Валер Гапееў «Вольнеры. Прадвесце». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістара прэміі Гедройця

Апошняе абнаўленне: 11 лістапада 2024
Валер Гапееў «Вольнеры. Прадвесце». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістара прэміі Гедройця

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

ВУЖАЛКІ, ЗЛЫДНІ І МАРЫ ПРА ЭКРАНІЗАЦЫЮ: “ВОЛЬНЭРЫ. ПРАДВЕСЬЦЕ” ВАЛЕРА ГАПЕЕВА

Шкада, што Беларусь ня мае ўласнай кінаіндустрыі. Збольшага гэта гучыць як канстатацыя факта. Але часам думка пра адсутнасьць у нас кінавытворчасьці галівудзкага маштабу чыніць сапраўдны боль. Бо як няма Галівуду, няма і таго, што да яго дапасоўваецца: сцэнарыстаў, кампазытараў, стваральнікаў строяў, грыму, дэкарацыяў, а яшчэ – няма рэжысэраў і актораў. Няма, да вялікага жалю, тых самых творцаў, праз чыю працу мастацкія вобразы могуць набыць гук, колеры, абліччы і знайсьці просты шлях у сэрцы мільёнаў людзей. 

І гэтыя мары – нават не пра тое, каб твор беларускага аўтара дайшоў да Галівуду – бо тады яго чакае хіба адаптацыя пад гледача зь іншага кантынэнту. А вось каб на экран выйшлі менавіта беларускія вобразы, ды яшчэ і на беларускай мове… 

Такія шкадаваньні наведваюць пры чытаньні “Вольнэраў” Валера Гапеева (а менавіта, “Прадвесьця”, які пабачыў сьвет у 2023 годзе і трапіў у кароткі сьпіс прэміі Гедройця; гэта першая частка трылёгіі). Твор нібы наўмысна напісаны пад экранізацыю. 

Аўтар дакладна пазначае жанр і чытача: “Вольнэры” – гэта фэнтэзі для падлеткаў. Прынамсі адзін гэты факт – вызначанасьць жанру і аўдыторыі – добрая ўмова для экранізацыі. І Гапееў не падманвае чаканьні: у кнізе, апрача нашага сьвету, ёсьць і іншы (вядома, героі скіруюцца менавіта туды). І галоўны герой, як было абяцана, – падлетак Цім. Яму сямнаццаць гадоў, пра што амаль адразу паведамляе аўтар, і неўзабаве да яго далучаюцца двое сяброў, хлопец і дзяўчо: Эд і Крыс.

Падрабязны нясьпешны сусьвет

“Вольнэры. Прадвесьце” – вялікі твор, ён мае больш за трыста старонак; і гэта – толькі ў першым томе, а агулам іх тры. Так што чытачу варта падрыхтаваца не да кароткай сустрэчы, і нават не да працяглай вандроўкі з пэрсанажамі – нам давядзецца занурыцца ў іх жыцьцё і пражыць немалы пэрыяд разам з героямі.

Валер Гапееў пачынае апісваць свой сусьвет вельмі падрабязна і нясьпешна. Чытач бачыць і агульныя пляны – гарадзкую кватэру, затым апусьцелы вясковы дом, дзе разгортваецца сямейная трагедыя – развод бацькоў падлетка Ціма. Мы сочым, як бацька носіць у дом крынічную ваду, бо студня перасохла; і бачым найдрабейшыя дэталі – кроплю крыві на руцэ галоўнага героя, калі ён прыбівае камара – як быццам ідзем увасьлед за камэрай апэратара. Кропля крыві неўзабаве зноў зьяўляецца ў тэксьце – у хлопца яна цяпер назаўжды асацыюецца з выпадкова пачутай размовай – якую б ніколі не хацелася чуць. Аўтар надзвычай уважлівы да дэталяў – і чытачу лепш бы таксама зьвяртаць на іх увагу, бо – крыху папярэдзім – спатрэбіцца для разгортваньня сюжэту. 

Такі дэталёва прапісаны сьвет – яшчэ і падмурак для шматлікіх перачытваньняў кнігі, бо немагчыма зь першага разу вобразна ўявіць кожную драбніцу.  

Пачатак “Вольнэраў” нават нагадвае манэру Стывэна Кінга – у добрым сэнсе, як узор клясычнага хорару: такое нібыта нуднаватае, зацягнутае апісаньне побыту герояў, іх нецікавых жыцьцёвых праблемаў… Але адарвацца ад чытаньня цяжка: нуднаватасьць – наўмысная, а насамрэч усё стаілася ў чаканьні жахаў. Гнятлівае прадчуваньне бяды з намі ад першага ж радку: галоўны герой бачыць галюцынацыі. Ціму чамусьці мрояцца шэрыя паўпразрыстыя камякі ля ног іншых людзей. Але ў астатнім жыцьцё ідзе як ішло, толькі вось гэтая хвароба… Ці не хвароба? 

Пошукі адказаў на гэтае пытаньне – галюцынацыі ці прывіды? – і стануць асновай сюжэту першай часткі трылёгіі. 

Асаблівасьцю творчага мэтаду Валера Гапеева ёсьць ягоная тэхнічная адукацыя – веды ў якой, дарэчы, аўтар падтрымлівае ў актуальным стане, так што з “Вольнэраў” можна даведацца і пра квантавую нявызначанасьць, і пра тэорыю хаоса. І ня проста прачытаць згадку – а нішто так сабе ўмацаваць веды. Напрыклад, ці адкажаце вы, што гэта значыць: калі невядомы шэры шар не рэагуе на сьветлавы спэктар? Значыць, ён ня рэчыва, а поле!. І з гэтым полем кантактаваць цалкам рэальна: тыя ж птушкі рэагуюць на магнітнае поле Зямлі, дык чаму б і падлеткам не змайстраваць пару прыладаў для досьледаў?

Другі адметны складнік кнігі Гапеева – беларуская міталёгія ў падмурку сюжэта. Вужалкі і злыдні дзейнічаюць у “Вольнэрах” ня як аздабленьне дзеля “атмасфэры”, а як паўнавартасныя героі – з уласнымі мэтамі і матывамі. І ўсё гэта – у строгай адпаведнасьці з фальклёрам і “Міталягічным слоўнікам”, як прызнаўся Валер Гапееў у адным зь нядаўніх інтэрвію. Аўтар ня проста ня бачыць сэнсу прыдумляць уласных міфічных істотаў – ён, як і стваральнік найвядомай у сьвеце фэнтэзі-эпапеі Толкін, уважае сваім абавязкам будаваць мастацкую літаратуру на падмурку нацыянальнага фальклёру. Гэтых вужалак і злыдняў асабліва хацелася б пабачыць ня толькі праз напружваньне ўласнай цягліцы ўяўленьня, але і як вобразы, уцялесьненыя працай кіношнікаў. 

Аднак, у адрозьненьне ад Стывэна Кінга, які ставіць на мэце проста нагнаць жаху і саспэнсу; ад Яна Баршчэўскага, які адно хацеў перанесьці пярэваратняў і ваўкалакаў з вусных аповедаў у мастацкі твор, Валер Гапееў мае зусім іншыя мэты. І саспэнс, і навуковыя зьвесткі, і фальклёрная містыка – толькі сродак, каб праявіць маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы. І, вядома, кінуць галоўных герояў, як у вір, на іх разьвязаньне. 

Сапраўдныя героі

Складана не зьвярнуць увагу, што, абіраючы галоўных герояў, Валер Гапееў скарыстаў вядомую схему, якая ўжо займела посьпех: у ягоным магічным сьвеце дзейнічае кампанія з траіх сяброў, дваіх юнакоў і дзяўчыны. Хіба што троіца “Вольнэраў” атрымалася не такая выразная, як Гары, Рон і Герміёна: ні нейкіх асабліва яркіх характараў, ні запамінальнай зьнешнасьці. Зрэшты, для экранізацыі, пра якую марыць аўтар гэтага артыкулу, пэўная безаблічнасьць ня толькі не перашкода, але і на карысьць – бо рэжысэр тады мае прастору для стварэньня ўласных вобразаў.

Затое па сваёй сутнасьці сяброўская троіца – сапраўдныя героі. Яны ўвесь час стаяць перад выбарам, і менавіта гэты выбар і рухае сюжэт наперад. І абіраюць яны ня проста дзьверы, у якія трэба ўвайсьці, а за дзьвярыма ўжо – як пашанцуе: ці блазан з балёнікам, ці вольны праход. Не, не, нічога падобнага: героі “Вольнэраў” зьдзяйсьняюць учынкі і робяць маральны выбар. І вынік такога выбару – зусім не відавочны; павароты сюжэта прадказаць немагчыма; ніводнага разу аўтар не скарыстаўся спакусай схаваць у кустах раяль, а ў машыне – бога. Не прылятаюць да герояў з пустога неба верталёты, калі яны боўтаюцца пасярод акіяну бяз шанцаў на ўратаваньне.

Што ж гэта за праблемы, якія маюць разьвязаць героі? Напрыклад: як ставіцца да інвалідаў? Да хлопчыка ў вазку? Шкадаваць, не заўважаць? А калі раптам увесь сьвет перакуліцца, пераменіцца, і за спагаду да нямоглага чалавека будуць караць? (А сьвет у “Вольнэрах” перакуліцца, і ня раз: мы ў фэнтэзі). А калі ўсіх прымусяць маршыраваць у шыхце і насіць форму – скарыцца ці змагацца? Што важней – здароўе ці сяброўства? А калі трэба абіраць паміж сяброўствам і жыцьцём?

Адказ на пытаньне, ці цікавае падлеткавае фэнтэзі Гапеева дарослым, знаходзіцца, бадай, у гэтым пункце – пры аналізаваньні дылемаў, якія ставіць аўтар перад Цімам, Эдам і Крыс. Гэтыя дылемы – ўнівэрсальныя, а не падлеткавыя; яны, ні многа ні мала, тычацца барацьбы дабра са злом. І, забягаючы наперад, адзначым, што аўтар у пастаноўцы і разьвязаньні праблемаў выразна гуманістычны.

На гэтым прыблізным пераліку добра было б адкінуць чытаньне артыкулу і занурыцца ў чытаньне прыгодніцкай трылёгіі – але маем яшчэ пару пытаньняў для роздуму.

Асаблівы жанр беларускага фэнтэзі

Бадай, я, як аўтар гэтага водгуку, ўсё ж дазволю сабе ўжыць прыдуманы мною ж тэрмін: “асаблівае беларускае фэнтэзі” як адмысловы жанр. Па вялікім рахунку, любы беларускі сучасны твор, які выходзіць за межы жанру дзёньніка ці мэмуараў, ёсьць калі ня фэнтэзі, то дакладна фантастыкай. І асабліва гэта тычыцца твораў падкрэсьлена рэалістычных. Бо калі героі мастацкага твору ў сучаснай Беларусі камунікуюць па-беларуску ня толькі паміж сабой, а з усімі навокал, і ніхто на гэта не зьвяртае ўвагі, не трактуе такія паводзіны як палітычнае выказваньне – што гэта, калі ня фэнтэзі? Дзе існуе такі казачны сусьвет, апрача нашага ўяўленьня? Патрэба разьвязаць гэтую праблему – на якой мове размаўляюць героі – стаіць, бадай, перад кожным аўтарам, які хоча са сваімі пэрсанажамі выйсьці ў белы сьвет. Валер Гапееў абірае найбольш відавочны шлях: поўнае ігнараваньне моўнай праблемы. Ягоныя героі размаўляюць на ўмоўнай мове, зразумелай усім.

Непрамоўленае

І яшчэ адну асаблівасьць твору нельга абмінуць – як бы ні хацелася. Гэта – кантэкст напісаньня кнігі. Першы том “Вольнэраў” пабачыў сьвет у 2023 годзе – а значыць, ён належыць да беларускай літаратуры, створанай у Беларусі (sic!) пасьля жніўня 2020 года, у часы нават не рэпрэсіяў, а тэрору – не прыцісканьня “вальнадумства”, а вынішчэньня ўсяго жывога, і найперш – праўды. Значыць, давядзецца нам яшчэ ня раз перачытваць гэтыя творы (і “Вольнэраў” – таксама) з улікам цэнзуры і самацэнзуры, давядзецца вышукваць эзопаву мову і расчытваць намёкі і схаваныя сэнсы. Нашая шматпакутная беларуская літаратура, разам з гісторыяй, зайшлі на чарговы віток, і зноў у кнігі вярнуліся мэтафары і недамоўленасьці. Бадай, на гэтай недамоўленасьці і аўтар водгуку ўчыніць акт самацэнзуры і пакіне тэкст незавершаным.

Югася Каляда