• Навiны
  • Культурныя правы
  • Даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН: культурная і нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі стала маркёрам «апазіцыйнасці»

Даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН: культурная і нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі стала маркёрам «апазіцыйнасці»

Апошняе абнаўленне: 22 ліпеня 2026
Даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН: культурная і нацыянальная ідэнтычнасць у Беларусі стала маркёрам «апазіцыйнасці»

Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс прадставіў новы даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў якім асобнае месца было прысвечана тэме парушэння культурных правоў у Беларусі. Яго галоўная выснова – улады Беларусі больш не проста змагаюцца з палітычнымі апанентамі або грамадзянскімі актывістамі, а сістэмна перабудоўваюць культурную прастору, дзе сама беларуская ідэнтычнасць трактуецца як «прыкмета апазіцыйнасці».

Што зафіксавана ў новым дакладзе?

🔻 Культура стала асобнай мішэнню пераследу

Пад пераслед трапляюць пісьменнікі, мастакі, музыкі, акторы, выдаўцы, навукоўцы, журналісты і актывісты, якія захоўваюць і развіваюць культурную, гістарычную і моўную спадчыну Беларусі.

🔻  Маштабныя рэпрэсіі не спыняюцца

Нягледзячы на вызваленне некаторых палітвязняў, у краіне працягваюцца новыя палітычна матываваныя арышты, а для тых, хто выйшаў, ствараюцца невыносныя ўмовы, якія ў тым ліку прымушаюць людзей да выезду з краіны.

🔻  Культура крыміналізуецца

Праявы беларускай ідэнтычнасці ўлады ўсё часцей разглядаюць як прыкмету палітычнай нелаяльнасці.Пад жорсткі ўдар трапілі незалежныя выдаўцы і распаўсюджвальнікі кніг. Забарона літаратуры стала мэтанакіраванай дзяржаўнай палітыкай. Незалежныя выдавецтвы неправамерна прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца супраць твораў, аўтараў, культурных арганізацый і іх аўдыторыі.

🔻 Беларуская мова ўсё часцей успрымаецца як знак нелаяльнасці

Маніторынгі сведчаць, што беларускую мову ўсё часцей успрымаюць як знак палітычнай нелаяльнасці. Дыскрымінацыя адбываецца ў дзяржаўных установах, судах, месцах зняволення, адукацыі і медыя. 

🔻Дзяржава імкнецца кантраляваць гістарычную памяць

Выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня» пераследуецца як праява апазіцыйнасці, ў адукацыі і дзяржаўнай прапагандзе прасоўваюць прарасійскае і прасавецкае бачанне мінулага. Спецыяльны дакладчык называе гэта часткай больш шырокай палітыкі кантролю над выражэннем культурнай і нацыянальнай ідэнтычнасці. 

🔻 Транснацыянальны ціск

Істотная частка незалежнага беларускага культурнага жыцця вымушана існаваць за мяжой. Аднак і ў выгнанні творцы і актывісты сутыкаюцца з помстай сістэмы: завочнымі судамі, пагрозамі сваякам, канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем магчымасці аднавіць дакументы. Арганізацыі і ініцыятывы ў выгнанні прызнаюцца «экстрэмісцкімі», а людзі ўнутры Беларусі рызыкуюць пераследам нават за ўзаемадзеянне з імі. 

Адзначым, што пры падрыхтоўцы дакладу Спецыяльным дакладчыкам былі выкарыстаныя матэрыялы сумеснай справаздачы, якую падставіў Беларускі ПЭН у партнёрстве з ПЭН Амерыка і Міжнародным ПЭНам. Таксама разам з беларускімі партнёрамі з Human Constanta, Прававой ініцыятывы, Праекта “Права на абарону” і Беларускага Хельскінскага Камітэту мы перадалі офісу Спецыяльнага дакладчыка яшчэ адну справаздачу з грунтоўнай аналітыкай пра заканадаўчыя абмежаванні, парушэнні культурных правоў, цэнзуру і пераслед дзеячаў культуры за апошнія гады. 

Спецыяльны дакладчык наўпрост заклікае рэжым спыніць пераслед дзеячаў культуры, гарантаваць доступ да беларускамоўных кніг, адмяніць дыскрымінацыйныя законы і цалкам забяспечыць права на свабоду творчасці. 

Гэты даклад важны не толькі як апісанне таго, што адбываецца. Ён замацоўвае на міжнародным узроўні: культурныя правы – не другасная тэма, а адна з цэнтральных сфер сістэмнага пераследу ў Беларусі. Дакументаванне гэтых парушэнняў стварае аснову для міжнароднай увагі, падтрымкі пацярпелых і патрабавання адказнасці.

Поўны тэкст дакладу даступны па спасылцы.