Людзі Слова ў няволі (32)
Пошук

Уладзімір Мацкевіч


Фота: eurobelarus.info
Філосаф, метадолаг, эсэіст, публіцыст, грамадскі дзеяч і тэлевядоўца.

Заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій, заснавальнік праграмы стварэння сучаснага ўніверсітэта ў Беларусі «Лятучы ўніверсітэт». Удзельнічаў у стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97», з’яўляецца аўтарам тэксту дэкларацыі ініцыятывы. Рэгулярна выступаў з публічнымі лекцыямі і прамовамі, у тым ліку для «дваровых супольнасцяў» у 2020 годзе. З 2012 года — вядоўца праграмы «Размова дня» тэлеканала «Белсат».

Зʼяўляецца аўтарам вялікай колькасці публіцыстычных артыкулаў і каля 50 навуковых прац па пытаннях філасофіі, палітыкі, культуры і трансфармацыі адукацыі. Суаўтар серыі кніг па пытаннях грамадзянскай супольнасці, дыялогу і каштоўнасцяў «Беларусь для пачаткоўцаў» (2006-2009). Аўтар шэрага відэакурсаў па філасофіі і трансфармацыі грамадства.

Асноўныя кнігі:

«Беларусь: вопреки очевидности» (маніфест «Думаць Беларусь»), 1994

«Беларусская демократия. Вопреки очевидности», 1996

«Москва должна быть разрушена», 1998

«Вызывающее молчание», 2006

«Университет: дискуссия об основаниях», 2011

«Глобальное потепление после холодной войны», 2017

Удзельнічаў у працы над складаннем выданняў «Найноўшы філасофскі слоўнік» (Мінск, 1999) і «Сусветная энцыклапедыя: Філасофія» (Мінск, 2001).

Удадзіміра Мацкевіча затрымалі 4 жніўня 2021 года, з гэтага часу ён знаходзіцца за кратамі — спачатку ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна, потым у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Філосафу Уладзіміру Мацкевічу прад’явілі абвінавачванне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Прызнаны палітвязнем.

23 чэрвеня 2022 года ў Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме філосафа-метадолага Уладзімір Мацкевіча прызналі вінаватым і асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У сярэдзіне ліпеня 2022 г. Уладзіміра перавялі з СІЗА-1 у Турму № 4, а ў кастрычніку — у шклоўскую ПК № 17.

Напрыканцы кастрычніка МУС уключыў палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

13 лютага 2023 года Уладзіміру Мацкевічу ўзмацнілі жорсткасць рэжыму і перавялі з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 у Магілёве. Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся 13 лютага на тэрыторыі калоніі №17.

Адрас для ліставання: Мацкевічу Уладзіміру Уладзіміравічу, турма №4, вул. Крупскай, 99A, 212011, г. Магілёў.