• Навiны
  • Культурныя правы
  • Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь

Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь

Апошняе абнаўленне: 23 жніўня 2022
Задушэнне іншадумства: схаваныя формы рэпрэсій у дзяржаўных установах культуры Рэспублікі Беларусь

Уводзіны

Сфера культуры і адукацыі перажывае перыяд рэдкай увагі. Неафіты адкрываюць для сябе сучасную музыку, літаратуру, недзяржаўныя формы навучання. Тыя, хто даўно ўсведамляў сваю прыналежнасць да формаў і інстытутаў беларускай культуры, альтэрнатыўных дзяржаўным, шукаюць мову і спосабы зносінаў з людзьмі, якія за апошнія паўтара-два гады адчулі і ўсвядомілі гэтую ж цягу. Яшчэ ў 2020 г. недзяржаўныя СМІ (якія цяпер амаль у поўным складзе перайшлі ў шэраг «экстрэмісцкіх каналаў»), прасоўвалі думку: падзеі пасля жніўня-2020 – гэта культурны выбух. Ён праявіўся і праз стварэнне прадметаў мастацтва (плакаты, графіці, вершы і інш.), і праз рост спажывання культурнага прадукту (попыт на гістарычныя лекцыі, сустрэчы з аўтарамі, ахвяраванні на культурныя праекты), і праз тыя формы, што выходзяць за рамкі эстэтычнага, але датычаць культуры, – самапавага, палітычная свядомасць і інш. Аднак культурная хваля разбілася аб хвалярэз рэжыму, які прадэманстраваў цікавасць іншага кшталту: штодня з’яўляюцца навіны пра суды, вобшукі, арышты, звальненні дзеячаў культуры і адукацыі. Артыкулы і матэрыялы пра «адшчапенцаў і выраджэнцаў» рэгулярна публікуюцца ў рэжымных крыніцах. Усе гэтыя дзеянні можна назваць ціскам і нават больш – рэпрэсіямі. Але якія формы яны прымаюць? Як менавіта праяўляюцца? Ці сапраўды можна казаць пра ціск на сферу ў цэлым, ці ён мае пунктавы, абіральны характар?

Што мы будзем мець на ўвазе пад рэпрэсіямі ў сферы культуры?

Мы ўсведамляем, што выкарыстанне тэрміна «рэпрэсіі» можна паставіць пад сумнеў (і гэта нармальная навуковая/акадэмічная практыка), таму далей мы будзем выкарыстоўваць гэты тэрмін для абазначэння тых формаў ціску і прымусу, што ажыццяўляюцца як мінімум з канца жніўня 2020 г. да цяперашняга часу. Падставы: мэта ціску – утрыманне ўлады (і нават пралангацыя легітымнасці); гэты ціск ініцыяваны рэжымам, што называе сябе дзяржавай, і абапіраецца на адміністрацыйны рэсурс; ён скіраваны на стварэнне і сацыяльнай, і эканамічнай няроўнасці (і адкрыта дэкларуе гэтую няроўнасць, не хавае яе); нарэшце, караюць і ўзнагароджваюць у цяперашняй палітычнай сістэме паводле прынцыпаў «свой vs чужы» і калектыўнай адказнасці.

Што будзе ў фокусе нашай увагі?

Сфера культуры – з’ява шматаблічная, яна ўключае мноства інстытутаў, праектаў, узаемасувязяў і суб’ектаў. Для мэт гэтага артыкула мы засяродзімся на частцы, звязанай з арганізацыямі дзяржаўнай формы ўласнасці, адказнымі за захаванне і трансляцыю аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны (музеі, бібліятэкі, экскурсійныя бюро). Гэты фокус абумоўлены нячастай увагай даследчыкаў і СМІ да пералічаных арганізацый (у адрозненне, напрыклад, ад увагі да стваральнікаў культурнага прадукту – музыкаў, пісьменнікаў і г. д.); слабасцю грамадскіх аб’яднанняў у музейных, бібліятэчных і іншых установах гэтай сферы, якія вялі б уласную статыстыку і адстойвалі правы сваіх працаўнікоў, і разам з тым сур’ёзным уплывам музеяў, бібліятэк і іншых устаноў на фармаванне культурнага далягляду нацыі (напрыклад, у правінцыі яны часта застаюцца адзіным месцам, дзе школьнік можа прыйсці на сустрэчу з пісьменнікам ці іншым дзеячам культуры, пераняць культурны досвед). Таксама ў фокус нашай увагі будуць трапляць ВНУ, што рыхтуюць кадры для гэтай сферы (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская акадэмія мастацтваў і г. д.), і тыя, што наўпрост узаемадзейнічаюць з імі (напрыклад, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя доўгі час базавалася ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце).

Хаця ў наш фокус трапляюць установы менавіта дзяржаўнага падпарадкавання, трэба ўлічваць, што ў Беларусі мяжа паміж дзяржаўным, грамадскім і прыватным вельмі тонкая: многія дзеячы культуры (музейныя працаўнікі, экскурсаводы, бібліятэкары) адначасова выконваюць ролю і творцаў (паэтаў, мастакоў, дызайнераў і інш.), і ўдзельнікаў сістэмы адукацыі (выкладчыкаў, адміністратараў навучальных устаноў), і сацыяльных менеджараў (узначальваюць культурныя праекты – напрыклад, фестывалі, конкурсы, прэміі). Гэтым тлумачыцца згадванне недзяржаўных формаў культуры побач з дзяржаўнымі.

Што мы разумеем пад яўнымі рэпрэсіямі і якія формы яны прымаюць?

Адразу зробім агаворку: адрозненні паміж яўнымі і схаванымі рэпрэсіямі даволі ўмоўныя. Часта толькі маштаб выкарыстання пэўнай формы рэпрэсіі дазваляе адносіць яе да яўных. Асаблівасць рэпрэсій у цяперашняй Беларусі (як схаваных, так і яўных) – спроба публічна надаць ім падкрэслена непалітычны, «законны» характар. Кіраўнік рэжыму робіць заяву ў духу «педагогам, якія не падтрымліваюць дзяржаўную ўладу, няма чаго рабіць у ВНУ». Ведамасная вертыкаль перакладае гэта з ідэалагічнай на адміністрацыйную мову і пачынае праверкі з наступным выцісканнем нязгодных з сістэмы адукацыі. Фактычна, калі мы гаворым пра рэпрэсіі, то часцей за ўсё, на жаль, разумеем пад імі менавіта гэтае выцісканне – і тое калі яно трапляе на радары СМІ і Telegram-каналаў. На жаль – бо, акрамя выціскання (пра яго формы коратка – крыху ніжэй) ёсць і іншыя формы рэпрэсій. З розных прычын шырока вядомымі робяцца адзінкавыя выпадкі схаваных рэпрэсій. Асноўная з гэтых прычын – людзі баяцца гаварыць адкрыта праз страх страціць працу, пацярпець ад пераследу (у тым ліку крымінальнага), трапіць пад неафіцыйную забарону на прафесію.

Да яўных формаў рэпрэсій аднясём наступныя:

  • Вобшукі, арышты, узяцці пад варту, адміністрацыйныя і крымінальныя тэрміны. Гэта самыя вядомыя выпадкі. Заўважым, што ў такіх сітуацыях рэпрэсіі агульнаграмадскія не так проста адрозніць ад рэпрэсій менавіта ў сферы культуры і адукацыі. Груба кажучы, калі чалавека затрымалі на маршы ці іншай акцыі, то яго арыштавалі як грамадзяніна, а не як працаўніка музея, бібліятэкі ці выкладчыка. Пры гэтым «другасныя» рэпрэсіі – звальненні, вымовы, змены ўмоў працы – ужо маглі тычыцца прафесійнай дзейнасці. Цікава, дарэчы, што даволі доўга – прынамсі да сярэдзіны вясны 2021 г. – адміністрацыя ў асноўным старалася пазбягаць падвойнага пакарання такіх працаўнікоў (за выключэннем гучных выпадкаў, якія, відаць, маюць асаблівы кантроль рэжыму), калі іх грамадзянская актыўнасць не надта пашыралася на месца працы. Разам з тым хапае прыкладаў, калі адміністрацыя сама выклікала сілавікоў на сваіх студэнтаў і працаўнікоў, і асабліва ў гэтым вылучыліся ВНУ (БНТУ, БДУ, БДУКіМ, МДЛУ і інш.).
  • Звальненні.
  • Непадаўжэнні кантрактаў.
  • Скасаванні кантрактаў паводле пагаднення бакоў.

Маніторынг парушэнняў правоў у сферы культуры дапамагае фіксаваць выпадкі рэпрэсій для далейшай дапамогі ахвярам, адсочваць дынаміку ціску на культурнае поле і выяўляць тэндэнцыі, а таксама дазваляе грамадскасці (як беларускай, так і сусветнай) бачыць маштабы рэпрэсій. Усё пералічанае магчымае толькі пры сістэмнай паслядоўнай працы. Такі маніторынг робіцца Беларускім ПЭНам з 2019 года і суправаджаецца штогадовымі і штоквартальнымі публічнымі справаздачамі.

Разам з тым, нават гэтыя яўныя рэпрэсіі завуаляваны: адміністрацыя імкнецца не звальняць працаўнікоў, а дамагчыся «пагаднення бакоў» або элементарна чакае, калі скончыцца кантракт. Таксама фармальна звальняюць не за пазіцыю, а за «парушэнні правілаў працоўнага распарадку», «неадпаведнасць займанай пасадзе», «грубае парушэнне працоўнай дысцыпліны». Усё гэта тлумачыцца імкненнем захаваць твар і маніпуляваць дадзенымі (найперш для заходніх партнёраў). Сапраўды, як можна казаць пра масавыя звальненні, калі ў выніку звольнілі ўсяго некалькіх выкладчыкаў з агульнага ліку на факультэце? А рашэнне пра падаўжэнне або непадаўжэнне кантракта ўвогуле застаецца прэрагатывай працадаўцы. З улікам працэдуры звальнення часта значна прасцей дачакацца, калі скончыцца тэрмін кантракта. Тым болей што кантракты рэдка заключаюцца даўжэй як на тры гады (прынамсі, у сферы адукацыі). Лічым: нават калі кантракт быў заключаны на тры гады ў жніўні-2020, то паўтара года ўжо мінула – і ў самым пікавым варыянце засталося пацярпець непажаданую асобу ўсяго тры семестры. Але і гэта малаімаверна, бо існуюць варыянты датэрміновага скасавання (акрамя «пагаднення бакоў»). Напрыклад, стандартная для ВНУ атэстацыя на адпаведнасць займанай пасадзе (праходжанне праз конкурс) дае выдатную падставу для гэтага.

Падобныя формы атэстацыі ёсць і ў іншых сферах культуры і адукацыі. Калі ў першую хвалю рэпрэсій (жнівень – снежань 2020 г.) увага рэжыму была звернута перадусім на ВНУ (што, відавочна, звязана са страхам перад студэнцкай пратэснай актыўнасцю), то з лета 2021 г. рэпрэсіі ўзмацніліся ў музеях і бібліятэках.

Менавіта таму так важна і значна фіксаваць тое, што адбываецца, асабліва ва ўмовах, калі звесткі пра парушэнні губляюцца ў навінавай плыні. Адным з крытэрыяў рэпрэсаванасці варта лічыць фактычную забарону на прафесію, немагчымасць працаўладкавацца паводле спецыяльнасці ў дзяржаўную ўстанову культуры/адукацыі. Пра механізмы забароны гаворка пойдзе ніжэй:

  • Маніпуляцыі матэрыяльным стымуляваннем: у 2019–2020 гг. змянілася структура налічэння заробку. Дагэтуль яна фармавалася паводле схемы: базавы аклад (для сферы культуры і адукацыі – прыкладна 150 долараў ЗША) + надбаўкі (штомесячная і штоквартальная прэміі, прыбаўкі за стаж, за павышэнне кваліфікацыі, за ўдзел у грамадскім жыцці, матэрыяльная дапамога і інш.), якія разам былі прыкладна роўныя акладу (але для асобных катэгорый, асабліва для кіраўнічых кадраў, маглі перавышаць яго ў некалькі разоў). Пасля рэформы 2019–2020 гг. прэмія складае прыкладна 5 % ад акладу. Калі да рэформы пазбаўленне працаўніка прэміі магло пацягнуць за сабой разбор з прафсаюзам, то цяпер матэрыяльнае стымуляванне стала кампетэнцыяй кіраўнікоў высокага рангу (узровень прарэктара, рэктара, дырэктара). Такім чынам, фактычны заробак працаўніка сферы культуры і адукацыі залежыць ад надбавак, вызначаных кіраўніцтвам, і можа ў разы адрознівацца для адной і той жа пасады і стаўкі. Іншы прыклад: у адной ВНУ Мінска пераднавагоднія выплаты-2020 сур’ёзна адрозніваліся ў залежнасці ад грамадзянскай актыўнасці выкладчыкаў. Адзначым, што маніпуляцыя матэрыяльным стымуляваннем зрабілася адным з самых эфектыўных інструментаў рэпрэсіўнай сістэмы і распаўсюджваецца не толькі на палітычную і грамадзянскую актыўнасць. Так, з вакцынацыяй склалася падобная сітуацыя: у БДУКіМ выкладчыкам і працаўнікам за праходжанне курса вакцынацыі давалі прэмію, а за адмову пазбаўлялі часткі матэрыяльнага стымулявання (25–50 долараў ЗША, што пры заробку 250–300 долараў адчувальна). Акрамя рэгулявання заробкаў сюды ж, да матэрыяльнага стымулявання, можна аднесці і ведамаснае/службовае/арэнднае жыллё. Напрыклад, жылы комплекс «Магістр» у Мінску быў пабудаваны для вырашэння жыллёвай праблемы працаўнікоў адукацыі і культуры. Па сутнасці, гэта асобны мікрараён, у якім кампактна пражываюць выкладчыкі і працаўнікі мінскіх ВНУ і музеяў, працаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі. Паколькі жыллё ў ім арэнднае, кватэру трэба пакінуць пасля заканчэння працоўных адносін – і гэтая акалічнасць адкрыта выкарыстоўвалася пры ціску на працаўнікоў, асабліва сямейных. Падобныя выпадкі адзначаны і ў іншых гарадах.
  • Ліквідацыя недзяржаўных праектаў у сферы культуры і адукацыі. Нароўні з прамымі звальненнямі гэта, бадай, самая прыкметная форма рэпрэсій. За 2021 г. ліквідавана значная колькасць арганізацый, пляцовак, праектаў: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр, тэатр «Крылы Халопа» (Брэст), тайм-клуб «1387» (Бабруйск) і дзясяткі іншых. Калі ўлічыць мізэрныя заробкі працаўнікоў музеяў, галерэй, бібліятэк, многія з іх страцілі дадатковы заробак, эканамічныя і сацыяльныя льготы, а таксама магчымасці бясплатна навучацца, якія давалі гэтыя арганізацыі, праекты і пляцоўкі. Напрыклад, праекту «Інклюзіўная бібліятэка» (рэалізоўваўся Беларускай бібліятэчнай асацыяцыяй) давялося завяршыцца пасля першага этапу, бо ён фінансаваўся амбасадай ЗША, праграмы якой згарнуліся на патрабаванне рэжыму.

Многія іншыя выпадкі ўжо апісваліся аналітыкамі, таму не будзем спыняцца на іх падрабязна. Адзначым толькі, што арганізацыі і ініцыятывы, якія трапілі пад ліквідацыю, гралі ключавую ролю ў сваёй экасістэме, асабліва рэгіянальныя.

А як выглядаюць схаваныя рэпрэсіі?

Формы і механізмы схаваных рэпрэсій існавалі ў актуальным ці «заснулым» стане і да 2020 г. Больш за тое, яны непазбежна выцякаюць з патэрналісцкай мадэлі адносін «дзяржава – чалавек», што доўгія гады рэалізоўвалася ў Беларусі. Змяніліся маштаб іх выкарыстання і ўсведамленне грамадствам. Падкрэслім: праблема схаваных рэпрэсій – у рэпрэсіўнасці самой сістэмы, калі ахвярай можа зрабіцца кожны, а ў якасці рэпрэсіўнага можа быць выкарыстаны любы адміністрацыйны механізм, сам па сабе нейтральны (напрыклад, размеркаванне навучальнай нагрузкі ў ВНУ, тэмы музейнай экспазіцыі, зацвярджэнне сцэнарыя экскурсіі або ліцэнзаванне экскурсавода і інш.). Адпаведна, у схаваныя рэпрэсіі ўключаецца значна больш людзей, а даказаць гэты факт робіцца яшчэ цяжэй, чым факт рэпрэсій яўных.

Самымі распаўсюджанымі формамі схаваных рэпрэсій у сферы культуры за перыяд 2021 года зрабіліся:

  • Узмацненне адміністрацыйнага кантролю. Праяўляецца як праз абсталяванне працоўнага месца турнікетамі / валідатарамі / журналамі кантролю за працоўным часам, так і праз закупку сістэм відэаназірання (напрыклад, такія сістэмы закуплялі і БДУКіМ, і БНТУ). Гэта дазваляе замацаваць сярод працаўнікоў думку, што за імі пастаянна назіраюць (феномен паноптыкума добра апісаў Мішэль Фуко). Апрача таго, уводзяцца пасады «прарэктараў па рэжыме/ідэалогіі/бяспецы» ў ВНУ (або адпаведных намеснікаў у бібліятэках, музеях) у дадатак да ўжо наяўных аддзелаў ідэалогіі. Задачай гэтых асоб робіцца выяўленне нязгодных з палітыкай рэжыму, прадухіленне любой пратэснай актыўнасці і інш., прафілактычныя гутаркі (часта з прапановай звольніцца «на ўласнае жаданне»). Да таго ж, у кожнай галіне і нават асобнай установе існуюць свае механізмы ўзмацнення адміністрацыйнага кантролю: вядзенне навучальных журналаў груп і адпаведнасць матэрыялу заняткаў праграмам і метадычкам (ВНУ); колькасць публікацый і ўдзелаў у канферэнцыях (ВНУ і навуковыя інстытуты); колькасць чытачоў, колькасць праведзеных мерапрыемстваў і г. д. (бібліятэкі, музеі). Узмацненне адміністрацыйнага кантролю выконвае адразу некалькі задач: стварае ілюзію занятасці і эфектыўнасці працаўнікоў (напісанне шматлікіх справаздач, планаў, графікаў і інш.); на завышаных ад пачатку паказчыках дзейнасці грунтуецца сістэма ціску і залежнасці; паднагляднасць і матэрыяльная залежнасць спрыяе нібыта лаяльнасці дзяржаўнай сістэме.
  • Маніпуляцыі з нагрузкай і занятасцю. Дапусцім, звальняць з нейкіх прычын не хочацца, а добраахвотна звальняцца працаўнік не жадае – тады можна звярнуцца да пераразмеркавання занятасці (напрыклад, у ВНУ – зменшыць нагрузку са стаўкі да 0,25 стаўкі, у музеі – адмяніць або скараціць колькасць экскурсій і выстаў, што адаб’ецца на статусе і аплаце працы), да змены яе структуры (замест кансультацый аспірантаў і магістрантаў, удзелу ў навуковых радах – аўдыторная нагрузка на іншым канцы горада, замест адпрацаванага курса – мноства новых у ВНУ; адмова ад пераходу з каталожнай сістэмы ўліку выдачы на аўтаматызаваную сістэму ў бібліятэках), да змены раскладу (актуальна для буйных ВНУ з карпусамі па ўсім горадзе), да павелічэння нагрузкі пры той жа аплаце (люфт стаўкі для ВНУ – прыкладна 200 аўдыторных гадзін; павышэнне паказчыкаў наведванняў у музеях і бібліятэках). Іншыя формы маніпуляцыі – графікі дзяжурстваў, размеркаванне (і пазбаўленне) ставак і іншае. Ва ўмовах пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне да такіх маніпуляцый будуць звяртацца ўсё часцей.
  • Рэарганізацыя, рэструктурызацыя і інш. Жыватворнае поле для рэпрэсій. Пад маркай чарговай «аптымізацыі» змяняецца структура ВНУ, інстытута, музея, г. зн. асабліва нядобранадзейныя кафедры або філіялы аб’ядноўваюцца, далучаюцца, ліквідуюцца. Кіраўніцтва, у чыёй лаяльнасці ёсць сумневы, перападпарадкоўваецца (ці зусім звальняецца ў сувязі з ліквідацыяй факультэта, кафедры, філіяла). А шараговым, але нязручным працаўнікам прапануюць пасаду пры іншым участку/аддзеле, але ў рамках той жа ўстановы. Такая сітуацыя мела месца, напрыклад, у Нацыянальнай бібліятэцы. За верасень 2020 г. – снежань 2021 г. з Нацыянальнай бібліятэкі звольніліся ці былі звольнены больш за 80 працаўнікоў, сярод іх – загадчыкі аддзелаў. Выкарыстоўвалася менавіта схема з рэарганізацыяй: у сувязі са зменамі ўмоў працы працаўнікам прапаноўвалі іншую пасаду / месца працы, затым патрабавалі ў пісьмовым выглядзе зафіксаваць факт гэтай прапановы, а ў выніку на заяве ставілася рэзалюцыя «адмовіць». Падобная сітуацыя склалася ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, дзе ў выніку рэарганізацыі дырэктары філіялаў страцілі аўтаномію і вырашэнне кадравых пытанняў перайшло да галаўной установы. У выніку музей страціў не менш як 10 кваліфікаваных працаўнікоў.
  • Скарачэнне штатаў. Выклікана як хваляй рэпрэсій, так і «зацягваннем паясоў». Тут трэба разумець адрозненне ад звальненняў: часта мізэрныя заробкі ў сферы культуры і адукацыі (музеях, бібліятэках) спрабуюць кампенсаваць размеркаваннем вакантных ставак. Раней гэта хоць неяк дазваляла затрымаць кваліфікаваных працаўнікоў. Дык вось, скарачэнне штатаў – гэта не абавязкова чысткі і ўласна звальненні, можа быць і ліквідацыя размеркаваных паміж працаўнікамі ўмоўна незанятых ставак. Г. зн. рэальная колькасць працаўнікоў застаецца той жа, але іх фактычны заробак змяншаецца. Не дзіва, што такое скарачэнне – перадусім інструмент ціску на непажаданае кіраўніцтва. Напрыклад, яно мела месца ў Навуковай бібліятэцы БНТУ, Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (Мінск) і інш.
  • Увядзенне кодэксаў працаўнікоў. Самы, бадай, вядомы выпадак – спроба прыняць такі кодэкс у БНТУ. Ізноў жа, ён задумваўся да жніўня 2021 г., што пацвярджае наш тэзіс пра іманентную, спрадвечную рэпрэсіўнасць рэжыму Беларусі. Ключавы пасыл кодэкса – увядзенне расплывістага азначэння «маральнае аблічча працаўніка», пад якое можна пры жаданні падвесці розныя патрабаванні, і асабліва спробы рэгуляваць паводзіны працаўнікоў у сацыяльных сетках. Паколькі кодэкс выклікаў у працаўнікоў бурную рэакцыю (ініцыятарам пратэсту была Навуковая бібліятэка БНТУ), яго ўвядзенне прыпынілі, але тут важны сам факт спробы пашырыць карпарацыйныя правілы на асабістае жыццё працаўнікоў. Гэта, дарэчы, адна з асаблівасцяў цяперашніх рэпрэсій, што пераводзіць іх з аўтарытарных у таталітарныя. Спроба распрацаваць такі кодэкс была і ў БДУКіМ.
  • Забарона на прафесію максімальна блізкая да яўных рэпрэсій. Ужо ў лістападзе – снежні 2020 г. пачалі цыркуляваць чуткі пра з’яўленне «чорных спісаў» нядобранадзейных. Іх асаблівасць – траплянне чалавека ў спісы перакрывае яму магчымасці працаўладкавацца ў сваёй прафесійнай сферы. Так, выпадкі такой забароны бывалі і раней, але змяніўся маштаб. Важныя пытанні – хто фармуе гэтыя спісы, у якім выглядзе яны існуюць, паводле якіх крытэрыяў туды трапляюць. Дадатковыя праверкі пры працаўладкаванні, а таксама паўторныя звальненні новых працаўнікоў, звольненых з папярэдняй установы, паказваюць: спісы сапраўды ёсць. Напрыклад, пра такое наўпрост заяўляюць працаўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры, Гістарычнага музея, Навуковай бібліятэкі БНТУ, Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі, бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, выкладчыкам БДУКіМ, БДУ, БДАМ і інш. Самым надзейным пацвярджэннем існавання спісаў можна лічыць заяву міністра культуры А. Маркевіча, агучаную 20 студзеня 2022 г., што за жнівень 2020 г. – студзень 2022 г. са сферы культуры «папрасілі» каля 300 чалавек. Міністр таксама абвясціў прычыну: усе гэтыя людзі займалі, на яго думку, «дэструкцыйную пазіцыю». У кантэксце яго далейшай прамовы відаць, што разумеецца пад «дэструкцыйнай пазіцыяй» – недастатковая лаяльнасць да дзейнага рэжыму.

Фразы «калі вы… (падпішаце / не падпішаце, будзеце / не будзеце – патрабаванні розныя), то апыняцеся ў спісах» або «мы не можам узяць вас на працу, бо вы ў спісах» – надзвычай эфектыўны інструмент ціску і маніпуляцыі. Мала таго, гэтыя спісы тым больш эфектыўныя, чым менш людзей іх бачыла. Проста таму, што любы спіс абмежаваны, а ўяўленне і страх – бясконцыя. «На ўсялякі выпадак» – каб не трапіць у спісы – уключаюцца і цэнзура, і самацэнзура, і шмат чаго яшчэ. Звальненні выклікаюць абурэнне і незадавальненне (хай сабе толькі ўнутранае) і тычацца асобных людзей, а спісы трымаюць у закладніках усіх. Існаванне гэтых спісаў шмат у чым тлумачыць маўчанне большасці наконт балючых сацыяльных пытанняў: гаворка ўжо не толькі пра страту працы, але і пра шырэйшы круг рэпрэсій (ад падключэння органаў сацыяльнай апекі для праверкі дзетных сем’яў на прадмет выканання бацькоўскіх абавязкаў да пагроз завесці крымінальную справу за пратэсную дзейнасць).

  • Уцягванне ў рэпрэсіі (або перацягванне «са сведкі – у саўдзельнікі») лагічна вынікае з папярэдняга. Нягледзячы на дэклараванае рэжымам (і яго праціўнікамі) супрацьстаянне «або мы, або яны», большасць чакана паспрабавала заняць пазіцыю «паміж». І дзеянні рэжыму накіраваны зусім не на тое, каб пугай і пернікам загнаць гэтую большасць на свой бок. Хоць на адрас рэжыму гучаць эпітэты «акупацыйны» і інш., праблема якраз у тым, што яго задача – перавесці большасць з пазіцыі сведкі ў пазіцыю саўдзельніка. Кожны мусіць быць і аб’ектам гвалту (ахвярай), і суб’ектам (гвалтаўніком). Аргументацыя прыкладна наступная: звольніся, пакуль цябе не пасадзілі; ваша пазіцыя падводзіць калектыў; трэба маўчаць, ці нас зачыняць; давядзецца выбіраць: справа, якую мы стваралі столькі гадоў – ці вашы заявы дзеля хайпу ў сацсетках; і г. д. Кіраўнікоў ставяць перад выбарам: звальняць – або быць звольненымі. Нехта ідзе з пасады сам, нехта спрабуе таргавацца і цягнуць час. Запрашэнне заняць вышэйшую пасаду аўтаматычна азначае быць гатовым звальняць. Чысткі ў Нацыянальнай бібліятэцы разгарнуліся менавіта пасля замены ранейшага дырэктара на больш лаяльнага; звальненне рэктара БДУКіМ і прарэктара БДАМ абумоўлена іх адмовай падпісваць загады аб звальненнях і адлічэннях.

Другі бок гэтай формы рэпрэсій – стымуляванне даносаў. Каб заставацца на паверхні або прабіцца вышэй, у сферы культуры і адукацыі не пакажаш надояў, пакосаў і продажаў трактароў. Што робіцца крытэрыем эфектыўнасці? Лаяльнасць. Не выпадкова менавіта міністр адукацыі І. Карпенка прыйшоў на змену Л. Ярмошынай у ЦВК. Сістэма адукацыі – гэта сістэма залежнасці, кругавой парукі, бяспраўя і сацыяльнага расслаення нават у большай ступені, чым такая ж жабрацкая сфера культуры.

  • Зачыстка недзяржаўных формаў культуры і адукацыі. Каб сістэма залежнасці існавала, у дзеячаў культуры і адукацыі не павінна быць выбару. Які самы дзейсны аргумент для шараговага (асабліва правінцыйнага) бібліятэкара, музейнага працаўніка, экскурсавода? Яны, маўляў, існуюць толькі з ласкі дзяржавы, не будзе менавіта гэтай дзяржавы – яны апынуцца на вуліцы. Пра рацыю такога аргументу цяпер не будзем, засяродзімся на іншым: куды пойдзе звольнены за пазіцыю выкладчык, калі недзяржаўныя ВНУ практычна знішчаны (яшчэ больш за 10 гадоў таму), а астатнія дрыжаць яшчэ мацней за дзяржаўныя, бо над імі вісіць небяспека страціць акрэдытацыю і ліцэнзію? Яшчэ ў горшай сітуацыі апынуліся працаўнікі музеяў і бібліятэк, бо прыватных устаноў іх профілю зусім няма.

Цяпер, калі згарнуліся праекты з міжнароднай лініі (праз санкцыі і контрсанкцыі), для працаўнікоў сферы культуры і адукацыі ўсё менш варыянтаў як матэрыяльнай незалежнасці, так і адукацыйных стратэгій. Чым згортванне праекта адрозніваецца ад ліквідацыі арганізацый? Па-першае, закрываюцца праекты менавіта з міжнароднай лініі, а не сама арганізацыя; па-другое, намінальна праект можа застацца, але мяняецца форма прысутнасці ў ім дзяржавы. Груба кажучы, гэта «рэйдарскі захоп» – як у выпадку з кінафестывалем «Лістапад», які гадамі рабіла недзяржаўная каманда, але ўзгадняла яго з шэрагам міністэрстваў. У выніку ўвосень 2021 г. каманду адсунулі ад працы над праектам – і фестываль цалкам перайшоў пад дзяржаўны кантроль з усімі наступствамі ў выглядзе цэнзуры і г. д. Чым менш формаў падтрымкі недзяржаўнага сектара культуры і адукацыі, тым сур’ёзнейшай робіцца псіхалагічная залежнасць працаўнікоў ад дзяржавы і тым цяжэй рызыкаваць пры пошуку новых напрамкаў і формаў прафесійнай дзейнасці. І тым менш даверу да міжнародных праграм, што рэалізуюцца недзе за межамі Беларусі, няхай і ў імя Беларусі.

  • Цэнзура. Яна існавала і раней, але цяпер прымае зусім гратэскавыя формы. Напрыклад, гатовы макет дзіцячай кнігі прымушаюць перарабіць, бо ў спалучэнні белага і аранжавага на вокладцы міністру інфармацыі прымроіліся чырвоныя адценні. Ёсць спіс актыўных аўтараў, якіх нельга запрашаць на сустрэчы ў бібліятэкі і школы. Дакладней, гэта ўсё працуе яшчэ горш: калі няма ўпэўненасці, што гэта «правільны» аўтар, яго лепш не запрашаць зусім, бо мала там што. На лбе не напісана, а сацыяльныя сеткі вядуць не ўсе. І гэтая цэнзура «на ўсялякі выпадак» імкліва набірае маштабы. Так у сферы культуры само сабой вызначаецца кола дапушчальных тэм для творчага выказвання (подзвіг народа ў ВАВ, шчаслівае дзяцінства і г. д.), а таксама формаў – правераных, традыцыйных. У выніку не толькі аўтары, але і бібліятэкі, музеі, экскурсаводы абмежаваны ў арганізацыі выстаў, закупцы кніг, сцэнарыях экскурсій і г. д.
  • Самацэнзура. Апісаць гэту з’яву нам падаецца важным. Апроч ранейшай неабходнасці фільтраваць выраблены кантэнт, каб ён упісваўся ў рамкі, дазволеныя дзяржавай (ад выбару тэм дысертацыі да ўзгаднення спісаў запрошаных на выставу), цяпер з’явіліся: сацыяльнае дыстанцыяванне – нямала дзеячаў культуры, педагогаў і інш. звольніліся або замоўклі, каб не ствараць небяспекі калегам і вучням; страх перад сацыяльным заражэннем – уладкаваныя ў дзяржаўных установах працаўнікі сферы культуры і адукацыі пазбягаюць удзелу нават у вонкава бяспечных (без адкрыта дэклараванага палітычнага кантэксту) мерапрыемствах, калі тыя ініцыяваны недзяржаўнымі праектамі/камандамі, а тым больш людзьмі, вядомымі сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Часцей за ўсё пры самацэнзуры псіхалагічна камфортнай матывацыйнай формулай выступае захаванне прафесійнай пазіцыі, пазіцыі «па-за палітыкай дзеля справы». Трэцяе – адхіленне, адмова ад сацыяльных праектаў праз грамадзянскую пазіцыю. Г. зн. установа культуры з прыемнасцю прасоўвала б праекты ў духу «найлепшае – дзецям» (напрыклад, інклюзія – ідэалагічна бяспечна, і можна даць справаздачу з паказчыкамі), але ўжо самі працаўнікі не хочуць працаваць на рэжым. Як ні круці, гэта таксама форма самацэнзуры, выкліканая рэпрэсіямі.

Гэтыя формы, напэўна, можна апісаць больш дэталёва, іх праявы звычайна нашмат больш вынаходлівыя і разнастайныя і не вычэрпваюцца названымі вышэй. Акрамя таго, ёсць шэраг фонавых механізмаў рэпрэсій і іх наступстваў, якія нельга назваць спецыфічнымі менавіта для сферы культуры і адукацыі, але якія на яе моцна ўплываюць:

  • Разбурэнне каштоўнасці прафесійнасці. Сацыяльны кантракт «вы дазваляеце нам працаваць, як мы лічым патрэбным, а мы выносім свае меркаванні пра рэжым за межы працоўнага месца» разарваны, альтэрнатывай яму робіцца канфрантацыя або дэманстрацыя лаяльнасці. У любым выпадку ўзнікае праблема прафесійнай валідацыі, ацэнкі і самаацэнкі. У шэрагу выпадкаў ацэнку спрабуюць замяніць сістэмай балаў (як у БДУ) або аналагамі, але гэта дыскрымінацыйная сістэма: яна распрацавана так, каб кіраўнікі атрымлівалі максімальныя балы за ўдзел у разнастайных радах і экспертызах, што для шараговага працаўніка недаступна ў прынцыпе. Публікацыі і ўдзел у канферэнцыях нават блізка не дазваляюць назапасіць балаў такога ж парадку (а яны ўлічваюцца пры размеркаванні надбавак). Звальненне вядучых працаўнікоў таксама паглыбляе гэтае разбурэнне. Так, сярод працаўнікоў музеяў, якіх звольнілі або якія звольніліся самі, многіх адзначалі граматамі, нават афіцыйнай сістэмай яны прызнаваліся вядучымі ў сваёй сферы. Яны выступалі свайго роду меркай, задавалі рамку прафесійнай падрыхтоўкі і дзейнасці. Тое, што ў адрозненне ад папярэдніх гадоў нават прафесійныя якасці не робяцца дастатковай гарантыяй захавання працоўнага месца, – яшчэ адно сведчанне глыбіні рэпрэсій.
  • Пазбяганне адказнасці і праблема супольнасці. Сфера культуры і адукацыі сама па сабе спецыфічная, звязаная з рэалізацыяй творчых амбіцый, у ёй шмат унутраных канфліктаў. І цяпер, калі ідзе выцісканне самых прынцыповых кадраў, культура і адукацыя канчаткова ператвараюцца ў сферу абслугоўвання і стол ідэалагічных замоў. Гэта ў выніку прывядзе: 1) да засілля лаяльных сераднякоў і непрафесіяналаў на ўсіх кіраўнічых пасадах; 2) да ўзнікнення гурткоў і «сектачак» вакол яскравых асоб, якія засталіся. Другое – таксама праблема, бо арыенцірам робіцца не прафесійная падрыхтоўка, не навуковая або мастацкая каштоўнасць, а сіла харызмы. Больш за тое, можна з упэўненасцю казаць і пра непазбежны канфлікт у супольнасці на лініі «пайсці або застацца», а таксама на лініі «тыя з’ехалі – гэтыя не».
  • Знішчэнне публічнасці як сферы і знішчэнне культуры абмеркавання. Выкарыстанне рыторыкі «хто не з намі, той супраць нас», мовы варожасці, практыкі скасавання па-беларуску (забарона на прафесію – прыватны выпадак) для сфер культуры і адукацыі – удар па асновах. Замест эстэтыкі – ідэалогія, замест крытыка – прарэктар па рэжыме. ХХ стагоддзе паказала: для мастацтва жыццёва важныя магчымасці інтэрпрэтацыі, у немаце яно не існуе, робіцца нябачным для гледача і слухача. Вынікам робяцца пошласць і кепскі густ.

Пры гэтым заўважым, што як рэжым, так і яго праціўнікі выкарыстоўваюць рыторыку і тэрміналогію, якая адсылае да Другой сусветнай вайны і «халоднай вайны». Гэта, вядома, цікавыя аб’екты для даследаванняў лінгвістаў, філосафаў і псіхолагаў, але ўжываныя вобразы мінуўшчыны непазбежна хаваюць сутнасныя рысы сапраўдных падзей, а таксама пагражаюць перавесці вайну з рэальнасці моўнай у рэальнасць фізічную.

  • Знішчэнне прыватнасці як сферы (напрыклад, прымусовы камінг-аўт). Для сферы культуры і адукацыі гэта балюча не толькі таму, што, паводле народнай думкі, яна – «прытулак геяў і лесбіянак». Скажам, для шматлікіх творчых прафесій цела – гэта працоўная прылада, і пытанне, каму (самому чалавеку ці танцавальнаму калектыву) тая прылада належыць, – далёка не пустое, бо тычыцца выступаў з траўмамі на парадах і канцэртах, прымеркаваных да дзяржаўных дат, выступаў і рэпетыцый з ідэалагічнай нагоды, што адбіраюць час навучання і адпачынку, і г. д. Іншы прыклад – дапушчальнасць апублічвання прыватнага жыцця аўтара: з ідэалагічных прычын нейкія факты біяграфіі рэтушуюцца (пакаянныя лісты ці адозвы, што пісаліся класікамі беларускай літаратуры), нейкія – выстаўляюцца напаказ (рэальная або прыдуманая сувязь з калабарантамі, сексуальная арыентацыя, вонкавы выгляд – што заўгодна).
  • Міжнародныя кантакты. Самы, бадай, неадназначны момант. З аднаго боку, Беларусь ніколі не была настолькі ў цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці, як у 2020–2021 гадах, няхай нават з такой сумнай нагоды, як масавыя рэпрэсіі. Цікавасць да пратэстаў выклікала цікавасць да беларускай культуры. Вынікам зрабіліся выставы пратэснага мастацтва ў Варшаве, выстава плакатаў Цэслера і інш., чытанні і выступленні беларускіх аўтараў на міжнародных фестывалях і форумах. Але калі разабрацца, гэтыя кантакты ў большасці сваёй і так існавалі, запрошаныя, як правіла, і так былі вядомыя/запатрабаваныя за мяжой. Але цяпер на сацыяльную ролю чалавека культуры накладваецца няголаснае патрабаванне быць і чалавекам з пазіцыяй, якую трэба агучваць, а гэта таксама ідэалагізацыя, што ўплывае на свабоду творчасці.

Пры гэтым большасць праграм, што падтрымліваюць культурныя ініцыятывы ўнутры Беларусі, з якімі маглі супрацоўнічаць арганізацыі дзяржаўнай формы ўласнасці, згарнуліся з прычыны або рэпрэсій (напрыклад, праекты «Белгазпрамбанка»), або санкцый/контрсанкцый (праекты Інстытута Гётэ, амерыканскай амбасады і інш.). А менавіта праз гэтыя праграмы ішла сістэмная работа шараговых працаўнікоў сферы культуры і адукацыі з сучасным культурным прадуктам. Нялішнім будзе згадаць і тое, што многія фонды і матэрыяльная база абнаўляліся за кошт замежных партнёраў – успомнім хаця б медыятэку, створаную пры абласной бібліятэцы ім. Пушкіна пасольствам Францыі, або штогадовыя папаўненні правінцыйных бібліятэк кнігамі – лаўрэатамі літаратурных і ілюстратарскіх прэмій амбасадай ЗША і многае іншае. «Імпартазамяшчэнне» ў сферы міжнародных кантактаў, бадай, будзе ісці за кошт былых сярэднеазіяцкіх рэспублік.

Акрамя дэмаралізацыі і маўчання, разгортвання прапаганды дзеля адмаўлення еўрапейскіх культурных каштоўнасцяў, дэкаратыўнай ролі беларускай мовы ў афіцыйным дыскурсе, што ўласціва грамадска-палітычнаму жыццю Беларусі агулам, асабліва адчувальнымі наступствамі рэпрэсій у сферы культуры і адукацыі дзяржаўнай формы ўласнасці робяцца наступныя (тэзісна):

  • Дэпрафесіяналізацыя. Наіўна меркаваць, што культуру і адукацыю можна паставіць на паўзу. Большасць звольненых знойдзе сябе ў іншых сферах або зусім з’едзе, а да пакінутых выстаўляюцца патрабаванні, далёкія ад прафесійных. Замяніць вядучага музейнага працаўніка ўчарашнім выпускніком можна толькі на паперы.
  • Няроўны доступ да рэсурсаў і поўнае пазбаўленне такога доступу. Культура і культурныя праекты існуюць не ў паветры. Для іх рэалізацыі трэба матэрыяльная база – памяшканні, архівы, друкарні, апаратура і многае іншае. Сюды ж можна аднесці і інфраструктуру – напрыклад, ратацыю на радыё і тэлебачанні, сістэму дзяржзакупак кніг, прымусовыя падпіскі на газеты і часопісы. Дыскрымінацыя паводле прыкметы лаяльнасці будзе толькі нарастаць.
  • Крызіс узнаўлення кадраў. Акрамя агульных і даўніх праблем, характэрных для сферы культуры і адукацыі, даўно фінансаванай паводле рэшткавага прынцыпу, у найбліжэйшыя два-тры гады ўзмоцняцца дзве тэндэнцыі: звальненне кадраў пенсійнага ўзросту і выцісканне маладых адразу пасля адпрацаванага размеркавання. А для многіх галін (напрыклад, звязаных з рэстаўрацыяй або фалькларыстыкай) перадача жывога досведу, асабістых навыкаў і практык – база прафесіі.