15 лістапада, у Дзень зняволенага пісьменніка, Беларускі ПЭН абвяшчае пачатак прыёму заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча – літаратурную ўзнагароду за творы, напісаныя ў зняволенні (у тым ліку ўзноўленыя аўтарамі пасля знішчэння або канфіскацыі рукапісаў) або на тэму зазнанага аўтарам зняволення.
Сёлета прэмія пераходзіць на новы каляндар правядзення: творы будуць ацэньвацца і адзначацца ў наступным пасля завяршэння конкурснага перыяду годзе. Гэта дазволіць надаць больш увагі беларускай турэмнай літаратуры, якая сёння актыўна вяртаецца да чытачоў, і стварыць лепшыя ўмовы для яе прадстаўлення і літаратурнай ацэнкі.
Раней прэміяльны сезон доўжыўся з кастрычніка да кастрычніка, а пераможцаў традыцыйна абвяшчалі 15 лістапада – у Дзень зняволенага пісьменніка. Цяпер прэмія Аляхновіча будзе праводзіцца паводле каляндарнага прынцыпу, які выкарыстоўваецца і ў іншых літаратурных прэміях: творы, створаныя на працягу вызначанага перыяду, будуць разглядацца журы ў наступным годзе.
Пераходны сезон ахопіць творы, напісаныя з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года. Прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года, а абвяшчэнне пераможцы адбудзецца ў лістападзе 2027 года.
Чаму гэтыя змены важныя менавіта цяпер?
За апошні час сітуацыя з беларускай турэмнай літаратурай істотна змянілася. У выніку вызваленняў палітычных зняволеных чытачам сталі даступныя новыя творы, напісаныя ва ўмовах няволі, узноўленыя пасля зняволення, напісаныя на тэму зазнага аўтарамі зняволення.
Беларускі ПЭН працягвае фіксаваць сістэматычныя выпадкі канфіскацыі, знішчэння і знікнення рукапісаў палітычных зняволеных. Як адзначаецца ў нашай заяве ад 3 сакавіка 2026 года, падчас ператрусаў, пераводаў паміж установамі і нават перад вызваленнем у людзей забіраюць літаратурныя творы, дзённікі, успаміны і іншыя запісы, якія пасля нярэдка не вяртаюцца аўтарам. У выніку вызваленыя аўтары вымушаны ўзнаўляць з памяці творы, над якімі працавалі ў зняволенні. Для Беларускага ПЭНа асабліва важна падтрымліваць захаванне і вяртанне гэтых твораў у літаратурны працэс, не дапускаючы, каб разам з рукапісамі знікала і створаная ў няволі літаратурная спадчына.
Мы бачым, што абсяг турэмнай літаратуры за апошні год значна павялічыўся. Пры гэтым многія творы ўсё яшчэ застаюцца невядомыя шырокай аўдыторыі, не выдаюцца і захоўваюцца ў асабістых архівах аўтараў. І мы маем вялікія спадзевы, што менавіта падчас новага прэміяльнага сезона стануць вядомыя новыя тэксты, якія не змаглі дайсці да чытачоў раней.
Беларускі ПЭН імкнецца не толькі адзначаць сам факт стварэння літаратуры ва ўмовах несвабоды, але і надаваць належную ўвагу яе мастацкай вартасці, разнастайнасці жанраў і значэнню для сучаснай беларускай літаратуры.
Мы перакананыя, што шырэйшае прадстаўленне турэмнай літаратуры і рэгулярнае інфармаванне пра яе творы і аўтараў падчас прэміяльнага сезона дапаможа прыцягнуць дадатковую ўвагу і да тых Людзей Слова, якія дагэтуль застаюцца ў няволі. Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНа, станам на 31 кастрычніка 2026 года не менш за 19 Людзей Слова знаходзяцца ў зняволенні або адбываюць пакаранне ва ўмовах абмежавання волі.
Больш часу для працы журы і ўвагі да твораў
Новы каляндар прэміі дасць журы дастаткова часу для грунтоўнага чытання, абмеркавання і ацэнкі ўсіх пададзеных твораў.
Упершыню ў прэміяльным працэсе будзе прадугледжана магчымасць фармавання доўгага і кароткага спісаў намінантаў, калі журы палічыць гэта мэтазгодным. Такі падыход дазволіць прыцягнуць дадатковую ўвагу не толькі да пераможцы, але і да іншых значных твораў, што ўдзельнічаюць у конкурсе.
У 2027 годзе прэмія Аляхновіча ўпершыню будзе грашовай
Яшчэ адным важным змяненнем стане ўвядзенне грашовай узнагароды. У 2027 годзе пераможца прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымае грашовы прыз, памер якога будзе вызначаны арганізатарам.
Да гэтага часу прэмія не прадугледжвала грашовай узнагароды. Беларускі ПЭН імкнецца да таго, каб літаратурнае прызнанне суправаджалася і матэрыяльнай падтрымкай аўтараў, якія пасля зняволення часта вымушаны нанова наладжваць сваё жыццё і вяртацца да прафесійнай і творчай дзейнасці. Хоць пакуль няма ўпэўненасці, што магчымасць грашовага ўзнагароджання захаваецца ў наступныя гады, Беларускі ПЭН будзе імкнуцца зрабіць яго сталай часткай прэміі Аляхновіча.
Прыём заявак і ўмовы ўдзелу
На прэмію могуць быць вылучаны арыгінальныя дакументальныя і мастацкія творы ў розных літаратурных жанрах (проза, паэзія, драматургія і інш.), напісаныя ў зняволенні (у тым ліку ўзноўленыя аўтарамі пасля знішчэння або канфіскацыі рукапісаў) або на тэму зазнанага аўтарам зняволення. Да ўдзелу прымаюцца як апублікаваныя, так і неапублікаваныя творы на беларускай і рускай мовах. Абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства і месца жыхарства аўтараў няма. У конкурсе могуць удзельнічаць пераможцы і лаўрэаты папярэдніх гадоў.
Прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года і працягнецца да 20 студзеня 2027 года.
Заяўкі прымаюцца праз электронную форму.
З поўнымі ўмовамі ўдзелу можна азнаёміцца ў статуце і рэгламенце прэміі.
Пераможца прэміі за творы, напісаныя ў перыяд з 1 кастрычніка 2025 года да 31 снежня 2026 года, будзе абвешчаны ў лістападзе 2027 года.
Беларускі ПЭН перакананы, што сёння асабліва важна не толькі захоўваць сведчанні пра зняволенне, але і адкрываць чытачам літаратуру, якая нарадзілася ў гэтых абставінах. За кожным такім творам стаіць не толькі асабісты досвед аўтара, але і частка сучаснай беларускай літаратурнай гісторыі, якая працягвае пісацца нават ва ўмовах несвабоды.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча – літаратурная ўзнагарода, заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭНам сумесна з беларускай службай «Радыё Свабода». Яна носіць імя беларускага драматурга, пісьменніка і журналіста Францішка Аляхновіча, які сам прайшоў праз зняволенне і апісаў свой досвед у кнізе «У капцюрох ГПУ».
Часта задаваныя пытанні пра прэмію
Калі мой твор напісаны ўжо не ў турме, я магу падацца?
Так, бо прымаюцца творы, або напісаныя ў зняволенні, або ўзноўленыя пасля зняволення, або прысвечаныя зазнанаму аўтарам зняволенню.
Калі я пішу па-руску?
Вы можаце ўдзельнічаць, бо на разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах. Адсутнічаюць абмежаванні і паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства аўтараў і месца публікацыі твораў.
Калі мой твор нідзе не надрукаваны?
Мы прымаем як апублікаваныя творы, так і неапублікаваныя. Аднак калі вы плануеце выдаць свой твор асобнай кнігай у найбліжэйшы час, мы раім разгледзець магчымасць падаць яго на прэмію ўжо пасля выдання. Удзел у конкурсе, у тым ліку магчымае траплянне ў доўгі ці кароткі спіс намінантаў, можа прыцягнуць дадатковую ўвагу да кнігі, паспрыяць яе прасоўванню і продажам.
У конкурсе можа ўдзельнічаць любая колькасць твораў аднаго аўтара.
Калі мая кніга яшчэ толькі плануецца да выдання ў 2026-м?
Вы таксама можаце падаць яе на прэмію! Хоць прыём заявак пачынаецца 15 лістапада 2026 года, ён працягнецца да 20 студзеня 2027 года. Таму, калі ваша кніга выйдзе да 31 снежня 2026 года, вы зможаце падаць яе на конкурс на пачатку студзеня.
Ці магу я ўдзельнічаць зашыфравана?
Так, калі маеце абгрунтаваныя прычыны. Факт намінацыі, перамога, імёны і прозвішчы аўтараў могуць зашыфроўвацца і не раскрывацца публічна. Прозвішчы будуць абвешчаны толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Ці магу я падаць заяўку за сваіх блізкіх, якія знаходзяцца ў зняволенні?
Так, гэта могуць зрабіць блізкія сваякі аўтара або іншыя ўпаўнаважаныя асобы. Але твор можа ўдзельнічаць у конкурсе толькі са згоды аўтара (усяго аўтарскага калектыву ці яго асобных чальцоў).
Ці магу я намінавацца зноў пасля перамогі ў мінулыя гады?
Так, пераможцы і лаўрэаты прэміі могуць быць намінантамі ў наступных сезонах.