Імя другой лаўрэаткі ці лаўрэата прэміі імя Алеся Адамовіча будзе абвешчанае ў Познані

Апошняе абнаўленне: 30 лістапада 2024
Імя другой лаўрэаткі ці лаўрэата прэміі імя Алеся Адамовіча будзе абвешчанае ў Познані

1 снежня адбудзецца працяг цырымоніі ўзнагароджання прэміяй імя Алеся Адамовіча за найлепшы публіцыстычны твор, апублікаваны ў 2023 годзе. Першая частка цырымоніі прайшла ў Берліне 20 кастрычніка – там мы даведаліся адно з імёнаў сёлетніх лаўрэатаў: «За перапрацоўку асабістых і сацыяльна-палітычных траўм, за шматлікасць досведу і змяшчэнне Беларусі ў розныя кантэксты прэміяй імя Алеся Адамовіча ганаруецца аўтарка кнігі “Я танцую” Віка Біран».

Цырымонія пройдзе падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які на гэтых выхадных пачаў сваю працу ў горадзе Познань (Польшча). То запрашаем познаньскіх беларусак і беларусаў на ўрачыстае ўзнагароджанне прэміяй Алеся Адамовіча: 1 снежня, 17:00, пляцоўка А (аўдыторыя С2), Al. Niepodległości 4, Познань, Польшча.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭНам і масмедыя ў студзені 1995 года, праз год пасля смерці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча. Старшынём журы прэміі першапачаткова быў Васіль Быкаў. Першыя два гады прэмія ўручалася 3 верасня, у дзень нараджэння Алеся Адамовіча.

Мэты прэміі: ушанаваць памяць Алеся Адамовіча; адзначыць найлепшы публіцыстычны твор, прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці.

Лаўрэатамі прэміі ў мінулым годзе сталі:

  • Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу», за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу;
  • Максім Знак з кнігай «Зэкамерон», за чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах.

Даведацца пра прэмію больш можна на нашым сайце.