Калі вы хочаце паведаміць пра парушэнне (у тым ліку канфідэнцыйна) або ўдакладніць звесткі ў матэрыяле, калі ласка, звяжыцеся з намі: [email protected], t.me/viadoma.
На 15 лістапада 2026 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 20, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 113, забароненых кніг – 397.
У закрытым рэжыме вынесены прысуд паводле палітычна матываванай справы каталіцкага святара і краязнаўцы Анатоля Парахневіча.
Супраць гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча завочна распачалі палітычна матываваную крымінальную справу.
Арт-менеджара, арганізатара фестывалю «Urban Myths» Алега Ларычава асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
Арт-менеджара Сямёна Малашэнкава асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы.
Палітзняволены паэт і журналіст Дзяніс Івашын дзесяць дзён знаходзіўся ў медсанчастцы магілёўскай ПК № 15.
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу палітвязня, аўтара турэмнай літаратуры Яўгена Рубашкі «Хлебные крошки. Сборник тюремных стихов и текстов» (2025).
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу «Хроника государственной подлости» (2005) пра забойства былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» Facebook-акаўнт вакаліста «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife).
Суд прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-чат «Белавуд гаварыць».
I. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 3 лістапада стала вядома, што ў кастрычніку ў судзе Вілейскага раёна ў закрытым рэжыме вынесены прысуд паводле палітычна матываванай справы каталіцкага святара і краязнаўцы Анатоля Парахневіча: 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф. Анатоля Парахневіча затрымалі 16 сакавіка 2026 года і змясцілі ў СІЗА КДБ. У зняволенні ён перанёс інфаркт. На фоне адсутнасці афіцыйнай інфармацыі ў вернікаў з’явілася версія, што святара арыштавалі за ўшанаванне памяці палякаў, якія загінулі ў Беларусі. Анатоль Парахневіч вывучаў гісторыю і культуру Беларусі, стварыў музей пры касцёле ў вёсцы Альковічы (Вілейскі раён, Мінская вобласць), дзе захоўваліся касцельныя арнаты XVIII стагоддзя, аздобленыя слуцкімі паясамі, і старадрукі. Святар адкрыта выступаў супраць нападу Расіі на Украіну, асуджаў вайну, заклікаў да міру і пакаяння.
2. 12 лістапада стала вядома, што супраць гісторыка і публіцыста Аляксандра Пашкевіча завочна распачалі палітычна матываваную крымінальную справу. У кастрычніку 2026 года яго абвясцілі ў міждзяржаўны крымінальны вышук. Побач з фотаздымкам Аляксандра Пашкевіча пазначана, што яго шукаюць як падазраванага ў справе, заведзенай за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» – паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Падставай для крымінальнага пераследу сталі гутаркі з яго ўдзелам на YouTube-канале «Malanka Media». У лютым 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла медыяпраект «экстрэмісцкім фармаваннем». Аляксандр Пашкевіч – гісторык і публіцыст, былы намеснік рэдактара часопісаў «ARCHE Пачатак» і «Наша гісторыя». Вымушана пакінуў Беларусь у 2021 годзе.
3. 13 лістапада арт-менеджара, арганізатара фестывалю «Urban Myths» Алега Ларычава асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) на 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь (42 000 бел. рублёў = 13 998 долараў ЗША). Алег Ларычаў быў затрыманы ў снежні 2025 года, яго абвінавацілі ў дачыненні да дзейнасці культурніцкай ініцыятывы «Да зораў», якая арганізоўвала ў Беларусі канцэрты. 17 снежня 2025 года ініцыятыву «Да зораў» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
4. 13 лістапада арт-менеджара Сямёна Малашэнкава асудзілі паводле палітычна матываванай крымінальнай справы на падставе арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 000 бел. рублёў = 6999 долараў ЗША). Сямёна Малашэнкава затрымалі ў лістападзе 2025 года, яго абвінавацілі ў дачыненні да дзейнасці культурніцкай ініцыятывы «Да зораў», якая арганізоўвала ў Беларусі канцэрты. 17 снежня 2025 года ініцыятыву «Да зораў» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
II. Пагаршэнне здароўя дзеячаў культуры ў зняволенні
1. У палітзняволенага арт-менеджара Алега Ларычава, які хварэе на цукровы дыябет, не загойваюцца язвы на нагах. Падчас суда яму выклікалі хуткую дапамогу.
2. Палітзняволены паэт і журналіст Дзяніс Івашын правёў дзесяць дзён у медсанчастцы магілёўскай ПК № 15. Потым яшчэ на тыдзень быў вызвалены ад працы. У 2024 годзе Дзяніс Івашын стаў пераможцам прэміі Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні, з цыклам турэмных вершаў.
III. Забароненыя кнігі
1. 10 лістапада Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу «Хроника государственной подлости» (2005) пра гвалтоўнае выкраданне і забойства ў траўні 1999 года былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі. Сярод раздзелаў кнігі – «Похитителей и убийц под трибунал», «Обвиняет генерал Захаренко» і «По следам эскадрона смерти». Выданне прызнана «экстрэмісцкім» рашэннем суда Партызанскага раёна Мінска ад 6 лістапада 2026 года.
2. 13 лістапада Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу Яўгена Рубашкі «Хлебные крошки. Сборник тюремных стихов и текстов» (2025). Яўген Рубашка – палітвязень, актывіст анархічнага руху, аўтар турэмнай літаратуры. Затрыманы ў Мінску 29 ліпеня 2021 года. Пры затрыманні яго збівалі, на галаву нацягвалі пакет. Выстаўленыя абвінавачанні: арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім). 10 жніўня 2021 года прызнаны палітвязнем. 22 красавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуд – 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У жніўні 2022 года МУС унёс Яўгена Рубашку ў «Пералік грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». 9 кастрычніка 2025 года стала вядома, што яму дадалі 1 год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі). Агульны тэрмін зняволення – 6 гадоў.
3. 13 лістапада Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу Ігара Случака «Палітычная гісторыя беларускай мовы да 1996 г.» (2026).
4. 13 лістапада Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу Міхаіла Волчака «Сацыятэхніка: пачаткі» (2026).
5. 13 лістапада Міністэрства інфармацыі ўнесла ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігу «Евроремонт для Беларуси. Беседы с Графом Александром Прушинским» (2003).
IV. Знішчэнне арт-аб’ектаў
8 лістапада стала вядома, што ў Смаргоні пачалі разбіраць дэкаратыўны знак на кальцавой развязцы, які ў 2019 годзе ўсталявалі як сімвал міжнародных сувязяў. Арт-аб’ект уяўляў сабой кампазіцыю са стэл колераў сцягоў краін-суседак. Паказальнікі былі аформлены па-беларуску і паказвалі адлегласць да сталіц дзяржаў: да Вільні 77 кіламетраў, да Мінска – 100, да Варшавы – 440, да Таліна – 554, а да Масквы – 680. Як растлумачыў намеснік дырэктара па вытворчасці Смаргонскай ЖКГ Павел Буткевіч, «канструктыўна паказальнік не зменіцца, аднак яго аформяць у колеры дзяржаўнай сімволікі, а ранейшыя надпісы заменяць на адлегласці да абласных цэнтраў Беларусі».
V. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак аўтараў і дзеячаў культуры
4 лістапада суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкім» Facebook-акаўнт вакаліста «Gods Tower» Уладзіслава Наважылава (Lesley Knife).
VI. Абвяшчэнне «экстрэмісцкімі» сацыяльных сетак культурніцкіх ініцыятыў
6 лістапада суд Партызанскага раёна горада Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-чат «Белавуд гаварыць».