Чарговая прыступка да галоўнай штогадовай падзеі беларускай літаратуры! Журы прэміі Ежы Гедройця вызначылася з кароткім спісам. Шэсць моцных і цікавых кніг працягнуць барацьбу за галоўную ўзнагароду.
Цырымонія ўзнагароджання традыцыйна адбудзецца ў канцы лістапада. Прапануем вам сачыць за навінамі, каб спланаваць свае календары і далучыцца да важнай падзеі!
А пакуль вашай увазе – кароткі спіс прэміі Ежы Гедройця за 2023 год:
- «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» – Валянцін Акудовіч, выдавецтва «Логвінаў», 2023
- «Забіць упалмінзага» – Зміцер Бартосік, «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода», 2022
- «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» – Ева Вайтоўская, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
- «На прызбе ў Сілічах» – Марыя Вайцяшонак, выдавецтва «Пфляўмбаўм», 2023
- «Вольнеры. Прадвесце» – Валер Гапееў, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
- «Час пустазелля» – Ганна Янкута, выдавецтва «Янушкевіч», 2023
Сёлета выдавецтва «Янушкевіч» займае першы радок паводле колькасці вылучаных у кароткі спіс кніг – іх тры. Таксама ў спісе прадстаўленыя творы, выдадзеныя выдавецтвамі «Логвінаў», «Пфляўмбаўм» ды бібліятэкай «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода».
Нагадаем, што сярод публічных сябраў сёлетняга журы прэміі – літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук Ульяна Верына; беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта Катажына Дрозд-Урбаньска; літаратуразнаўца, крытык, драматург, прафесар, загадчык кафедры славянскага літаратуразнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай Сяргей Кавалёў; пісьменніца, паэтка, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Югася Каляда.