Аўтарка дакументальнай кнігі «Белорусский Донбасс» (2020, напісаная сумесна з мужам — журналістам Ігарам Ільяшом). У кнізе адлюстраваныя вынікі журналісцкага расследавання пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяннях на Данбасе. Кніга ўключана ў спіс экстрэміскай літаратуры.
Прэзентацыя кнігі ў Беларусі адбылася 19 лютага 2020 года ў амбасадзе Украіны ў Мінску. 26 сакавіка 2021 года ў Беларусі кнігу прызналі экстрэмісцкай.
10 снежня 2020 года беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Андрэеву «Журналістам года» (2020) (разам з Дар’яй Чульцовай ды Кацярынай Барысевіч).
10 сакавіка 2021 года — лаўрэатка прэміі імя Дар’юша Фікуса (разам з Дар’яй Чульцовай).
9 красавіка 2021 года — лаўрэатка прэміі «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (разам з Дар’яй Чульцовай ды Кацярынай Барысевіч).
7 чэрвеня 2021 года — лаўрэатка прэміі «Axel-Springer-Preis)» (разам з Дар’яй Чульцовай).
10 чэрвеня 2021 года — лаўрэатка ўзнагароды «За мужнасць у журналістыцы») (разам з Дар’яй Чульцовай).
29 ліпеня 2021 года — лаўрэатка прэміі «За свабоду і будучыню СМІ» (разам з Дар’яй Чульцовай).
12 жніўня 2021 года — прэмія імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Усходняй Еўропы» (разам з Дар’яй Чульцовай, Кацярынай Барысевіч ды інш.).
Уладзімір Някляеў напісаў верш, прысвечаны асуджанай Кацярыне Андрэевай.
За журналісцкую дзейнасць Кацярыну Андрэеву ўпершыню затрымалі 12 сакавіка 2017 года ў Оршы за асвятленне акцыі пратэсту супраць дэкрэта № 3 («дэкрэт дармаедаў»). Ноч з 12 на 13 сакавіка 2017 года Кацярына Андрэева правяла ў следчым ізалятары, яе абвінавацілі па артыкулах 22.9 і 23.4 КаАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі і непадпарадкаванне патрабаванням службовых асоб (адмова завяршыць здымкі). 13 сакавіка 2017 года адбыўся адміністрацыйны працэс, у выніку якога Кацярыне Андрэевай прысудзілі штраф у 30 базавых велічынь.
15 лістапада 2020 года Кацярына Андрэева была затрыманая разам з журналісткай Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з мірнай акцыі «Я выходжу»: марш памяці Рамана Бандарэнкі». У той дзень тысячы людзей выйшлі на акцыі памяці забітага мастака Рамана Бандарэнкі. Акцыі адбыліся ў Мінску ды іншых гарадах, больш за 1000 удзельнікаў былі затрыманыя.
17 лістапада Кацярына Андрэева асуджаная на сем сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Пасля сямі сутак адміністрацыйнага арышту журналісткі не выйшлі на волю, Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову перавялі ў ізалятар у Жодзіна, працягнулі тэрмін арышту да 20 лютага.
18 лютага 2021 году суд Фрунзенскага раёна г. Мінска прысудзіў Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
27 сакавіка 2021 года стала вядома, што Кацярына Андрэева атрымала статус схільнай да экстрэмізму за адмову прызнаць сваю віну перад турэмнай камісіяй, была ўзятая пад асаблівы кантроль. 24 траўня 2021 года муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш даведаўся, што яе перавялі ў гомельскую жаночую калонію для адбыцця пакарання.
24 лістапада 2020 года прызнаная палітзняволенай.
13 ліпеня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе палітзняволеная журналістка і суаўтарка нон-фікшн кнігі «Беларускі Данбас» Кацярына Андрэева (Бахвалава) асуджаная на 8 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Кацярына Андрэева ўжо 1 год і 8 месяцаў знаходзілася за кратамі, калі 4 чэрвеня распачаўся новы судовы працэс паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме, справа мае грыф сакрэтнасці.
На пачатку кастрычніка 2022 г. Кацярыну этапавалі з СІЗА-3 у гомельскую ПК № 4.
МУС уключыў палітзняволеную ў спіс «экстрэмістаў».
Адрас для ліставання: Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай, 246035, вул. Антошкіна, 3, ПК №4, г. Гомель.
Катерина Андреева, Игорь Ильяш. Белорусский Донбасс. 2020. ISBN: 978-966-03-9020-1