджаны на 5 гадоў зняволення, Уладзімір Мацкевіч, філосаф, метадолаг, эсэіст, публіцыст і грамадскі дзеяч, асуджаны на пяць гадоў зняволення, Максім Знак, адвакат, паэт, бард і пісьменнік, асуджаны на 10 гадоў зняволення, Кацярына Андрэева, журналістка і пісьменніца, асуджаная на 8 гадоў зняволення, і Алесь Бяляцкі, нобелеўскі лаўрэат, пісьменнік і праваабаронца, асуджаны на 10 гадоў зняволення.

Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз

Пасля сустрэчы Святлана яшчэ амаль паўтары гадзіны падпісвала кнігі сваім прыхільнікам у фае тэатра. Дзякуем усім, хто прыйшоў на імпрэзу, за ўвагу і шчырыя цёплыя водгукі.

Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз

Падчас сустрэчы Святлана адзначыла: «Зараз я запісваю людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускай рэвалюцыі». І мы хочам шчыра падзячыць Дому спатканняў з гісторыяй і Старамейскаму дому культуры за прасторы, дзе для новай кнігі гучала праўда і нараджалася новая гісторыя.

Фота: Беларускі ПЭН | Аляксандр Драгавоз.