Марыя Вайцяшонак «На прызбе ў Сілічах». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістаркі прэміі Гедройця

Апошняе абнаўленне: 11 лістапада 2024
Марыя Вайцяшонак «На прызбе ў Сілічах». Рэцэнзія на кнігу шорт-лістаркі прэміі Гедройця

Публікуем рэцэнзіі, напісаныя сябрамі журы прэміі імя Ежы Гедройця на кнігі з сёлетняга кароткага спіса.

ПАМІЖ БУЛЬБАЙ І САКУРАЙ

Пра кнігу Марыі Вайцяшонак “На прызбе ў Сілічах”

Гэтая кніга незвычайная. Яна паміж паэзіяй і прозай, паміж мовамі, паміж галасамі і больш, чым аднаго аўтарства на вокладцы. Усё гэта варта адзначыць, і я гэта абавязкова зраблю. Але калі я думала, як найлепш падкрэсліць незвычайнасць кнігі, што паставіць першым, то зразумела, што для мяне самым важным стала тое, што можна назваць экалагічнасцю пісьма. Гэтую кнігу я б параўнала з экалагічнай архітэктурай, з творамі Гаўдзі, якія ў сваіх непрадказальных лініях і формах не змяняюць краявід, а робяцца ягонай часткай, пражываюць з асяроддзем адно жыццё, не прыспешваючы час і не робячыся застылым манументам. У гэтай кнізе вобмаль ад “літаратуры”, ад штучнасці, што мы і разумеем звычайна як “мастацтва” (Sztuka). Галоўнае месца тут аддадзена знешняму свету, пры тым што, здавалася б, усё, пра што вядзецца гаворка, гэта толькі ўнутранае, суб’ектыўнае і вельмі прыватнае пачуццё і ўспрыняцце аднаго чалавека – Марыі Вайцяшонак.

Яна і аўтарка і гераіня кнігі, і суб’ект, і аб’ект. Кніга складзена з тэлефонных размоў Марыі з Аксанай Ёркінай, гісторыкам і пісьменніцай, якая дапамагала Марыі, калі з-за праблем са зрокам яна не магла пісаць і чытаць сама. З гэтых размоў узнік блог у Фэйсбуку “На прызбе ў Сілічах”, а потым кніга. Так само паходжанне тэкстаў ужо стварае незвычанае шматгалоссе, бо яе тэкст – гэта не толькі дыялог, але яшчэ і водгукі і каментары чытачоў, вершы і проза іншых аўтараў, цытаты і шматлікія згадкі пра кнігі, фільмы, карціны, мастацтва і прыроду, іншыя краіны і часы, – усё гэта не рэгламентуецца нічым, акрамя зменаў пораў году, календаром святаў і будняў, што рухае тэкст таксама ж нязмушана, як рухаецца натуральны час.

Кніга мае каляндарную кампазіцыю, яе часткі – гэта гады, ад 2017 па 2021, і апошняя частка, вельмі кароткая, якая складаецца з аднаго эсэ, датуецца 13 красавіка 2022. Пасля гэтага запісу, здаецца, ужо нічога не можа быць… Гады пазначаны таксама незвычайна – рымскімі лічбамі, з-за цэнзурных прычынаў. І знешні час, чалавечы, не прыродны, з катастрофамі, створанымі людзьмі і для людзей, таксама ёсць у кнізе. Ён спаборнічае з прыродным светам, пярэчыць яму, замінае яму быць. Кніга мае падзагаловак “дзённік паэткі” – і гэта як быццам адразу стварае канфлікт паміж жанрам дзённіка – нататкамі, якія адмяраюць час, фіксуюць і спыняюць яго, і светабачаннем паэтычным – засяроджаным на сябе.

Пры чытанні часта ўзнікае пачуццё спакою, як пры чытанні японскіх запісак – дзуйхіцу, калі аўтар ці аўтарка пішуць без асаблівай мэты, не падзяляючы падзеі, думкі, назіранні на важныя ці няважныя і не кіруючыся мастацкай задумай. Так і ў кнізе словы і думкі перацякаюць, перагукаючыся паміж сабой у асаблівым рытме сказанага, забытага і прамоўленага не ў час, раней ці пазней прапанаванай суразмоўцай тэмы. Спакой – асноўная эмоцыя кнігі. А тое, што яднае яе з дзуйхіцу, выказана і ў самім тэксце:

…Не трэба нікому палохацца, што ён траціць час на нешта мімалётнае, бо няма на свеце такіх дробязей. Нідзе і ні ў кога; усё важнае, усё каштоўнае, вельмі істотнае і дарагое (MMXX, 17 мая)

Назва кнігі змяшчае два ўказанні на месца, але гэта не месца, а жанравая прыкмета: на прызбе ў Сілічах можна гаварыць пра ўсё. Гэтая кніга знаходзіцца дзесьці паміж бульбай і сакурай – паміж рознымі культурамі як паміж рознымі кветкамі, не выключаючы ніводнай, аддаючы роўную ўвагу ўсім стварэнням аднаго цудоўнага Сада.

Гэтую метафару я знайшла ў вершы Марыі Вайцяшонак Квецень бульбы і сакуры, дзе розныя погляды на прыгажосць і супрацьпастаўляюцца, і яднаюцца, а ўсё, што паміж імі, – можна знайсці ў іншых тэкстах аўтаркі.

Жанчыны
Майго племя
Не ходзяць глядзець
На сакуру
На вішню
Ў ружовым.
Яны перапытваюць
Адна ў адной,
Ці зацвіла ў гародзе
Бульба.
Дробная кветка без паху,
Не маючы прыгажосці,
Толькі сваім з’яўленнем
Вабіць увагу,
Абяцае
Ружовую завязь паспешкі

Ульяна Верына