Чатыры дні паэзіі і музыкі: у Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце»

Апошняе абнаўленне: 4 лютага 2025
Чатыры дні паэзіі і музыкі: у Вільні пройдзе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце»

13-16 лютага ў Вільні пройдзе маштабны літаратурны форум. На Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова з’едуцца музыкі, выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, але перш за ўсё — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год.

13 лютага ў супрацы з Vilnius UNESCO literatūros miestas адбудуцца чытанні літоўскіх паэтаў і паэтак з перакладамі на беларускую мову, прымеркаваныя да выхаду новай вялікай анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары». Кніга прадстаўляе 29 галасоў найноўшай літоўскай лірыкі, многія з аўтараў перакладзеныя на беларускую мову ўпершыню.

14 лютага, у дзень нараджэння патрона фестывалю Міхася Стральцова, у партнёрстве з Саюзам літоўскіх пісьменнікаў адбудзецца ўрачыстая імпрэза адкрыцця фэсту ў Клубе Пісьменнікаў. Падчас сустрэчы прагучаць вітальныя словы ад суарганізатараў «Вершаў на асфальце», а таксама будзе абвешчанае імя новага лаўрэата ці лаўрэаткі Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова.

15 лютага ў сталічным бар-клубе «Павільёнас» разгорнецца асноўная праграма мерапрыемстываў фестывалю «Вершы на асфальце». Завершыцца вечар канцэртам гурта Syndrom Samazvanca з прэзентацыяй альбома «Radyjo Niamiha».

16 лютага ў клубе «Павільёнас» пройдзе апошні чацвёрты дзень фэсту, з прэзентацыяй новых кніг, паэтычнымі чытаннямі і дыскусіямі. Напрыканцы праграмы арганізатары прапануюць далучыцца да традыцыйнай «Ночы паэзіі».

Два апошнія дні, 15 і 16-га лютага, з 13.00 да позняга вечару ў клубе працавацьме кніжны кірмаш незалежных беларускіх выдавецтваў і кнігараспаўсюднікаў. Там можна будзе прыдбаць новыя кнігі і пакамунікаваць з аўтарамі і выдаўцамі.

Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова «Вершы на асфальце» запачаткаваны ў 2012 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Сёлета фестываль арганізоўваецца Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве з Шведскім саюзам пісьменнікаў, Саюзам літоўскіх пісьменнікаў, Vilnius UNESCO literatūros miestas, Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» і Беларускім ПЭНам.

ПРАГРАМА
Міжнароднага паэтычнага фестывалю «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова
13 лютага. Vilniaus literatų namai, Šv. Jono g. 11

18.00-20.00. Прэзентацыя анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары» (з удзелам аўтараў і перакладчыкаў).

У вечарыне ўдзельнічаюць Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багдонайце, Мантас Балакаўскас, Уладас Бразюнас, Ліна Буйвідавічуце, Марус Бурокас, Андрэй Хадановіч, Ціхан Чарнякевіч, Юргіта Яспаніце, Уладзімір Арлоў, Уладзіслаў Гарбацкі і Антанас А. Янінас.

14 лютага. Rašytojų klubas, K. Sirvydo g. 6

19.00-20.30. Урачыстае адкрыццё фестывалю

Цырымонія абвяшчэння пераможцы Прэміі Міхася Стральцова

У праграме: вітальныя словы арганізатараў і партнёраў фестывалю (Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН, Шведскі саюз пісьменнікаў, Саюз пісьменнікаў Літвы, Праграмная Рада тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва»)

15 лютага. Клуб Paviljonas, Pylimo g. 21B 

13.00-13.30. Прэзентацыя кнігі славацкага паэта Паўла Орсага Гвездаслава «Крывавыя санеты» у перакладзе на беларускую мову.

13.30-14.00. Прэзентацыя кнігі «Алесь» па матэрыялах Радыё Рацыя, прысвечаных Алесю Бяляцкаму. Праводзіць Яўген Вапа.

14.00-14.30. Новыя кнігі «Камуніката»: агляд і анонс свежых выданняў. Вядоўцы Яраслаў Іванюк і Уладзімір Арлоў.

14.30-15.00. Прэзентацыя музычнай праграмы на вершы Надзеі Артымовіч. Вядоўца і стваральнік праграмы Віктар Сямашка.

15.00-16.00. Гутарка пра выданне «Праз сябе – да сусвету. Кніга пра Алеся Разанава» (з удзелам аўтараў кнігі, калегаў і даследчыкаў творчасці Алеся Разанава).

16.00-16.30. Паэтычныя чытанні і прэзентацыя кнігі вершаў Таццяны Нядбай «Там, за сцяной».

16.30-17.30. Гутарка пра новы нумар альманаха «Апостраф» (з удзелам сяброў рэдакцыі і аўтараў выпуску)

17.30-18.00. Паэтычныя чытанні лаўрэаткі Прэміі Стральцова Антаніны Хатэнкі.

18.00-19.00. Выступ лаўрэатак Прэміі Арсенневай (Наста Кудасава, Ганна Шакель, Дар’я Бялькевіч).

19.30. Канцэрт гурта «Syndrom Samazvanca»

16 лютага. Клуб Paviljonas, Pylimo g. 21В 

13.00-13.30. Прэзентацыя кнігі Сяргея Прылуцкага «Гіброіды» (анлайн). Гутарыць Ціхан Чарнякевіч.

13.30-14.00.  Прэзентацыя кнігі вершаў класіка літоўскай паэзіі Генрыкаса Радаўскаса «Маланкі і вятры» у перакладзе Лявона Баршчэўскага.

14.00-14.30. Прэзентацыя анталогіі ўкраінскай паэзіі «Пра словы і цішыню між імі» інтэрнэт-часопіса «Таўбін» (удзельнічаюць Алена Стэпаненка, Артур Камароўскі, Андрэй Хадановіч).

14.30-15.00. Прэзентацыя новых кніг серыі «Хохрот Мінск»: удзельнічаюць паэты Уладзімір Глазаў, Марыя Мартысевіч.

15.30-16.00. Прэзентацыя «Эпасу пра Гільгамеша» і «Іліяды» у перакладзе Лявона Баршчэўскага. Вядоўца Зміцер Колас.

16.00-16.30. Прэзентацыя кнігі «Эўрыдыка не азіраецца» Сяргея Прылуцкага ў беларускім арыгінале і ў перакладах на ўкраінскую мову Алены Стэпаненкі.

16.30-17.00. Прэзентацыя новай кнігі Уладзіміра Някляева «Без Айчыны».

17.00-17.30. Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова «Свецяцца вокны ды нікога за імі».

17.30-18.00. Прэзентацыя знойдзенага архіўнага гуказапісу з чытаннем вершаў Ларысай Геніюш.

18.00-18.30. Прэзентацыя кнігі Андрэя Хадановіча «Дзікае паляванне караля Стаха: вершы для оперы».

19.00-21.00.  «Ноч паэзіі»: чытанні ўдзельнікаў фестывалю і вольны мікрафон (вядоўцы Андрэй Хадановіч і Дар’я Бялькевіч).

Удзельнічаюць Сабіна Брыло, Ціхан Чарнякевіч, Ксенія Сырамалот, Павел Горбач, Дар’я Роскач, Алена Цібец, Артур Камароўскі, Анатоль Хіневіч, Югася Каляда, Сяргей Сыс, Ванда Марцінш, Олена Стэпаненка, Зміцер Колас, Віктар Сямашка і іншыя.

У праграме магчымыя ўдакладненні.