Таварыства перакладчыкаў літаратуры: жывая сустрэча Майстэрні

Апошняе абнаўленне: 7 красавіка 2025
Таварыства перакладчыкаў літаратуры: жывая сустрэча Майстэрні

Скончыўся другі сезон віртуальнай Перакладчыцкай Майстэрні – і ў чаканні трэцяга, які пачнецца неўзабаве, Беларускі ПЭН зладзіў для яе ўдзельніц і ўдзельнікаў «жывую», афлайнавую вечарыну ў Варшаве. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч размаўляў з вядомай перакладчыцай Юстынай Чэхоўскай, якая даўно і паспяхова перастварае па-польску шведскую і нарвежскую літаратуру.


Юстына Чэхоўска – польская перакладчыца шведскай і нарвежскай літаратуры, культурная дзяячка. Лаўрэатка ўзнагароды імя Віславы Шымборскай (2018), узнагароды Шведскай акадэміі для перакладчыкаў (2023).

Сузаснавальніца Аб’яднання літаратурных перакладчыкаў (Stowarzyszenie Tłumaczy Literatury) і Фонду літаратуразнаўчых даследаванняў; суарганізатарка Гданьскіх сустрэч перакладчыкаў літаратуры «Odnalezione w tłumaczeniu».


Беларускія і польскія наведнікі ўжо за пару гадзін да пачатку сустрэчы маглі настроіцца на паўночны лад – апоўдні на Варшаву пасыпаўся снег. Што зусім не замінала цёплай і жывой дыскусіі пад гасцінным дахам Старамейскага Дома Культуры на Рынку старога горада. Сустрэча адбывалася па-беларуску і па-польску, пры поўным разуменні бакоў. А калі пачалі цытаваць шведскую паэзію, імпрэза стала трохмоўнай.

Юстына Чэхоўска не толькі вядомая ў Польшчы і Швецыі перакладчыца, але і даследчыца літаратуры, культуртрэгерка, аўтарка шматлікіх артыкулаў і ўкладальніца анталогіяў, лаўрэатка прэстыжных узнагарод у Польшчы і ў Швецыі, каардынатарка культурных праектаў і стваральніца літаратурных фестываляў, а ў свой час была і літаратурнай агенткай. Яна стала адной з заснавальніц Таварыства перакладчыкаў літаратуры (Stowarzyszenie tłumaczy literatury) і некалькі гадоў узначальвала яго, а таксама была сярод тых, хто стварыў Літаратурую Унію (Unia Literacka). Абедзве арганізацыі задумваліся з думкай пра абарону перакладчыкаў і іншых літаратараў – не толькі іх аўтарскіх правоў, але і ўвогуле іх месца ў культурным працэсе і рэальным грамадстве.

З  беларускага боку ў размове ўдзельнічалі перакладчыкі ды іншыя літаратары, як пачаткоўцы, так і аўтары апублікаваных кніг, а таксама незалежныя выдаўцы і супрацоўнікі выдавецтваў. Таму і дыскусія датычыла спраў мастацкага перакладу, а таксама адносін перакладчык-аўтар, перакладчык-выдавец і перакладчык-чытач.

Гераіня сустрэчы апавядала, як апынулася паміж польскай і шведскай культурай, вучылася ва ўніверсітэтах Стакгольма, Гётэборга ды Ўпсалы і як пачынала перакладаць. Галоўнай пачатковай матывацыяй было жаданне падзяліцца з польскімі сябрамі шведскімі чытацкімі набыткамі – будучая перакладчыца пісала лісты, у якіх цытавала шведскую літаратуру, паэзію і прозу, але ўжо – па-польску.

Андрэй Хадановіч і Юстына Чэхоўска

Размова зайшла пра вечнае пытанне што да магчымасці/немагчымасці навучыцца мастацкаму перакладу, пра важнасць інстытуцый і асобных людзей, якія дзеляцца з вучнямі сваімі ведамі і таямніцамі творчасці. Так, Юстына згадала пра знакамітага шведскага перакладчыка польскай літаратуры Андэрса Будэгорда, пра якога нобелеўская лаўрэатка Віслава Шымборска паўжартам (але і з вялікай доляй сур’ёзнасці) казала, што гэта яму і яго геніяльным перакладам яна абавязаная сваёй прэміяй.

Вядома ж, дыскутавалася і праблема, чаго ў перакладзе болей – сумленнага рамяства ці натхнённай творчасці, і ці ёсць мастацкі пераклад самастойным родам літаратуры. Пытанне пра тое, чым розніцца перакладанне прозы і паэзіі, справакавала суразмоўцаў згадаць і пра спецыфіку перакладання драматургіі, а таксама кіно.

Атрымаўшы пытанне, ці можна лічыць перакладчыка пісьменнікам, экспертка задумалася над словам «пісьменнік», але сцвердзіла, што для яе перакладчык, безумоўна, – яшчэ адзін аўтар твору на сваёй мове, бо ніхто за яго (ці за яе) не напісаў гэтых слоў – напрыклад, па-польску. І размова заканамерна выйшла на праблему відочнасці/невідочнасці перакладчыкаў.

Была станоўча адзначана тэндэнцыя, што ўсё часцей імя перакладчыка ці перакладчыцы з’яўляецца на кніжнай вокладцы амаль (ці нават абсалютна) на роўных з іменем аўтара ці аўтаркі кнігі. Безумоўна, гэта важны крок да таго, каб перакладчыцкая праца перастала быць «ананімная».

Госця Майстэрні звярнула ўвагу і на з’яўленне ў Польшчы фестываляў, цалкам прысвечаных перакладу (напрыклад, «Знойдзеныя ў перакладзе» ў Гданьску), або такіх, чый фокус пашыраецца і на перакладчыкаў – Фестываль Джозэфа Конрада для празаікаў або Фестываль Чэслава Мілаша для паэтаў (абодва ў Кракаве). А таксама на літаратурныя прэміі, якія прадугледжваюць намінацыю «пераклад» («Літаратурная Гдыня») або іншым спосабам робяць постаць перакладчыка/перакладчыцы заўважнай. Напрыклад, узгагарода для цэнтральнаеўрапейскіх літаратураў «Ангелус» ва Ўроцлаве або паэтычная Прэмія імя Віславы Шымборскай у Кракаве – абедзве не толькі вельмі прэстыжныя і маюць саліднае грашовае напаўненне, але і ўзнагароджваюць перакладчыкаў разам з іх аўтарамі-пераможцамі. Так, сама Юстына Чэхоўска стала пераможцай Прэміі Віславы Шымборскай у 2018 годзе, разам са шведскай паэткай Лін Хансен, чыю кнігу яна пераклала.

Найістотнейшая частка аповеду госці датычыла дзейнасці Таварыства Перакладчыкаў Літаратуры і Літаратурнай Уніі. Гаворка ішла пра недастатковую абароненасць перакладчыкаў (як і ўсіх іншых аўтараў) перад рынкам і выдавецтвамі, якія далёка не заўсёды клапоцяцца пра інтарэсы сваіх аўтараў і аўтарак (у тым ліку, перакладчыкаў і перакладчыц). Адной са сваіх задачаў згаданыя арганізацыі бачаць калі не грунтоўную юрыдычную асвету, то прынамсі мінімальную падрыхтоўку літаратараў, якая дазволіла б ім заключаць больш выгадныя для сябе і менш кабальныя дамовы. Прыклад такой «узорнай» дамовы, з каментарамі юрыстаў, Юстына Чэхоўска паказала на сайце Таварыства Перакладчыкаў Літаратуры. Спадзяёмся, што і беларускім творцам будзе карысна на яго зірнуць. Дарэчы, Беларускі ПЭН ладзіць вэбінар, прысвечаны ключавым аспектам аўтарскага права ў літаратурнай сферы (польскае і еўрапейскае прававое рэгуляванне).

Атрымаўшы пытанне, ці заўважная ў Польшчы беларуская літаратура, Юстына згадала нядаўняе досыць гучнае з’яўленне кнігі «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец у польскім перакладзе Малгажаты Бухалік (і з вялікім захапленнем адгукнулася як пра аўтарку, так і пра перакладчыцу). Станоўча згадала і пра Ёанну Бернатовіч (дарэчы, адну з сёлетніх запрошаных экспертак Перакладчыцкай Майстэрні), у чыім перакладзе не так даўно з’явілася кніга мемуараў Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», а неўзабаве чакаецца і раман «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча.

Знайшлося на сустрэчы месца і для паэзіі. Юстына Чэхоўска апавядала пра сучасных шведскіх паэтак Атэну Фарухсад і ўжо згаданую вышэй Лін Хансен, прачытаўшы фрагмент з яе кнігі па-шведску і ў сваім перакладзе. Удзельнік другога сезона Майстэрні паэт і перакладчык Артур Камароўскі з дапамогай запрошанай эксперткі прадставіў верш з кнігі «Таксама, мама» шведскай паэткі Ханны Райс. А напрыканцы імпрэзы Юстына Чэхоўска разам з Андрэем Хадановічам на трох мовах, у арыгінале і ў перакладах, прадставілі верш знакаміта шведскага паэта-набеліста Тумаса Транстромера (Tomas Tranströmer, 1931-2015).

Från mars – 79
Trött på alla som kommer med ord, ord men inget språk
for jag till den snötäckta ön.
Det vilda har inga ord.
De oskrivna sidorna breder ut sig åt alla håll!
Jag stöter på spåren av rådjursklövar i snön.
Språk men inga ord.

Z marca – 79 (Tłum. Justyna Czechowska)
Zmęczony tymi co przychodzą ze słowami, słowa lecz nie język
przybyłem na zaśnieżoną wyspę.
Dzikość nie zna słów.
Niezapisane kartki gdzie okiem sięgnąć!
Natrafiam na ślady sarnich raciczek na śniegu.
Język lecz nie słowa.

Мадэратар сустрэчы адзначыў, што па-беларуску існуюць прынамсі тры розныя пераклады, Дзмітрыя Плакса, Алены Казловай і самога Андрэя Хадановіча, – і мінімальна пракаментаваў кожны. Згадаў, што Алена Казлова не толькі пераклала гэты верш, але і зрабіла цытату з яго – «На заснежаны востраў» – назвай кнігі аўтафікш, якую апублікавала пад іменем Анка Упала. Пракаментаваў таксама назву верша і тое, чаму не пераклаў яе даслоўна, як яго беларускія калегі – «3 сакавіка – 79». Бо вялікая літара «З» візуальна супадае з лічбай «3» і назву, адпаведна, можна прачытаць як «трэцяга сакавіка», пагатоў, гэтая дата не чужая аматарам літаратуры (суветны дзень пісьменніка) і знаўцам беларускай гісторыі (дата бітвы на Нямізе і, адпаведна, першая летапісная згадка Менска). Так што пераблытаць і памылкова прачытаць вельмі лёгка. Дарэчы, а як, убачыўшы назву, прачыталі вы?

Цікава, што з польскім перакладам верша, які належыць яшчэ аднаму набелісту, Чэславу Мілашу, здарылася падобная гісторыя: назву яго перакладу «Z marca 1979» нехта, пэўна, пераблытаўшы падобныя Z i 7, перапісаў ці перадрукаваў як «7 marca 1979», і цяпер гэтая кур’ёзная назва так і гуляе па інтэрнэце.

Вось жа, рыхтуючы пераклад для кнігі Тумаса Транстромера па-беларуску, перакладчык выбраў версію «Сакавік 79-га». Хоць зараз, добра падумаўшы, назваў бы верш «У сакавіку 79-га». Дарэчы, усе тры версіі, кожная са сваімі ўдачамі і хібамі, змешчаныя ніжэй, прыемнага чытання!

Пераклаў Дзмітрыя Плакса:
Стомлены ад усіх, што прыходзяць са словамі, але без мовы
збег я на заснежаную выспу.
Прырода не мае слоў.
Ненапісаныя старонкі расхінуліся ва ўсе бакі!
Натрапіў на сляды касулі ў снезе.
Мова, але без слоў.

Пераклад Алены Казловай:
Стомлены прамовамі, словамі, але без мовы,
бягу я на заснежаны востраў.
Дзікае не мае словаў.
Неспісаныя старонкі паўсюль разгарнуліся!
Заўважаю след, дзе ішла казуля па снезе.
Мова, а словаў няма.

Пераклад Андрэя Хадановіча:
Стомлены ад усіх словаў, якія – не мова,
я выпраўляюся да заснежанай выспы.
Дзікай прыродзе не трэба словаў.
Колькі ненапісаных старонак з усіх бакоў!
Раптам – сляды казуляў на снезе.
Мова, якая – не словы.

Развівайце Перакладчыцкую майстэрню разам з намі! Мы зрабілі адмысловы лот на Патрэоне.