Прэмія імя Францішка Аляхновіча ўручаецца з 2013 года за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісаў, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.
Сёлета дзеля бяспекі арганізатары прэміі прапанавалі намінантам або іхным сваякам, пры жаданні, захаваць ананімнасць і гарантавалі канфідэнцыйнасць. З гэтае прычыны імёны некаторых пераможцаў і лаўрэатаў схаваныя пад псеўданімамі, не абвяшчаюцца і назвы іхных твораў.
Прозвішчы будуць абвешчаныя толькі пасля таго, як гэта стане бяспечна для аўтараў.
Пераможцаў і лаўрэатаў вызначала журы – Рада Беларускага ПЭНа.
Такім чынам, пераможцамі прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зняволенні, сталі:
Віка Біран з кнігай «Я танцую»
Ліса з творамі (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Дзяніс Івашын з «Цыклам турэмных вершаў»
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча 2024 за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў у зняволенні, сталі:
Бервета Ірзвіцкая з цыклам вершаў (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Мар’ян Зораў з вершамі, напісанымі ў зняволенні (сапраўднае імя аўтара і назвы твораў не абвяшчаюцца публічна)
Таксама журы прэміі вырашыла ўганараваць працу адной з намінантак прэміі: за ўкладанне кнігі «Турэмны зборнік. Творы беларускіх палітвязняў 2020–2023» і за шматгадовую працу ў выдавецкай ініцыятыве «Беларуская турэмная літаратура», што дае магчымасць пачуць галасы палітычных зняволеных, спецыяльную адзнаку прэміі імя Францішка Аляхновіча атрымлівае праваабаронца ПЦ «Вясна» Алена Лапцёнак.
Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» віншуюць лаўрэатаў і зычаць тым, хто знаходзіцца ў зняволенні, найхутчэйшага вызвалення.
11 год таму Беларускі ПЭН і «Радыё Свабода» заснавалі разам прэмію за творы, напісаныя ў зняволенні, і прысвяцілі яе беларускаму драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу (1883–1944), чыя кніга «У капцюрох ГПУ» адной з першых расказала свету пра савецкі ГУЛАГ.
Лаўрэатамі прэміі імя Францішка Аляхновіча станавіліся Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зміцер Дашкевіч (2014), Фелікс Пекер (2014), Павел Севярынец (2014), Аляксандр Фядута (2014), Ірына Халіп (2014), Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў (2017), Леанід Пятрэнка (2017), Аляксандр Лапшын (2018), Уладзімір Някляеў (2018), Вольга Мікалайчык (2018), Алесь Пушкін (2019), Сяргей Скрабец (2019), Андрэй Аляксандраў (2021), Аляксандр Васілевіч (2021), Максім Знак (2021), Вольга Калацкая (2021), Святлана Купрэева (2021), Мікола Папека (2021), Андрэй Скурко (2021), Алег Груздзіловіч (2023), Вольга Класкоўская (2023) і іншыя.
Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.
Паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння ў Беларусі трымаюць у зняволенні не менш за 38 Людзей Слова.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча традыцыйна ўручаецца ў Дзень пісьменніка ў няволі. З гэтай нагоды Беларускі ПЭН апублікаваў заяву, у якой мы заклікаем міжнародную супольнасць, праваабарончыя арганізацыі, СМІ і кожнага неабыякавага чалавека выступіць за неадкладнае вызваленне ўсіх зняволеных пісьменнікаў і дзеячаў культуры ў Беларусі. Прачытаць заяву цалкам і падтрымаць яе можна тут.
Беларускі ПЭН падрыхтаваў шэраг падзей і мерапрыемстваў да гэтага дня.
17 лістапада а 14:30 на фестывалі PRADMOVA ў Варшаве адбудзецца дыскусія «Творчая кухня: “Зэкамерон” Максіма Знака». Таццяна Нядбай і Ірына Козікава (сястра Максіма Знака) з купалаўцамі Алегам Гарбузам і Сяргеем Чубам абмяркуюць працэс стварэння спектакля паводле кнігі Максіма Знака «Зэкамерон». Падрабязней у афішы фестывалю.
Мы арганізуем дзве дыскусіі на польскай мове:
1) 18 лістапада – тэматычная сустрэча ў Варшаве з паэтам і выдаўцом Дзмітрыем Строцавым, а таксама размова з Таццянай Нядбай пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і пра беларускіх пісьменнікаў ў няволі. Дэталі тут.
2) 25 лістапада – дыскусія праваабаронцаў і дзеячаў культуры «Канфіскаваныя галасы: страчаная свабода і раздзеленыя сем’і» ў межах цырымоніі ўручэння прэміі імя Ежы Гедройця ў Гданьску. Дэталі тут.
Таксама мы заклікаем карыстацца хэштэгам #ImprisonedWriter, прысвечаным Дню пісьменніка ў няволі, каб пра яго даведалася болей людзей.