30 кастрычніка 1988 года тысячы людзей у Мінску выйшлі на мітынг-рэквіем, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Улады спрабавалі гвалтоўна разагнаць шэсце, але людзі здолелі дайсці да ўрочышча Курапаты і зладзіць там непадалёк мітынг. Алесь Бяляцкі, цяпер палітзняволены праваабаронца і грамадскі дзеяч, быў адным з арганізатараў шэсця. Мы ўжо публікавалі нататкі, запісаныя ім увечары 30 кастрычніка 1988 года, адразу па гарачых слядах пасля «Дзядоў». Сёння публікуем урывак з успамінаў Алеся, напісаных у кастрычніку 2011 года.
У верасьні 1988-га маладзёжныя суполкі, найперш «Тутэйшыя» і «Талака», пачалі падрыхтоўку да «Дзядоў». У 1987-м першае галоснае адзначэньне «Дзядоў» каля помніка Янку Купалу прайшло пад знакам ушанаваньня ахвяр сталінскіх рэпрэсій. У сувязях з абнародаваньнем праўды пра Курапаты меркавалася, што і «Дзяды-88» будуць мець таксама антытаталітарны характар. Мы зноў прасілі ва ўлад для правядзеньня «Дзядоў» пляцоўку ў скверы Янкі Купалы. Да «Тутэйшых» у якасьці суарганізатара і кантралёра ад улад далучылася Гарадское таварыства аховы помнікаў, з чым мы пагадзіліся. Затым пачалася тузаніна зь месцам правядзеньня «Дзядоў». Улады пабаяліся пускаць «Дзяды» ў цэнтр горада, патлумачылі, што месца каля помніка Янку Купалу будзе занята нейкім іншым мерапрыемствам. Мы пагадзіліся на іншае прапанаванае ўладамі месца — луг каля Маскоўскіх могілак. А затым паступіла каманда зьверху, і ад арганізацыі «Дзядоў» адвалілася Ахова помнікаў, а нам абвясьцілі, што дазволу на правядзеньне «Дзядоў» не будзе. Улады спалохаліся ўтворанага напярэдадні «Дзядоў» БНФ.
Заяўку на правядзеньне «Дзядоў» ад «Тутэйшых», якія мелі хоць нейкую легітымнасьць, бо мы былі пры Саюзе пісьменьнікаў, падавалі і падпісвалі, як і ў 1987 годзе, Анатоль Сыс і я. Анатоль тады працаваў на тэлебачаньні, як ён казаў, «цягаў кабелі», падключаў тэлеабсталяваньне да электрычнасьці. Перад «Дзядамі» яго на працы ўзялі пад пільны кантроль. За Анатолем хадзіў сьпецыяльна прыстаўлены чалавек, так што ён не мог адысьціся ні на хвіліну. Я ж вучыўся ў асьпірантуры і быў, лічы, вольным казаком. Таму з усімі паперкамі з заявамі, на ўсе сустрэчы, узгадненьні і перамовы цягаўся я. Як я гэтага ні любіў, як ні шкадаваў патрачанага на ненавісную бюракратыю часу, але дзявацца не было куды. Як кажуць, узяўся за воз, дык цягні.
Урэшце, калі ў другой палове кастрычніка ўсе спробы дамовіцца з уладамі скончыліся нічым, мы на «Міктараце» вырашылі, што ўсё роўна «Дзяды» будзем ладзіць, зьбіраем, запрашаем народ, нягледзячы ні на што. Мы ўпарта працягвалі падрыхтоўку, дамовіліся і патаемна надрукавалі на інстытуцкай памнажальнай машыне, на шэрхлай каляровай паперы некалькі тысяч абвестак-запрашэньняў на «Дзяды», разрэзалі аркушы і заклеілі імі пад’езды.
У сваю чаргу ўлады праз «Вечерний Минск» і праз гарадское радыё заклікалі людзей не хадзіць на «несанкцыянаванае» мерапрыемства. Але гэтая афіцыйная перасьцярога дала зусім іншы эфект. Менчукі сапраўды шырока даведаліся пра дату, месца і час правядзеньня «Дзядоў».
На адным з пасяджэньняў аргкамітэта Фронту, якія тады праходзілі ў малой зале Дома літаратара, я распавёў пра ўсе перыпетыі, зьвязаныя з арганізацыяй «Дзядоў», і пра тое, што хоць «Дзяды» і забаранілі, але мы іх усё роўна будзем праводзіць. Зянон Пазьняк рашуча заявіў, што ён зьбіраецца ісьці на мітынг-рэквіем у любым выпадку.
А за пару дзён да 30 кастрычніка, абранай даты «Дзядоў», мяне выклікаў да сябе гарадскі пракурор. Я пайшоў на гэты выклік. Памятаю, што адчуваў унутраную трывогу і хваляваньне. Пракурор абвясьціў мне афіцыйнае папярэджаньне, уручыў адпаведную паперку і прыгразіў, што калі адбудуцца беспарадкі, мне пагражае зьняволеньне да трох гадоў. Было зразумела, што ўлады не жартуюць, таксама было зразумела, што ў выпадку якіх правакацый крайнімі будуць арганізатары. Але я не вагаўся ні хвіліны. Адступаць у гэтай сітуацыі было для мяне — адмовіцца ад самога сябе.
Затым насталі тыя «Дзяды». Да Маскоўскіх могілак прыйшло нечакана шмат людзей. У міліцыі ж быў свой план. Як высьветлілася пазьней, яны распрацавалі цэлую аперацыю па разгону мітынгу. Адразу, як людзі яшчэ падыходзілі да месца збору, пачаўся хапун. Сьпецыяльна створаныя групы хапалі найперш арганізатараў і актывістаў. Я быў разам з Пазьняком, калі яго спрабавалі захапіць міліцыянты. Мы адбілі Пазьняка і, як пазьней аказалася, такім чынам выратавалі мітынг. Ён прайшоў у поле, на пагорак, куды адышла частка людзей, цясьнімая міліцыяй. Там выступілі Зянон Пазьняк і Уладзімір Арлоў, там упершыню ў новай гісторыі Беларусі адкрыта быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг.
Разгон «Дзядоў», брутальныя дзеяньні міліцыі выклікалі хвалю шырокага абурэньня ў грамадстве. Пад націскам творчай інтэлігенцыі была створана ўрадавая камісія па расьсьледаваньні дзеяньняў міліцыі. Вядома, што да праўды яна не дакапалася, не было жаданьня. Але сілавыя структуры былі троху прыпалоханыя і на цэлых сем гадоў, да 1995 года ў Беларусі да прыходу да ўлады Лукашэнкі, мітынгі і дэманстрацыі ў краіне не разганяліся.
«Дзяды»-88 года мелі надзьвычай важнае значэньне для далейшага разьвіцьця дэмакратычнага руху ў Беларусі. Як сказаў Зянон Пазьняк, на «Дзяды» ў тым годзе ішоў натоўп, а вяртаўся ўжо беларускі народ.
Але я гэтага ўжо не бачыў, бо мне яшчэ на пачатку акцыі пырснулі ў твар сьлёзацечным газам, падхапілі з абодвух бакоў пад рукі і запіхалі ў цесны «сабачнік» — агароджаны ззаду адсек міліцэйскага ўазіка. У мяне было адчуваньне поўнага бясьсілля і паразы.
Затым мяне завезьлі ў Першамайскі РУУС, завялі ў кабінет да нейкага міліцэйскага чына, дзе сядзеў таксама і журналіст міліцэйскай газеты «На страже Октября».
«Вы арганізоўвалі гэты мітынг?» — спытаўся міліцыянер. «Так», — адказаў я, а ў галаве мільганула: няўжо ўсё ж такі спраўдзяцца пагрозы пракурора?
Затым мяне падвезьлі да Першамайскага суда, які знаходзіўся побач, завялі ў пустую судовую залу, дзе сядзела адна судзьдзя. Ад арганізацыі «Дзядоў» я не адмаўляўся, але вінаваціў у забароне мітынгу ўлады.
Мне пашанцавала. Боек і разбурэньняў падчас разгону мітынгу не было. Людзі паводзілі сябе надзіва стрымана і спакойна. А на аплату штрафу грошы мне сабралі супрацоўнікі Інстытута літаратуры.
Рэпрэсіўная савецкая машына толькі зьлёгку закранула мяне. У запале і азарце змаганьня я тады не надаў гэтай пагрозе сур’ёзнага значэньня. Мы рызыкавалі і мы выйгравалі.
28 кастрычнiка 2011 г.