![«Верую ў прызначэнне і тэрмін прыдатнасці»: пра пераклады польскамоўнай літаратуры Падляшша | Нататнік майстэрні](/wp-content/uploads/2025/02/pen_naviny-na-sajt-1280-x-720-piks-3.jpg)
Апошняе паседжанне Перакладчыцкай Майстэрні было прысвечанае творам, якія можна адначасова назваць і польскім, і беларускім пісьменствам. Абмяркоўваліся пераклады польскамоўнай падляшскай літаратуры, прычым вельмі розных жанраў – ад нашумелай кнігі дакументальнай прозы Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець», над перакладаннем якой пачала працаваць Наста Печанькова, да паэзіі Касі Сянкевіч, якая сама паспрабавала выканаць беларускія аўтапераклады сваіх польскамоўных вершаў.
Спецыяльна запрошанай госцяй была польская беларусістка Яанна Бернатовіч, вядомая перакладчыца беларускай прозы, а часам і паэзіі. Яанна пераклала на польскую дакументальную кнігу Аляксандра Лукашука «След матылька: Освальд у Менску», аўтабіяграфію Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому», лагерныя мемуары Францішка Аляхновіча «У капцюрох ГПУ», а цяпер перакладае «Сабак Еўропы» Альгерда Бахарэвіча. Перакладчыца падзялілася з навучэнцамі Майстэрні сваім творчым досведам, зрабіла грунтоўную прэзентацыю сваёй працы над кнігай Васіля Быкава, а таксама агучыла некалькі прынцыпаў, якія сфармулявала для сябе падчас перакладання дакументальнай літаратуры. Вось яны:
1) Даследаванне – шукай, правярай, пытайся, так, каб разумець перакладаны тэкст на 100%, а калі маеш сумневы, шукай у розных крыніцах.
2) Спасылкі – калі перакладаеш літаратуру факту, спасылкі перакладчыка могуць узбагаціць тэкст і спатрэбіцца чытачу.
3) Карыстайся слоўнікамі і сцеражыся фальшывых сяброў перакладчыка – калі бачыш слова, якое гучыць падобна на тваёй мове, будзь асцярожны, будзь уважлівы – гэта можа быць твой фальшывы сябра. Правярай значэнні слоў і кантэкст, у якім яны выступаюць. Нават калі гэта марудна, непрыемна і часаёмка…
Пасля Яанна Бернатовіч, мадэратар Андрэй Хадановіч і ўсе ўдзельнікі Майстэрні разам разглядалі прадстаўленыя на абмеркаванне чарнавікі перакладаў. Некаторымі назіраннямі і высновамі, зробленымі па ходу дыскусіі, падзелімся ў гэтай справаздачы.
Адна з важных тэм у кнізе «Камяні мусілі паляцець» – бежанства часоў першай сусветнай вайны. У польскім арыгінале, апроч «уцекачоў» («uchodźców»), паслядоўна ўжываецца і слова «бежанцы», якое варта было б жыўцом захаваць і ў беларускім перакладзе:
Арыгінал: Jesienią 2015 roku… pisałam o bieżeństwie, o którym w dzieciństwie opowiadała mi babcia Nadzia. Jej historia okazała się losem milionów ludzi uchodźców z czasów I wojny światowej…
Пераклад. Было: Восенню 2015 года я… і пісала пра ўцякацтва, пра якое ў дзяцінстве распавядала мне баба Надзя. Яе гісторыя аказалася лёсам мільёнаў людзей – уцекачоў у часы першай сусветнай вайны…
Стала: Восенню 2015 года я… і пісала пра бежанства, пра якое ў дзяцінстве мне апавядала баба Надзя. Яе гісторыя аказалася лёсам мільёнаў людзей – уцекачоў у часы першай сусветнай вайны…
Пераклад дакументальнай літаратуры – як, зрэшты, і ўсякі іншы пераклад – патрабуе адэкватнай перадачы ўласных імёнаў, напрыклад тапонімаў. Асабліва калі гэтыя тапонімы маюць не толькі польскую, але і традыцыйна прынятую беларускую назву:
Арыгінал: Nikt od nas by tego nie napisał – powiedziała. „Od nas”, czyli z Białegostoku, Bielska Podlaskiego, Hajnówki, Siemiatycz, Sokółki.
Пераклад. Было: Ніхто з нас бы гэтага не напісаў, – сказала. “З нас”, то бок, з Беластоку, Бельска Падляскі, Гайнуўкі, Семятыч, Саколкі.
Стала: Ніхто з нас бы гэтага не напісаў, – сказала яна. “З нас”, то бок, з Беластока, Бельска Падляшскага, Гайнаўкі, Семятыч, Саколкі.
Варта звяртаць увагу на тое, што парадак слоў у беларускай мове можа адрознівацца ад польскага, – і не калькаваць яго з арыгіналу:
Арыгінал: Był to cytat ze strony, “Bury – nie mój bohater”…
Пераклад. Было: Была гэта цытата з старонкі “Буры – не мой герой”…
Стала: Гэта была цытата з старонкі “Буры – не мой герой”…
Арыгінал: …o którym w dzieciństwie opowiadała mi babcia Nadzia…
Пераклад. Было: …пра якое ў дзяцінстве распавядала мне баба Надзя…
Стала: …пра якое ў дзяцінстве мне апавядала баба Надзя…
Часам, перакладаючы, варта прымаць да ўвагі розніцу ў мэтавай аўдыторыі арыгіналу і перакладу: штосьці, што патрабуе каментароў для польскага чытача, можа быць само сабой зразумелае чытачу беларускаму. Як у выпадку са словам «паніхіда», якое грунтоўна тлумачыцца аўтаркай у тэксце, а ў перакладзе гэтыя словы тлумачэння выглядалі б лішнімі.
Арыгінал: Co roku w maju spotykaliśmy się w Kuźnicy na panichidzie, nabożeństwie wspominającym dziadka.
Пераклад. Было: Штогод у траўні сустракаліся мы ў Кузніцы на паніхідзе – набажэнстве, на якім успаміналі дзеда.
Стала: Штогод у траўні мы сустракаліся ў Кузніцы на паніхідзе па дзеду.
Напрыканцы абмяркоўваліся вершаваныя аўтапераклады з польскай на беларускую паэткі Касі Сянкевіч. Аўтарка паставіла сабе нялёгкую задачу, бо амаль ва ўсіх прадстаўленых тэкстах адбываецца тая ці іншая (часам – вельмі складаная) гульня – з фразеалагізмамі, з моўнымі штампамі, з цытатамі (ад высокай паэзіі да кічавай эстрады), з высокім і нізкім стылем. Аўтарка валодае беларускай і польскай мовамі як роднымі, але функцыянальна сфера іх ужывання моцна адрозніваецца. І тое, што лёгка знаходзіцца і цытуецца па-польску, патрабуе не абы-якога пошуку па-беларуску.
Пераклад некаторых слоў, выразаў, канструкцый патрабуе недаслоўнасці, бо, перанесеныя жыўцом, яны выглядалі б штучна і грашылі б як супраць паэзіі, так часам і супраць элементарнай моўнай правільнасці. Напрыклад, у радках «spakowane w czteropak z wizerunkiem / pandy» ў перакладзе «чатырыпак» мае ператварыцца ў «тэтрапак», а ў паэтычным фрагменце «smoła / przebija / sztuczny smak ryżu» смала па-беларуску не «прабівае», а «перабівае» ці «заглушае» смак рысу. Цікавы ў польскім арыгінале фрагмент «mama mówi: / trzeba uwolnić świnie / z ubojni / do sejmu» у чарнавой, занадта даслоўнай версіі перакладу «маці кажа: / трэба вызваліць свіней / ад бойні / да сейма» выглядае стылістычна і сэнсава цьмяна, тады як менш даслоўная версія «маці кажа: / трэба адпусціць свіней / з бойні / ў сейм» захоўвае яскравы сатырычны пасыл арыгіналу.
Часам у польскім арыгінале цытуецца нешта ўстойлівае і пазнавальнае (як, напрыклад, назва паэмы Эліёта або тэрмін Адлера). Беларускі пераклад, зразумела, патрабуе захавання гэтых цытат, якія настолькі ж пазнаваліся б чытачамі:
Арыгінал: plony / jałowej ziemi / posypanej cukrem
Пераклад. Было: ураджаі / неўрадлівай зямлі / пасыпанай цукрам
Стала: ураджаі / бясплоднай зямлі / пасыпанай цукрам
Арыгінал: skazy / duszy, zwane / superkompensacją
Пераклад. Было: дефекты / душы, званыя / суперкампенсацыяй
Стала: дефекты / душы, званыя / звышкампенсацыяй
Увагі патрабуюць таксама гульні з сэнсамі слова, калі абодва сэнсы ў арыгінале «працуюць», як, напрыклад, ваенная і медыцынская семантыка польскага слова «atak»:
Арыгінал: genetyczny / atak / koi nerwy
Пераклад. Было: генетычны / напад / супакойвае нервы
Стала: генетычны / прыступ / супакойвае нервы
Раз-пораз неабходнасць недаслоўнага перакладу вынікае з розніцы ў адценнях сэнсу, здавалася б, падобнага ў абедзвюх мовах слова. Так польскае «przeznaczenie» мацней выражае метафізіку, а яго беларускі адпаведнік – хутчэй прагматыку, і страчаную розніцу варта кампенсаваць суседнім словам (ці словамі):
Арыгінал: wierzę / w przeznaczenie / do spożycia
Пераклад. Было: веру / ў прызначэнне / да спажывання
Стала: верую / ў прызначэнне / і тэрмін прыдатнасці
Некаторыя аўтапераклады выклікалі больш пытанняў, чым адказаў на іх. Часам польскія фраземы, з якімі гуляецца аўтарка, настолькі адрозніваюцца ад нашых, што беларуская версія патрабуе радыкальнай перапрацоўкі. Спадзяёмся, некаторыя пераклады «адляжацца» – і цікавае рашэнне прыйдзе. А скончым гэтую справаздачу парай прыкладаў, калі варыянты такога рашэння знаходзіліся і прапаноўваліся непасрэдна падчас абмеркавання на нашай Майстэрні.
Арыгінал:
Lalce
nie śni się być oddaną
w dobre ręce
z instrukcją
obsługi
od poprzedniego właściciela
Пераклад. Было:
Ніводнай ляльцы
не сніцца быць прададзенай
у добрыя рукі
з інструкцыяй
па абслузе
ад папярэдняга уладальніка
Стала:
Ніводнай ляльцы
не ўсміхаецца быць аддадзенай
у добрыя рукі
з інструкцыяй
карыстання
ад папярэдняга гаспадара
Арыгінал:
lato
hologram
słońca
gniazdo
brokatu
w połyskujących
oczach
owocówek
Пераклад. Было:
лета
галаграма
сонца
гняздо
брокату
ў бліскучых
вачах
пладовічак
Стала:
лета
галаграма
сонца
гняздо
блёстак
у зіхоткіх
вачах
дразафілы