
Пасля тыднёвага перапынку, выкліканага паэтычным фестывалем «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, Перакладчыцкая Майстэрня вярнулася да рэгулярнай працы. Чарговы занятак быў прысвечаны перакладам дзіцячай паэзіі. Яніна Рашчынская прапанавала на разбор перакладзеныя з ангельскай мовы вершы для дзяцей культавага пісьменніка Роберта Льюіса Стывенсана, а Дзяніс Сухавараў – пераствораны з польскай вершаваны цыкл «Заапарк» геніяльнага польскага паэта Яна Бжэхвы.

А каб навучэнцы наладзіліся на хвалю гэтых аўтараў, мадэратар Андрэй Хадановіч прапанаваў ім да занятку адпаведнае хатняе заданне. Трэба было паспрабаваць перакласці па адным (ці болей) кароткім вершы згаданых паэтаў. А таксама прачытаць у арыгінале адзін з самых знакамітых дзіцячых твораў у польскай культуры, верш Яна Бжэхвы «Хрушч», і параўнаць яго з нядаўна апублікаваным у кракаўскім выдавецтве «Gutenberg» беларускім перакладам, які выканаў Андрэй Скурко. Параўнаць і адзначыць удачы і хібы перакладчыка.
Супастаўленне арыгіналу з перакладам дало падставу сфармуляваць некалькі тэарэтычных прынцыпаў, якімі варта кіравацца ў перакладзе дзіцячай паэзіі.
Па-першае, гэта эквірытмічнасць перакладу – захаванне вершаванага памеру, а таксама, па-магчымасці, рыфмавага малюнку арыгіналу. Па-другое, важна захоўваць музыку арыгіналу – асаблівасці яго гучання.
У выпадку з «Хрушчом» Бжэхвы – яго знакаміты гукапіс, алітэрацыю, якая імітуе ў вершы гудзенне хрушча. Вось як ён «гудзе» ў арыгінале:
W Szczebrzeszynie chrząszcz brzmi w trzcinie
I Szczebrzeszyn z tego słynie.
Паспрабуйце вымавіць? З першага разу не выходзіць нават у саміх палякаў. Дарэчы, Бжэхваў верш зрабіўся настолькі папулярным, што ў згаданым у ім рэальным горадзе Шчабжэшыне нават паставілі помнік хрушчу, а таксама праводзяць літаратурны фестываль «Сталіца польскае мовы».

На думку ўдзельнікаў майстэрні, і з эквірытмічнасцю, і з захаваннем гучання перакладчык Андрэй Скурко бліскуча даў рады. Беларускі тэкст таксама аж віруе зычнымі гукамі, што імітуюць хрушчыныя спевы. Але, перш чым цытаваць пераклад, варта спыніцца на трэцім прынцыпе, якім варта кіравацца.
Паэтычны тэкст у «дзіцячым» перакладзе варта далікатна набліжаць да чытача. Напрыклад, абеларушваючы незразумелыя маленькім чытачам замежныя тапонімы.
Так, «сталіца польскай мовы» Шчабжэшын у беларускім перакладзе ператварылася ў…
Дзесь на Шчучыншчыне ў пушчы
Хрушч гудзе ў бружмельнай гушчы.
Пагадзіцеся, і фанетычны каларыт захаваўся, і адметнасць ужо беларускага месца дзеяння (хто з нас не чуў песні пра Шчучыншчыну?). У фінале верша перакладчык замацоўвае свой поспех з адметнымі беларускімі тапонімамі.
Арыгінал:
Lecz nie zastał chrząszcza w trzcinie,
Bo chrząszcz właśnie brzęczał w Pszczynie.
Пераклад:
Але дзе там – людзі кажуць,
Хрушч даўно гудзе ў Жардзяжжы.

Сярод нешматлікіх крытычных заўваг да перакладу, якія датычылі збольшага драбнічак, была адзначаная страта аднаго важнага нюансу. У арыгінале хрушч так адказвае на пытанне, навошта ён гудзе:
Jak to – po co? To jest praca,
Każda praca się opłaca.
У беларускім перакладзе выйшла цікава і досыць прыгожа, з хвацкім захаваннем унутранай рыфмы, але ўсё-ткі не зусім пра тое:
Бо гусці – мая работа,
Да работы ёсць ахвота!
У арыгінале гэтае месца зусім не прахадное, а, можна сказаць, ідэйна важнае. Паэт на алегарычным узроўні сутыкае прадстаўніка фізічнай працы – з творцам-інтэлігентам, і плён дзейнасці апошняга таксама вельмі істотны, адсюль і арыгінальнае «Każda praca się opłaca». Дарэчы, сам Бжэхва шмат гадоў працаваў у Польшчы ў галіне аўтарскага права, на практыцы даводзячы, што кожная праца мусіць аплочвацца.
Адзін з удзельнікаў майстэрні, Канстанцін, прапанаваў свой альтэрнатыўны пераклад, дзе згаданае месца перастворана наступным чынам:
Як нашто? То мая праца –
А на працы трэ старацца!
Пагадзіцеся, момант працоўнай этыкі тут падкрэслены нашмат больш выразна. Хоць, будзьма шчырымі, ідэі пра належную матэрыяльную ўзнагароду і з гэтага перакладу, на жаль, не вынікае.
Дарэчы, пра старанную працу навучэнцаў майстэрні. Натхнёны хатнім заданнем і спробамі сваіх калегаў, перакладчык «Заапарка» Бжэхвы Дзяніс Сухавараў – наўздагон свайму ранейшаму перакладу – прапанаваў новую беларускую версію вершыка «Мядзведзь», якая зрабілася і бліжэйшай да арыгіналу, і па-мастацку цікавейшай. Параўнайце самі.
Арыгінал:
Proszę państwa, oto miś.
Miś jest bardzo grzeczny dziś,
Chętnie państwu łapę poda.
Nie chce podać? A to szkoda.
Было:
Вось спадарства! Гэта мішка.
Паслухмяны сёння мішка.
Лапу вам ён падае,
Не падаў? Не быць бядзе.
Стала:
Калі ласка, гэта міша.
Міша ветлівы і ўвішны,
Лапу кожнаму падасць.
Не жадае? Вось напасць!
Часам творчасць удзельнікаў майстэрні выходзіла па-за межы дакладнага перакладу – з’яўляліся досыць вольныя перастварэнні. Як, напрыклад, іранічная версія Яніны:
Вось, спадарства, гэта мішка,
Сёння мілы ён як мышка,
З радасцю падасць вам лапу.
Не? То фота для вацапу?
Найбольш удалых беларускіх версій перакладу спарадзіла чатырохрадкоўе Бжэхвы пра зебру. Дарэчы, які з варыянтаў здаецца вам самым цікавым і чаму?
Арыгінал:
Czy ta zebra jest prawdziwa?
Czy to tak naprawdę bywa?
Czy też malarz z bożej łaski
Pomalował osła w paski?
Пераклад Яніны:
Зебра гэта што за дзіва?
Хіба можа быць праўдзівай?
Ці мастак ад бога нейкі
Фарбаваў асла пад рэйкі?
Варыянт Артура:
Ці то ёсць напраўду зебра
Ў пасках ад капыт да рэбраў?
Мо які мастак-няздара
Так зрабіў з асла ахвяру?
Версія Дар’і:
Ці то зебра? Ці праўдзіва
Ў свеце ёсць такое дзіва?
Ці з якой мастацкай ласкі
Восліку зрабілі паскі?
Спроба Антона:
Ці ж спрадвеку зебра тая
Паласатая такая?
Ці мастак па волі Боскай
Восліку зрабіў палоскі?
Таксама натхніў удзельнікаў майстэрні на цікавыя пераклады вершык «Дзік». Некаторыя, праўда, не змаглі ўстрымацца ад спакусы скарыстацца рыфмай, якая сама «ішла ў рукі»: дзік – клык, а таксама: дзікі – клыкі. Хоць па-беларуску, вядома ж, правільней – ікол, іклы.
Арыгінал:
Dzik jest dziki, dzik jest zły,
Dzik ma bardzo ostre kły.
Kto spotyka w lesie dzika,
Ten na drzewo szybko zmyka.
Францішка:
Злы і хуткі дзікі дзік
Мае ў роце востры клык.
Дзіка ў лесе хто спаткае,
Той на дрэва ўцякае.
Дар’я:
Дзік-дзікун калматы, злы,
Мае вострыя іклы.
Хто дзіка ў лясах спаткае,
Той на дрэва ўмэнт сігае.
Яніна:
Дзік ён дзікі, дзік ён злы,
Мае вострыя іклы.
Хто сустрэне ў лесе дзіка,
Той на дрэва лезь – не хныкай!
Знойдзеная Канстанцінам рыфма «ў лесе – ўлезе» здаецца вельмі цікавай і дарэчнай:
Дзік ёсць дзікім, дзік ёсць злосным,
Мае клык у пашчы востры.
Хто спаткае яго ў лесе,
Той на дрэва хутка ўлезе.
А Антон у сваім перакладзе, здаецца, ішоў за гучаннем верша, за алітэрацыяй на «дз», што дадало перакладу музычнасці:
Дзік — бандзюга, дзікі дзік,
Дзік надзейны мае клык,
Хто спаткае ў лесе дзіка,
Шась! — на дрэва, і ні зыка.
Разам з перакладамі Бжэхвы, удзельнікі майстэрні абмяркоўвалі і Р.Л.Стывенсана, – як падборку дзіцячых вершаў, прапанаваную Янінай Рашчынскай, так і сваё выкананае хатняе заданне. Абмяжуюся тут двума ангельскімі арыгіналамі і некалькімі версіямі іх беларускіх перакладаў.
Атмасферны лірычны верш «Singing» спарадзіў цэлы шэраг варыянтаў ужо падчас перакладу назвы: «Спеў», «Песні», «Прыпеў», «Пяянне», «Спевы», «Спяванне», «Песня». Як той казаў, выбірай на любы густ.
Of speckled eggs the birdie sings
And nests among the trees;
The sailor sings of ropes and things
In ships upon the seas.
The children sing in far Japan,
The children sing in Spain;
The organ with the organ man
Is singing in the rain.

У перакладзе Яніны, як зараз пабачым, старанна захоўваюцца геаграфічныя каардынаты арыгіналу, Гішпанія з Японіяй, а «organ» і «organ man», што спяваюць у фінале пад дажджом, небеспадстаўна прачытваюцца як «катрынка» і «кантрыншчык»:
Пярэстым яйкам птах пяе
На дрэве у гняздзе;
Марак снасцям пяе свае
Напевы на вадзе.
З Японіі чуць спеў дзяцей,
З гішпанскае мяжы;
Катрыньшчык песеньку надзей
Спявае у дажджы.
У сімпатычнай версіі Людмілы гішпанскі тапонім захаваўся, але да яго дадаўся і беларускі, прысутнічае катрынка, а «organ man» кранальна перакладаецца як «яе стары». На секунду нават можа ўявіцца іншая катрынка, але «мужчынскага полу»:
Пра яйкі ў крапінку пяе
Ў гняздзе вясёлы птах;
Марак — пра ветразі свае
І скарбы ў караблях.
Паўсюль — у Севільі і ў Міры —
Гучаць малечы спевы;
Катрынка і яе стары
Спяваюць у залеву.
У ладнай палове перакладаў у апошніх радках з’яўляюцца даслоўна «арган» і «арганіст». Думаецца, ім складаней трапіць пад дождж, чым старому з катрынкай, ды ўсё-ткі ў некаторых перакладчыкаў такая інтэрпрэтацыя выходзіла досыць паэтычна. Варта згадаць версію Антона з яе геаграфічнымі вольнасцямі, якія працуюць на эфектную канцавую рыфму:
Пра яйкі ў крапінку пяе
У кроне дрэва птах,
Спявае юнга на карме
Аб родных берагах,
Спяваюць дзеці на гары
Ў цяснінах хуткай Шу,
Арган стары ды арганіст
Пяюць у такт дажджу.
Верш Стывенсана «System» («Сістэма») і яго беларускія перастварэнні, якімі мы заканчваем гэтую справаздачу, лішні раз даказвае працытаваны вышэй, у Бжэхвы, і часткова згублены ў яго перакладах прынцып «Każda praca się opłaca», нават калі гаворка пра добрыя паводзіны дзіцяці – і адпаведную ўзнагароду за гэтыя паводзіны.
Every night my prayers I say,
And get my dinner every day;
And every day that I’ve been good,
I get an orange after food.
The child that is not clean and neat,
With lots of toys and things to eat,
He is a naughty child, I’m sure—
Or else his dear papa is poor.
Версія Яніны збольшага захоўвае фармальныя асаблівасці арыгіналу, калі не лічыць – цалкам дапушчальных, зрэшты, у перакладзе – жаночых канчаткаў і недакладнасці апошняй рыфмы.
Малітвы ўвечары складаю
І кожны дзень вячэру маю;
І кожны дзень, як ведаў меры,
Ем апяльсінку па вячэры.
А іншы хлопчык, можа стацца,
Што звык па-іншаму трымацца,
Непаслухмяны ён, я пэўны –
Ці татачка ягоны бедны.
Падчас абмеркавання ўзнікла прапанова: можа, замяніць у апошнім радку «ці» на «і», актуалізуючы такім чынам іншы сэнс слова «бедны»? Бо шосты радок арыгіналу, здаецца, выразна намякае, што матэрыяльнае становішча тут ні пры чым і неахайным малым можна быць і пры цалкам забяспечаных бацьках. А вось маленькі неслух дакладна дае ўсе падставы назваць ягонага бацьку бедаком.
Менавіта так прачытваецца сэнс «his dear papa is poor» у перакладзе Дар’і. Які, што праўда, трохі падвышае градус небяспечнага ў дзіцячай паэзіі і яе перакладах «лабавога» маралізатарства:
Штовечар пацеры твару,
За хлеб надзённы гавару
Я «дзякуй», бо лагодны сын,
За гэта маю апельсін.
Непаслухмянае ж дзіця –
Бяда бацькоўскага жыцця,
Дастаткам лёгка раздурыць,
А як яму дарослым жыць?
Не пазбег такой небяспекі і пераклад Антона («жыцця агмень», «з дабрачыннасці сваёй»), але яму шмат чаго можна дараваць за файнае і жывое параўнанне «бруднае, як парасё»:
Я малюся кожны дзень,
Каб не затух жыцця агмень;
І з дабрачыннасці сваёй
Гасцінец маю сёй ды той.
Дзіця ж, якое мае ўсё,
І бруднае, як парасё,
Капрызнае заўсёды – так,
А не – дык татка, знай, жабрак.
Што ж, апісаная ў вершах Стывенсана і Бжэхвы «сістэма» цалкам датычыць і мастацкага перакладання. Старанная, руплівая праца раней ці пазней узнагароджваецца, прыносячы перакладчыку прынамсі маральны капітал. А неахайнасць у перакладзе непазбежна зробіць пацярпелымі «жабракамі» і арыгінальнага аўтара з ягоным творам, і нас, чытачоў перакладу. Вось жа, усім нашым перакладчыкам і перакладчыцам – руплівасці, натхнення і мастацкіх адкрыццяў, а чытачам ды чытачкам – новых кніг, пераствораных і выдадзеных па-беларуску!