Заканчэнне. Першая частка тут.
Галоўная літаратурная прэмія краіны імя Ежы Гедройця нагадвае нам пра моц і ўплыў слова, асабліва ў найскладанейшыя часы гісторыі. Калі адныя таленавітыя творцы вымушаныя з’ехаць у эміграцыю, а іншыя застаюцца дома, абмежаваныя цэнзурай рэжыму. Гэта прэмія – не толькі ўзнагарода за талент. Яна – заклік да літаратараў змагацца за паўнавартаснае мастацтва, за праўду жыцця нават тады, калі тое здаецца немагчымым.
Так, як рабіў гэта славуты аўтар мемуараў «Аўтабіяграфія ў чатыры рукі» – не перакладзеных пакуль ні на беларускую, ні на рускую мовы. Дык скарыстаем іх, пойдзем шляхам успамінаў Ежы Гедройця, дапоўнім іх згадкамі сучаснікаў і ўрыўкамі з публікацый легендарнага часопіса «Культура».
«Прыйдзе час, і нашыя кнігі будзе ведаць кожны сучасны паляк»
1939-ы. Чарговае выпрабаванне на грамадзянскую цвёрдасць і шляхецкую годнасць пачалося для Гедройця з тэрміновай эвакуацыі ягонага міністэрства ў першапачаткова нейтральны Бухарэст. А калі Румынія далучылася неўзабаве да гітлераўскай кааліцыі, Ежы памяняў афіцыйную пасаду асабістага сакратара польскага амбасадара на ролю кіраўніка спецыяльнай падпольнай групы, што прадстаўляла інтарэсы Польшчы. Важныя перамовы канспірацыйна праводзіліся ў здымных кватэрах, гатэльных барах, ціхіх кавярнях.
Калі стала падпякаць, англійскія дыпламаты дапамаглі яму выбрацца ў Стамбул. Падполле абярнулася вайсковай службай: з брыгадай карпацкіх стралкоў Ежы ваюе ў Лівіі, Іраку, прымае ўдзел у 240-дзённай абароне ад нямецкай аблогі паўночнаафрыканскага горада-порта Табрук. Зусім нечакана ўрэшце прыдаўся літаратурны талент падпаручыка Гедройця: ён атрымаў прызначэнне кіраўніком аддзела вайсковых часопісаў і выдавецтваў Другога польскага корпуса генерала Андэрса.
У складзе саюзных войск вясной 1944-га Ежы Гедройць апынаецца ў Рыме. Там пасля капітуляцыі Германіі стварае выдавецтва «Літаратурны інстытут» – з разлікам на будучыню, бо было ўжо відаць: паслядоўным прыхільнікам Андэрса ў пасляваеннай Польшчы радыя не будуць. Дарэчы, кіраўніком новай установы Гедройця прызначыў менавіта славуты генерал. І з ягонага ж дазволу ў 1947 годзе інстытут перабраўся на сталую дыслакацыю ў Францыю, у Мезон-Лафіт пад Парыжам – адтуль было лягчэй працаваць і з польскай палітычнай эміграцыяй, і з унутранай апазіцыяй. Тады ж пры выдавецтве ўтварыўся часопіс «Культура».
Як працаваць? Друкаваным словам. Адраснымі, своечасовымі, канцэптуальнымі тэкстамі. Здольнымі абуджаць і прасвятляць не проста грамаду, а ўсю нацыю.
«Працэс мыслення мусіць у выніку прывесці да арганізацыі польскага жыцця на прынцыпах палітычнага раўнапраўя, грамадскай справядлівасці і шанавання праў, годнасці чалавека. Прыйдзе час, калі кнігі, выдадзеныя “Літаратурным інстытутам”, будзе ведаць не толькі кожны палітычны і грамадскі дзеяч, але і кожны сучасны, культурны паляк».
Заяўленая амбітная звышзадача вымагала вялізных высілкаў у падборы супрацоўнікаў, аўтараў, пошуку рэсурсаў. Рэдактар пачынаў з нуля літаральна ва ўсім. І сярод тых, хто дапамог справіцца з процьмай велічэзных праблем, былі найперш ягоныя беларускія землякі – унукі легендарнага менскага галавы графа Караля Чапскага – пісьменнік-мастак Юзаф Чапскі з сястрой Марыяй, доктаркай філасофіі. Каб ацаніць значнасць гэтага шматгадовага саюза, варта нагадаць: прэзідэнт Францыі Шарль дэ Голь пасля прыходу да ўлады заявіў, што заўсёды прыме трох палякаў – генерала Андэрса, Каятана Мараўскага і Юзафа Чапскага.
Паралельна з публікацыяй кніг унікальных пісьменнікаў, выбітных мысляроў сучаснасці выпускаўся і часопіс «Культура». Ён імкліва стаў магнітам для польскіх патрыётаў, прыцягнуў да сябе найлепшыя творчыя, інтэлектуальныя сілы ўсёй дэмакратычнай Еўропы.
Друкаваная прадукцыя каманды Гедройця была востра запатрабаваная і ў эмігранцкім асяроддзі, і дома, у Польшчы. Варшаўскія ўлады прыклалі максімум намаганняў, каб абсекчы гэтую духоўную повязь. Вобшукі ў іншадумцаў, канфіскацыі, забароны цытавання, пераслед аўтараў «Культуры» і тых, хто спрабаваў наладзіць з імі кантакты, – набор гэткіх метадаў добра знаёмы сённяшнім беларускім чытачам. Як і судовыя працэсы. Самы вядомы – справа «альпіністаў», маладзёнаў, якія арганізавалі нелегальны маршрут дастаўкі прадукцыі «Культуры» праз мяжу ў Татрах.
Але часопісы і кнігі ад Рэдактара, нібы ўпартая веснавая вада, усё ж траплялі ў Польшчу. Часта для бяспекі іх маскіравалі пад Біблію, увозілі пад вокладкамі-падманкамі. Ручаінкі беглі, лядовы панцыр улады рабіўся крохкім…
Вось красамоўная статыстыка: усяго пры жыцці Гедройця выдадзена 637 нумароў «Культуры», 134 тамы часопіса «Гістарычныя сшыткі» і 512 кніг.
«Трэба ўмець захоўваць прынцыпы і мяняць погляды»
Але цяжкімі былі не толькі арганізацыйныя праблемы. Ці не больш нервовай сталася праблема творчай, інтэлектуальнай бескампраміснасці. Сам Гедройць пісаў няшмат, але што і каго ён друкаваў! Амаль кожны нумар суправаджаўся ці то гарачымі дыскусіямі, ці то жорсткімі скандаламі з нагоды розных публікацый.
Класічнай у гэтым сэнсе і прынцыпова важнай, з трывалымі наступствамі, стала публікацыя пісьма святара Юзафа Маеўскага з наступнай высновай: «Як мы, палякі, маем права на Уроцлаў, Шчэцін і Гданьск, так і літоўцы па праве патрабуюць сабе Вільню, а ўкраінцы – Львоў… Няхай жа літоўцы, якія перажываюць горшыя, чым мы, часы, радуюцца сваёй Вільні, а ў Львове няхай лунае жоўта-блакітны сцяг».
І собіла ж гэтаму прагучаць тады, калі эміграцыя бачыла будучыню Польшчы выключна ў перадваенных межах! Адмовіцца ад тэрытарыяльных прэтэнзій на страчаныя крэсы? Ды з чаго раптам! Ні-за-во-шта! Тут жа ці не на кожным кроку чуеш прыпеўку:
Атамную бомбу – на бальшавікоў,
І тады мы вернемся ў свой родны Львоў!
І ў такіх умовах – радыкальнае парушэнне табу, недаравальнае святатацтва!
«Ды хто ён такі, гэты Гедройць?!», «Бязродны касмапаліт!», «Здрада, ганьба!»…
Перад выпускам славутага нумара розныя групоўкі польскай эміграцыі дэмакратычнага кірунку з улікам сітуацыі літаральна закліналі Гедройця зняць той ліст: шавіністы спадара рэдактара заб’юць, а часопіс страціць чытачоў, яны адвернуцца!..
Рэдактар слухаў, адкрываў новы пачак папярос, усміхаўся, паліў, а ў канцы прамаўляў:
«Шаноўнае спадарства, думаю, вы памыляецеся. Я глыбока ўдзячны за перасцярогі, але ўбачыце: яны памылковыя».
Нумар выйшаў – атака сапраўды пачалася, хоць і без страляніны. Аднак «Культура» не адступае ад свайго, не ідзе на кампрамісы, не робіць саступак прыхільнікам нацыяналістычных фобій. Рэдактар так адказвае на знішчальную крытыку:
«Польшча можа вярнуць і падтрымліваць сваё незалежнае існаванне толькі як частка федэралізаванай Еўропы. Мы стаім на тым, што права ўдзелу ў будучым еўрапейскім федэратыўным саюзе маюць не толькі народы, якія стваралі незалежныя дзяржавы ў 1939 годзе, але і ўкраінцы з беларусамі».
І далей працягваў гнуць сваю лінію, удакладняць яе:
«Нашай галоўнай мэтай мусіць быць нармалізацыя польска-рускіх і польска-нямецкіх дачыненняў пры абароне незалежнасці Украіны, Беларусі і краін Балтыі і цесная супраца з імі. Трэба ўсвядоміць, што чым мацнейшая нашая пазіцыя на Усходзе, тым больш на нас будуць разлічваць у Заходняй Еўропе».
Урэшце польская большасць паступова прыняла ключавой умовай незалежнасці сваёй дзяржавы найважнейшую ідэю Гедройця і каманды: неабходна з годнасцю прыняць страту Вільні і Львова, трэба прызнаць і падтрымаць дзяржаўнасць літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў. Так адбылася найважнейшая рэвалюцыя ў палітычнай свядомасці цэлай нацыі.
Чэслаў Мілаш падкрэсліваў, што дзякуючы Ежы Гедройцю ніколі ўжо больш польскі этнацэнтрычны спосаб мыслення не возьме перавагу, бо народы былой Рэчы Паспалітай пачалі ў сваіх зносінах апірацца на сапраўды годныя, прымальныя для ўсіх арыенціры.
Дарэчы, на прыкладзе дачыненняў вялікіх Паэта і Рэдактара выразна відаць не толькі палітычныя, але і чалавечыя прынцыпы Ежы Гедройця.
«Мілаш быў прычынай большых жарсцяў, чым хто іншы… Каб пакорліва схіляўся перад эміграцыяй, біў бы сябе ў грудзі, то, напэўна, стаўленне да яго было б зусім іншым. Аднак ён адразу заняў антыэмігранцкую пазіцыю. Мне таксама вельмі не спадабаўся артыкул “Не!”, але я палічыў, што варта яго надрукаваць, каб Мілаш мог выказацца і выказаць сваю пазіцыю…
Мы сустрэліся, калі ён у паніцы з’явіўся ў Мезон-Лафіце і сказаў нам, што мусіць пакінуць амбасаду, фактычна ўцячы. Спытаў, ці можа ён застацца з намі і ці можам мы забраць ягоныя рэчы, бо ён баіцца вяртацца ў сваю кватэру. Аднак для Мілаша мы ўвесь час былі, коратка кажучы, “добрымі фашыстамі”. Маё стаўленне да яго вынікала з пераканання, што ён вялікі паэт (мяне заўсёды ўражваў ягоны верш “Выратаванне”), і таму мы абавязаны мець з ім справу, нягледзячы на яго злосць і заявы пра тое, што друкавацца ў эміграцыі – гэта збіраць скарбы ў дупле. У выніку гэтая лагчына аказалася даволі плённай, і не толькі для яго».
«Касцюшка і Траўгут належаць палякам і беларусам адначасова»
«Культура» не засяроджвалася выключна на польскім палітычным, сацыяльным, культурным грунце. Яна была паслядоўнай у адстойванні сваёй міжнароднай дактрыны. Гедройць ці не першым у пасляваеннай Еўропе загаварыў пра нашую суб’ектнасць.
Часопіс сцвярджаў, што як незалежная Польшча немагчымая без вольнай Беларусі, так «без польскае падтрымкі нічога не выйдзе з беларускіх спроб узбіцца на незалежнасць».
Часопіс рэгулярна звяртаўся да беларускай паэзіі, пісаў пра важнасць творчасці Быкава, Брыля, іншых літаратараў. З 1993 па 2000 год у ім надрукавана больш за 80 матэрыялаў пра Беларусь. Хіба тое не рэальная падтрымка? Або вось такая выснова:
«Мы – краіна, у якой з суседзямі ёсць агульныя героі: Адам Міцкевіч – вялікі польска-літоўскі паэт, Касцюшка і Траўгут належаць палякам і беларусам адначасова. Гэты спіс можна значна пашырыць».
Гедройць зусім не дзяжурна прыняў непасрэдны ўдзел ў стварэнні кафедры беларускай культуры ў Беластоцкім універсітэце, энергічна адстойваў правы тамтэйшых беларусаў…
Але пры гэтым заставаўся верным сабе і свядома прамаўляў рэчы, якія відавочна мусілі выклікаць негатыўную рэакцыю нават сярод ягоных прыхільнікаў у Беларусі. Напрыклад, лічыў прымальнай супрацу Польшчы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. І гэта – палітычная адвага ў ацэнцы рэалій, выява незалежнага духу.
«Палітыка – не нейкая сакральнасць; калі вы хочаце гэта зрабіць, вы мусіце прыняць да ўвагі зменлівую рэальнасць. Трэба ўмець захоўваць прынцыпы і мяняць погляды».
Рэдактар ніколі не абмінаў вострай праблемы правоў чалавека: у 1998 годзе «Культура» змясціла Беларускую дэкларацыю свабоды, падпісаную не толькі беларускімі выбітнымі дзеячамі, але і польскімі інтэлектуаламі. Стаяў там, вядома ж, і ягоны подпіс.
Цалкам лагічна выглядала і тое, што за год да свайго скону рыцар ВКЛ, польскі сын Менска пераконваў набеліянтаў Чэслава Мілаша і Віславу Шымборску ў неабходнасці намінаваць Васіля Быкава на Нобелеўскую прэмію:
«Уручэнне гэтай прэміі беларускаму пісьменніку стала б, без перабольшання, рэвалюцыяй у Беларусі».
Не склалася. Але быў шчыры намер і канкрэтныя крокі ў яшчэ адной спробе дапамагчы нашаму народу, краіне, у якой Ежы Гедройць нарадзіўся.
«Усё, што я зрабіў, я зрабіў цаной асабістага жыцця»
«Так атрымалася, што я заўсёды быў актыўным… Пастаянна з’яўляюцца нейкія справы, якія мяне паглынаюць і цягнуць у бок. Таму ў мяне адчуванне змарнаванага жыцця. Я кажу не пра амбіцыі, а пра чыста асабістае жыццё. Усё, што я рабіў, я рабіў за кошт асабістага жыцця, якога ў мяне няма. Часам робіцца сумна. Аднак я думаю, што я не змог бы жыць інакш».
Шчырасць, ад якой балюча. Але ці ўсё па-за межамі ўлюбёнай «Культуры» было ў яго гэтак беспрасветна?
«У 1931 годзе я ажаніўся з Таццянай Швяцовай, рускай, ураджэнкай Польшчы, з якой пазнаёміўся падчас вучобы ва ўніверсітэце. Мы абое былі вельмі маладыя і зусім нявопытныя».
Яны сустрэліся на эмігранцкім балі: імгненная іскра і – вянчанне. У добра знаёмым цяперашнім беларускім выгнаннікам касцёле Святога Аляксандра на варшаўскай плошчы Трох крыжоў. «Гэта была найпрыгажэйшая пара, якую я толькі бачыў у сваім жыцці, – згадваў публіцыст Вацлаў Збышэўскі. – Ён быў падобны да прынца з “Тысячы і адной ночы”, яна – да каралевы прыгажосці, моды, шыку, шарму, усмешак».
Напачатку каханне звычайна падаецца святам. Але ворагам святочнай бясконцасці найчасцей робіцца пасля будзённы быт. Так і тут: яна прагнула бляску і свету, захаплялася брыджам – а яму пасавала абкласціся газетамі ды кнігамі. З-за бясконцай занятасці Ежы практычна ніколі не быў у адпачынку… І праз шэсць гадоў адбылося расстанне, хоць сяброўства не спыніцца да канца жыцця. Калі на Варшаву паляцелі нямецкія бомбы, а Гедройця як дзяржаўнага чыноўніка абавязалі эвакуявацца ў Бухарэст, ён забраў з сабой і Таццяну. Пры канцы вайны яна з’ехала ў Лондан, стала там дасведчанай навукоўцай.
Вечнага працаголіка многія здзекліва называлі «чалавекам-лядоўняй», «рэдакцыйным паліпам», «эмацыйным футаралам»… Але што насамрэч адбывалася ў душы Ежы Гедройця, мы не ведаем – у гэтым сэнсе ён сапраўды быў досыць закрытым чалавекам.
Але сябры бачылі яго і нечакана ўзрушаным. Так здарылася, напрыклад, калі ў сядзібе «Культуры» апынулася зусім маладая тады журналістка і паэтка Агнешка Асецка, якая нелегальна вывезла з Польшчы машынапіс твора Марэка Гласка «Могілкі». Проза выбітная, але куды ярчэйшай сталася паэзія, што ахутала Ежы з Агнешкаю. У ліставанні Гедройць падкрэслівае чароўны магнетызм дзяўчыны. У сваю чаргу, у дзённіку паэткі з’явіўся запіс пра каханне да чалавека самотнага, закрытага, хоць ён і «з таго боку барыкад».
Пазней яна зноў прыедзе ў Францыю, прабудзе з Ежы два месяцы… І вернецца назад, хоць зрабіць такі выбар будзе цяжка. І цяжка адказаць, ці правільным ён быў: службы бяспекі не спалі, і далей цэлых сем гадоў Агнешка не магла аформіць замежны пашпарт… Магчыма, суцяшэннем для яе быў гэткі пранізліва тонкі эпізод: Гедройць купіў на канцэрт Эдыт Піяф два білеты – другі білет быў сімвалічны, для Асецкай, таму фатэль застаўся пустым. Муза ж ягоная стала аўтаркай тэкстаў песень, што ўвайшлі ў залаты фонд польскай эстрады, любіміцай мільёнаў. А яшчэ менавіта Агнешцы належыць сусветна вядомы рэкламны лозунг «Кока-колы»: «Coca-cola to jest to!»
Зрэшты, пад асабістым Гедройць меў на ўвазе яшчэ адзін балючы момант: свае дачыненні з аднадумцамі, калегамі.
«Агульнае меркаванне пра мяне сцвярджае, што я дэспат і што калектыву “Культуры” ніколі не існавала, хіба што трэба прызнаць, што ён заўсёды складаўся з аднаго чалавека, то-бок з мяне. Насуперак гэтаму меркаванню я адкрыты для прапаноў і крытыкі і часта мяняю сваю думку пасля дыскусіі. Калектыў “Культуры”, несумненна, быў і ёсць… Калі я і маю талент, дык гэта талент рэжысёра: уменне выбіраць тэмы і людзей».
Аднак вернемся да гісторыі Рэдактара і Паэткі. Хай сабе іх дарогі разышліся, але на працоўным стале Гедройця гадамі ляжаў верш-пасвячэнне Асецкай. Ежы перажыў Агнешку на тры гады. І аднойчы на магіле ў Меніль-ле-Руа нехта паставіў таблічку з яе радкамі пра тое, што належны яму прывілей – месца ў гісторыі і вечная павага.
Прарочыя словы.
Збыліся.
Праект фінансаваны Fundacja Solidarności Międzynarodowej у рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.