Грузія: асуджаем прысуд Мзіі Амаглобелі да зняволення

Апошняе абнаўленне: 12 жніўня 2025
Грузія: асуджаем прысуд Мзіі Амаглобелі да зняволення
Фота: Maikowl via Shutter Stock

Беларускі ПЭН далучаецца да заявы PEN International аб прысуд Мзіі Амаглобелі ў Грузіі.

«Мзію Амаглобелі відавочна караюць за тое, што яна асмелілася прыцягнуць грузінскія ўлады да адказу. Пакуль яна змушана знаходзіцца за кратамі і яе здароўе працягвае рэзка пагаршацца, паліцэйскія, якіх абвінавачваюць у жорсткім абыходжанні з ёй, застаюцца цалкам беспакаранымі. Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення Амаглобелі і да поўнай адказнасці за паліцэйскія злоўжыванні», — Ма Тыда, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні» PEN International.

11 жніўня 2025 года. Дасведчаная грузінская журналістка Мзія Амаглобелі павінна быць неадкладна вызвалена, а яе заявы аб жорсткім абыходжанні з боку паліцыі — аператыўна і дбайна расследаваныя, заявілі сёння PEN International і PEN Georgia пасля таго, як Амаглобелі была асуджаная на два гады пазбаўлення волі па палітычна матываваных прычынах. PEN International і PEN Georgia таксама заклікаюць грузінскія ўлады спыніць трывожную і ўсё больш маштабную хвалю рэпрэсій супраць нязгодных.

6 жніўня 2025 года Батумскі гарадскі суд прысудзіў Мзію Амаглобелі да двух гадоў пазбаўлення волі па абвінавачаннях у «супраціве, пагрозах або гвалце ў дачыненні да службовай асобы» паводле артыкула 353 Крымінальнага кодэкса Грузіі, пасля таго як яна ўдарыла па твары начальніка батумскай паліцыі Іраклі Дзгебуадзэ падчас разгрому мірных пратэстаў 12 студзеня 2025 года.

Амаглобелі ўпершыню была затрыманая 11 студзеня 2025 года па адміністрацыйных абвінавачаннях пасля таго, як наляпіла налепку, звязаную з запланаваным страйкам, на ўваходзе ў будынак паліцыі ў Батумі. Наступным днём яе вызвалілі пад заклад. Падчас размовы Мзіі са сваімі прыхільнікамі каля паліцэйскага ўчастка паліцыя пачала затрымліваць некаторых прысутных, што прывяло да сутычкі паміж Амаглобелі і Дзгебуадзэ. Паліцыя адразу затрымала Амаглобелі, прад’яўляючы ёй вінавачанне ў нападзе на паліцэйскага (артыкул 353(1) Крымінальнага кодэкса) — абвінавачанне, якое прадугледжвае ад чатырох да сямі гадоў пазбаўлення волі і якое з’яўляецца відавочна непрапарцыйным. Яе хадайніцтвы аб вызваленні пад заклад шматразова адхіляліся.

Здароўе Амаглобелі рэзка пагоршылася падчас утрымання пад вартай. У знак пратэсту супраць свайго арышту яна трымала галадоўку на працягу 38 дзён. Пакутуючы на кератаконус — дэгенератыўнае захворванне вачэй, — яна пачала губляць зрок і рызыкуе цалкам аслепнуць. На пасяджэнні 14 ліпеня 2025 года Амаглобелі дала паказанні пра злоўжыванні з боку паліцыі, у тым ліку пра славесныя абразы ў яе бок, пазбаўленне доступу да вады і туалета, а таксама пра тое, што ёй спачатку адмаўлялі ў магчымасці сустрэцца з адвакатамі, нягледзячы на шматразовыя просьбы. Хоць яна заявіла пра гэтыя факты ў Службу спецыяльных расследаванняў (ССР) — орган, адказны за расследаванне злачынстваў, учыненых службовымі асобамі, — да гэтага часу ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці. Вынесены ёй прысуд па палітычна матываваных прычынах выклікаў шырокі рэзананс як унутры краіны, так і за мяжой: дыпламатычныя місіі 24 краін, прадстаўленых у Грузіі, апублікавалі сумесную заяву з патрабаваннем яе неадкладнага вызвалення.

Чытайце заяву цалкам на англійскай тут.