Дзень зняволенага пісьменніка 2026: падтрымайце Вацлава Арэшку

Апошняе абнаўленне: 15 лістапада 2026
Дзень зняволенага пісьменніка 2026: падтрымайце Вацлава Арэшку

«Пісьменнікі становяцца мішэнямі пераследу, таму што словы не ведаюць межаў. Верш можа перасекчы мяжу, якую не можа перасекчы яго аўтар. Рэпартаж можа перажыць цэнзара, які спрабаваў яго схаваць. Кожнае дзеянне ў падтрымку зняволенага і кожнае імя, вымаўленае ўголас, — гэта акт супраціву маўчанню, на якое разлічваюць улады». Ма Тыда, старшыня Камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні»

15 лістапада. Штогод у Дзень зняволенага пісьменніка Міжнародны ПЭН выказвае салідарнасць з аўтарамі, якіх пазбаўляюць волі, прымушаюць маўчаць або гвалтоўна знішчаюць з публічнай прасторы за іх словы. Сёлета, з 15 лістапада да 10 снежня, мы заклікаем вас падтрымаць пяцярых з іх: Pham Doan Trang (В’етнам), Henry Constantín Ferreiro (Куба), Ahmed Mansoor (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты), Вацлава Арэшку (Беларусь) і Innocent Bahati (Руанда).

Улады краін, якія ўтрымліваюць іх у зняволенні, разлічваюць на маўчанне. Давайце зробім так, каб іх галасы былі пачутыя.

Падтрымайце Вацлава Арэшку

Імя: Вацлаў Арэшка
Дзейнасць: рэдактар, палітолаг, прафсаюзны актывіст
Статус: у зняволенні
#VacłaŭAreška
#DayoftheImprisonedWriter

Рэдактар, палітолаг і прафсаюзны актывіст Вацлаў Арэшка адбывае ў Беларусі васьмігадовы тэрмін зняволення паводле беспадстаўных абвінавачанняў. Паводле наяўнай інфармацыі, у зняволенні ён страціў зрок праз адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі. Ён павінен быць неадкладна і безумоўна вызвалены. Да моманту вызвалення яму неабходна тэрмінова забяспечыць належную медыцынскую дапамогу, а таксама ўмовы ўтрымання, адаптаваныя да яго стану здароўя.

Як вы можаце дапамагчы

1. Напішыце Вацлаву Арэшку словы падтрымкі і надзеі

Дашліце яму паведамленне са словамі салідарнасці, каб ён ведаў, што пра яго не забыліся.

Напісаць паведамленне

2. Звярніцеся да сваіх дыпламатычных кантактаў

Міжнародны ПЭН заклікае беларускія ўлады:

  • Неадкладна і безумоўна вызваліць Вацлава Арэшку.
  • Да моманту яго вызвалення забяспечыць Вацлаву Арэшку ўмовы ўтрымання, якія адпавядаюць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека адносна абыходжання са зняволенымі, у тым ліку тэрмінова забяспечыць яму доступ да належнай медыцынскай дапамогі і ўмовы ўтрымання, адаптаваныя да яго стану здароўя.
  • Спыніць маштабныя рэпрэсіі супраць іншадумства і забяспечыць павагу да беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці.

Накіроўвайце свае звароты на адрас:

Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Адрас: Палац Незалежнасці, праспект Пераможцаў, 12, Мінск, Беларусь.

Калі ласка, дасылайце электронныя копіі зваротаў:
Міністру замежных спраў Беларусі Максіму Рыжанкову.
Электронная пошта: [email protected].
У Пасольства Беларусі ў вашай краіне. Адрасы пасольстваў можна знайсці тут.

Калі ласка, паведамляйце Міжнароднаму ПЭНу пра ўсе зробленыя вамі захады і атрыманыя адказы.

Міжнародны ПЭН таксама заклікае міжнародную супольнасць працягваць аказваць ціск на беларускія ўлады з мэтай вызвалення ўсіх зняволеных па палітычных матывах, у тым ліку Вацлава Арэшкі, а таксама абараняць беларускіх дзеячаў культуры, якія знаходзяцца пад пагрозай пераследу. Сярод іншага, гэта прадугледжвае рэалізацыю Люксембургскіх рашэнняў, накіраваных на падтрымку беларусаў у выгнанні.

Звароты можна накіроўваць у міністэрствы замежных спраў вашых краін, а таксама дыпламатычным прадстаўнікам вашых дзяржаў у Беларусі.

3. Распавядзіце пра кампанію ў сацыяльных сетках

Пашырайце інфармацыю пра справу Вацлава Арэшкі ў сацыяльных сетках. Вы можаце скарыстацца падрыхтаванымі ніжэй тэкстамі з хэштэгамі #VacłaŭAreška і #DayoftheImprisonedWriter, адзначыўшы @peninternational.bsky.social і @penbelarus.bsky.social (Bluesky), @peninternational і @pen_belarus (Instagram), facebook.com/peninternational і facebook.com/penbelarus.org (Facebook).

Facebook / Instagram

У гэты #DayoftheImprisonedWriter падтрымаем беларускага рэдактара, палітолага і прафсаюзнага актывіста Вацлава Арэшку, які адбывае васьмігадовы тэрмін зняволення паводле беспадстаўных абвінавачанняў і, паводле наяўнай інфармацыі, страціў зрок за кратамі.

Заклікайце беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго, а да моманту вызвалення — тэрмінова забяспечыць належную медыцынскую дапамогу і ўмовы ўтрымання, адаптаваныя да яго стану здароўя.

Напішыце яму словы падтрымкі і надзеі

#VacłaŭAreška

Bluesky

Беларускі пісьменнік і прафсаюзны актывіст #VacłaŭAreška адбывае васьмігадовы тэрмін зняволення і, паводле наяўнай інфармацыі, страціў зрок за кратамі. У гэты #DayoftheImprisonedWriter патрабуйце яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама тэрміновага доступу да медыцынскай дапамогі. Далучайцеся да кампаніі.

Візуальныя матэрыялы

Facebook / Bluesky
Instagram

4. Раздрукуйце прынты ў знак падтрымкі

Мы падрыхтавалі макеты прынтоў, якія вы можаце бясплатна спампаваць і нанесці на майкі, байкі, торбы і іншыя рэчы.

Спампаваць тут

Больш падрабязна пра справу Вацлава Арэшкі

Культуролаг і рэдактар Вацлаў Арэшка быў затрыманы 19 красавіка 2022 года. 13 траўня 2022 года прызнаны палітвязнем.

25 лістапада 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме пачаўся суд над лідарамі прафсаюзаў РЭП, сярод якіх быў Вацлаў Арэшка. Падсудных абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса(удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі); ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці); ч. 1 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні); ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).

Невядома, паводле якіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса асуджаны, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд, вынесены 5 студзеня 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе: 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

За час зняволення ў яго значна пагоршыўся зрок, ён амаль нічога не бачыць.

Вацлаў Арэшка скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці «тэатразнаўства», працаваў у Тэатры юнага гледача, у Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курса «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі», перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока, вёў раздзел кніжных і камп’ютарных рэцэнзій у «Нашай ніве». Друкаваўся ў часопісах «Спадчына», «Arche», «pARTisan», пэўны час рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі». Выступаў як актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыяваў стварэнне «Кнігі гонару Курапатаў» у памяць пра ахвяр рэпрэсій. Рэдагаваў бюлетэнь прафсаюзаў РЭП.

Дзякуй за падтрымку Вацлава Арэшкі! Калі ласка, падзяліцеся яго гісторыяй у сацыяльных сетках, калі для вас гэта бяспечна, каб заахвоціць іншых выступіць супраць рэпрэсій беларускіх уладаў у дачыненні да іншадумцаў.